МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),

бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял. Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.​Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.​Вясёлага «Краіна родная» (з Р.​Бахтам), аповесць У.​Лідзіна «Магіла невядомага салдата».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1959;

Аповесць. Мн., 1985;

Палеская аповесць. Мн., 1991.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986.

Т.​К.​Грамадчанка.

Б.М.Мікуліч.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.​А.​Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн. 1. Мн., 1994.

С.​Дз.​Дзярновіч, Г.​В.​Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Юльян Урсын) (16.2.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на — 21.5.1841),

пісьменнік, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык. Вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве (1770—77). З 1777 ад’ютант А.​К.​Чартарыйскага. У 1788—92 пасол на Чатырохгадовы сейм, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі. У час паўстання 1794 ад’ютант і сакратар Т.​Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць у Пецярбургу. З 1796 у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства, з 1813 — Сената Каралеўства Польскага. Падарожнічаў па Беларусі (1809, 1816, 1819). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1833 у эміграцыі ў Парыжы. У паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790) выказаўся за сац. рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленне сялян ад прыгону. Аўтар зб-каў «Літоўскія пісьмы» (1812), дзе адлюстравана бел. тэматыка, цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш. У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Брэст, Гродна, Навагрудак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—36), у які ўключыў «Дыярыушы» С. і Б.​Маскевічаў. Аўтар шматлікіх мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1—2, 1957).

Тв.:

Dzieła poetyczne wierszem i prozą. T. 1—12. Lipsk, 1838-43.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968.

Ю.Нямцэвіч.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЗЕРАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26.1.1921, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Брат М.М.Озерава. Засл. дз. маст. Славакіі (1971), Польшчы (1972), Чэхіі (1981). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1977). Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1944), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951), у 1977—92 выкладаў у ім (з 1984 праф.). У 1971—85 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. З 1949 на кінастудыі «Масфільм». Асн. кірунак творчасці — гісторыя Вял. Айч. вайны. Найб. майстэрства дасягнуў у эпічным кінацыкле «Вызваленне»; фільмы «Вогненная дуга», «Прарыў» (абодва 1970), «Напрамак галоўнага ўдару» (1971), «Бітва за Берлін», «Апошні штурм» (абодва 1972; за ўсе Ленінская прэмія 1972), дзе праз спалучэнне строгай дакументальнасці, маштабнасці гіст. абагульнення і прапрацоўкі вобразаў удзельнікаў падзей выявіў веліч подзвігу народа-пераможца. Сярод інш. фільмаў: «Салдаты свабоды» (фільмы 1—4, 1977, сумесна з Польшчай, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Румыніяй, ГДР), «Бітва за Маскву» (фільмы 1—4, 1985), «Сталінград» (фільмы 1—2, 1989), «Вялікі палкаводзец Георгій Жукаў» (2-серыйны, 1996). У 1994 на аснове гэтых фільмаў створаны 24-серыйны тэлесерыял «Трагедыі стагоддзя», які ахоплівае ўсе падзеі 2-й сусв. вайны. Зняў відавы фільм «У Нікіцкім батанічным садзе» (1952), маст.-дакумент. фільм «Арэна смелых» (1953, з С.​Гуравым; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), дакумент. фільмы «Дзень маладога чалавека» (1961), «Балада пра спорт», «Алімпійскае свята», «Развітанне з Алімпіядай» (усе 1980), «О спорт — ты свет!» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Анёлы смерці» (1992); маст. фільмы «Сын» (1955), «Качубей» (1958), «Фартуна» (1959, сумесна з Албаніяй), «Вялікая дарога» (1963) і інш. Аўтар, сааўтар шэрагу сцэнарыяў сваіх фільмаў і фільмаў інш. рэжысёраў.

Літ.:

Кушнирский Я.Н. Профессия: режиссер. М., 1979;

Суменов Н., Сулькин О. Юрий Озеров. М., 1986.

С.​У.​Пешын.

Ю.М.Озераў.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,

1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.​П.​Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.

2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.​А.​Краеўскага, з 1868 М.​Някрасава, з 1877 М.​Салтыкова-Шчадрына, Р.​Елісеева, М.​Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.​Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.​Герцэн, М.​Агароў, М.​Лермантаў, І.​Тургенеў, Ф.​Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.​Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.​Гогаля, Лермантава, А.​Пушкіна, яго літ. агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.​Чарнышэўскага на нарысы П.​Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.​А.​Калістава (псеўд. К.​Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.

Літ.:

История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;

Теплинский М.В. «Отечественные записки», 1868—1884. Южно-Сахалинск, 1966;

Боград В. Журнал «Отечественные записки», 1868—1884: Указ. содержания. М., 1971.

Н.​А.​Сніцарава.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРЭ́СКІ (Друцкі-Падбярэзкі) Рамуальд Андрэевіч; 1812 ці 1813, Вільня — 22.10.1856),

бел. і польскі выдавец, публіцыст, фалькларыст. Скончыў Віленскую гімназію (1830). Вучыўся ў Маск. ун-це (1836—40). З 1840 актыўны ўдзельнік бел. гуртка ў Пецярбургу. Падтрымліваў сувязі з рус. славянафіламі, Т.​Шаўчэнкам. З 1847 у Вільні. Сваёй грамадз. дзейнасцю памагаў гуртаваць культ. сілы Беларусі. Выдаваў літ.-навук. альманахі «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», т. 1—4, Пб.; Вільня, 1843—49) і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік», т. 1—2, ч. 1—6, Вільня, 1849—50), у якіх публікаваў бел. аўтараў і матэрыялы, звязаныя з Беларуссю. У друку выступаў з допісамі пра культ. падзеі, водгукамі на творы мастацтва, літ.-крыт. артыкуламі. У арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (прадмова да т. 1 кн. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», 1844) з дэмакр. пазіцый характарызаваў бел. л-ру 1-й пал. 19 ст. і ўпершыню вызначыў рысы яе народнасці. Аўтар фальклорна-этнагр. нарыса «Беларускае вяселле» (1848); «Лістоў з Беларусі» (1844). Выдаў зб. Т.​Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845), апублікаваў «Дыярыуш» С.​Бельскага (1842). Вывучаў помнікі старажытнасці і гісторыі Беларусі. На польскую мову пераклаў «Каўказскага палонніка» А.​Пушкіна, «Апавяданні маларасіяніна» П.​Куліша, рус. нар. казкі і інш. У 1850 за антыўрадавую літ. дзейнасць арыштаваны і высланы ў Архангельскую губ., дзе і памёр.

Тв.:

Antoni Abramowicz — muzyk // Rocznik Literacki. 1846. T. 3.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Варановіч С. [Александровіч С.]. Р.​Друцкі-Падбярэскі // Беларусь, 1958. № 11;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 27—40;

Каханоўскі Г. Лёс Рамуальда Падбярэскага // ЛіМ. 1976. 6 жн ;

Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАБАТА́НІКА (ад палеа... + батаніка),

фітапалеанталогія, навука пра выкапнёвыя расліны; раздзел палеанталогіі і батанікі. Вывучае драўніны (палеаксілалогія), насенне, плады, дыяспоры (палеакарпалогія, або палеадыяспаралогія), пылок і споры (палеапаліналогія), эпідэрму і вусцейкавы апарат выкапнёвых раслін (палеастаматаграфія), адбіткі і рэшткі іх лістоў, сцёблаў і інш. ч. (іхнафіталогія), выкапнёвыя водарасці (палеаальгалогія, або палеафікалогія) і грыбы (палеамікалогія). Асн. кірункі даследаванняў: марфал., сістэм. (філагенет.), фларыстычны (палеафларыстыка), экалагічны (палеаэкалогія раслін), вывучэнне пашырэння раслін геал. мінулага (палеафітагеаграфія). Цесна звязана з гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй, эвалюц. вучэннем і інш. Мае важнае значэнне для геал. разведкі.

Знаходкі рэшткаў выкапнёвых раслін упаміналіся з 7—6 ст. да н.э. (Ксенафан і інш.). Як навука П. сфарміравалася ў пач. 19 ст. (А.​Браньяр, ням вучоны Э.​Шлотгайм, чэш. — К.​М.​Штэрнберг). Уклад у яе развіццё зрабілі Ф.Унгер, англ. вучоныя В.​Ланг, Дз.​Г.​Скот, У.​Чаланер, Д.​Эдвардс, ням. — Г.​Вайланд, В.​Готан, Р.​Кройзель, амер. — Дж.​Аксельрад, Х.​Банкс, Ф.​Х’юбер, рас. — А.Л.Тахтаджан, Х.Ф.Шмальгаўзен, М.​Дз.​Залескі, Я.​Р.​Зямбніцкі, А.​М.​Крыштафовіч, С.​В.​Меен, К.​Я.​Мерклін, К.​В.​Навік, М.​Ф.​Нейбург, І.​У.​Палібін, Э.​І.​Эйхвальд, А.​Л.​Юрына і інш.

На Беларусі пытанні П. вывучаюць з пач. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў). Шырокія даследаванні (пераважна сістэм. і фларыстычныя ў галіне палеапаліналогіі, палеакарпалогіі і дыятомавага аналізу) вядуцца з 1950—60-х г. (Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​С.​Маныкін, Г.​К.​Хурсевіч, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.). Навук. цэнтры: Ін-т геал. навук. Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачны НДІ.

Літ.:

Криштофович А.Н. История палеоботаники в СССР. М., 1956;

Палеокарпологические исследования кайнозоя. Мн, 1982;

Мейен С.В. Основы палеоботаники. М., 1986.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),

бел. рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл. драм. т-раў, у 1963—65 Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп. т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.​Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.​Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.​Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.​Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.​Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.​Коласа — «Дачнікі» М.​Горкага (1964), «Лёнушка» Л.​Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.​Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.​Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.​Арбузава (1979) і інш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.​Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.​Бядулі (з Я.​Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.​Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.​Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

А.​В.​Сабалеўскі.

І.С.Папоў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ МІ́РНАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1919—20,

міжнародная канферэнцыя, скліканая краінамі-пераможцамі ў першай сусветнай вайне 1914—18 для выпрацоўкі і падпісання мірных дагавораў з пераможанымі дзяржавамі (Германіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Турцыяй). Праходзіла ў Парыжы 18.1.1919—21.1.1920 (з перапынкамі). Удзельнічалі больш за 1 тыс. дэлегатаў ад 27 краін (прадстаўнікі Германіі і яе б. саюзнікаў дапушчаны толькі пасля выпрацоўкі праектаў мірных дагавораў з імі); гал. ролю адыгрывалі прэзідэнт ЗША Г.Вільсан, прэм’ер-міністры Д.Лойд Джордж (Вялікабрытанія) і Ж.Б.Клемансо (Францыя). У ходзе канферэнцыі падрыхтаваны Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй (падпісаны 28.6.1919), Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 з Аўстрыяй (10.9.1919), Нёіскі мірны дагавор 1919 з Балгарыяй (27.11.1919), Трыянонскі мірны дагавор 1920 з Венгрыяй (4.6.1920) і Сеўрскі мірны дагавор 1920 з Турцыяй (10.8.1920), прынята рашэнне пра стварэнне Лігі Нацый (яе Статут увайшоў у тэксты мірных дагавораў). Абмяркоўваўся і комплекс пытанняў, звязаных з інтэрвенцыяй у Сав. Расію і яе блакадай (рас. прадстаўнікі афіцыйна не былі запрошаны на канферэнцыю). Канферэнцыя дэ-факта прызнала незалежнасць Эстоніі, Латвіі, Літвы (20.8.1919), урады Грузіі, Азербайджана, Арменіі (студз. 1920), дала дазвол на часовае знаходжанне ням. войск на тэр. Прыбалтыкі, фактычна прызнала акупацыю Польшчай Усх. Галіцыі (26.4.1919), адмяніла эканам. блакаду Сав. Расіі (16.1.1920). У снеж. 1919 рабочы орган П.м.к. — Вярх. савет Антанты — вызначыў часовую граніцу Польшчы на У, прыняўшы за аснову этнагр. прынцып (у 1920 атрымала назву «Керзана лінія»). На канферэнцыі дзеячы БНР (місіі Д.​Сямашкі, А.Луцкевіча) намагаліся ўзняць бел. пытанне, але беспаспяхова. Гл. таксама Версальска-Вашынгтонская сістэма.

Літ.:

Ціхаміраў А.В. Беларуская праблематыка на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—1920 гг. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4.;

История дипломатии. Т. 3. 2 изд. М., 1965.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)