баявыя дзеянні рас.сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз.яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каляг. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс.чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс.чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж.нач.сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.М.Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс.рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс.чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.М.Смірноў, В.В.Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.А.Квіткін, І.М.Лівотаў, А.А.Нішчанкоў, У.А.Свіньін, Б.Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.А.Румак і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каляв. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),
старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант.маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн.каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНУА́ТУ (Vanuatu),
Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах.ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс.км². Нас. 165,9 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).
Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс.км²), Малекула (2 тыс.км²), Эраманга (1 тыс.км²), Эфатэ (0,9 тыс.км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн.нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс.чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.
Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.
Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш.Гал.гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.
Літ.:
Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ АЎСТРА́ЛІІ І АКІЯ́НІІ Агульная колькасць насельніцтва 29,7 млн.чал. (ацэнка на пач. 1998), у т. л. ў Аўстраліі 18,6 млн., Акіяніі 11,1 млн. Карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі належыць да 2 тыпаў акіянійскага адгалінавання негроіднай расы — аўстралійскага (гл.Аўстралоідная раса) і меланізійскага; у Мікранезіі і Палінезіі жывуць тыпы, пераходныя паміж аўстралоідамі і мангалоідамі — мікранезійцы і палінезійцы. Засяленне Аўстраліі і Акіяніі еўрапейцамі ў 19—20 ст. прывяло да колькаснай перавагі еўрапеоідаў. У выніку кантактаў карэннага і еўрап. насельніцтва ўтварыліся групы метысаў. У сучасным насельніцтве прадстаўнікоў еўрапеоіднай расыкаля 21 млн. (71%), аўстралоіднай — 6,7 млн. (23%). Жыве невял. колькасць прадстаўнікоў мангалоіднай расы — каля 400 тыс.чал. (1,3%). Астатняе насельніцтва ў расавых адносінах прыпадае на пераходныя тыпы, у т. л. 1,3 млн. (4,4%) мікранезійцаў і палінезійцаў. Насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі складаецца з 3 этн. кампанентаў: абарыгены; насельніцтва еўрап. паходжання; выхадцы з Азіі і іх нашчадкі. Аўстралію і Акіянію насяляе вял. колькасць (больш за 1,5 тыс.) мясц. абарыгенных плямён і народаў агульнай колькасцю 8,4 млн. (28% усяго насельніцтва). Большасць насельніцтва складаюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы разам з нядаўнімі эмігрантамі. Есць перасяленцы з Азіі і Амерыкі. 27 народаў налічваюць больш за 100 тыс.чал. кожны. Іх агульная колькасць 27,1 млн.чал., або 91% усяго насельніцтва рэгіёна, з іх 3 народы налічваюць больш за 1 млн.чал. (англа-аўстралійцы 18,1, англа-новазеландцы 3, англічане 1,1) і 7 народаў — больш за 300 тыс.чал. (грэкаў 400 тыс., фіджы-індыйцаў 370 тыс., фіджыйцаў-меланезійцаў 350 тыс., самоанцаў 325 тыс., шатландцаў 325 тыс., маары 320 тыс., італьянцаў 300 тыс.). Па колькасці пераважаюць народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах, асабліва на мовах германскай групы (больш за 23 млн.) — англа-аўстралійцы, англа-новазеландцы, англічане, шатландцы, амерыканцы ЗША, галандцы, немцы, яўрэі і інш. З інш. груп індаеўрап. сям’і жывуць прадстаўнікі раманскай групы — італьянцы і французы, слав. групы — харваты, македонцы, палякі і інш. (у т. л. беларусаў каля 5 тыс.), індыйскай групы — фіджы-індыйцы, інш. груп — грэкі, ірландцы, армяне, латышы, літоўцы. Жыве таксама невял. колькасць нашчадкаў эмігрантаў з Азіі з інш. моўных сем’яў — кітайцы, філіпінцы, карэйцы, японцы, в’етнамцы, кхмеры, з Еўропы — венгры, фіны, мальтыйцы, баскі і інш.
Нашчадкі выхадцаў з Еўропы жывуць пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі; амерыканцы ЗША — пераважна на Гавайскіх а-вах і в-ве Гуам, французы — на Новай Каледоніі і в-ве Таіці. Абарыгеннае насельніцтва распадаецца на 3 моўныя групы — аўстрал. (гл.Аўстралійскія мовы), папуаскую, аўстранезійскую (гл.Аўстранезійскія мовы). На аўстрал. мовах размаўляюць аўстралійцы (аўстралійцы-абарыгены, карэнныя жыхары Аўстраліі). Іх колькасць разам з метысамі складае каля 265 тыс.чал., размаўлялі на 200—500 мовах, многія з якіх выйшлі з ужытку. На папуаскіх мовах размаўляе каля 5 млн.чал. ва ўнутр. раёнах Новай Гвінеі, на а-вах архіпелага Бісмарка, Саламонавых і інш. Вылучаецца больш за 700 народнасцей і плямён, найб. з іх энга (195 тыс.), чымбу (142 тыс.), медлпа (101 тыс.), экары (100 тыс.). Папуаскія мовы групуюцца ў 11 моўных сем’яў і надсямейных згуртаванняў моў — філаў. Аўстранезійская сям’я моў падзяляецца на 4 групы — палінезійскую, мікранезійскую, меланезійскую, інданезійскую. На палінезійскіх мовах гавораць 1,1 млн.чал. у Палінезіі. Вылучаюць каля 30 асобных народаў, найб. маары — 320 тыс. (Новая Зеландыя), самоанцы — 320 тыс. (а-вы Самоа), гавайцы — 180 тыс. (Гавайскія а-вы), таіцяне — 137 тыс. (в-аў Таіці і суседнія а-вы), тонга — 120 тыс. (а-вы Тонга). На 20 мікранезійскіх мовах размаўляе 220 тыс. жыхароў Мікранезіі. На прыкладна 200 меланезійскіх мовах размаўляе 1,7 млн. жыхароў узбярэжжа Новай Гвінеі і суседніх а-воў у Меланезіі, найб. народы фіджыйцы — 350 тыс. і канакі (новакаледонцы, жыхары в-ва Новая Каледонія) — 60 тыс. На інданезійскай мове размаўляе народ чамора (100 тыс.чал.) на Марыянскіх а-вах. Большасць вернікаў — пратэстанты, католікаў больш толькі ў Новай Каледоніі, на а-вах Уоліс і Футуна, на Гуаме, у Мікранезіі. Прыхільнікі мясц. культаў складаюць большасць насельніцтва Новай Гвінеі, Саламонавых а-воў, Новых Гебрыдаў, унутр. і паўн. раёнаў Аўстраліі (аўстралійцы-абарыгены). Выхадцы з Азіі — мусульмане, індуісты, будысты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн.каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКТЫКА,
паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн.км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн.км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн.км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл.каля 5,3 млн.км², найб.глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп.каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн.км² зімой і каля 8 млн.км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.
У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.
Літ.:
Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;
Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.
В.Ю.Панасюк.
Да арт.Арктыка. Арктычны ландшафт.Да арт.Арктыка. Белая сава.Да арт.Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каляг. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр.калявоз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каляг.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ (Іван Аляксеевіч) (н. 26.8.1921, в. Гарбачова Тульскай вобл., Расія),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Палкоўнік (1956). Скончыў Тамбоўскую ваен.-авіяц. школу пілотаў (1941), Ваен.-паветр. акадэмію (1952). У Чырв. Арміі з 1940. На фронце са жн. 1942. Камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Здзейсніў каля 400 баявых вылетаў. Удзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Беларусі (Орша, Віцебск, Барысаў, Мінск, Баранавічы), Украіны, Літвы, баёў ва Усх. Прусіі.