СО́РБЦЫЯ (ад лац. sorbeo паглынаю),

1) паглынанне цвёрдым целам або вадкасцю рэчываў (вадкасцей ці газаў) з навакольнага асяроддзя. Цела, што паглынае, наз. сарбентам, рэчыва, якое паглынаецца, — сарбатам (сарбтывам). Адрозніваюць паглынанне рэчыва ўсім аб’ёмам вадкага сарбенту (абсорбцыю), а таксама цвёрдага цела ці расплаву (аклюзію) і паверхневым слоем сарбенту (адсорбцыю). С., абумоўленую хім. узаемадзеяннем паміж паверхняю цвёрдага сарбенту і сарбатам, наз. хемасорбцыяй. Найважн. цвёрдыя сарбенты, якія выкарыстоўваюць у тэхніцы, — актыўны вугаль, сілікагель, іаніты, цэаліты.

2) У біялогіі. Для біял. сістэм характэрна высокая спецыфічнасць (выбіральнасць) С., што вызначаецца асаблівасцямі прасторавай канфігурацыі малекул сарбенту. Напр., звязванне малекул CO2 хларапластамі пры фотасінтэзе ў раслін, прымацаванне фага да паверхні адчувальных да яго бактэрыяльных клетак і інш. У біялагічных сістэмах пашырана адсорбцыя пэўных рэчываў на паверхні клетак і мембран унутрыклетачных структур і абсорбцыя арганоідамі клеткі і малекуламі біяпалімераў.

т. 15, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАШЛА́КАВАЯ ЗВА́РКА,

спосаб зваркі, пры якім для плаўлення асн. металу і электрода выкарыстоўваецца цеплата, што вылучаецца ад праходжання эл. току праз расплаўлены шлак. Выкарыстоўваецца для вырабу буйнагабарытных канструкцый (станін магутных прэсаў, валоў, карпусоў караблёў, цыстэрнаў і да т.п.).

Адрозніваюць Э.з. электродным дротам (для атрымання швоў неабмежаванай даўжыні пры таўшчыні металу, што зварваецца, да 500 мм), пласціністым электродам (даўж. швоў не больш як 1,5 м), муштуком, які плавіцца (для атрымання прамалінейных швоў на загатоўках таўшчынёй больш за 500 мм і для злучэння дэталей складанай канфігурацыі). На аснове Э.з. ў электраметалургіі распрацаваны спосаб электрашлакавага пераплаву.

Схема электрашлакавай зваркі: 1 — электродны дрот для падводу току і папаўнення зварачнай ванны 5 расплаўленым металам; 2 — металічныя загатоўкі, якія зварваюцца; 3 — водаахаладжальныя паўзуны, якія фарміруюць зварачнае шво 6; 4 — шлакавая ванна з расплаўленым шлакам.

т. 18, кн. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У час франц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).

Ф.Н.Бабёф.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.​Ф.​Логінаў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з нуклеафільнымі рэагентамі (нуклеафіламі). Нуклеафілы (ад лац. nucleus — ядро і грэч. phileo — люблю) — аніёны (Cl​−, OH​−, CN​−; NO2​−, OR​− і інш.), а таксама неарган. і арган. малекулы, што маюць свабодную пару электронаў (напр., вада, аміяк, аміны, спірты, фасфіты). У арган. сінтэзе пашыраны нуклеафільнага далучэння рэакцыі па карбанільнай групе, ці кратнай сувязі вуглярод — вуглярод і замяшчэння рэакцыі, характэрныя пераважна для аліфатычных злучэнняў.

Пры рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння ў насычанага атама вугляроду нуклеафіл (X:) аддае субстрату сваю пару электронаў на ўтварэнне сувязі C—X і пры гэтым выцясняе групу Z:, ці нуклеафуг (ад лац. nucleus + fugio збягаю), з парай электронаў, што звязвалі яе з атамам вугляроду. Скорасць і механізм рэакцыі вызначаюцца рэакцыйнай здольнасцю нуклеафілу (нуклеафільнасцю) і нуклеафугу (нуклеафугнасцю), будовай малекулы субстрату і ўмовамі рэакцыі (растваральнік, т-ра, ціск і інш.). Адрозніваюць мона- і бімалекулярны механізмы. Пры монамалекулярным (SN​1) механізме спачатку (пад уздзеяннем растваральніку) утвараецца трохкаардынацыйны карбкатыён і нуклеафуг (стадыя, якая звычайна вызначае скорасць усяго працэсу), а затым нуклеафіл хутка далучаецца да карбкатыёна; атака нуклеафілу роўнамагчымая з абодвух бакоў рэакцыйнага цэнтра і ў выпадку яго асіметрыі прыводзіць да рацэмізацыі. Пры бімалекулярным (сінхронным) замяшчэнні (SN​2) атака нуклеафілу ідзе з боку процілеглага адносна групы, што адыходзіць, і прыводзіць да змены абс. канфігурацыі асіметрычнага цэнтра малекулы (т.зв. вальдэнава абарачэнне). Гл. таксама Рэакцыі хімічныя.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,

вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.

Публ.:

Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.

Т.​В.​Валодзіна.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ БЯСПЕ́КА,

якасць установак і ўстройстваў, што утрымліваюць ядзернае паліва, пры якой тэхн. сродкамі і арганізац. мерапрыемствамі прадухіляецца магчымасць ядз. аварый.

Забеспячэнне Я.б. — асн. патрабаванне пры выбары пляцовак для размяшчэння. пры праектаванні, збудаванні, эксплуатацыі ядз. аб’ектаў. Да іх адносяцца ядзерныя рэактары ўсіх тыпаў і прызначэння, устаноўкі для вытв-сці ядзернай зброі, сховішчы ядз. паліва. устаноўкі па яго перапрацоўцы, устройствы для захоўвання радыеактыўных адходаў і інш. Я.б. грунтуецца на: унутр. самаахове ўстановак, заснаванай на іх фіз. і праектных уласцівасцях, абсталяванні ўстановак надзейным ахоўнымі сістэмамі бяспекі і кантролю параметраў; высокай кваліфікацыі і адказнасці персаналу, выкананні норм і правіл. што дзейнічаюць у галіне ядз. тэхнікі.

На Беларусі нагляд за Я.б. ажыццяўляе спец. дзярж. орган — Праматамнагляд Мін-ва па надзвычайных сітуацыях. Акрамя нац. норм і правіл улічваюцца таксама рэкамендацыйныя стандарты, распрацаваныя Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі. Парушэнне норм і правіл можа прывесці да цяжкіх ядз. аварый (страта кіравання ланцуговай рэакцыяй у ядз. рэактары і разгону яго магутнасці; утварэнне крытычнай масы ва ўстройствах, што маюць у сабе падзельныя матэрыялы, з узнікненнем самаадвольнай ланцуговай рэакцыі — да выхаду радыеактыўных прадуктаў дзялення за межы ўстановак і інш. Аварыі з найб. цяжкімі наступствамі адбыліся на хім. камбінаце «Маяк» у Чэлябінскай вобл. (Расія, 1957), АЭС «Тры-Майл Айленд» (ЗША, 1979), Чарнобыльскай АЭС (Украіна, 1986; гл. Чарнобыльская катастрофа 1986).

А.​І.​Ярашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫМА́ ЦЯНЬ (каля 145 або 135 — каля 86 да н.э.),

старажытнакітайскі гісторык. З 108 да н.э. прыдворны гістарыёграф ханьскага двара. Аўтар «Гістарычных нататак» — твора, які ахоплівае гісторыю Кітая са старажытнасці да канца 2 ст. да н.э. У ім упершыню ў кіт. гістарыяграфіі выкарыстаны комплексны прынцып, які спалучаў храналагічны паказ падзей, тэматычнае асвятленне грамадскага жыцця і біяграфіі асоб, што зрабіла працу ўзорам для кіт. гісторыкаў.

Тв.:

Рус. пер. — Исторические записки. Т. 1—7. М., 1972—96.

Літ.:

Кроль Ю.Л. Сыма Цянь — историк? М., 1970.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),

1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.​Кант і Г.​Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.

2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).

В.​В.​Філіпава.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАРАХМА́Н II (792—852),

эмір Кардоўскага эмірата [822—852]. Праўнук Абдарахмана I. Спрыяў развіццю навук і мастацтва, выдаткоўваў вял. сродкі на буд-ва палацаў і мячэцяў, што прывяло да ўзмацнення падатковага прыгнёту. Вызначаўся верацярпімасцю. Устанавіў дыпламат. і гандл. адносіны з Візантыяй.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)