«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАЛІ́Т (Старац),

разьбяр па дрэве 17 ст. Манах з Оршы. Працаваў у палаце разьбяных і сталярных спраў Маск. Крамля. З вучнямі Яфімам Анціп’евым, Данілам Грыгор’евым і Ларкам Юр’евым рэзаў і залаціў стаўпы і гербы царскіх карэт, іканастасы, рызніцы, шафы, куфры, ракі для мошчаў і інш. У 1679 стварыў рэльефнае распяцце ў царкве Уваскрэсення Славушчага і малюнкі кафляных упрыгожанняў купалаў Верхняспаскага сабора Маск. Крамля.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБА́ЛЬНЫЯ КНІ́ГІ,

рукапісныя кнігі 16—17 ст. у Расіі, у якіх рэгістраваліся здзелкі на кабальных халопаў (разнавіднасць халопаў, што ўзнікла каля сярэдзіны 15 ст.). Змяшчалі звесткі аб продажы халопаў, іх дзяцей, якія нарадзіліся ў няволі, атрыманні халопаў у спадчыну, перадачы ў пасаг. Кабальныя халопы не прымалі ўдзелу ў куплі-продажы. К.к. — важная крыніца па сац.эканам. гісторыі Расіі 16—17 ст.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БЕЛЬНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма размеркавання сігналаў тэлебачання па кабельных лініях сувязі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання, прыкладнога тэлебачання, службы электрасувязі, у т. л. тэлефанія, камп’ютэрныя сеткі, сродкі мультымедыя і інш. Выкарыстоўваецца для павелічэння колькасці каналаў і якасці перадачы інфармацыі. Найб. пашырана ў раёнах з высокім узроўнем прамысл. перашкод (напр., у гарадах з рознапавярховай забудовай), горных мясцовасцях і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬМА́ ПРА́ЖСКІ (Cosmas Pragensis; каля 1045—21.10.1125),

першы чэшскі храніст. Адукацыю атрымаў у Празе і Льежы (Францыя). З 1110 дэкан сабора св. Віта ў Празе. «Чэшская хроніка» К.П. (у 3 кн., на лац. мове, распачата ў 1119—20) змяшчае багаты разнастайны матэрыял, з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі Чэхіі (асабліва 3-я кніга, дзе апісаны сучасныя К.П. падзеі за 1092—1125).

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛТАНЮ́К (Уладзімір Максімавіч) (н. 15.6.1938, в.Бялёва Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1966), працуе ў ім (заг. кафедры). Навук. працы па метадах дыягностыкі і хірург. лячэнні органаў брушной поласці, мед. дапамогі пры экстраннай хірург. паталогіі.

Тв.:

Хірургічныя хваробы. Мн., 1996 (разам з С.​І.​Юпатавым).

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. canonizō узаконьваю),

у каталіцтве і праваслаўі акт прылічэння тых ці інш. асоб да святых. Ушаноўванне святых пачалося ў перыяд станаўлення хрысц. культу, пэўны парадак К. ўведзены ў 10 ст. Кананізацыйныя працэсы працягваюцца і ў наш час. У Рус. правасл. царкве пытаннямі К. займаецца спец. камісія, прапановы якой разглядаюцца і па іх прымаюцца рашэнні Памесным саборам. Гл. таксама Святыя Беларусі.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЭЙНЕРАВО́З,

спецыялізаваны паўпрычэп для перавозкі кантэйнераў з грузамі па аўтадарогах. Яго рама размешчана нізка для забеспячэння ўстойлівасці кантэйнераў, мае спец. прыстасаванні для іх замацавання. Загружаюцца і выгружаюцца пад’ёмнымі кранамі ці аўтапагрузчыкамі. К. наз. таксама грузавыя аўтамабілі, прыстасаваныя для перавозкі кантэйнераў, і судны, грузавыя памяшканні якіх абсталяваны для размяшчэння кантэйнераў (загружаюцца праз палубныя люкі або адтуліны ў бартах). Кантэйнернае судна звычайна абсталёўваецца пад’ёмнымі кранамі.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБА́НАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 1.1.1948, г.п. Зэльва Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі жывёл. Д-р біял. н. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1975). З 1991 у Гродзенскім дзярж. ун-це. Навук. працы па распрацоўцы сарбентаў. і цеплалячэбных сродкаў з абязводжанага сапрапелю, фізіял. асновах выкарыстання сапрапеляў у кармленні маладняку жывёл, распрацоўцы біягенных жалезазмяшчальных прэпаратаў для прафілактыкі анеміі маладняку жывёл.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБКО́Ў (Яўген Сямёнавіч) (4.3.1923, в. Сухары Магілёўскага р-на — 5.9.1981),

бел. вучоны ў галіне пульманалогіі. Д-р мед. н. (1970), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951). У 1957—58 у Бел. НДІ туберкулёзу. З 1962 у Разанскім мед. ін-це. Навук. працы па хірург. і хіміятэрапеўт. метадах лячэння туберкулёзу лёгкіх, вывучэнні пабочнага ўплыву хім. прэпаратаў на арганізм хворага.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)