РО́ЗАНАЎ (Леў Паўлавіч) (13.4.1888, Масква — 1.12.1959),

бел. і рас. вучоны ў галіне фізіялогіі, пачынальнік фізіял. даследаванняў на Беларусі. Д-р біял. н. (1935), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). З 1922 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова з 1929 у АН Беларусі. З 1935 у Ленінградзе. Навук. працы па пытаннях стрававання, абмену рэчываў, умоўных рэфлексаў. Аўтар «Дапаможніка па анатоміі і фізіялогіі чалавека» (1923), «Кароткага курса фізіялогіі чалавека» (1932).

Тв.:

Действие крови как пищевого материала на деятельность пепсиновых желез // Працы БДУ. 1923. № 4—5;

Об условных рефлексах // Бел. мед. мысль. 1924. №1.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБА́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (7.10.1914, в. Жабыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 13.1.1987),

бел. вучоны-педагог. Канд. пед. н. (1969). Герой Саи. Працы (1968). Засл. настаўнік Беларусі (1957). Бацька А.​С.​Рубанава, У.​С.​Рубанава. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1948). З 1934 настаўнічаў. У 1948—87 дырэктар сярэдняй школы № 10 г. Слуцк Мінскай вобл. (цяпер імя Р.). Навук. працы па праблемах методыкі выкладання матэматыкі, духоўна-патрыят. выхавання навучэнцаў.

Тв.:

Руководство учебно-воспитательной работой в школе. Мн., 1966;

Школа и жизнь. Мн., 1967.

Літ.:

Пастрон Г. Мужество повседневного труда // Труд, талант, доблесть. Мн., 1981. Ч. 2.

М.​П.​Савік.

С.Ф.Рубанаў.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІН (Анатоль Іванавіч) (н. 6.4.1920, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія),

расійскі вучоны ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання. Акад. Рас. АН (1984, чл.-кар. 1979). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1946). З 1946 на інж.-тэхн., канструктарскіх і кіраўнічых пасадах у спец. КБ і НВА. Навук. працы па касм. радыётэхніцы, радыёфізіцы і радыёэлектроніцы, па даследаванні аўтаматызаваных інфарм. сістэм, стварэнні радыётэхн. сродкаў кіравання рухомымі аб’ектамі, канструяванні радыёінтэрферометраў з вял. базай і распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання спец. прызначэння. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1949, 1951, 1981.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧЫ́НСКІ Аляксандр Аляксандравіч [13.7.1874, г. Алёкмінск, Якуція (Рэспубліка Саха), Расія — 6.10.1960], расійскі вучоны ў галіне горнай справы. Акад. АН СССР (1935). Герой Сац. Працы (1954). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1900), дзе і працаваў. З 1930 праф. Маскоўскага горнага ін-та, з 1938 дырэктар Ін-та горнай справы АН СССР. У 1944—51 старшыня прэзідыума Зах.-Сібірскага філіяла АН СССР. Навук. працы па праблемах рудніковай аэралогіі. Стварыў тэорыю руху паветра ў горных вырабатках, тэорыю проціпылавых аэрадынамічных рэжымаў. Распрацаваў метады даследавання сітаватасці і інш. уласцівасцей вугальных радовішчаў, вызначыў метананоснасць вуглёў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

А.А.Скачынскі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАРДСМЕ́Н (англ. recordsman),

спартсмен (каманда), які ўстанавіў рэкорд у якім-н. відзе спорту на афіц. спаборніцтвах. Р. называюць таксама людзей, якія дасягнулі найб. поспехаў у вытворчай працы.

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНУ́ЛІ (Bernoulli),

сям’я швейц. вучоных 17—18 ст.

Якаб Бернулі (27.12.1654, г. Базель, Швейцарыя — 16.8.1705), матэматык. Праф. Базельскага ун-та (1687). Развіў метады злічэння бесканечна малых Г.​Лейбніца; у тэорыі імавернасцяў даказаў самы просты выпадак закону вял. лікаў (тэарэма Бернулі); разам з братам Іаганам заклаў асновы варыяцыйнага злічэння. Іаган Бернулі (27.7.1667, Базель — 1.1.1748), матэматык. Праф. Гронінгенскага (1695) і Базельскага (1705) ун-таў. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1725). Працы па злічэнні бесканечна малых і варыяцыйным злічэнні.

Данііл Бернулі (29.1.1700, г. Гронінген, Нідэрланды — 17.3.1782), механік і матэматык. Сын Іагана. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1733), дзе працаваў у 1725—33, чл. Балонскай (1724), Берлінскай (1747), Парыжскай (1748) АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1750). Працы па фізіялогіі, медыцыне, матэматыцы і механіцы. Распрацаваў метад лікавага рашэння алг. ураўненняў з дапамогай зваротных шэрагаў, вывеў асн. ўраўненне стацыянарнага руху ідэальнай вадкасці (Бернулі ўраўненне), працаваў над кінетычнай тэорыяй газаў.

Якаб Бернулі (17.10.1759, Базель — 3.7.1789), механік. Унук Іагана. Акад. Пецярбургскай АН (1787). Асн. працы па дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, механіцы, муз. акустыцы.

Літ.:

Никифоровский В.А. Великие математики Бернулли. М., 1984.

Бернулі (злева направа): Якаб, Іаган, Данііл.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА (Андрэй Андрэевіч) (18.7.1909, в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1989),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Д-р эканам. н. (1956). Скончыў эканам. ін-т (1932). З 1939 на дыпламат. службе. Надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ЗША (1943—46 і па сумяшчальніцтве пасланнік на Кубе) і Вялікабрытаніі (1952—53). Узначальваў сав. дэлегацыю на Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 і Устаноўчай канферэнцыі ААН (1945), удзельнічаў у працы Крымскай і Патсдамскай канферэнцый кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (1945). Пастаянны прадстаўнік СССР у Савеце Бяспекі ААН (1946—48). Міністр замежных спраў СССР у 1957—85. Чл. ЦК КПСС (з 1956) і Палітбюро ЦК КПСС (1973—88). 1-ы нам. старшыні СМ СССР (1983—85). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1985—87). Дэп. Вярх. Савета СССР (1946—50, 1958—88). Аўтар працы «Знешняя экспансія капіталу: гісторыя і сучаснасць» (1982), успамінаў «Памятнае» (кн. 1—2, 2-е выд., 1990) і інш. Ленінская прэмія і Дзярж. прэмія СССР 1984. У Гомелі яму ўстаноўлены бюст.

А.А.Грамыка.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ПЛЕР ((Kepler) Іаган) (27.12.1571, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — 15.11.1630),

нямецкі астраном, адзін з стваральнікаў нябеснай механікі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1593). З 1594 працаваў у Вышэйшай школе ў Грацы. У 1600 пераехаў у Прагу да Ц.Браге, пасля смерці якога стаў матэматыкам пры двары імператара Рудольфа II. З 1612 у Лінцы, з 1626 у Ульме. Навук. працы па астраноміі, механіцы, оптыцы, матэматыцы. Адкрыў (1609—19) законы руху планет (гл. Кеплера законы). Распрацаваў тэорыю сонечных і месяцовых зацьменняў, склаў першыя табліцы для вылічэння месцазнаходжання планет — т.зв. Рудольфавы табліцы. Працы К. па астраноміі садзейнічалі ўсталяванню геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Адкрыў закон змяншэння інтэнсіўнасці святла з адлегласцю. Прапанаваў канструкцыю падзорнай трубы для астр. назіранняў. У матэм. працах (стэрэаметрычныя задачы) блізка падышоў да адкрыцця аналізу бесканечна малых. Аўтар прац «Тайна Сусвету» (1596), «Новая астраномія» (1609), «Гармонія Свету» (1619) і інш. Працы К. вядомы на Беларусі з 17 ст.; яны абмяркоўваюцца ў многіх філас. рукапісах (напр., у працах К.Нарбута).

Літ.:

Белый Ю.А. Иоганн Кеплер (1571—1630). М., 1971;

Спасский Б.И. История физики. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1977.

І.Кеплер.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАГА МА́Я,

міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 ў Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш. сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.

Літ.:

Почебут Г.А. Первомай. Л., 1961.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)