ВАРАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Арсенавіч) (н. 12.5.1951, г. Маладзечна),

акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Рыгор Аляксеевіч) (н. 13.2.1955, Мінск),

бел. вучоны-прававед. Д-р юрыд. н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІЯ СУКО́ННЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў Беларусі ў 1795—1862 у г. Ваўкавыск (вядомы 4 мануфактуры). Выраблялі сукно (больш за 26 тыс. м у 1828 на адной з іх), байку, коўдры. Мелі кожная па 2—6 ткацкіх станкоў, на адной з іх было 45 прадзільных, 8 часальных станкоў, 3 стрыгальныя машыны, 6 фарбавальных катлоў, 2 прэсы. Працавала ад 50 (1830) да 259 (1828, 1832—40) рабочых на адной мануфактуры.

т. 4, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА,

рака ў Беларусі, у Асіповіцкім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37,5 км. Пл. вадазбору 374 км². Пачынаецца за 1,8 км на ПдЗ ад р.п. Татарка Асіповіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Ваўчанка (справа), Ясенка (злева). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна трапецападобная, шыр. 200—250 м. Пойма двухбаковая, шыр. 200—400 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае: выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЗЬМА, Вядзьмянка,

рака ў Беларусі, у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл. і Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 267 км². Пачынаецца каля в. Слабада Нясвіжскага р-на. Асн. прыток р. Шавялёўка.

Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, шыр. 300—700 м. На працягу 18,9 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы, каля в. Кавалі Ляхавіцкага р-на сажалка.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДРЫЧ, Ведрач,

рака ў Беларусі, у Калінкавіцкім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Дняпра. Даўж. 68 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Уюнішчы Калінкавіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Рэбуска (справа), рэкі Днепрык, Дзяражня (злева). Цячэ па Гомельскім Палессі.

Даліна невыразная, шыр. 0,6—0,8 км. Пойма шыр. 0,3—0,5 км, сухая, лугавая. Ад вытоку 49 км рэчышча каналізаванае. У пойме меліярац. каналы.

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛУТА́,

вадасховішча ў Беларусі, у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. За 26 км на Пн ад г. Лунінец, за 3 км на ПнЗ ад в. Велута. Створана ў 1976. Пл. 7,6 км², даўж. 3,4 км, шыр. 2,8 км, сярэдняя глыб. 3,4 м. Аб’ём вады 31 млн. м³. Берагі спадзістыя, пясчаныя, параслі хмызняком. Наліўное, напаўняецца са Стрыжэўскага канала і р. Цна пры дапамозе помпавай станцыі. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ПРЫК (Уладзімір Іванавіч) (н. 16.9.1927, в. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1956). Працаваў у Кіеўскай філармоніі, Львоўскім т-ры оперы і балета. З 1963 саліст Бел. філармоніі. Сярод оперных партый: Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У канцэртным рэпертуары лірычныя песні, рамансы, оперныя арыі і інш.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРКО́ВІЧ (Веньямін Антонавіч) (29.7.1937, с. Усць-Коін Усць-Вымскага р-на, Рэспубліка Комі — 28.12.1983),

бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1962). З 1952 артыст, саліст, канцэртмайстар Дзярж. нар. аркестра БССР, з 1974 саліст Бел. філармоніі. У рэпертуары былі арыг. творы бел. кампазітараў, пералажэнні п’ес кампазітараў-класікаў. Яго выкананне адметнае віртуознасцю, тэмпераментам, багатай нюансіроўкай, артыстызмам. Лаўрэат конкурсаў Усесаюзнага і VI Сусв. фестываляў моладзі і студэнтаў (1957, Масква).

В.А.Бурковіч.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЫЧО́К»,

бел. народны танец. Муз. памер 24. Тэмп умераны ці хуткі. Вядомы ў некалькіх харэагр. варыянтах: найб. старажытны блізкі да карагодаў (танцоры імітавалі баданне бычкоў); пазнейшыя — да кадрылі; сустракаюцца сольныя імправізацыйныя варыянты. У рознай ступені выкарыстоўваючы нар. аснову танца, бел. балетмайстры стварылі шэраг яркіх сцэн. пастановак (у т. л. харэагр. карцінка «Бычкі» ў паст. К.​Алексютовіча, жарт. танец «Бычкі» ў паст. А.​Апанасенкі). Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)