БЕ́РКАЎ (Павел Навумавіч) (14.12.1896, г. Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобл., Украіна — 9.8.1969),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). З 1936 праф. Ленінградскага ун-та. Даследаваў рус. л-ру 18—20 ст., узаемасувязі рус. і зарубежных л-р, гісторыю тэатра і журналістыкі 18 ст., кнігазнаўства, тэксталогію, тэхніку літ.-знаўчай работы, тэорыю і методыку бібліяграфіі. Навук. кіраўнік і адзін з рэдактараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69). Цэнтр. навук. бібліятэка імя Я.​Коласа АН Беларусі набыла кнігазбор Беркава.

Тв.:

Введение в технику литературоведческого исследования. Л., 1955;

Библиографическая эвристика. М., 1960;

Ф.​Скарына і пачатак усходнеславянскага вершаскладання // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Избранное: Тр. по книговедению и библиографоведению. М., 1978.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),

бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).

А.​І.​Гурскі.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУБАНЕШВА́Р,

горад у Індыі, у дэльце р. Маханады. Адм. ц. штата Арыса. Вядомы з 5 ст. 412 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пераважна рыс). Адзін з цэнтраў індуісцкай рэлігіі. Ун-т. Музей.

У старой частцы горада захавалася каля 150 пераважна шыіцкіх шываіцкіх храмаў 7—16 ст., багата ўпрыгожаных разьбой. Галоўны з іх Лінгараджа (11 ст.) — выдатны помнік мясц. арх. стылю Арысы. З інш. збудаванняў гэтага тыпу: Парашурамешвара (8 ст.), Мукгэшвара (каля 950), Раджарані (9—10 ст.), Брахмешвара (11 ст.), Ананта Васудэва (13 ст.). Новая частка Бхубанешвар (грамадскія будынкі, жылыя кварталы) пабудавана ў 1940—50-я т.

Да арт. Бхубанешвар. Дэталь скульптуры храма Парашурамешвара. 8 ст.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІ ПАВЕ́Т, Старабыхаўскі павет (да 1852). Існаваў на тэр. Беларусі ў 1772—96 і 1802—1923. Утвораны 8.6.1772 пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтрг. Быхаў (Стары Быхаў). 23.12.1796 пры скасаванні Магілёўскай губерні павет скасаваны, тэр. ўвайшла ў Беларускую губерню. Адноўлены 11.3.1802 з аднаўленнем Магілёўскай губ. Пл. Павета 4105,8 кв. вёрстаў, нас. 124 820 чал. (1897). У павеце было 10 валасцей: Баханская, Бычанская (раней Новабычанская), Гарадзецкая (пазней Старабыхаўская), Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская (раней Царкоўнаасавецкая), Даўгамохская, Навабыхаўская, Прапойская, Чыгірынская; 476 нас. пунктаў (1897). З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Быхаўскі павет у яе складзе. З лют. 1919 у складзе Магілёўскай (з 26.4.1919 Гомельскай) губ. РСФСР. 14.2.1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Магілёўскі, Рагачоўскі і Чэрыкаўскі паветы Гомельскай губ.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),

горад на У Польшчы, на р. Кшна. Адм. ц. Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс. ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.

Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСВІ́НКА, капібара (Hydrochoerus hydrochaeris),

млекакормячае сям. вадасвінкавых атр. грызуноў. Пашырана ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жыве на берагах вадаёмаў і на балотах у трапічных лясах.

Самы буйны з сучасных грызуноў — даўж. цела 100—130 см, выш. ў карку каля 50 см, маса да 60 кг і больш. Укрыта рэдкімі, доўгімі (да 10 см) і грубымі валасамі. Спіна рыжавата-бурая або шараватая, бруха жаўтавата-бурае. Канечнасці доўгія, галава выцягнутая, спераду тупая. Паміж пальцамі няпоўныя плавальныя перапонкі. Вядзе паўводны спосаб жыцця, добра плавае і нырае. Жыве групамі. Раз у год нараджае 2—8 дзіцянят. Корміцца прыбярэжнай і воднай расліннасцю. Аб’ект промыслу (мяса, скура). Добра прыручаецца, ёсць спробы зрабіць свойскай. Колькасць скарачаецца.

Вадасвінка.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТЫНТА́Г,

горы ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, паміж Куньлунем і Наньшанем. Аддзяляюць Тарымскую ўпадзіну і Цайдамскую катлавіну. Даўж. каля 800 км. Паўд.-зах. частка Алтынтага — скалістая, моцна расчлянёная, укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі, макс. выш. да 6161 м; паўн.-ўсходняя — кароткія масівы выш. больш за 5000 м; цэнтральная — рэзка звужаная і паніжаная, пераважная выш. да 3000—3500 м. Складзены з гнейсаў, крышталічных сланцаў, філітаў. Карысныя выкапні: руды храмітаў, свінцу, цынку, нікелю, плаціны. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Найб. р. Чэрчэн з прытокамі. На перадгор’ях камяністыя пустыні, у далінах растуць эфедры, салянкі, зараснікі саксаулу і тамарыску, на схілах гор — стэпавая расліннасць і альпійскія лугі. Жывёльны свет: дзікі як, антылопы, куку-яманы і інш.

т. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗЦО́Ў (Сяргей Уладзіміравіч) (5.7.1901, Масква — 8.5.1992),

рускі тэатр. дзеяч, акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1954). Герой Сац. Працы (1971). З 1931 кіраўнік Цэнтр. т-ра лялек у Маскве. Распрацаваў тэорыю і методыку т-ра, стварыў рэпертуар, выхаваў плеяду акцёраў і рэжысёраў. З 1973 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў (з 1976, з 1984 ганаровы прэзідэнт) і Сав. цэнтра гэтай арг-цыі (з 1958). Працаваў таксама ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946, Дзярж. прэмія Расіі 1967, Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

О том, что я увидел, узнал и понял во время двух поездок в Лондон. М., 1957;

Моя профессия. М., 1981.

Літ.:

Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971.

С.У.Абразцоў.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.

У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЦЕ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.

Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)