ДЭБАРКАДЭ́Р (франц. débarcadère ад débarquer выгружаць, высаджваць на бераг),
1) плывучае несамаходнае збудаванне (найчасцей пантон з двух- ці трохпавярховай надбудовай) для прычальвання, стаянкі і адпраўлення рачных суднаў. Бываюць пасажырскія (маюць памяшканні для адпачынку і абслугоўвання пасажыраў), грузавыя (маюць механізмы для пагрузачна-разгрузачных работ, склады). Д. ўстанаўліваюць каля берага, дзе няма спец. абсталяванай прыстані; замацоўваюць тросамі. Даўж. 40—100 м.
2) Устарэлая назва чыг. станцыйнай платформы.
т. 6, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ-МОЙН (Des Moines),
горад у цэнтр.ч. ЗША, на р. Дэ-Мойн. Адм. ц. штата Аява. Засн. ў 1843. 193,2 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-фін. цэнтр кукурузна-жывёлагадоўчага пояса ЗША. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць бавоўна- і кукурузаўборачных камбайнаў, трактароў, культыватараў і інш.), харч. (мукамольная, мясакансервавая), паліграф., металаапр., шынная. Ун-т.
Цэнтр мастацтва.
т. 6, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНІКІ,
радовішча глін і суглінкаў у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Праскурні. Пластавы паклад звязаны з неагенавымі адкладамі. Гліны і суглінкі тугаплаўкія, высокапластычныя, з рэдкімі праслоямі гліністага пяску, прасочваецца чаргаванне каляровых і літалагічных рознасцей. Разведаныя запасы 7,66 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 6,3—18,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0.2—6.7 м. Гліны і суглінкі прыдатныя на выраб цэглы. Радовішча распрацоўваецца.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДУ́НЬ, Жадунька,
рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 488 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПдУ ад в. Жадунька Клімавіцкага р-на.
Цячэ па зах. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны. Асн. прытокі — Крупня і Крупнянка (злева). Даліна невыразная, пойма месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 25 км. На рацэ г. Касцюковічы.
т. 6, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНАЕ ДРЭ́ВА,
назва дрэў з розных сям. з незвычайна цвёрдай і цяжкай драўнінай. Вядома каля 100 відаў, пераважна трапічныя. Ж.д. называюць паротыю, віды каркасу, самшыту, сінопсісу (Паўд. Амерыка), тазалію ланцэтную (трапічная Азія, Афрыка, Мадагаскар), мезую жалезную (Індыя), стадманію моцнадраўнінную (в-аў Маўрыкій), іксору жалезную (Антыльскія а-вы), акацыю высокую (Аўстралія) і інш. Драўніну Ж.д. выкарыстоўваюць для вытв-сці ручак інструментаў, дэталей прылад і прыбораў, паляў і інш.
т. 6, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ КАПЯЛЮ́Ш,
намнажэнне аксідаў і гідрааксідаў жалеза каля паверхні Зямлі, якое ўзнікае ў выніку хім. раскладання і акіслення сульфідных руд. Залягае на першасных неакісленых рудах, перакрываючы іх (адсюль назва «капялюш»). Складаецца з гётыту, гідрагётыту, тур’іту з прымесямі гідрааксідаў марганцу, сульфатаў. Глыбіня распаўсюджання Ж.к. звычайна абмяжоўваецца ўзроўнем грунтавых вод і дасягае дзесяткаў і соцень метраў. Важная прыкмета пры пошуку сульфідных радовішчаў і ацэнцы першасных руд.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЦІН, Джукетаў,
горад Балгарыі Волжска-Камскай (цяпер гарадзішча каля г. Чыстапаль у Татарстане).
Узнік у дамангольскі перыяд. У залатаардынскія часы (канец 13—14 ст.) багацейшы горад Волжскай Балгарыі. Разбураны ў 1-й пал. 15 ст. На гарадзішчы знойдзена шмат манет, у т. л. скарбы. У 1923 знойдзены т.зв. Джукетаўскі скарб залатых і сярэбраных упрыгожанняў канца 14 ст., які сведчыць пра высокае майстэрства балг. рамеснікаў-ювеліраў.
т. 6, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДРУ́ЦЦЕ,
археалагічныя помнікі дрыгавічоў (гарадзішча і курганны могільнік) каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча памерам 83×85 м умацавана валам выш. 1—3 м, шыр. 8—15 м. Курганны могільнік 10—11 ст. (з 40 насыпаў захаваліся 3). Пахавальны абрад — трупапалажэнне, пераважна галавой на З. Знойдзены рэшткі дамавін, жал. цвікі, ганчарны посуд, пацеркі са шкла, бронзы, сердаліку, бронзавыя пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы.
Э.М.Зайкоўскі.
т. 6, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙСА́Н,
прэснаводнае возера ў міжгорнай Зайсанскай катлавіне, на У Казахстана. Да пабудовы Бухтармінскай ГЭС на р. Іртыш пл. З. складала 1,8 тыс. км². Даўж. 111 км, шыр. каля 30 км, глыб. да 10 м. Пасля пабудовы 90-метровай плаціны З. знаходзіцца ў падпоры і складае значную ч. Бухтармінскага вадасховішча; яго ўзровень падняўся на 7 м. Упадае р. Чорны Іртыш, выцякае р. Іртыш. Рыбны промысел.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КІНТАС, Закінф,
(Zakynthos), востраў у Іанічным м., самы паўднёвы ў групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 408 км². Аддзелены ад п-ва Пелапанес пралівам Закінтас (шыр. каля 20 км). Зах. палова вострава гарыстая (вапняковы масіў выш. да 756 м), зараснікі маквісу і фрыганы; на У узгорыстая раўніна з садамі, вінаграднікамі, гаямі аліваў. Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 1000 мм за год. Радовішча асфальту. Гал. горад і порт Закінтас.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)