сукупнасць працэсаў паступлення, ператраўлівання, усмоктвання і засваення арганізмам харч. рэчываў; састаўная ч.абмену рэчываў. Атрыманыя хім. злучэнні ўжываюцца арганізмам для росту, жыццядзейнасці і ўзнаўлення.
Х. жывёл. Усе жывёлы (а таксама грыбы і большасць бактэрый) гетэратрофы і ў сваім Х. прама або ўскосна залежаць ад арган. рэчыва, што ўтвараецца аўтатрофамі. Патрэбнасць у ежы вызначаецца энергет. затратамі арганізма, якія залежаць ад розных фактараў навакольнага асяроддзя (напр., т-ра, біял. рытмы), памераў цела, стадыі развіцця ці ўзросту, наяўнасці харч. канкурэнтаў і інш. Павелічэнне памераў арганізма вядзе да адноснага паніжэння агульнага абмену рэчываў і колькасці корму, што ўжываецца, на адзінку масы арганізма. Напр., сутачная патрэбнасць у ежы, выражаная ў працэнтах ад масы цела спажыўца, складае 20% для мышы-палёўкі і 1% для слана. У прыродных умовах адбываецца частае чаргаванне залішняга Х. (гіперфагія) і галадання. Многія жывёлы здольны ўжываць значна большую колькасць ежы, чым неабходна для папаўнення энергазатрат. Лішкі назапашваюцца ў выглядзе тлушчу, які траціцца ў неспрыяльныя перыяды ці для выкормлівання дзіцянят. У залежнасці ад віду ежы, што ўжываецца. адрозніваюць фітафагаў (расліннаедныя), заафагаў (драпежныя) і сапрафагаў (дэтрытафагі, капрафагі, некрафагі). Мноства кармоў спрыяе вузкай спецыялізацыі Х. — стэнафагія (алігафагі і манафагі). У зонах з няўстойлівай кармавой базай пераважаюць віды, што харчуюцца разнастайнай ежай, — паліфагі або эўрыфагі (крайняя ступень усёеднасці). Будова органаў захопу і здрабнення ежы, асаблівасці функцыянавання стрававальнага апарату ў большасці выпадкаў строга прыстасаваны да спосабу Х. і характару даступнай ежы. З характарам Х. звязана таксама спецыфічная рэфлекторная дзейнасць (напр., назапашванне корму некат. грызунамі, ссальны рэфлекс у млекакормячых). У працэсе індывід. развіцця на аснове безумоўных рэфлексаў фарміруюцца шматлікія харч. ўмоўныя рэфлексы. Харч. адносіны, што складваюцца паміж відамі з розным тыпам Х. (фітафагія, драпежніцтва, сапрафагія), утвараюць трафічныя ланцугі, якія вызначаюць структуру згуртаванняў, рэгулююць колькасць арганізмаў, уплываюць на асаблівасці іх размнажэння, рассялення і інш.
Х. чалавека ў значнай меры вызначае яго здароўе, працаздольнасць і працягласць жыцця. Сутачная патрэбнасць у калорыях і асн.харч. рэчывах залежыць ад узросту, полу, фіз. нагрузкі і ў сярэднім складае 2500—3000 ккал. Рацыянальнае Х. вызначаецца правільнымі суадносінамі кампанентаў ежы, што аптымальна забяспечваюць патрэбнасць арганізма ў пластычных і энергет. рэчывах: суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў павінны быць 1:1:4. Рацыён Х. ўключае бялкі, што забяспечваюць 15% сутачнай каларыйнасці (з іх палавіна жывёльнага паходжання), тлушчы — 30% (да 80% жывёльнага паходжання), вугляводы — 55%. У норме рацыён Х. ўключае мяса, рыбу, малочныя прадукты (асн. крыніцы бялкоў і тлушчаў), агародніну і фрукты (асн. крыніцы вугляводаў, мінер. рэчываў і вітамінаў). Непаўнацэннае, неадэкватнае Х. прыводзіцьда парушэння функцый асобных органаў і сістэм, знясільвання арганізма, паніжэння супраціўляльнасці да хвароб. Недастатковасць Х. ў дзіцячым узросце суправаджаецца затрымкай росту, фіз. і псіхічнага развіцця. Залішняе Х. — прычына парушэння абмену рэчываў, развіцця атлусцення і інш.паталаг. станаў. Гл. таксама Лячэбнае харчаванне, Страваванне.
Х. раслін. Зялёныя расліны — аўтатрофы. Пажыўныя рэчывы, неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў, расліны звычайна паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл.Фотасінтэз), вады (гл.Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей (гл.Мінеральнае жыўленне раслін). Прасторавае раздзяленне 2 пажыўных асяроддзяў, у якіх знаходзяцца расліны (паветра — глеба), прывяло да развіцця 2 органаў жыўлення: кораня, прыстасаванага да паглынання солей і вады з глебы, і ліста, прыстасаванага да паглынання вуглякіслага газу з паветра. Сцябло механічна і функцыянальна звязвае іх. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводных пучкоў, што складаюцца з сітападобных трубак лубу (флаэмы), па якіх ідзе зыходны транспарт прадуктаў фотасінтэзу (пераважна цукрозы) з ліста ў корань, і сасудаў ксілемы, па якіх вада і іоны пажыўных солей падымаюцца з кораня ў ліст. Першаснае ўключэнне вуглякіслага газу ў арган. злучэнні адбываецца пераважна ў лісці, вады і солей — ва ўсіх органах раслін. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатковыя арган. рэчывы (пераважна азоцістыя) шляхам лоўлі і ператраўлівання насякомых.
Літ.:
Бузник И.М. Энергетический обмен и питание. М., 1978;
Культура питания: Энцикл. справ. 3 изд. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),
геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; дазаснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.
Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.
Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд.т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).
Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл.Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіцьда гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г.н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г.дан.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.
На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).
Літ.:
Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.
Г.У.Зінавенка.
Даарт.Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.Даарт.Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 дан.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 дан.э.; 3 — 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,
змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.
Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл.Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл.Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіцьда ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, БПА.
Літ.:
Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ.М., 1961;
Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;
Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛЬЕ́Ф (франц. relief ад лац. relevo узнімаю),
сукупнасць форм зямной паверхні, разнастайных паводле абрысаў, памераў, паходжання, узросту і гісторыі развіцця. Формы Р. могуць быць дадатныя, або выпуклыя (горы, узвышшы, узгоркі), і адмоўныя, або ўвагнутыя (катлавіны, яры, рачныя даліны). Паводле маштабаў развіцця вылучаюць планетарныя формы Р. (мацерыкі, ложа акіянаў), мегарэльеф (горныя сістэмы, раўніны, упадзіны акіянаў), макрарэльеф (горныя хрыбты, міжгорныя ўпадзіны), мезарэльеф (узгоркі, яры), мікрарэльеф (стэпавыя сподкі, карставыя варонкі), нанарэльеф (тэрмітнікі, купіны, кратавіны).
Р. увесь час эвалюцыяніруе, формы ўтвараюцца, відазмяняюцца, разбураюцца, пахаваны або часткова захоўваюцца ў выглядзе рэліктаў былых геал. эпох. Залежыць ад характару, тыпу і ўзросту горных парод і асн.геал. структур, тэктанічнага развіцця, клімату, гідралаг. і гідрагеал. умоў, хуткасці і асаблівасцей разбурэння ці растварэння парод, пераносу і назапашвання адкладаў. Утвараецца і зменьваецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных працэсаў і экзагенных працэсаў. Эндагенныя рухі літасферных пліт і мацерыкоў, землетрасенні, векавыя падняцці і апусканні зямной кары, вулканічныя працэсы ў спалучэнні з уздзеяннем сіл сонечнага і месячнага прыцягнення і ’вярчэння Зямлі ўтвараюць буйныя структурныя (морфаструктура) няроўнасці Р. сушы і дна Сусв.ак. Узвышаныя тэр. характарызуюцца значнымі абс. і адноснымі вышынямі, стромкасцю схілаў і глыбінямі расчлянення, узрастаннем гравітацыйных працэсаў, дэнудацыі, эрозіі. Экзагенныя працэсы, абумоўленыя прамяністай энергіяй Сонца, утвараюць больш дробныя формы Р. (морфаскульптура), якія прыводзяць да згладжвання, выраўноўвання Р. Горы разбураюцца, расчляняюцца, набываюць рысы выпрацаванага, дэнудацыйнага і структурна-дэнудацыйнага Р. На фарміраванне Р. (асабліва ў гарах) уплываюць таксама гравітацыйныя працэсы, якія адбываюцца пад уздзеяннем сілы цяжару (лавіны, абвалы, асыпкі, апоўзні). Перавага экзагенных разбуральных працэсаў прыводзіцьда пераўтварэння горных краін у хвалістыя дэнудацыйныя раўніны (пенеплены). Тэрыторыі, якія паніжаюцца, паступова нівеліруюцца, укрываюцца адкладамі, што зносяцца з больш узвышаных мясцін. На нізінных тэр. утвараецца акумулятыўны Р. са згладжанымі рысамі, увагнутымі схіламі, нязначнымі вышынямі (раўніны, нізіны). Р. садзейнічае дыферэнцыяцыі ландшафтаў і сам зазнае ўплыў занальнасці геаграфічнай і вышыннай пояснасці. Важныя асаблівасці Р. наяўнасць мацерыкоў, дзе абсалютныя вышыні да 1000 м складаюць 21,3%, раўніннага мацерыковага шэльфа, апушчанага пад узровень воднай паверхні акіяна да 100—200 м (зрэдку да 350—400 м); мацерыковага схілу з нахіламі ад 2—5 да 25° і глыб.да 1500—2000 м, ложа акіяна, дзе на глыбіні 4000—5000 м прыпадае 23,3%, 3000—6000 м — 53%. Агульная амплітуда верт. расчлянення Р. Зямлі амаль 20 тыс.м (г.Джамалунгма — 8848 м, глыбакаводны Марыянскі жолаб — 11022 м). У выніку актыўнага дзеяння экзагенных працэсаў паверхня сушы больш складаная і разнастайная, чым дно акіянаў і мораў. Самымі буйнымі марфалагічнымі тыпамі паверхні сушы з’яўляюцца: раўнінныя краіны (больш за 1/3 плошчы), буйныя ўзвышшы і плато з вял. ўпадзінамі, горныя сістэмы, хрыбты і інш. горныя пабудовы. Паводле марфалагічнай выяўленасці, вышыні над узр. ак. вылучаюцца: высакагор’і, якія ўздымаюцца вышэй снегавой лініі, маюць ледавікі, вострыя вяршыні, трогі, ледавіковыя цыркі (Гімалаі, Кардыльеры, Альпы, Каўказ); сярэднягор’і з акруглымі вяршынямі, вышыннай пояснасцю, без слядоў абледзяненняў (Карпаты, Паўд. Урал); нагор’і з горнымі хрыбтамі і міжгорнымі масівамі, высока размешчанымі над узр. ак. (Армянскае, Іранскае, Усх. Памір); плато і пласкагор’і ў выглядзе прыўзнятых эразійных раўнін, абмежаваных уступам; нізкагор’і з градамі, гарамі і ўзгоркамі выш.да некалькіх соцень метраў, якія маюць мяккія абрысы і пакатыя схілы (Казахскі драбнасопачнік, Бадхыз, Карабіль); раўніны з плоскімі хвалістым і перасечаным Р., невял. амплітудамі вышынь, часта ўскладненымі градавымі, увалістымі, узгоркавымі і інш. дробнымі формамі (Прыкаспійская, Зах.-Сібірская раўніны). У пераўтварэнні Р. вял. роля належыць чалавеку (гл.Антрапагенны рэльеф) які свядома (тэрыконы, дамбы, адвалы, кар’еры) або ўскосна, пры няправільнай гасп. дзейнасці (яры, прасяданне паверхні, разбурэнне і размыванне схілаў і берагоў) зменьвае яго. Р. мае важнае гасп. значэнне. Ён уплывае на кліматычныя ўмовы, расліннасць, глебаўтваральныя працэсы, на спецыялізацыю земляробства і жывёлагадоўлі; яго асаблівасці ўлічваюцца пры праектаванні і буд-ве дарог, трубаправодаў, каналаў, вадасховішчаў, на спосабы здабычы карысных выкапняў і інш. Р. і гісторыю яго фарміравання вывучае геамарфалогія.
На Беларусі асн. формамі Р. з’яўляюцца ўзвышшы, раўніны і нізіны, характэрныя рысы якіх вызначаны дзейнасцю ледавікоў. Найб. пашыраныя формы ўласналедавіковыя (марэнныя грады, раўніны і ўзгоркі), флювіягляцыяльныя (зандравыя раўніны, камавыя ўзгоркі, озавыя грады, тэрасы), алювіяльныя (даліны рэк, тэрасы, поймы, старыцы), азёрныя і азёрна-ледавіковыя (нізіны, катлавіны, тэрасападобныя пляцоўкі), эолавыя (дзюны, пясчаныя грады і ўзгоркі), крыягенныя (бугры пучэння).
Літ.:
Махачек Ф. Рельеф Земли: Опыт регионального морфол. описания поверхности Земли. Т. 1—2. М., 1959—61;
Райс Р.Дж. Основы геоморфологии: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка да спектакляў драм т-раў; абавязковы кампанент сцэнічнага мастацтва. Істотна ўплывае на форму і змест спектакля, ідэйны сэнс драм. твора, на яго рытм і тэмп, надае дзеянню інтанац. адзінства, падкрэслівае кульмінацыі, характарызуе дзейных асоб, стварае пэўную эмац. атмасферу, канкрэтызуе час і месца дзеяння. Т.м. падзяляюць на ўнутрысцэн., прадугледжаную драматургам і абумоўленую сітуацыяй (песні, танцы, сігналы, фанфары), а таксама музыку, вынесеную за рамкі сцэн. дзеяння («па-за сцэнай»), якая вылучаецца абагульненым сэнсам і канцэнтруе ідэю пастаноўкі ў цэлым (уступы, антракты, застаўкі, фіналы). Для сучаснага т-ра характэрна музыка, што выконвае функцыі каментарыя і падтэксту, сэнсавай і эмац нюансіроўкі, «мікраструктурнасць» муз. пабудоў, разамкнутасць фрагментаў цытаванай музыкі, выкарыстанне магнітафонных запісаў, увядзенне сінтэзатара. Магчымасць выкарыстання музыкі ўсіх часоў і народаў і стварэнне ўласнай гукавой сферы спектакля можа прыводзіцьда падбору музыкі, т.зв. абсалютызаванага муз. афармлення, ці абмежавання толькі шума-муз. эфектамі і гукапісам. Важную ролю адыгрываюць суадносіны запісанай і «жывой» музыкі, а таксама сучаснай быт. і эстр. (масавай) музыкі.
Гісторыя Т.м. ўзыходзіць ад сінкрэтызму нар. абрадаў і відовішчаў да сінтэтычнасці ант. і стараж.-ўсх. драмы, ад літургіі і містэрыі сярэдневякоўя данар. драмы. У прафес.еўрап. т-ры да сярэдзіны 18 ст. музыка свабодна пераносілася з аднаго спектакля ў другі. Пытанне пра непасрэдную сувязь музыкі са зместам п’есы ўзняў Г.Лесінг («Гамбургская драматургія», 1769). У 19 ст. Т.м. ўяўляла сабой пераважна закончаныя муз. нумары для сімф. аркестра ці вак.-інструментальныя. Сярод найб. значных музыка Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Р.Шумана, Э.Грыга, Ж.Бізэ, М.Глінкі, П.Чайкоўскага. На мяжы 19—20 ст. у Т.м. ўзнік новы кірунак, прадстаўнікі якога (рэжысёры К.Станіслаўскі, У.Меерхольд, Э.Крэг) выступілі за стварэнне музыкі не да п’есы, а да канкрэтнай пастаноўкі, з улікам яе спецыфікі і асаблівасцей, што прывяло да пошукаў новых гукавых фарбаў, выкарыстання арыгінальнай інструментоўкі, арганічнасці ўвядзення муз. эпізоду ў драму. Сярод дасягненняў Т.м. 20 ст. — калектыўныя творы членаў франц.«Шасцёркі», ням. аўтараў К.Орфа, К.Вейля, Г.Эйслера, П.Дэсаў да твораў Б.Брэхта. Сярод буйных партытур сав. Т.м. — музыка С.Пракоф’ева, Ю.Шапорына, Ц.Хрэннікава. А.Хачатурана, Г.Свірыдава і інш.
На Беларусі вядома пра выкарыстанне музыкі ў паказах школьных і спектаклях прыватнаўласніцкіх т-раў, указанні на муз. эпізоды сустракаюцца ў творах Сімяона Полацкага (17 ст.) і Ф.У.Радзівіл (18 ст.). Развіццё бел.нац.т-ра звязана з нар. музыкай (пастаноўкі І.Буйніцкага, п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча). У 1920—30-я г. на далейшае развіццё Т.м. паўплывала дзейнасць БДТ-1 (меў хор і балетную трупу), БДТ-3, БДТ-2, з якімі звязана дзейнасць кампазітараў А.Аленіна, А.Грачанінава, А.Красева, У.Крукава, Л.Маркевіча, Р.Пукста, Н.Сакалоўскага, У.Тэраўскага. 1930—40-я г. адметныя паяўленнем у т-рах значных буйнамаштабных партытур да спектакляў; музыка Я.Цікоцкага («Бацькаўшчына» К.Чорнага, 1932, «Паўлінка» Я.Купалы, 1944), В.Залатарова («Канец дружбы» К.Крапівы, 1934), Цікоцкага і І.Любана («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча, 1938; усе ў БДТ-1), Любана («Несцерка» В.Вольскага ў БДТ-2, 1941). У 1950—70-я г. з драм.тэатр. калектывамі супрацоўнічалі У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Ю.Бяльзацкі, Г.Вагнер, Я.Глебаў, С.Картэс, Пукст, М.Русін, Ю.Семяняка, Цікоцкі, А.Туранкоў і інш. З 1970-х г. пашырыўся падбор фрагментаў з розных муз. твораў павялічылася выкарыстанне запісанай музыкі. Праца бел. кампазітараў у галіне Т.м. з яе спецыфічнымі патрабаваннямі, выразнай, бачнай вобразнасці абумовіла асаблівую відовішчнасць, яркасць, тэатральнасць іх твораў буйной формы — опер, балетаў, сімфоній, сюіт і інш. Музыку да спектакляў розных бел. т-раў стварылі таксама С.Бельцюкоў, У.Браілоўскі, В.Войцік, А.Залётнеў, В.Іваноў, В.Кандрасюк, У.Кандрусевіч, Б.Насоўскі, А.Рананскі, Дз.Смольскі, Р.Уласюк і інш. У 1980-х г. вылучылася Т.м. А.Янчанкі, І.Лучанка, якая з’яўляецца выразным сродкам характарыстыкі дзейных асоб, робіць вял. эмац. ўздзеянне. У 1990—2000-я г. пастаўлены шэраг драм. спектакляў з адметнай Т.м.: музыка У.Кур’яна да спектакля «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990), створаная з яго ўдзелам музыка да спектакля «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993), дзе ў якасці цытат-украпін выкарыстаны фрагменты музыкі М.К.Агінскага, Ф.Шапэна, С.Манюшкі, таксама ўдзельнічае «жывы» камерна-інстр. ансамбль, музыка В.Капыцько да спектакляў «Князь Вітаўт» (1997) і «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.Дударава (усе ў Нац.акад. т-ры імя Я Купалы). Традыц.муз. спектаклі для дзяцей і юнацтва (Бел.рэсп.т-р юнага гледача, лялечныя т-ры). Плённа ў гэтай сферы працуе Кандрусевіч. Многія творы Т.м. набылі самастойнае жыццё на канцэртнай эстрадзе, тэлебачанні і радыё (вальс і мазурка Багатырова з музыкі да драмы «Маскарад» М.Лермантава, песні Семянякі з музыкі да спектакля «Узнятая цаліна», арк. сюіта Э.Зарыцкага з музыкі да камедыі «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, вальс Картэса з музыкі да спектакля «Мой бедны Марат» А.Арбузава і інш.).
Літ.:
Глумов А. Музыка в русском драматическом театре. М., 1955;
Музыка в драматическом театре. Л., 1976;
Таршис Н. Музыка спектакля. Л., 1978;
Ювченко Н. «Монтаж» — или партитура? // Сов. музыка. 1978. № 11;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках першых беларускіх савецкіх драматычных тэатраў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук 1980. № 2;
Яе ж. Музыка ў сучасным драматычным спектаклі: (на прыкладзе пастановак тэатра імя Я.Коласа) // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;
Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. informatio тлумачэнне, выкладанне),
звесткі, якія перадаюцца людзьмі вусна, пісьмова або інш. спосабам, а таксама сам працэс перадачы ці атрымання такіх звестак; агульнанавук. паняцце, якое ўключае абмен звесткамі паміж людзьмі, чалавекам і аўтаматам, аўтаматам і аўтаматам, абмен сігналамі ў жывёльным і раслінным свеце, перадачу адзнак ад клеткі да клеткі, ад арганізма да арганізма (гл.Генетычная інфармацыя); адно з асн. паняццяў кібернетыкі. Навук. аналіз І., спосабаў і прыёмаў яе перадачы, пераўтварэння і захавання звязаны з узнікненнем інфармацыі тэорыі. Паводле гэтай тэорыі, І. — колькасная мера зняцця неакрэсленасці паведамленняў, якая вызначае магчымасць іх захавання, кадзіравання і перадачы. Прыхільнікі адлюстравання тэорыі лічаць, што І. мае ў сабе адлюстраваную разнастайнасць прадметаў і характэрна для ўсіх форм і відаў руху (арганізацыі) матэрыі, у т. л. нежывой прыроды. Прадстаўнікі кібернетычнай тэорыі І. (Н.Вінер, Б.М.Пятроў, А.М.Калмагораў) зыходзяць з таго, што І. — гэта тая частка адлюстравання і ведаў, якая захоўваецца ў «памяці» машын і жывых арганізмаў, перадаецца па «каналах сувязі» і перапрацоўваецца ў «сігналы» з мэтай арыентацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў. Англ. нейрафізіёлаг У.Р.Эшбі і франц. фізік Л.Брыльюэн надалі паняццю І. агульнанавук. значэнне і разглядаюць яго як адмоўную энтрапію і сродак захавання якаснай спецыфікі, удасканалення і развіцця сістэмы. Інфарм. метады даследавання выкарыстоўваюцца ў лінгвістыцы, семантыцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі, псіхалогіі, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і інш.
Класіфікацыю І. ажыццяўляюць у залежнасці ад спосабаў і прыёмаў яе атрымання, пастаўленых мэт і задач. Адрозніваюць І. першасную (зыходную), вытворную (прамежкавую) і выніковую, а таксама статычную (пастаянную) і дынамічную (пераменную). Яна можа быць поўнай і выбарачнай, залішняй і недастатковай, карыснай і памылковай, паінфармавальнай і прызначанай для кіравання якімі-н. працэсамі. І., якую выкарыстоўваюць для вырашэння сацыяльна значных праблем і якая з’яўляецца прадметам абмену паміж членамі грамадства, іх групамі, паліт. і грамадскімі арг-цыямі і аб’яднаннямі, называюць сацыяльнай. Паводле грамадска-прафес. прызначэння яе падзяляюць на масавую (для ўсіх членаў грамадства) і спецыяльную (для спецыялістаў у галінах навукі, тэхнікі, вытв-сці). У масавай І. адрозніваюць: грамадска-палітычную — сукупнасць звестак пра актуальныя праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы, міжнар. жыцця; звычайную, асн. задача якой — арыентаванне і рэгламентацыя паводзін членаў грамадства ў сац. асяроддзі; эстэтычную, што ўздзейнічае на эмацыянальную сферу чалавека з дапамогай маст. вобразаў. У спецыяльнай І. вылучаюць: навукова-тэхнічную (па розных кірунках прыродазнаўчых і грамадскіх навук, галінах нар. гаспадаркі), эканамічную (сукупнасць звестак аб працэсах вытв-сці, абмене і выкарыстанні матэрыяльных даброт) і сацыялагічную (на аснове яе робяць вывады і прапановы для навукі і практыкі). Атрыманая з розных крыніц І. карысная і каштоўная тым, што яна хутка і з найменшымі выдаткамі прыводзіцьда вырашэння канкрэтных сац. -эканам., паліт. і выхаваўчых задач. Асн. яе ўласцівасці: аператыўнасць, дакладнасць, аптымальнасць. пераканаўчасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, навізна. выразнасць і інш.
На аснове інфарм. сістэм ажыццяўляецца працэс інфарматызацыі грамадства, што мае на мэце ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ўсіх сфер яго жыццядзейнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека (гл.Інфармацыйнае грамадства). Інфарм. тэхналагізацыя сац. жыцця парадзіла новую канцэпцыю дэмакратыі — «камп’ютэрнай дэмакратыі», у якой І. ўвасабляе пэўны від улады. У грамадзянскай супольнасці, што найб. адпавядае ідэалу такой дэмакратыі, фарміраванне і выяўленне грамадскай думкі праз сродкі масавай І. з’яўляецца адной з умоў дасягнення і ўтрымання рэальнай улады, рэалізацыі права грамадзян на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай І. аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а таксама на азнаямленне з афіц. матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы; карыстанне І. можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Гл. таксама Інфарматыка, Інфармацыйная тэхналогія, Інфармацыйны пошук.
Літ.:
Глушков В.М. Основы безбумажной информатики. 2 изд. М., 1987;
Ракитов А.И. Информационная революция: наука, экономика, технология М., 1993;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),
1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.
На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ.Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.
2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіцьда аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНКБССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял.Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.
Літ.:
Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;
Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;
Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;
Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІ́ЗМ,
адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіцьда ўзнікнення буйных капіталіст.манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл.Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл.Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыігасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв.інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.
У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Дапач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала 2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.
У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;
Капитализм на исходе столетия. М., 1987;
Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы з раўнінным рэльефам, яе ландшафты належаць да класа раўнінных. Тыпы ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя лясныя) вылучаны па глабальных адрозненнях у суадносінах цяпла і вільгаці, уласцівых гэтаму сектару сушы. У межах тыпу з улікам генетычных асаблівасцей тэрыторыі вылучаны роды, паводле мезарэльефу і структуры глебаварасліннага покрыва — віды ландшафтаў. У залежнасці ад займаемай займанай* плошчы прыродныя тэрытарыяльныя комплексы (ПТК) падзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя і рэдкія. Да дамінантных належаць 2 роды ландшафтаў — водна-ледавіковыя і другаснамарэнныя, якія займаюць 35% плошчы краіны і з’яўляюцца для яе найб. тыповымі. Субдамінантныя ПТК (39,5% плошчы) прадстаўлены групай з 5 родаў ландшафтаў, удзельная вага якіх змяняецца ад 5 да 10%. Астатнія ландшафты (25,5%), кожны з якіх займае менш за 5% плошчы, утвараюць групу рэдкіх.
Ландшафты-дамінанты сустракаюцца паўсюдна, асабліва характэрны для цэнтральнай паласы Беларусі. Яны прымеркаваны да буйных раўнін — Цэнтральнабярэзінскай, Слуцкай, Аршанска-Магілёўскай, Чачорскай, Баранавіцкай, Нарачанскай і Вілейскай. У гэтай групе найб. пашыраныя водна-ледавіковыя ландшафты з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, часткова разараныя. Займаюць 20,75% тэр. Фарміраванне іх літагеннай асновы звязана з дзейнасцю ледавіковых вод у час раставання ледавікоў, у выніку чаго ўтварыліся магутныя пясчаныя адклады рознага ўзросту. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—190 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Характэрныя формы рэльефу — дзюны, катлавіны, лагчыны сцёку. Бедныя пясчаныя, месцамі забалочаныя глебы, садзейнічаюць пашырэнню лясоў (45%), пераважна хваёвых і бярозавых, і балот. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 15 відаў. Другаснамарэнныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, значна разараныя, займаюць 14,6% тэр. Складзены яны з асноўнай марэны сожскага і дняпроўскага ўзросту, перакрыты водна-ледавіковымі, радзей лёсападобнымі супескамі і суглінкамі магутнасцю 0,5—3 м. Абсалютныя адзнакі паверхні 150—180 м, адносныя перавышэнні 3—5 м. Рэльеф хвалісты, радзей узгорыста-хвалісты. Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку з плоскім днішчам, асобныя камавыя і марэнныя ўзгоркі. Пашыраныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы і выраўнаваны рэльеф абумовілі высокую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці пры параўнальна нізкай (каля 23%) лясістасці. Сярод лясных фармацый пераважаюць шыракаліста-яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. У межах гэтага роду ландшафту вылучана 13 відаў.
Субдамінантныя ландшафты пашыраны паўсюдна, але асабліва тыповыя для цэнтр. і паўд. частак краіны. Найб. складанай будовай адрозніваюцца ўзгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракалістымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей дзярнова-палева-падзолістых глебах, значна разараныя. Яны займаюць 7,9% плошчы краіны і прымеркаваны да ўзвышшаў Беларускай грады ў зоне сожскага зледзянення. Тэрыторыя складзена з валунных марэн. Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200—250 м, радзей да 320 м, а на Мінскім узвышшы — да 345 м. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, радзей буйнаўзгорысты і платопадобны, значна перапрацаваны эразійнымі працэсамі. Урадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы паспрыялі высокай ступені сельскагаспадарчай асвоенасці і параўнальна нізкай (каля 25%) лясістасці. Сярод лясоў пераважаюць шыракаліста-яловыя і яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. Структура ландшафтаў складаная — у іх межах вылучана 13 відаў.
Марэнна-зандравыя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракаліста-хваёвымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глебах, абмежавана разараныя, займаюць 8,4% тэр. краіны і прымеркаваны да яе паўд. часткі. Фарміраванне літагеннай асновы ландшафтаў звязана з акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага і дняпроўскага ледавікоў і іх вод, якія перакрывалі найб. паніжаныя ўчасткі асноўнай марэны пясчанымі адкладамі. У выніку ландшафты маюць неаднародную геалагічную будову і складзены з розназярністых водна-ледавіковых пяскоў, радзей — з марэнных суглінкаў. Абсалютныя вышыні 150—170 м, месцамі 170—210 м, адносныя перавышэнні 5—7 м, рэльеф хвалісты. Геолага-геамарфалагічная неаднароднасць абумовіла стракатасць глебава-расліннага покрыва. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў пашыраны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Невялікімі ўчасткамі тут сустракаюцца шыракаліста-яловыя, шыракаліста-хваёвыя і дубовыя лясы. Водна-ледавіковыя і зандравыя раўніны з пясчана-супясчанымі, часта забалочанымі глебамі, заняты хваёвымі лясамі. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў — 30%. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 9 відаў.
Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты з хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, часткова разараныя, займаюць 6,3% плошчы Беларусі. Прымеркаваны яны да далін буйных рэк (Дняпро, Прыпяць, Сож) на поўдні краіны. Складзены з алювіяльных пяскоў. На асобных участках па правабярэжжы Прыпяці пяскі перакрыты мергелістымі лёсападобнымі суглінкамі. на ПдЗ — водна-ледавіковымі супескамі і суглінкамі. Абсалютныя іх вышыні 115—140 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Паверхня пласкахвалістая, месцамі хвалістая ці плоская, слаба расчлянёная лагчынамі сцёку, забалочаная. Сустракаюцца эолавыя формы ў выглядзе ўзгоркаў, град і адзінкавых дзюн. Эолавыя формы складзены з адсартаваных пяскоў, іх адносныя вышыні дасягаюць 3—7 м. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-супясчаныя глебы, ёсць і тарфяна-балотныя. Лясістасць дасягае 50%. Сярод лясоў пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя. Часта сустракаюцца лясныя і травяныя балоты нізіннага, радзей вярховага тыпаў. Сельскагаспадарчая асвоенасць нізкая, каля 20%, прымеркавана пераважна да асушаных балот.
Азёрна-алювіяльныя ландшафты з шыракаліста-хваёвымі, хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, драбналістымі лясамі і балотамі на тарфяна-балотных глебах, часткова разараныя, займаюць 8,1% тэр. Беларусі. Пашыраны пераважна на Палессі і прымеркаваны да ўчасткаў, складзеных з азёрных і алювіяльных пяскоў, часта перакрытых торфам магутнасцю 0,5—0,7 м. Рэльеф плоскі, ускладнены дзюнамі, месцамі слабаўвагнуты, з абсалютнымі вышынямі 137—145 м і адноснымі перавышэннямі 1,5—2 м. Бедныя дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя пясчаныя глебы абумовілі нізкую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці (30%) і значную (да 50%) лясістасць. У складзе лясоў — хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, бярозавыя, зрэдку дубровы. Чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы прымеркаваны да тарфяна-балотных глеб. Значная колькасць адкрытых балот асушана і занята сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.
Азёрна-балотныя ландшафты з балотамі і карэннымі драбналістымі лясамі на тарфяна-балотных глебах, хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах, значна разараныя, пашыраны на 8,8% тэр. Сустракаюцца паўсюдна з пераважаннем у паўн. і паўд. раёнах. Складзены з азёрных, алювіяльных або азёрна-алювіяльных утварэнняў, перакрытых тарфамі магутнасцю 0,5—8 м. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—160 м, адносныя перавышэнні — 1,5—2,5 м. Рэльеф плоскі, зрэдку слабавыпуклы або слабаўвагнуты. Часта сустракаюцца шматлікія астанцы рачных ці азёрных тэрас з дзюнамі, водна-ледавіковых раўнін, азёрна-ледавіковых нізін. На такіх участках рэльеф набывае бугрысты характар з перападамі вышынь 5—6 м. Зрэдку сярод балот захаваліся рэшткавыя азёры, найчасцей невялікія, іншы раз буйныя (Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае). У глебавым покрыве пашыраны маламагутныя, радзей сярэднемагутныя і магутныя тарфяна-балотныя глебы, на астанцах — забалочаныя дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя, пясчана-супясчаныя глебы. Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трыснояговымі, сфагнавымі (20%) і ляснымі (чорнаальховымі, пушыстабярозавымі) балотамі; ёсць участкі бярозавых, шыракаліста-хваёвых і хваёвых лясоў (40%). На асушаных тэр. пераважаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Структура ландшафтаў параўнальна простая — у іх межах вылучана 5 відаў. Балотныя ландшафты ў сваім натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць важныя экалагічныя функцыі, у сістэме ахоўных прыродных аб’ектаў Беларусі на іх долю прыпадае 25% ахоўнай тэрыторыі.
У групе рэдкіх ландшафтаў пераважаюць маладыя комплексы, сфарміраваныя ў паазерскі, ці галацэнавы, час. Таму большая іх частка знаходзіцца ў межах Паазерскай правінцыі і адрозніваецца ад інш. ландшафтаў вялікай колькасцю азёр. Гэта ўзгорыста-марэнна-азёрныя, марэнна-азёрныя, азёрна-ледавіковыя ландшафты. Да групы рэдкіх належаць таксама нетыповыя для Беларусі лёсавыя ландшафты.
Лёсавыя ландшафты з шыракаліста-яловымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-палева-падзолістых глебах, пераважна разараныя, пашыраны ва ўсх. частцы Беларусі і займаюць 2,3% яе плошчы. Яны складзены з лёсаў і лёсападобных парод магутнасцю 4—17 м, якія залягаюць на марэнных і водна-ледавіковых адкладах. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 190—230 м, адносныя перавышэнні 1—2, радзей да 5 м. Рэльеф хваліста-ўвалісты, месцамі дробнаўзгорысты і платопадобны са шматлікімі суфазійнымі западзінамі і эразійнымі формамі — ярамі, лагчынамі, далінамі дробных рэк. Пераважаюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, вельмі ўрадлівыя. Таму лёсавыя ландшафты характарызуюцца найб. сельскагаспадарчай асвоенасцю — каля 84%. У натуральнай расліннасці пераважаюць яловыя, шыракаліста-яловыя і асінавыя лясы (10%). ёсць і сухадольныя лугі. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 5 відаў.
Поймавыя ландшафты з лугамі, балотамі, дубровамі на дзярновых забалочаных глебах пашыраны ў поймах буйных рэк. Яны займаюць 4,2% тэр. Беларусі і часцей трапляюцца ў паўд. яе частцы. Складзены з маладых алювіяльных адкладаў (пяскі, супескі, зрэдку перакрытыя торфам). Рэльеф звычайна плоскі, пласкахвалісты з абсалютнымі адзнакамі 100—150 м і нязначнымі (0,1—0,3 м) адноснымі перавышэннямі, радзей драбнагрывісты (1—1,5 м) і буйнагрывісты (1,5—3 м). Сустракаюцца астанцы надпоймавых тэрас, часта з дзюнамі; ёсць старычныя азёры. Глебы пераважна дзярновыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя з драбназлакавымі, радзей буйназлакавымі лугамі (каля 45%) і поймавымі дубровамі. На тарфяна-балотных глебах сустракаюцца чорнаальховыя лясы, але лясістасць не перавышае 14%. На поймах Прыпяці, Дняпра і некаторых іх прытокаў тарфяна-балотныя глебы асушаны і выкарыстоўваюцца пад ворыва, пашы і культурныя сенажаці (каля 20%). Поймавыя ландшафты ў натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць экалагічныя і рэкрэацыйныя функцыі.
Прыродныя ландшафты знаходзяцца пад значным уплывам гаспадарчай дзейнасці, якая спрыяе трансфармацыі прыродных комплексаў у антрапагенныя. У залежнасці ад ступені гаспадарчага ўздзеяння антрапагенныя ландшафты падзяляюць на прыродна-антрапагенныя і тэхнагенныя (створаныя рукамі чалавека, патрабуюць з яго боку пастаяннага догляду і не маюць аналагаў у прыродзе; напр., гарадскія, горнапрамысловыя, дарожныя ландшафты). Прыродна-антрапагенныя ландшафты фарміруюцца ў працэсе выкарыстання рэсурсаў прыроднага комплексу, што прыводзіцьда трансфармацыі ў першую чаргу кампанентаў біёты. На тэр. Беларусі сярод прыродна-антрапагенных ландшафтаў пераважаюць сельскагаспадарчыя і сельскагаспадарча-лясныя (60% плошчы). Пашыраны таксама лясныя, рэкрэацыйныя, ахоўныя прыродна-антрапагенныя комплексы.
Г.І.Марцінкевіч.
Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафт Браслаўскай грады.Камава-марэнна-азёрны ландшафт Возера Глубелька (Мядзельскі раён).Марэнна-зандравы ландшафт.Азёрна-алювіяльны ландшафт Выганашчанскага заказніка ў Івацэвіцкім раёне.Ландшафт рачных далін у Расонскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт. Нізіннае хвашчовае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае асакова-сфагнавае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае сфагнава-падвейнае балота ў Шчучынскім раёне.Поймавы ландшафт; веснавая паводка ў сярэднім цячэнні р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш.да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіцьда падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУда 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст.дан.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст.дан.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак. 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш.).
Музыка. Дапач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.