МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),
дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ (Станіслаў Батыс) (6.5.1802, в. Дварэц Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1864),
бел. батанік-фларыст, медык, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1825). У 1829—32 заг.бат. саду Віленскага ун-та, у 1832—42 ад’юнкт, праф. Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1842—47 жыў у Паставах, займаўся батанікай і энтамалогіяй, працаваў з арнітолагам К.Тызенгаўзам. Некаторы час жыў за мяжой, працаваў у музеях і б-ках Берліна. Горскі адзін з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы. Склаў пералік сабраных ім у 1820—29 насенных раслін (1830), каталог раслінбат. саду Віленскай мед.-хірург. акадэміі (1834), табліцы з малюнкамі 20 відаў раслін (выдадзены ў 1849), меў цесныя сувязі з батанікамі Еўропы, забяспечваў гербарыямі і ўзорамі расліннасці Беларусі і Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі. Імем Горскага названы некат. віды раслін і насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАНЖАРЭ́Я (франц. orangerie),
зашклёнае памяшканне для вырошчвання зімоўкі паўд.раслін (цытрусавых, кветкавых, вечназялёных, пладова-ягадных і інш.). Аранжарэі добра асвятляюцца, маюць неабходны рэжым тэмпературы, вільготнасці і ўмовы для догляду раслін. Бываюць 1- і 2-схільныя, блочныя, ангарныя.
Аранжарэя батанічнага комплексу ў Сан-Антоніо (ЗША). Арх. Э.Амбаш. 1988.