шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРАХАСПЕ́РМУМ (Batrachospermum),
род чырвоных водарасцяў сям. батрахаспермавых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Растуць у багатай кіслародам прэснай вадзе, асобныя віды — на тарфяных балотах паблізу крыніц. На Беларусі — батрахаспермум ружанцападобны (Batrachospermum moniliforme), адзначаны ў ручаях, рэчках і наваколлі воз. Нарач.
Шматклетачная ніткападобная аднадомная водарасць. Слаявіна мяккая, слізістая, даўж. 2—10 см, цемнаватага жоўта- або аліўкава-шэрага колеру, часам укрытая слоем скурыстых клетак. Асн. галінкі густа ўсаджаны пучкамі кароткіх галінак, размешчаных кальчакамі. Палавое размнажэнне — аагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц (Aythya nyroca),
птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд.ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.
Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССВЯДО́МАСЦЬ,
стан асобы, пры якім з-за хранічнай душэўнай хваробы ці часовага расстройства душэўнай дзейнасці яна не здольная ўсведамляць свае ўчынкі і кіраваць імі; акалічнасць, якая выключае злачыннасць дзеяння і крымін. адказнасць за яго. Для вырашэння пытання пра бессвядомасць назначаецца судова-псіхіятрычная экспертыза, на падставе вывадаў якой следчыя органы або суд канстатуюць псіхічны стан асобы пры ўчыненні пэўнага грамадска небяспечнага дзеяння. Да асобы, якая пры гэтых абставінах знаходзілася ў стане бессвядомасці, суд можа ўжыць прымусовыя меры мед. характару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІШАФІ́Т (ад прозвішча ням. вучонага Г.Бішафа),
мінерал класа галагенідаў, водны хларыд магнію MgCl2∙6H2O. Прымесь брому да 1%.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, валакністыя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны да цьмянага. Цв. 1—2. Крохкі. Шчыльн. 1,6 г/см³. Гіграскапічны. Мае пякуча-горкі смак. У саляных адкладах сульфатнага тыпу, багатых магніем. Другарадны мінерал пакладаў карналіту і галіту. Сыравіна для атрымання магнію і яго злучэнняў, вытв-сці магнезіяльнага цэменту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,
1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.
2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.
3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАМАДА́ЦЫЯ (ад лац. accomodatio прыстасаванне),
розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел.цеканне і дзеканне.
Літ.:
Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТАЭЛЕКТРО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі інфармацыі на аснове акустаэлектроннага ўзаемадзеяння. Да іх адносяцца акустаэлектронныя ўзмацняльнікі, генератары, фільтры, рэзанатары, акустычныя лініі затрымкі, дапасаваныя фільтры, прылады для кадзіравання і дэкадзіравання сігналаў і інш.Найб. пашыраны акустаэлектронныя фільтры (п’езаэл. фільтры на аб’ёмных або паверхневых хвалях); выкарыстоўваюцца для вылучэння і інтэгравання (назапашвання) сігналаў, змены іх частотнага спектра. Акустаэлектронныя прылады адрозніваюцца высокай надзейнасцю, мініяцюрнымі памерамі. Выкарыстоўваюцца ў радыёвяшчанні, тэлебачанні, радыёлакацыі, касм. сувязі і інш.Гл. таксама Акустаэлектроніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА,
узаемазвязаны комплекс умоў, які забяспечвае спецыфічныя геафіз. і экалагічныя патрэбнасці існавання жывёльных і раслінных арганізмаў і гэтым вызначае тып адаптацыівял. груп у працэсе макраэвалюцыі. Характарызуе стан прыстасаванасці арганізмаў да адаптыўнага ландшафту і біягеацэнозу. Тэрмін увёў амер. біёлаг Дж.Сімпсан (1944). Арган. свет можна разглядаць як сістэму шырокіх або вузкіх адаптыўных зон, падобных у асн. рысах будовай экалагічна блізкіх форм, якія насяляюць іх і адпавядаюць умовам асяроддзя. Услед за засяленнем новай адаптыўнай зоны звычайна адбываецца адаптыўная радыяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВО́Ду судаводстве,
адхіленне суддзі (засядацеля) ад удзелу ў разглядзе пэўнай справы ў сувязі з яго асабістай зацікаўленасцю ў выніку справы або па інш. абставінах, якія выклікаюць сумненне ў непрадузятасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама адвод пракурору, следчаму, асобе, якая вядзе дазнанне, сакратару суд. пасяджэння, эксперту, спецыялісту, перакладчыку, панятому, калі яны асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў выніках справы. Правілы адводу садзейнічаюць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню акалічнасцяў справы і прыняццю правільнага рашэння.