АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́, аспірын,

вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.

Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралогіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,

павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Аэрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЫ́ЛА (Фёдар Апанасавіч) (21.1.1924, в. Бардзілаўка Мінскага р-на — 25.11.1992),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Камандзір дыверсійнай групы (партыз. атрад імя С.​Лазо 3-й Мінскай партыз. брыгады імя С.​Будзённага), якая падарвала 28 чыг. эшалонаў ворага. З 1949 у рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». Аўтар успамінаў «Застаюся жыць» (1981).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГУНЫ́,

машына для здрабнення і змешвання матэрыялаў расцісканнем і сціраннем. Складаецца з чыгуннай чашы, па дне якой перакочваюцца масіўныя чыгунныя каткі, што верцяцца вакол уласнай (гарызантальнай) восі і разам з крыжавінай, на якой яны ўмацаваны, — вакол яе вертыкальнай восі. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай прам-сці, металургіі, прам-сці будматэрыялаў і інш. Пры выкарыстанні бегуноў для амальгамацыі залатых рудаў дно чашы заліваюць тонкім слоем ртуці, у якой раствараюцца атрыманыя з руды часцінкі золата.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛУШ (Міхаіл Андрэевіч) (1924, в. Руда Ліпічанская Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1944),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З мая 1943 радавы атрада «Кастрычнік» партыз. брыгады Першамайскай Баранавіцкай вобл., падарваў 8 варожых эшалонаў. У час бою пры разгроме фаш. гарнізона ў в. Купіск Навагрудскага р-на закрыў сваім целам станковы кулямёт. На радзіме, у в. Купіск і на месцы гібелі яму пастаўлены помнікі.

М.А.Белуш.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАІ́ЛУ ПЕРАКСІ́Д, бензаілу перакіс (C6H5COO)2, мал. м. 242,23; бясколерныя крышталі, tпл 106—108 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,334∙10​3 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе, дрэнна раствараецца ў спіртах, добра — у ацэтоне, бензоле, хларыраваных вуглевадародах. Выбухованебяспечны пры награванні і мех. уздзеянні. Выкарыстоўваецца як ініцыятар радыкальнай полімеразыцыі, ацвярджальнік поліэфірных смолаў, вулканізатар, адбельвальнік і дэзадарант для мукі, тлушчу і алею. Таксічны: выклікае апёкі скуры і слізістых абалонак, ГДК 5 мг/м³.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАРЭ́З,

апарат для кіслароднай рэзкі і зваркі металаў. Працуе на вадкім паліве (бензін, газа). Мае бак для паліва, гарэлку спец. канструкцыі (разак) і шлангі падачы паліва і кіслароду. У разаку паліва выпарваецца і змешваецца з кіслародам. Пры гарэнні сумесі ўтвараецца полымя, якое падаграе метал і выпарае паліва. Падагрэты метал рэжуць струменем кіслароду, які падаецца з балона пад ціскам.

Бензарэз: 1 — разак, 2 — бак для паліва, 3 — шлангі падачы паліва і кіслароду.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРБРА́ЕР (Яўген Абрамавіч) (1912, г. Гомель — 6.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т журналістыкі (1934), курсы «Выстрал». Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Сталінградскім і Сцяпным франтах. Мінамётная рота пад камандаваннем ст. лейт. Бірбраера ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Днепрапятроўскай вобл. на захопленым плацдарме падтрымлівала пераправу асн. сіл палка, адбіла 12 контратак праціўніка. Загінуў у баі.

Я.А.Бірбраер.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА (ад грэч. byssos тонкая пража),

орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТУМНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

тэрмапластычныя матэрыялы на аснове прыродных або штучных нафтавых бітумаў, каменнавугальнага пеку або іх сплаваў. Змяшчаюць 25—60% напаўняльнікаў (баваўняныя ачоскі, кізельгур). Пластычныя сумесі бітуму з дробнадысперснымі напаўняльнікамі (мел, азбест і інш.) наз. бітумнымі масцікамі. Атмасфера- і вільгацеўстойлівыя; перапрацоўваюцца прасаваннем (5—20 МПа) загатовак пры т-ры да 175 °C. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці акумулятарных бакаў, дэталяў электра- і радыёапаратуры, дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў (напр., руберойду), пакрыццяў падлогі і інш.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)