дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»). Паходзяць ад Войны (упамінаецца ў 1528), аднаго з баяр Грычынавічаў з маёнтка Парэчча ў Пінскім пав.Найб. вядомыя: Мацей, сын Войны, рэферэндар і пісар ВКЛ, падкаморы пінскі з 1566. Лаўрын (Ваўжынец; ? — 23.10.1580), сын Мацея. Староста пінскі (1574—80), гарадзенскі, кобрынскі, падскарбі надворны ВКЛ (1569), падскарбі земскі (1576). Сямён (?—1599), сын Мацея. Маршалак гаспадарскі (1584), кашталян мсціслаўскі (1588). Грыгорый (?—1603), сын Мацея, кашталян брэсцкі (1593). Сокал (?—1610), сын Мацея. Кашталян мсціслаўскі (1599), брэсцкі (1603). Габрыэль (?—1.1.1615), сын Мацея. Пісар ВКЛ (1585), падканцлер ВКЛ (1589). Прымаў удзел у ваенных паходах Стафана Баторыя, быў паслом Жыгімонта III Вазы ў Маскву. Бенядзікт (?—1615), сын Мацея. Сакратар вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Стафана Баторыя, біскуп віленскі (1600). Мацей (?—1607?), сын Лаўрына. Пісар ВКЛ (1589), падскарбі надворны ВКЛ (1605). Абрагам (1569—1649), сын Сямёна. Біскуп метонскі, жмудскі (1627) і віленскі (1630).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЙТ,
1) асоба, якая ўзначальвала мясц. (гарадское або сельскае) кіраванне ці самакіраванне на тэр. Германіі, Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы ў 15—18 ст. Прызначаліся каралямі ці феадаламі або выбіраліся з заможных феадалаў ці мяшчан. У ВКЛ войта прызначаў вял. князь. У гарадах, дзе існавала самакіраванне (пераважна на У Беларусі), пасада войта ўводзілася да ўстанаўлення магдэбургскага права. Увядзенне пасады войта пры адначасовым наданні гораду магдэбургскага права (у цэнтр. частцы і на З Беларусі) азначала стварэнне прадугледжаных гэтым правам органаў кіравання. Класічнае магдэбургскае права зводзіла ролю войта да старшынства на войтаўска-лаўніцкім судзе. Паступова на Беларусі войт набыў правы вышэйшай адм. улады і войтаўскага суда.
2) Асоба, якая наглядала за працай прыгонных сялян і выкананнем імі павіннасцей. Войт, які кіраваў часткай (ключом) маёнтка, называўся ключ-войтам.
3) Кіраўнік гміны ў Польшчы да 1950 і ў Зах. Беларусі ў 1921—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял.Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.
Літ.:
Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял.Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс.чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР, вандроўная трупа,
тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар.т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст. — Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял.Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгасна-саўгасныя т-ры, Трупа У.Галубка (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ ДАНСКІ́ (12.10.1350, Масква — 19.5.1389),
вялікі князь маскоўскі (з 1359) і ўладзімірскі (з 1362). Сын Івана II Іванавіча. Пры ім у 1367 у Маскве пабудаваны першы ў Паўн.-Усх. Русі белакаменны крэмль. У 1368 і 1370 яго войскі адбілі напады на маск. княства войска Альгерда, у 1371 — разанскага кн. Алега Іванавіча. У 1376 замацаваны ўплыў Масквы ў Балгарыі Волжска-Камскай. У сваёй палітыцы абапіраўся на аўтарытэт і падтрымку Сергія Раданежскага. Дз.І.Д. першы з маск. князёў узначаліў барацьбу супраць татара-манголаў і перамог іх на р. Вожа (1378) і ў Кулікоўскай бітве 1380, што паклала пачатак вызваленню Русі ад татара-манг. панавання. За гэту бітву празваны Данскім. Пасля зруйнавання Масквы тат. ханам Тахтамышам (1382) аднавіў горад. Пры ім Масква замацавала кіруючае становішча ў рус. землях. Упершыню без згоды Залатой Арды завяшчаў вял. княжанне свайму сыну Васілю. Кананізаваны.
Літ.:
Кучкин В.А. Дмитрий Донской // Вопр. истории. 1995. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГЕЛЬ (Мацей) (6.8.1715, былая в. Гембулы Лідскага пав. Віленскага ваяв. — 24.2.1760),
педагог, гісторык-архівіст, прававед. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў у ордэн піяраў (1730, святар з 1732) і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З канца 1740-х г. рэктар піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. У 1748 як пасол Рэчы Паспалітай меў магчымасць працаваць у архівах і б-ках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шмат гіст. і дыпламат. дакументаў. Запланаваў выданне збору міжнар. трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», выйшлі 3 тамы (т. 1, 1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы захоўваюцца ў Рас.нац. б-цы ў Пецярбургу. Выдаў збор дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вял.кн. Літоўскага» (1758) па размежаванні дзярж. граніцы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне 16 ст. Зборнікі Д. як гіст. крыніца не страцілі свайго значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЛЬ́НІКАЎ (Рыгор Усцінавіч) (н. 8,5.1923, в. Сахараўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1978), ген.-палк. авіяцыі (1981). Засл.ваен. лётчык СССР (1965), канд.гіст.навук. Скончыў Мінскі аэраклуб, Батайскую ваен.авіяц. школу пілотаў (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1968). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1943 на Паўд., 4, 2 і 1-м Укр. франтах. У паветр. баі тараніў варожы самалёт і быў вымушаны скочыць з парашутам, трапіў у палон, прайшоў праз некалькі канцлагераў, уцёк да партызан. У вер. 1943 — крас. 1944 у партыз. атрадзе «За Савецкую Радзіму» Адэскай вобл. З крас. 1944 на фронце, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 160 вылетаў, правёў 42 баі, Пасля вайны на камандных пасадах. З 1981 нам. галоўнакамандуючага ВПС па ВНУ, нач.ВНУВПС. Аўтар кнігі ўспамінаў «Ляціць стальная эскадрылля» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.
Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДКЕ́ВІЧ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 6.10.1943, г. Магілёў),
бел. танцоўшчык, харэограф. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1961), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). З 1961 артыст балета Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 артыст балета, педагог-рэпетытар, рэжысёр-пастаноўшчык, маст. кіраўнік канцэртна-эстр. бюро Бел. філармоніі. З 1986 маст. кіраўнік — дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Веданне бел.танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вял. творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі нар. харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак: канцэртныя праграмы «Свята», «Карагод сяброў», «Вечар памяці С.Дрэчына», бел.нар. танцы «Кола», «Бульба», «Кадрыля на зэдліках», «Вясковыя гульні», «Каляды», «Арэлі», «Церніца», «Вечарына», «Спеў дубраў», «Кабеты і жаўнеры» і інш. У пастаноўках апошніх гадоў стварае танц. нумары з драматург. развіццём у жанры «фольк-балет». Імкнецца працягваць традыцыі прафес. харэагр. мастацтва, закладзеныя А.Апанасенкам, С.Дрэчыным і інш.