Па прамысл. запасах калійных солей (каля 10 млрд.т) Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце. Радовішчы калійных солей стратыграфічна звязаны з фаменскай (верхні дэвон) саляноснай фармацыяй. Разведаны 3 асн. радовішчы: Старобінскае, Петрыкаўскае і Акцябрскае. На Старобінскім радовішчы развіты 4 гарызонты, з якіх 2-і і 3-і распрацоўваюць 4 рудаўпраўленні РУП ВА «Беларуськалій». Калійныя солі там сільвінітавыя чырвонакаляровыя, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя. У рудзе да 28% KCl, 5—9,5% нерастваральнага ў вадзе астатку, 0,15—0,3% MgCl2. Запасы калійных солей на 4 шахтавых палях па катэгорыях A + B + C1 2,6 млрд.т і па катэгорыі C2 600 млн.т. У 2002—03 пачата доследна-прамысл. распрацоўка гліністых сільвінітаў 1-га гарызонту і будаўніцтва новага Чырвонаслабодскага рудніка. На Петрыкаўскім радовішчы прамысл. 4-ы гарызонт, глыб. яго залягання 515—1200 м; калійныя солі (сільвініты) бледна-ружовыя і стракатакаляровыя з украпваннямі карналіту. Колькасць KCl дасягае 40%. Руды характарызуюцца адносна высокімі канцэнтрацыямі MgCl2 (1,5—4%) і нізкімі нерастваральнымі астаткамі (0,5—1,5%). Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 2,12 млрд.т. Акцябрскае радовішча папярэдне разведана ў 1993—97. Прамысл. калійныя гарызонты 0-8 і 0-9 складзены з чырвонакаляровых сільвінітаў, якія маюць KCl да 39%, MgCl2 0,12%, нерастваральны астатак 5% і больш. Запасы калійных солей па катэгорыях C1 + C2 637 млн.т, калійна-магніевых (карналіт) па катэгорыі C2 1,1 млрд.т.
У Прыпяцкім прагіне выяўлены шэраг рудных участкаў: Нежынскі — 5-е шахтавае поле з запасамі калійных солей па катэгорыі C1 1,86 млрд.т і C2 200 млн.т; Смолаўскі — 6-е шахтавае поле з запасамі па катэгорыі C1 900 млн.т і C2 900 млн.т; Капаткевіцкі, Жыткавіцкі, Драздоўскі і інш.
Каменная соль у Прыпяцкім прагіне выяўлена ў 2 саляносных фармацыях: ніжняй (верхнефранскай) і верхняй (сярэдне-верхнефаменскай). Магутнасць ніжняй фармацыі да 1,6 км, верхняй — да 3,5 км і больш, якія пашыраны на пл. больш за 26 тыс.км². Геал. запасы каменнай солі практычна невычарпальныя. Разведаны Давыдаўскае, Старобінскае і Мазырскае радовішчы з агульнымі запасамі больш за 22 млрд.т. Давыдаўскае радовішча (Светлагорскі р-н) мае магутнасць пластоў каменнай солі 2—70 м, з сярэдняй колькасцю NaCl 78,3—99,3%; прамысл. запасы больш за 20 млрд.т (зараз не выкарыстоўваюцца). На Старобінскім радовішчы выяўлена 6 пластоў каменнай солі магутнасцю 4,1—28,2 м і колькасцю NaCl больш за 98%, якія залягаюць на глыб. 361,5—844 м. Прамысл. запасы больш за 750 млн.т. З 1993 на 1-м шахтавым полі распрацоўваецца пласт каменнай солі ў падтоўшчы, ніжэйшай за 2-і калійны гарызонт, дзе штогод здабываецца 350—550 тыс.т (кухонная, кармавая, тэхнічная). Прамысл. запасы Мазырскага радовішча каля 600 млн.т NaCl. На яго базе працуе (з 1982) Мазырскі солевыварны камбінат па тэхналогіі, засн. на падземным растварэнні солі праз свідравіны і яе выпарванні з ачышчанага расолу. Штогадовая вытв-сць кухоннай солі «Палессе» да 360 тыс.т. У Прыпяцкім прагіне ёсць шэраг высокаперспектыўных участкаў (Шастовіцкі, Скрыгалаўскі, Паўд.-Капаткевіцкі, Акцябрскі, Амелькаўшчынскі і інш.) з прагнознымі рэсурсамі 1—6 млрд.т каменнай солі на кожным з іх.
У Беларусі вядомы 2 фасфарытаносныя басейны: Сожскі і Прыпяцкі. Сожскі басейн займае паўд.-ўсх. схіл Аршанскай упадзіны і распасціраецца паза межы рэспублікі ў Смаленскую вобл. Расіі. Фасфарытавыя руды стратыграфічна прымеркаваны да сенаманскага яруса верхняга мелу. Прадукцыйныя кварцава-глаўканітавыя пяскі, у іх ёсць жаўлакі фасфарытаў, пясчана-жаўлаковы матэрыял і зрэдку суцэльная фасфарытавая пліта. Папярэдне разведаны Мсціслаўскае (Мсціслаўскі р-н) і Лабковіцкае (Крычаўскі р-н) радовішчы фасфарытаў. Іх агульныя запасы па катэгорыях C1 + C2 больш за 400 млн.т. Глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Мсціслаўскім радовішчы 5,3—46,3 м, магутнасць у асноўным 1,1—1,8 м; на Лабковіцкім радовішчы адпаведна 20,5—40,8 м і 0,10—3 м. Колькасць P2O5 — 0,9—18,2% па свідравінах і 6—7,6% у падліковых блоках. Здабыча фасфарытавых руд магчыма кар’ерным, шахтавым спосабамі і метадам гідраздабычы праз свідравіны. Руды абодвух радовішчаў прыдатныя для вытв-сці фасфарытнай мукі. Прыпяцкі басейн размешчаны ў межах паўд. схілу Падляска-Брэсцкай упадзіны. Прадукцыйныя глініста-алеўрытавыя палеагенавыя адклады. У 1986—91 выяўлены Арэхаўскае (Драгічынскі р-н) і Прыгранічнае (Маларыцкі р-н) радовішчы. Прадукцыйныя пясчана-жаўлаковыя адклады змяшчаюць каля 39% фасфарытавых жаўлакоў. Запасы руды па катэгорыі C2 больш за 95 млн.т. Сярэдняя глыбіня залягання прадукцыйнай тоўшчы на Арэхаўскім радовішчы 31,7 м. Магутнасць пластоў на абодвух радовішчах 1,58—1,8 м. У рудзе 4,4—9,9% P2O5 на Арэхаўскім, каля 6,43% на Прыгранічным радовішчах.
Э.А.Высоцкі.
Геалагічнае агаленне водна-ледавіковых адкладаў на беразе р. Нарач каля в. Папоўцы Вілейскага раёна.Горная вырабатка (штрэк) на Старобінскім радовішчы калійных солей.Старобінскае радовішча калійных солей. Вываз руды з горнай вырабаткі.Кар’ер «Высокае» па здабычы мелу і мергелю для Беларускага цэментнага завода ў г. Касцюковічы
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасцьтрадыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм., пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,
геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.
Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.
На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ РУХАВІ́К,
машына, якая ператварае энергію патоку вадкасці ў мех. энергію вядзёнага звяна (вала, штока). Адрозніваюць гідраўлічныя рухавікі дынамічныя, у якіх вядзёнае звяно перамяшчаецца з-за змены моманту імпульсу патоку вадкасці (гідраўлічная турбіна, вадзяное кола), і аб’ёмныя, што дзейнічаюць ад гідрастатычнага напору і перамяшчэння выціскальнікаў — поршняў, пласцін, зубоў шасцерняў і інш. У дынамічным гідраўлічным рухавіку вядзёнае звяно робіць толькі вярчальны рух, у аб’ёмным — зваротна-паступальны (гідрацыліндры) і вярчальны (гідраматоры).
Гідрацыліндры бываюць сілавыя (шток, звязаны з поршнем, рухаецца зваротна-паступальна адносна цыліндра) і момантныя, або квадранты (вал робіць зваротна-паваротны рух адносна корпуса на вугал да 360°). Гідраматоры падзяляюцца на поршневыя (рабочыя камеры нерухомыя, а выціскальнікі рухаюцца толькі зваротна-паступальна) і ротарныя (рабочыя камеры перамяшчаюцца, а выціскальнікі ажыццяўляюць вярчальны рух, які можа спалучацца са зваротна-паступальным). Ротарныя (кулісныя) гідраматоры бываць пласціністыя і ротарна-поршневыя (аксіяльныя і радыяльныя). Найб. пашыраны аксіяльныя ротарна-поршневыя. Аб’ёмныя гідраўлічныя рухавікі выкарыстоўваюцца ў гідрапрыводзе машын. Ціск рабочай вадкасці да 35 Мн/м². Магутнасць гідраматораў да 3000 кВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙНтарфяны,
самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.
Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.
Б.А.Багатаў.
Пнеўматычны бункерны камбайн БПФ-ЗМ: 1 — вентылятар; 2, 4 — вертыкальныя цыклоны; 3 — цэнтральная труба цыклона; 5 — усмоктвальны трубаправод; 6 — бункер; 7 — сапло.Пнеўматычны тракт з рэцыркуляцыяй паветра бункернага камбайна КПФ-6,4: 1 — калектар; 2 — усмоктвальны канал; 3, 4 — усмоктвальны і цэнтральны трубаправоды; 5 — труба для выкіду лішкаў нагнятальнага паветра ў атмасферу; 6 — вентылятар; 7 — цыклон; 8 — нагнятальны канал; 9 — бункер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).
У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
рыскае. максімальнае ўсх.-еўрап. зледзяненне, што адбывалася з канца александрыйскага міжледавікоўя да пач.шклоўскага міжледавікоўя. Адпавядае самараўскаму зледзяненню Зах. Сібіры і рыскаму зледзяненню Альпаў. Мяркуюць, што працягласць Д.з. 70 тыс. гадоў (320—250 тыс. гадоў назад). Ледавік насунуўся са Скандынавіі, перакрыў усю тэр. Беларусі і пашырыўся далёка на Пд, 2 «языкамі» апусціўся па далінах Дняпра і Дона да шыраты г. Днепрапятроўск і да вусця р. Мядзведзіца. Адклады Д.з. — шэрыя і буравата-шэрыя марэнныя суглінкі і супескі з частымі ўключэннямі валуноў, адорвеняў мелу, даламіту і інш. (магутнасць больш за 50, а ў асобных выпадках — больш за 100 м). Залягаюць на больш стараж. пластах антрапагену, на Пн у глыбокіх ледавіковых лагчынах, часта на карэнных пародах. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі агаляюцца на берагах рэк і яроў. Матэрыялы адкладаў Д.з. прынесены ў Беларусь з усх. Швецыі, паўд. Фінляндыі і Карэліі, Прыбалтыкі. Пад уплывам Д.з. створаны каркас сучаснага рэльефу Беларусі з градамі, узгоркамі, а таксама раўнінамі са шматлікімі азёрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗА́РЫ (англ. quasar, скарочанае ад quasistellar radiosource квазізоркавая крыніца радыёвыпрамянення),
касмічныя аб’екты вял. яркасці з магутным радыёвыпрамяненнем.
Назіраюцца на надзвычайна вял. адлегласцях (больш за 10 млрд.св. гадоў). Характэрныя прыкметы: малыя вуглавыя памеры; значнае перавышэнне ультрафіялетавага і інфрачырвонага выпрамянення ў параўнанні са звычайнымі зоркамі; пераменнасць патоку выпрамянення як у бачным, так і ў радыёдыяпазоне; шырокія эмісійныя спектральныя лініі; вял.чырвонае зрушэнне спектральных ліній. Пераменны бляск, які мяняецца з перыядам ад некалькіх сутак да некалькіх гадоў, сведчыць пра малыя памеры, а вял.магутнасць выпрамянення (у сярэднім 1040Вт) — пра вял. масу К. Зыходзячы з гэтага лічаць, што ў цэнтры К. знаходзіцца чорная дзіра, вакол якой з вял. скорасцю закручваецца газ. Самы яркі К. (ЗС 273) знаходзіцца на адлегласці 2 млрд.св. гадоў ад Зямлі.
Літ.:
Левитт И. За пределами известного мира: от белых карликов до квазаров: Пер. с англ.М., 1978;
Нарликар Дж. Неистовая Вселенная: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАПАДО́БНЫЯ ПАРО́ДЫ,
асадкавыя горныя пароды палевага або жоўтага колеру, якія па марфалогіі і саставу нагадваюць лёс і адносяцца да пылаватых суглінкаў і супескаў. Ад лёсу адрозніваюцца неаднароднасцю будовы, наяўнасцю слаістасці і праслояў грубага пясчанага і галечнага матэрыялу, больш гліністым саставам, меншай порыстасцю і прасадачнасцю, уключэннем ракавін прэснаводных малюскаў і інш. Л.п. і лёсы аб’ядноўваюць пад назвай «лёсавыя пароды». Могуць быць рачнога, азёрнага, пралювіяльнага, дэлювіяльнага, элювіяльнага паходжання. Пераважаюць пылаватыя (0,05—0,005 мм) фракцыі (60—80%). Асн. пародаўтваральныя мінералы — кварц (70—85%), палявыя шпаты, карбанаты, слюды і інш. На Беларусі Л.п. займаюць 14% тэрыторыі. Вылучаны 7 раёнаў пашырэння Л.п.: Аршанска-Магілёўска-Гомельскі, Мінскі, Слуцкі, Навагрудска-Карэліцкі, Лёзненскі, Мазырска-Хойніцка-Брагінскі, Тураўскі. Магутнасць Л.п. 0,5—12 м. Пакатахвалістая паверхня часта ўкрыта суфазійнымі лейкападобнымі западзінамі. На Л.п. сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на якіх парушэнне правіл агратэхнікі вядзе да ўтварэння яроў. Некаторыя Л.п. прыдатныя для вырабу цэглы, аглапарыту і інш.