БУ́БКА (Сяргей Назаравіч) (н. 4.12.1963, г. Луганск, Украіна),

украінскі спартсмен-лёгкаатлет (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту СССР (1983), засл. майстар спорту Украіны (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1988, адзіны ў свеце лёгкаатлет-пераможца 5 чэмпіянатаў свету (1983, 1985, 1987, 1993, 1995). Шматразовы чэмпіён Украіны і Еўропы. 19 разоў паляпшаў уласныя сусв. рэкорды, давёўшы іх да 6,14 м на стадыёнах (1994) і 6,15 м (1993) у залах.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІ́СТЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ (Amnesty International),

міжнар. праваахоўная няўрадавая арганізацыя. Створана ў 1961 у Лондане. Мае філіялы ў 44 краінах свету, прадстаўлена індывід. членамі ў 155 краінах і тэрыторыях (1994). Асн. мэты: юрыд. дапамога зняволеным за паліт. і рэліг. перакананні («нявольнікам сумлення») і іх сем’ям. Выступае супраць катаванняў і смяротнай кары, рыхтуе незалежныя даклады аб парушэннях правоў чалавека. Кіруючыя органы — сесія (склікаецца штогод), выканаўчы камітэт, сакратарыят. Штаб-кватэра ў Лондане. Нобелеўская прэмія міру 1977.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ ((Bardot) Брыжыт) (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

Б.Бардо.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЯСЛА́ЎСКІ (Ісак Яфрэмавіч) (9.6.1919, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 14.2.1977),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1948), засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1964). Скончыў Уральскі ун-т (1949). Чэмпіён свету (1952) і Еўропы (1957, 1965) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён Украіны і Беларусі. Удзельнік міжнар. матчаў зборнай Беларусі з шахматыстамі Польшчы, Венгрыі, ГДР. З 1954 трэнер зборнай СССР па шахматах, з 1967 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (г. Мінск). Знаўца і даследчык шахматных дэбютаў.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДРО́ЎСКІ-САС ((Bandrowski-Sas) Аляксандр) (22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),

польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.​Вагнера, Дж.​Меербера, Дж.​Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.​Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ АМАРТО́Л (Geōrgios Amartōlos),

Георгій Манах, візантыйскі храніст. Манах. Аўтар «Хронікі» (каля 867). Складалася з 4 кніг, ахоплівала перыяд ад «стварэння свету» да 842. Асвятляла ў асн. пытанні багаслоўя і гісторыі царквы, мела звесткі пра паўстанне Фамы Славяніна. У 10—11 ст. «Хроніка» перакладзена на стараж.-рус. мову.

Літ.:

Афиногенов Д.Е. Композиция хроники Георгия Амартола // Византийский временник. 1991. Т. 52;

Яго ж. Представления Георгия Амартола об идеальном императоре // Византийские очерки. М., 1991.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Вячаслаў Мікалаевіч) (н. 30.7.1938, Масква),

расійскі спартсмен (акад. веславанне). Засл. майстар спорту (1956). Скончыў Валгаградскі ін-т фіз. культуры (1969). Чэмпіён Алімп. гульняў (1956, Мельбурн; 1960, Рым; 1964, Токіо) у гонках на байдарках-адзіночках. Чэмпіён свету ў веславанні на байдарцы-адзіночцы (1962), Еўропы (1956, 1959, 1961, 1964), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1967), бронз. прызёр першынства Еўропы (1957, 1958). Чэмпіён СССР у веславанні на байдарцы-адзіночцы (1956—66) і на парнай двойцы (1962).

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НКЕСТЭР ((Lankester) Эдвін Рэй) (15.5.1847, Лондан — 15.8.1929),

англійскі заолаг і эмбрыёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1875). Праф. (1874) каледжа ў Лондане і Оксфардскага ун-та (1890), у 1898—1907 дырэктар прыродазнаўча-гіст. аддзела Брытанскага музея. Навук. працы па сістэматыцы выкапнёвых рыб і беспазваночных, анатоміі і эмбрыялогіі кольчатых чарвей, малюскаў і членістаногіх. Падзяліў групу чарвей на 3 тыпы (плоскія, круглыя і кольчатыя). Прапанаваў сістэму жывёльнага свету з вылучэннем у самастойную групу губак.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКЛА́Ў (ад лац. conclave зачынены пакой),

сход кардыналаў, які збіраецца для выбрання папы рымскага пасля смерці яго папярэдніка. Парадак правядзення К. ўстаноўлены ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы папам Грыгорыем X. Адбываецца праз 18 дзён пасля смерці папы ў ізаляваным ад навакольнага свету памяшканні закрытым галасаваннем. Для выбрання папы патрабуецца ​2/3 галасоў удзельнікаў (колькасць не павінна перавышаць 120) плюс 1 голас. К. называецца таксама памяшканне Сіксцінскай капэлы, дзе адбываюцца выбары.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГВІН (Алег Мікалаевіч) (н. 23.5.1959, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1980). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1982). Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у шашэйнай гонцы на 101 км. Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1981) у каманднай гонцы на 100 км. Пераможца велагонак Міру (1981, 1984) у камандным заліку. Чэмпіён СССР у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км (1979) і ў каманднай парнай гонцы на 50 км (1980).

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)