БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),
бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.Міцкевічам, Т.Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел.нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).
Тв.:
Бел.пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),
Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял.Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал.ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач.жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст.Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл.Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ.калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл.Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл.Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл.Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адм. падраздзяленне ў Рас. імперыі ў 1803—1918 (з перапынкам). Створана ў 1803. Спачатку ёй падпарадкоўваліся навуч. ўстановы Валынскай, Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Магілёўскай, Мінскай і Падольскай губ., з 1810 — і Беластоцкай вобл.Навуч.-метадычны і адм. цэнтр акругі — Віленскі універсітэт. Мела пэўную самастойнасць. Кіравалася «Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага універсітэта і вучылішчаў яго акругі» (1803), «Прадпісаннем арганізацыі вучылішчаў у акрузе імп. Віленскага універсітэта» (1804), у якіх былі ўлічаны асн. прынцыпы і палажэнні статута Адукацыйнай камісіі. У 1803 у бел. губернях акругі (Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і часткова Віленскай) 25 сярэдніх і няпоўных сярэдніх і каля 130 пачатковых школ. У пач. 1820-х г. многія выкладчыкі і вучні акругі ўдзельнічалі ў грамадска-паліт. і нац.-вызв. руху, што выклікала рэпрэсіі з боку царскіх улад.
У 1824 Віленская навучальная акруга рэарганізавана. Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. перададзены Пецярбургскай навуч. акрузе, а ў 1829 вылучаны з яе і ўтварылі Беларускую навучальную акругу, куды ў 1831—32 увайшлі навуч. ўстановы Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губ. і Беластоцкай вобл. Віленская навучальная акруга часова перастала існаваць, а Віленскі ун-т быў пераведзены ў Кіеў. Паводле палажэння аб навуч. акругах 1835 ун-ты вызваляліся ад кіраўніцтва навуч. ўстановамі, гэтую функцыю выконвалі папячыцельскія саветы на чале з папячыцелем. У 1850 Віленская навучальная акруга адноўлена, у яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ.Навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. зноў далучаны да Пецярбургскай навуч. акругі. У Віленскую навучальную акругу яны ўвайшлі ў 1864. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з 13 гімназій і 3 прагімназій было выключана 455 выкладчыкаў і вучняў. Усе выкладчыкі «нярускага» паходжання з 1866 пазбаўляліся права выкладаць у навуч. установах акругі. У 1914/15 навуч.г. ў акрузе 6667 пач. вучылішчаў і школ, 31 мужчынская гімназія, 69 жаночых гімназій, 11 рэальных вучылішчаў, 3 настаўніцкія ін-ты, 8 настаўніцкіх семінарый. У Вільні выдавалася «Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі» (1874—1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Ларыса Пампееўна) (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),
бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1940). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага і «Аіда» Дж.Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел.нар. песні, у т. л. на Міжнар.муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел.тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.
Літ.:
Модэль М. Л.П.Александроўская. Мн., 1945;
Рузов Г. Л.П.Александровская. М.; Л., 1950;
Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
Л.П.Александроўская.Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
орган паліт. прадстаўніцтва бел.нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.А.Скірмунт (старшыня), П.П.Аляксюк, У.С.Фальскі (нам. старшыні), Б.А.Тарашкевіч (сакратар), Л.Заяц (скарбнік), А.А.Смоліч, Э.А.Будзька, В.Гадлеўскі, Я.С.Канчар, І.І.Краскоўскі, А.Л.Бурбіс, К.К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.Г.Шантыр, М.С.Кахановіч, В.Л.Іваноўскі, Л.І.Дубейкаўскі, З.Х.Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.В.Багдановіча і Я.Л.Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-вабел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ.«Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,
рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г.Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.Лапіцкі, І.Касяк, Т.Шыбут, М.Сяднёў, Н.Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел.правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл.царк.к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.Грынкевіч, В.Пануцэвіч, А.Попка, Б.Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.Сіповіч, Л.Гарошка, А.Адамовіч, М.Навумовіч, Ф.Бартуль, А.Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г.Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.Ясько і У.Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.Рыжы-Рыскі, В.Матэйчык, Л.Галубовіч.
Літ.:
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;
Мн., 1994;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).
французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык; прадстаўнік муз. рамантызму. Чл. Ін-та Францыі (1856). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1830). На час заканчэння кансерваторыі напісаў шэраг сталых твораў, у т. л. «Фантастычную сімфонію, або Эпізод з жыцця артыста», якая стала маст. абагульненнем ідэйна-эстэт. імкненняў эпохі, маніфестам франц. рамантызму ў музыцы. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам класічнай і рамант. л-ры, творчасці К.В.Глюка, Л.Бетховена, У.Шэкспіра, І.В.Гётэ. У творах 1830—40-х г. экзальтацыя пачуццяў, схільнасць да медытацыі, пачуццё адзіноцтва і ў той жа час грамадз.-рэв. парывы: сімфонія «Гарольд у Італіі», опера «Бенвенута Чэліні», драм. сімфонія для аркестра, салістаў-спевакоў і хору «Рамэо і Джульета», «Жалобная трыумфальная сімфонія», драм. легенда «Асуджэнне Фауста» (паводле Гётэ). З 1842 гастраліраваў як дырыжор у многіх краінах, з найб. поспехам у Расіі. У творах 1850—60-х г. адышоў ад вострых праблем сучаснасці, застаючыся верным ідэалам гуманіст. мастацтва: араторыя «Дзяцінства Хрыста» на ўласныя тэксты, оперная дылогія «Траянцы» паводле Вергілія. Апошні яго твор — вытанчаная, поўная гумару опера «Беатрычэ і Бенядзікт» (паводле «Многа шуму з нічога» Шэкспіра, 1862). Берліёз пераўтвараў традыц. жанры, смела сінтэзаваў элементы оперы, араторыі, сімфоніі. Як кампазітар-наватар, ён апіраўся на нац.муз. традыцыі. Адсюль манументальнасць, маляўнічасць, тэатральнасць яго музыкі. Шмат новага ўнёс у вучэнне аб муз. форме, голасавядзенні, гармоніі, рытме; зрабіў адкрыцці ў галіне аркестроўкі, развіў прынцып тэмбравай драматургіі і інш. Разам з Р.Вагнерам заклаў асновы сучаснай школы дырыжыравання. Аўтар артыкулаў, прысвечаных муз.-эстэт. праблемам і з’явам, творчасці Бетховена, Глюка, Г.Спанціні, К.М.Вебера, Вагнера, Н.Паганіні, Ф.Ліста, М.Глінкі і інш.
Літ. тв.: Oeuvres littéraires. Vol. 1—2. Paris, 1968—69; Рус.пер. — Дирижер оркестра. М., 1912; Избр. статьи. М., 1956; Мемуары. 2 изд. М., 1967; Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке. Ч. 1—2. М., 1972; Избр. письма. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1984—85.
Літ.:
Хохловкина А. Берлиоз. 2 изд. М., 1966;
Dömling W. H.Berlioz und seine Zeit. Laaber, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЕР ((Becher) Іаганес Роберт) (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),
нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел.пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш.бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Чаротам, К.Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.Бузук, С.Дзяргай, М.Дуброўскі, А.Зарыцкі, А.Звонак, А.Клышка, Я.Семяжон. Нац. прэмія імя І.В.Гётэ 1949, 1950.
Тв.:
Бел.пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;
[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;
Вяртанне да сябе. Мн., 1985;
Рус.пер. — Сонеты. М., 1960;
Стихотворения;
Прощание;
Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;
Избранное. М., 1974;
О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.
Літ.:
Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;
Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;
Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.Чарот і І.Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́ГА КА́РПІО (Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга
(Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнік ісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),
раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм.т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм.т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1962—65.
Літ.:
Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.;
М., 1960;
Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.