ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА, Уэд-Дра,

рака на ПнЗ Афрыкі, у Марока. Даўж. каля 1150 км, пл. бас. 15,1 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схіле Высокага Атласа вытокамі Дадэ і Іміні, цячэ па зах. ускраіне Сахары. Упадае ў Атлантычны ак. толькі ў час паводкі, калі растаюць снягі ў гарах. Пастаяннае цячэнне ў гарах (каля 200 км), ніжэй воды ракі выкарыстоўваюцца на арашэнне. Даліна Д. густа населена.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАЗДЫМА́ЛЬНІК, адаптэр,

прылада для электраакустычнага ўзнаўлення мех запісу гуку. Бывае п’езаэл. (найб. пашыраны), эл.-дынамічны, магн.-эл., эл.-магн., ёмістасны, фотаэл. і інш. Мае гукаўзнаўляльную галоўку і танарм, які перамяшчае галоўку адносна грампласцінкі па зададзенай траекторыі. У галоўцы гуказдымальніка мех. ваганні іголкі ў канаўках грампласцінкі пераўтвараюцца ў эл. напружанне гукавых частот (у лазерных гуказдымальніках замест іголкі выкарыстоўваецца лазерны прамень; гл. Кампакт-дыск).

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБАСНЯ́НСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1839—62 у маёнтку Добасна Бабруйскага пав. (цяпер вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл.). Мела агнявы рухавік і гідраўлічныя прэсы (у 1860—62 — тры). У 1839 працавала 176, у 1859 — 63 рабочыя. У 1861—62 за суткі перапрацоўвала да 900 пудоў буракоў, з якіх атрымлівалі па 36 пудоў цукр. пяску. Прадукцыя вывозілася ў Маскву, Крамянчуг, Херсон.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗЕР ((Glaser) Доналд Артур) (н. 21.9.1926, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Тэхнал. ін-т Кейса (1946). З 1949 у Мічыганскім ун-це, у 1959 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Вынайшаў пузырковую камеру (1952), эксперыментальна даказаў незахаванне цотнасці пры распадзе гіперонаў (1957). Нобелеўская прэмія 1960.

Д.Глазер.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСАПТЭ́РЫЕВАЯ ФЛО́РА, гандванская флора,

існавала на мацерыку Гандвана з позняга карбону да ранняга трыясу. Выяўлена па знаходках у Антарктыдзе, Аўстраліі, Еўропе. Узнікненне і развіццё гіпатэтычнага мацерыка Гандвана з пашыраным абледзяненнем вызначылі аднастайны і бедны ў відавых адносінах своеасаблівы склад гласаптэрыевай флоры, для якой было характэрна мноства гласаптэрысаў і хвашчоў. На Беларусі магчыма існаванне рэшткаў гласаптэрыевай флоры ў адкладах позняга карбону і ранняй пярмі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛОС З НАД НЕ́МНА»

(«Głos znad Niemna»),

газета. Выдаецца ў Гродне з снеж. 1989 на польскай мове Саюзам палякаў у Беларусі (СПБ). У 1990—91 выходзіла нерэгулярна, друкавалася ў Польшчы пры садзейнічанні т-ва «Польская супольнасць». У 1992 выходзіла 2 разы на тыдзень, з 1993 штотыднёва. Асвятляе жыццё палякаў у Беларусі, дзейнасць СПБ, змяшчае матэрыялы па гісторыі, краязнаўстве, літ. творы.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАСТЫЛІ́Я (ад гетэра... + грэч. stylos слуп),

рознаслупкаватасць, наяўнасць у раслін аднаго віду дзвюх або трох форм кветак, якія адрозніваюцца па даўжыні слупкоў і размяшчэнні тычынак. Адпаведна і пыльнікі ў кароткаслупковых кветках размешчаны вышэй за рыльца, а ў доўгаслупковых — ніжэй. Трапляюцца таксама трыморфныя формы раслін — з каротка-, сярэдне- і доўгаслупковымі кветкамі, напр. у чальчаку вербалістага. Гетэрастылія ўскладняе самаапыленне і садзейнічае перакрыжаванаму апыленню.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),

раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАФІ́ЛЫ [ад гігра... + ...філ(ы)],

наземныя жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці. Жывуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гнілой драўніне. У асяроддзі з нізкай вільготнасцю яны хутка трацяць ваду, што можа прывесці да іх гібелі. Тыповымі гіграфіламі з’яўляюцца макрыцы, нагахвосткі, камары, наземныя планарыі, малюскі, амфібіі, дажджавыя чэрві і інш. Гл. таксама Ксерафілы, Мезафілы.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)