РЫ́ЦАРСКАЕ ПРА́ВА, ваеннае права,

сукупнасць юрыд. норм, якія рэгламентавалі побыт і праваадносіны ў рыцарскім войску. Юрыд. адносіны, што складваліся пры нясенні вайсковай службы, рэгуляваліся сац. становішчам чалавека. У ВКЛ больш цяжкую вайсковую службу неслі рыцары — шляхта, баяры, якія павінны былі заўжды быць гатовымі да вайны. Першымі вайсковымі законамі былі пастановы Новагародскага (1502), Віленскага (1507), Менскага (1507) і інш. соймаў. Кадыфікацыя Р.п. ўпершыню рэгламентавана ў Статуце ВКЛ 1529, які вызначыў кола ваеннаабавязаных, прадугледжваў меры пакарання за невыкананне вайсковых абавязкаў і за злачынствы, учыненыя ратнікамі, рэгламентаваў правы і абавязкі гетмана. Больш падрабязна пытанні Р.п. рэгламентаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Першае сістэматызаванае выданне актаў па вайсковым праве — «Артыкулы вайсковыя» — ажыццёўлена ў 1754 у Нясвіжы.

Я.​А.​Юхо.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЛЬЕВА Таццяна Мітрафанаўна (н. 15.3.1938, в. Бестрань Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1993), праф. (1998). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1971 у Нац. Ін-це адукацыі. Даследуе праблемы навучання, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту; пытанні мыслення, маўлення, разумення і свядомасці чалавека ў сістэме бесперапыннай адукацыі. Аўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ і сярэдняй школы. Навук. кіраўнік распрацоўкі канцэпцыі «Нацыянальнай пачатковай школы» (1992).

Тв.:

Психологические вопросы овладения русским языком. Мн., 1983;

Дар слова: Говорим по-русски... Гаворым па-беларуску... Мн., 1986 (разам з М.​Р.​Яленскім);

Мышление и деятельность — основные факторы развития человека в системе непрерывного образования // Пачатковае навучанне: Сям’я. дзіцячы сад, школа. 1999. № 5. С. 85—93.

т. 14, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ Барыс Абрамавіч (7.5.1919, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 22.2.1986),

рускі паэт Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1941). Друкаваўся з 1941. Першая паэт. кніга — «Памяць» (1957). У зб-ках вершаў «Час» (1959), «Сёння і ўчора» (1961), «Сучасныя гісторыі» (1969), «Дабрыня дня» (1973), «Няскончаныя спрэчкі» (1978), «Тэрміны» (1984), «Пытанні да сябе» (апубл. 1988) і інш. тэмы Вял. Айч. вайны, паўсядзённага жыцця. Вершы С. адметныя грамадзянскасцю, размоўнай інтанацыяй, дэманстратыўнай празаічнасцю мовы, шчырасцю. Аўтар перакладаў з польскай мовы, літ.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій. Асобныя вершы С. на бел. мову пераклаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991;

Избранное, 1944—1977. М., 1980;

Стихи разных лет: Из неизданного. М., 1988;

Я историю излагаю... М., 1990.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Мікалай Уладзіміравіч (9.10.1813, с. Удзярэўка Варонежскай вобл., Расія — 7.7.1840),

расійскі грамадскі дзеяч, філосаф, паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). З 1831 узначальваў у Маскве літ.-філас. Гурток. З 1837 лячыўся за мяжой ад сухотаў, памёр у Італіі. Філас. погляды С. — разнавіднасць аб’ектыўнага ідэалізму. Пытанні этыкі лічыў ключавымі для вырашэння сац. праблем. Гал. прынцыпы этыкі С. — ідэя кахання як гал. пачуцця прыроды і альтруізм. Выступаў супраць прыгонніцтва, заклікаў да маральнага ўдасканалення і асв. дзейнасці, у чым бачыў гал. сілу гіст. прагрэсу. У вершах выказваў свае грамадска-паліт. і этычныя погляды. Спрыяў адкрыццю таленту паэта А.​В.​Кальцова, паўплываў на В.​Р.​Бялінскага, Ц.​М.​Граноўскага, І.​С.​Тургенева і інш.

Літ.:

Манн Ю. В кружке Станкевича. М., 1983.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАМІ́РАЎ Міхаіл Мікалаевіч (1.6.1893, Масква — 2.9.1965),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946) і Польскай АН (1959). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917), з 1934 выкладаў у ім. З 1936 у Ін-це гісторыі АН СССР. У 1953—56 акадэмік-сакратар Аддз. гіст. навук АН СССР; першы старшыня Археагр. камісіі (з 1956), рэд. «Археографического ежегодника». Вывучаў пытанні класавай барацьбы ў Расіі ў эпоху феадалізму, гісторыю стараж.-рус. гарадоў і рус. культуры. У кн. «Старажытнарускія гарады» (2-е выд. 1956) удакладніў межы Полацкай зямлі, даследаваў гісторыю яе гарадоў — Полацка, Віцебска, Усвята, Мінска, Друцка, Заслаўя, Лагойска, Барысава. Апублікаваў шмат гіст. крыніц. Даследчык Друцкага Евангелля.

Тв.:

Древняя Русь. М., 1975;

Российское государство XV—XVII вв. М., 1973;

Средневековая Москва. М., 1997.

т. 17, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛЯДЗІ́НСКІ Аляксандр Аляксандравіч (н. 15.7.1944, в. Ашмянцы Мінскага р-на),

бел. гісторык, палітолаг. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1968). З 1968 на пед., потым на парт. рабоце. З 1984 заг. кафедры міжнар. адносін Мінскай вышэйшай парт. школы. З 1991 заг. кафедры гісторыі Ін-та павышэння кваліфікацыі пры БДУ, з 1992 праф. кафедры міжнар. адносін БДУ. Даследуе пытанні гісторыі і тэорыі міжнар. адносін, знешняй палітыкі краін Лацінскай Амерыкі. Адзін з аўтараў кн. «Сусветны камуністычны рух на сучасным этапе» (1988).

Тв.:

Латиноамериканский фашизм сегодня. Мн., 1984;

Демократическая альтернатива фашизму. Мн., 1991;

Мировая политика и международные отношения. Мн., 1997 (разам з В.​В.​Ткачуком);

Теория международных отношений. Ч. 1—2. Мн., 1998—2001;

Основы дипломатии. Мн., 2002.

т. 17, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБЛО́ЎСКАЯ Ірына Вікенцьеўна (н. 12.12.1939, Мінск),

бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1988), праф. (1988). Скончыла БДУ (1962), з 1969 працуе ў ім (у 1979—2001 заг. кафедры). Даследуе чэш. і славянскія л-ры 20 ст., пытанні іх параўнальнага аналізу з бел. л-рай у кантэксце сусветнай. Аўтар манаграфіі «Самай высокай мерай: Сучасная проза еўрапейскіх сацыялістычных краін пра вайну» (1984), вучэбных дапаможнікаў «Паэтыка чэшскага рамана XX ст.» (1995), «Гісторыя замежнай літаратуры: (XX ст., першая палова)» (1998), а таксама праграмы курса гісторыі чэш. л-ры для студэнтаў на бел. мове (1998) і інш. На бел. і рус. мовы пераклала кн. «Дужасць нядужых» В.​Гавела (1991), аповесць «Маё дзіўнае вужаня» С.​Рудольфа (1998), творы Б.​Грабала, М.​Мацсурка.

т. 17, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ВІЧ Анатоль Майсеевіч (н. 3.1.1928, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Канд. філал. н. (1958), праф. (1992). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951), з 1953 выкладае ў ім (з 1965 заг. кафедры, з 1974 нам. дэкана, у 1978—2001 дэкан). Даследуе пытанні марфемікі і словаўтварэння. Адзін з аўтараў навук. і навуч.-метадычных комплексаў для студэнтаў і навучэнцаў: «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (1989, з Л.​М.​Шакуном), «Сучасная руская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1993), «Супастаўляльны курс рускай і беларускай моў» (1999, з А.​А.​Гіруцкім і Л.​В.​Чарнышовай), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2003, з М.​М.​Круталевічам і А.​А.​Лукашанцам) і інш.

Г.​А.​Гваздовіч.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦАРУ́К Іраіда Восіпаўна (н. 29.1.1928, в. Гаркавічы Падляскага ваяв., Польшча),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы БССР (1982). Сястра С.В.Прытыцкага. Скончыла БДУ (1953). З 1957 працавала ў Мінскіх гаркоме і абкоме КПБ. З 1962 у БДУ (з 1972 дэкан гіст. ф-та, у 1980—85 заг. кафедры гісторыі Беларусі). Даследуе пытанні эканомікі і культуры Зах. Беларусі. Адзін з аўтараў кн. «У адзінай сям’і савецкіх народаў» (1970), «Курс лекцый па гісторыі КПСС» (ч. 1—2, 2-е выд., 1974—75), «Гісторыя Беларускай ССР» у 5 т. (т. 5, 1975).

Тв.:

КПБ — организатор культурного строительства в западных областях Белоруссии (1939—1955 гг.). Мн., 1969;

В братском союзе. Мн., 1976.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 18, кн. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.—снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;

Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)