ЗВО́НАК (Алесь) (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск — 2.2.1996),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) — паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п’есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А.Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́РНАЯ ФРА́НЦЫЯ»
(«La France Combattante»),
рух за нац. незалежнасць Францыі супраць ням.-фаш. захопнікаў і вішысцкіх калабарацыяністаў (гл.«Вішы») у час 2-й сусветнай вайны 1939—45. Узначальваў рух Ш. дэ Голь. Прымыкала да антыгітлераўскай кааліцыі. У 1940 наз. «Свабодная Францыя». 24.9.1941 у Лондане быў створаны кіруючы орган «З.Ф.» — Франц.нац.к-т (ФНК). Рух тэрытарыяльна апіраўся на франц. калоніі (Чад, Камерун, Габон і інш.). Меў узбр. сілы і ўдзельнічаў у шэрагу ваен. аперацый. У ліст. 1942 ФНК накіраваў у СССР групу франц. лётчыкаў для сумеснай барацьбы супраць гітлераўцаў (пазней авіяполк «Нармандыя—Нёман»), Прадстаўнікі «З.Ф.» ўваходзілі ў Нац. савет Супраціўлення, створаны ў маі 1943 арг-цыямі Руху Супраціўлення. Пасля высадкі англа-амер. войск у Алжыры (ліст. 1942) і пераезду туды ФНК апошні пераўтвораны ў Франц.к-тнац. вызвалення (ФКНВ), які ў 1943—44 прадстаўляў дзярж. інтарэсы Францыі (афіцыйна прызнаны ўрадамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі). 2.6.1944 ФКНВ перайменаваны ў Часовы ўрад Франц. рэспублікі на чале з дэ Голем. Пасля вызвалення Парыжа (25.8.1944) канчаткова прызнаны вышэйшым органам выканаўчай улады Францыі.
Літ.:
Голль Ш. де. Военные мемуары: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1957—60;
Смирнов В.П. Движение Сопротивления во Франции в годы второй мировой войны. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Рас. імперыі ў 1876—79. Засн. ў Пецярбургу, назва з 1878. Арганізатары М.А. і В.А.Натансоны, А.Дз.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў і інш. Складалася з «адміністрацыі» (кіруючы орган), груп «дзеравеншчыкаў», рабочай і дэзарганізатарскай. Філіялы арг-цыі меліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве і інш. Праграма — сял. рэвалюцыя, нацыяналізацыя зямлі, замена дзяржавы федэрацыяй абшчын. Прадугледжвала дзеянні, накіраваныя на «дэзарганізацыю дзяржавы» — знішчэнне найб. шкодных ці вядомых асоб з урада. Тэрарыст. акцыямі кіраваў «выключны камітэт». Па паліт. поглядах былі анархістамі, падтрымлівалі т.зв. федэралісцкі інтэрнацыянал, створаны М.А.Бакуніным. Выдавалі час. «Земля и воля», «Листок «Земли и воли» і інш. Урадавыя рэпрэсіі, рэзкае абвастрэнне паліт. незадаволенасці і наспяванне рэв. сітуацыі прывялі да стварэння фракцыі тэрарыстаў. Супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэв. прапаганды (Пляханаў і інш.) і абаронцамі паліт. барацьбы праз тэрор (Міхайлаў і інш.) прывялі да расколу «З. і в.» ў жн. 1879 на «Народную волю» і «Чорны перадзел». На Беларусі ў 1876—79 народніцкія гурткі існавалі пераважна сярод вучнёўскай моладзі — у Мінскай губ., Магілёве, Гродне, Горках. Сувязі з «З. і в.» ажыццяўляліся праз студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі, якія вучыліся ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (С.Кавалік, І.Грынявіцкі і інш.).
Літ.:
Ткаченко П.С. Революционная народническая организация «Земля и воля» (1876—1879 гг.). М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Р (Izmir),
горад на З Турцыі, адм. цэнтр іля Ізмір, на ўзбярэжжы Эгейскага м. 1757 тыс.ж. (1990). Гал. па экспарце і другі (пасля Стамбула) па імпарце порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл. цэнтр с.-г. раёна (тытунь, бавоўна, вінаград, алівы, збожжавыя). Прам-сць: харч., тэкст., дывановая, хім. (суперфасфат), металургічная, маш.-буд., у т. л. суднабуд. і інш.Ун-т. Акадэмія эканомікі і гандлю. Музей. Цэнтр турызму.
Засн. як стараж.-грэч. калонія ў 2-м тыс. да н.э. пад назвай Смірна. У 575 да н.э. зруйнаваны царом Лідыі Аліятам, у 4 ст. да н.э. адбудаваны. У 27 да н.э. — 324 н.э. пад уладай рымлян, пазней — Візантыі. У канцы 11 ст. захоплены сельджукамі. У 13 ст. генуэзскі порт. У 1402—03 разрабаваны Цімурам. З 1425 у складзе Асманскай імперыі, наз. І. Моцна разбураны землетрасеннямі 1688 і 1778. З канца 18 ст. адзін з эканам. і культ. цэнтраў Турцыі. У час грэка-тур. вайны 1919—22 акупіраваны грэч. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны порт І. — ваен.-марская база, у горадзе размешчаны штаб камандавання сухап. сіламі НАТО у Паўд.-Усх. Еўропе. Захаваліся руіны храма 7 ст. да н.э., эліністычных тэатра і стадыёна, паблізу І. рэшткі 3 акведукаў рым. часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЬ,
вёска ў Цяцеркаўскім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Іказнь, на аўтадарозе Браслаў—Міёры. Цэнтр калгаса. За 15 км на У ад Браслава, 221 км ад Віцебска, 31 км ад чыг. ст. Міёры. 325 ж., 134 двары (1997).
У гіст. крыніцах вядома з 1499. У розны час належала Сапегам, Пронскім, Страбоўскім, Сіняўскім, Езлавецкім, Лапацінскім, Юндзілам і інш. У пач. 16 ст. пабудавана царква, якая ў сярэдзіне стагоддзя пераабсталявана ў кальвінскі збор. Мястэчка І. згадваецца ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні. У 16—18 ст. ў І. існаваў Іказненскі замак. У 1628 у мястэчку каля 600 ж., якія валодалі 126 валокамі зямлі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, пазней Віленскай губ. У вайну 1812 спалена французамі. У 1879 у І. 541 ж., касцёл, правасл. царква. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Перабродскай гміны Браслаўскага пав. У 1931 у І. 480 ж., 96 двароў, пач. школа, млын З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. З 1970 у Цяцеркаўскім с/с. 268 ж., 88 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (1905), касцёл (1912), вянковы двор (1909); помнік археалогіі — замчышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх.ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у часнар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч.Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАЛЕКУЛЯ́РНАЙ І А́ТАМНАЙ ФІ́ЗІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 у Мінску на базе шэрагу падраздзяленняў Ін-та фізікі імя Б.І.Сцяпанава. У ін-це 9 лабараторый, 1 аддзел і 1 група (1998); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: малекулярная спектраскапія, фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі, метады і апаратура атамна-малекулярнага аналізу і дыягностыкі. Асн. вынікі навук. даследаванняў: выяўлены і вывучаны шэраг якасна новых генерацыйных з’яў, звязаных з праяўленнем у лазерах розных тыпаў анізатрапіі, на аснове чаго развіты і рэалізаваны высокаэфектыўныя ўнутрырэзанатарныя метады кіравання параметрамі генерыраванага выпрамянення; прапанаваны прынцыпы і развіты метады палярызацыйнай лазернай спектраскапіі, якія знайшлі выкарыстанне для вымярэння спектраскапічных канстантаў рэчыва, вызначэння структуры спектральных ліній і вывучэння анізатропных уласцівасцей асяроддзяў. Вывучаны: дынаміка вярчальнага руху электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул у газавай фазе; фізіка ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль з плазмай; фізіка плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на розныя матэрыялы; шматфункцыянальныя структурна-арганізаваныя сістэмы на аснове тэтрапірольных злучэнняў і паказана перспектыўнасць іх фіз.-хім. і біял. дастасаванняў. Ін-т выдае міжнар.час. «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі Г.П.Гурыновіч, М.А.Ельяшэвіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, чл.-кар. К.М.Салаўёў, В.А.Таўкачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.
Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст.гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст.Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст.Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.
бел.нац.арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст.этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
жанр фальклору, разнавіднасць пазаабрадавай сац.-быт. лірыкі. Узнікненне і пашырэнне К.п. на Беларусі звязана з гіст. падзеямі 15—17 ст.: бел. сяляне ўцякалі ад феад.-рэліг. прыгнёту на Пд Украіны, за дняпроўскія парогі і ўліваліся ў казацкія атрады. У час сялянска-казацкіх паўстанняў і вызв. вайны ўкр. народа 1648—54 казацкія атрады заходзілі на тэр. Беларусі, у іх уступалі бел. сяляне і гар. бедната. К.п. насычаны сац. матывамі, раскрываюць класавы антаганізм паміж багацеямі і галотай.
У песнях звычайна не названы канкрэтныя падзеі і героі, а даецца агульны малюнак баявых паходаў і помсты прыгнятальнікам, адлюстраваны пачуцці лірычнага героя, які ад’язджае на вайну, узаемнае каханне казака і дзяўчыны. Пашыраны песні пра гераічную смерць казака, якога аплаквае дзяўчына. Многія К.п. пра смерць героя ліра-эпічныя, набліжаюцца да балад. Беларускія К.п. маюць шмат агульнага з украінскімі. Іх паэтыка вельмі багатая (гіпербалізацыя подзвігу герояў, метафарычна-сімвалічная вобразнасць, разнастайныя паралелізмы і інш.). К.п. пераважна харавыя, шматгалосыя, з шырокім дыяпазонам мелодый. Дасканаласць паэт. тэкстаў і напеваў спрыяла іх пашырэнню (асабліва на Пд Беларусі) і захаванню да нашага часу.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 258—259, 269;
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982. С. 25—45.