сацыяльна-палітычнае і маральна-прававое паняцце, звязанае з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі аб правах чалавека; роўныя магчымасці ўсіх членаў грамадства ў рэалізацыі сваіх здольнасцей і задавальненні жыццёвых патрэбнасцей; адпаведнасць паміж практычнай роляй чалавека ці сац. групы і іх сац. становішчам, паміж правамі і абавязкамі, заслугамі і іх грамадскім прызнаннем, працай і ўзнагароджаннем, злачынствам і пакараннем. У сац.-паліт. сферы ажыццяўленне прынцыпу С. прадугледжвае фактычнае раўнапраўе грамадзян, у сферы культуры — у стварэнні спрыяльных умоў для далучэння ўсіх членаў грамадства да духоўных каштоўнасцей. Уяўленні пра С. прайшлі эвалюцыю ад ідэй раўнапраўя у межах саслоўя да ўсеагульнай роўнасці сацыяльнай. Пашырэнне спектра С. звязана з рэалізацыяй ідэй дэмакратыі, развіццём паліт. культуры і разуменнем чалавечай асобы як найвышэйшай каштоўнасці грамадства.
Першай спробай тэарэт. асэнсавання С. стала сац.-этычнае вучэнне Платона, які лічыў С. сумай усіх дабрачыннасцей. Ажыццяўленне прынцыпу С. ў грамадстве ён звязваў з добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў членамі аднаго саслоўя і неўмяшаннем у справы іншага. Арыстоцель вылучаў 2 віды С. (размеркавальную і ўраўняльную) і ўпершыню сфармуляваў прынцып прапарцыянальнасці, згодна з якім размеркаванне даброт паміж членамі грамадства павінна быць прапарцыянальным іх дзейнасці. У хрысціянстве паняцце С. звязваецца з ідэяй пасмяротнай адплаты за дабрадзейнае ці грэшнае жыццё. Стварэнне сац.ладу, які б вызначаўся С. пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт, выступала асн. ідэяй сацыялістаў-утапістаў (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн). У 20 ст. вызначыліся супрацьлеглыя погляды на праблему С.: адмаўленне магчымасці сац. С. і прызнанне сац. няроўнасці натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.Дзюркгейма, Э.Мура, тэорыя статусных груп М.Вебера і інш.) і сцвярджэнні, што шляхам мэтазгоднага рэфармавання дзяржавы ці рэвалюцыі сацыяльнай магчыма дасягнуць сац. С. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя сац. дзяржавы і інш.).
Літ.:
Григорьев С.И. Диалог об очень важном: Критич. очерк немарксистских концепций социал. справедливости. Барнаул, 1985;
Ермолина Г.К. Идеал справедливости и действительность. Иваново, 1991;
Свобода и справедливость: Диалог мировоззрений. Н. Новгород, 1993;
Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЙНО́ЎСКІ (Strojnowski) Іеранім (20.9.1754, с. Ходачкава Крамянецкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.8.1815),
асветнік, правазнавец, рэліг. дзеяч. Адукацыю атрымаў у навуч. установах ордэна піяраў, членам якога быў у 1776—88. З 1776 выкладаў у Варшаўскім калегіуме. З 1780 праф. кафедры натуральнага права Гал. школы ВКЛ у Вільні, у 1799—1806 яе рэктар (у 1803 пры яго ўдзеле пераўтворана ва ун-т). З 1789 удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі і камісіі па падрыхтоўцы праектаў цывільнага і крымін. кодэксаў. Член Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу і Варшаўскага т-ва сяброў навукі. З 1806 на царк. пасадах, з 1814 біскуп віленскі. Асн. яго твор «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» (Вільня, 1785), які вытрымаў 5 выданняў, у т. л. на рус. мове (1809), выкарыстоўваўся як падручнік для вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. С. стаяў на пазіцыях дэізму і прызнаваў існаванне Бога ў якасці безаблічнай першапрычыны свету, які затым развіваецца на ўласных законах. У гнасеалогіі прытрымліваўся прынцыпаў сенсуалізму, гал. крыніцай пазнання лічыў адчуванне. Асновай яго сацыялагічнай канцэпцыі было вучэнне пра натуральны парадак рэчаў і як вынік яго — натуральнае права. Людзі, на яго думку, могуць быць шчаслівыя толькі праз глыбокае пазнанне і поўнае захаванне гэтага права; адыход чалавека або грамадства ад дакладных і разумных законаў прыроды непазбежна выклікае «пакаранне» — няшчасці, бедствы, беспарадкі. З натуральных правоў і прыроднай роўнасці людзей С. выводзіў сац. правы і абавязкі, да якіх адносіў вечныя і нязменныя правы асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, недатыкальнасці ўласнасці, недапушчальнасць ужывання сілы ў адносінах да інш. людзей, за выключэннем выпадкаў самаабароны. Ажыццяўленне на практыцы прынцыпаў натуральнага права С. разглядаў у якасці крытэрыяў «ісціннасці» або «няправільнасці» пэўнага сац.-паліт.ладу.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: Энцыкл.давед.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТАПІ́ЧНЫ САЦЫЯЛІ́ЗМ,
у шырокім сэнсе — вучэнні пра карэнную перабудову грамадства на сацыялістычных асновах, якія не ўлічваюць аб’ектыўных законаў сац. развіцця; у вузкім сэнсе — сац. вучэнні 19 ст., якія папярэднічалі марксізму і сталі адной з яго тэарэт. крыніц. Вытокі У.с. — ва ўласцівым усім народам паданні пра «залаты век», калі нібыта панаваў ідэальны грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах справядлівасці і роўнасці сацыяльнай людзей. Адно з першых утапічных сац. вучэнняў — платонаўская канцэпцыя ідэальнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах роўнасці, калектывізму і адзінства. Мадэль справядлівага грамадскага ладу прапанавала ранняе хрысціянства, якое прапаведавала агульначалавечую роўнасць і братэрства людзей. Важным этапам у развіцці сац.-утапічных ідэй сталі вучэнні пра ідэальны грамадскі лад Т.Мора і Т.Кампанелы. У найб. развітым і сістэматызаваным выглядзе У.с. выявіўся ў творах К.А.Сен-Сімона, Ф.М.Ш.Фур’е, Р.Оўэна, якія асэнсавалі супярэчнасці грамадскага жыцця 19 ст. і прапанавалі тэарэт. і практычныя праекты перабудовы грамадства. Асн. прычыну сац. няроўнасці сацыялісты-утапісты 19 ст. бачылі ў асабістай уласнасці; першачарговымі задачамі грамадскай перабудовы яны лічылі стварэнне грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, арганізацыю дэмакр. самакіравання, справядлівага размеркавання жыццёвых даброт. Значную ролю ў распрацоўцы ідэй У.с. адыгралі рус. рэвалюцыйныя дэмакраты А.І.Герцэн і М.Г.Чарнышэўскі. З канца 19 ст. У.с. прыпыніў сваё развіццё, але ў пэўнай ступені паўплываў на далейшую эвалюцыю грамадскай думкі і паліт. практыкі. Гл. таксама Сацыялізм, Утопія.
Літ.:
Сен-Симон А. Избр. соч.: Пер. с фр.Т. 1—2. М.; Л., 1948;
Оуэн Р. Избр. соч.: Пер. с англ.Т. 1—2. М.; Л., 1950;
Фурье Ш. Избр. соч.: Пер. с фр.Т. 1—4. М.; Л., 1951—54;
Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з ням.Мн., 1970;
Айрапетов А.Г., Юдин А.И. Западноевропейский и русский утопический социализм нового времени. М., 1991;
Марцева Л.М. Проблемы труда в утопическом, научном и реальном социализме. Красноярск, 1993;
Штекли А.Э. Утопии и социализм. М., 1993;
Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАНГО́ВІЧ Васіль Пятровіч (н. 14.1.1939, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік, педагог. Брат К.П.Шаранговіча. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Засл. дз. культ. Польшчы (1986). Нар. мастак Беларусі (1991). Праф. (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). У 1967—98 выкладаў у Бел.АМ (у 1972—89 заг. кафедры, у 1986—89 прарэктар, у 1989—97 рэктар). З 1997 дырэктар Музея сучаснага выяўл. мастацтва. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Творчасці ўласцівы разнастайнасць графічных тэхнік і стылявых прыёмаў, выразны малюнак, эмацыянальнасць і глыбокая змястоўнасць вобразаў. Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладуліт. твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1965), «З майго летапісу» Я.Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж.Рыда (абедзве 1967), «Мая Беларусь» Т.Хадкевіча, «Збор твораў» М.Багдановіча (т. 1—2, усе 1968), «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча, «Салавей» З.Бядулі (абедзве 1969), «У.І.Ленін» У.Маякоўскага (1970), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога (1971), «Вершы» Я.Коласа (1972), «Сорак трэці» І.Навуменкі (1974), «Паэмы» (1978) і «Адвечная песня» (1981) Я.Купалы, «Споведзь сэрца» А.Бялевіча (1978), «Пан Тадэвуш» Міцкевіча (1985, 1998), «Старыя беларускія хронікі» У.Караткевіча (1988), «Новая зямля» Я.Коласа (2002). Рэквіем людской мужнасці і стойкасці ў гады Вял.Айч. вайны, увасоблены строгімі сродкамі графікі, гучыць у цыкле моцных па экспрэсіі гравюр «Памяці вогненных вёсак» (1979—85, Дзярж. прэмія Беларусі 1986). У станковых работах шырока выкарыстоўвае нац.маст. традыцыі, сімволіку і метафару, у многіх творах адчувальна паэтызацыя чалавечага быцця з яго прыгажосцю і драматызмам, калізіямі, што дасягаецца своеасаблівасцю ракурсаў каларыту, рытмічнай арганізацыі прасторы: «Смерць Гражыны» (паводле Міцкевіча, 1970), «Партрэт Ф.Скарыны» (1971), «Ганчар» (1973), «А хто там ідзе» (1976), серыі «Край нарачанскі» (1972—75), «Блакада. 1943 год» (1974), трыпціх «Дзе крыўда адвечная спела» (1982) і інш.
Літ.:
Ганчароў М.І. Васіль Шаранговіч. Мн., 1981.
Н.В.Шаранговіч.
В.П.Шаранговіч.В.Шаранговіч. Паляванне. Ілюстрацыя да паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДАЛІ́ЗМ (ад феод),
тып сац.-эканам. сістэмы, які характарызуецца поўнай або частковай адсутнасцю таварнасці, наяўнасцю натуральнай гаспадаркі, манапольнай уласнасцю феадалаў на зямлю і няпоўнай уласнасцю на непасрэдных вытворцаў, прысваеннем феадаламі дадатковага прадукту шляхам эксплуатацыі сялян. У марксізме — грамадска-эканам. фармацыя, якая папярэднічала капіталізму.
Ф. прыйшоў на змену рабаўладальніцкаму (гл.Рабства, а ў краінах, дзе не было рабаўладальніцкага ладу (Англія, Германія, Расія і інш.), — першабытнаабшчыннаму ладу (гл.Першабытнае грамадства). У гіст. развіцці Ф. адрозніваюць 3 этапы: ранні (яго станаўленне), развіты і позні (працэс яго распаду і зараджэння капіталізму). У Зах. Еўропе існаваў з 5—6 ст. да 18 — сярэдзіны 19 ст. У Расіі, на Беларусі і Украіне — у 9—19 ст., у Кітаі — з пач.н.э. да 20 ст. Існавалі 2 асн. сістэмы арганізацыі с.-г. вытворчасці: паншчына і аброк. У Зах. Еўропе храналагічна першай была адработачная рэнта. Яе змяніла натуральная рэнта, якая з развіццём таварна-грашовых адносін заменена грашовай. На Беларусі да сярэдзіны 16 ст. пераважала натуральная рэнта, якая спалучалася з адносна невялікімі адработачнымі павіннасцямі. З 2-й пал. 16 ст. на 3, а з 18 ст. і на У Беларусі пераважала адработачная рэнта. У краінах Усходу пераважала дзярж. зямельная ўласнасць, натуральная, а часткова грашовая феад. зямельная рэнта, якая збіралася ў цэнтралізаваным парадку. Пры Ф. гал. галіна гаспадаркі — земляробства; асн. патрэбы феадалаў і сялянства забяспечваліся ўнутры маёнтка, таварная гаспадарка мела дапаможны характар. Для Ф. характэрны слабы грамадскі падзел працы. Прылады працы ўдасканальваліся марудна, мала павялічваўся аб’ём вытворчасці. Хутчэй раслі гарады — цэнтры рамяства і гандлю. Асн. класамі пры Ф. былі феадалы і сяляне, якія знаходзіліся ў пэўнай форме залежнасці ад іх. Ступень асабістай залежнасці сялян ад феадалаў была рознай. У шэрагу краін Ф. набыў форму прыгонніцтва (гл.Прыгоннае права). У Зах. Еўропе склалася іерархічная структура феад. зямельнай уласнасці і адпаведна класа феадалаў. Кожны феадал валодаў зямлёю (феодам, ленам), атрыманай ад інш. феадала на пэўных умовах. Падапечны феадал (васал) залежаў ад таго, хто яго апекаваў (сеньёра). Ва Усх. Еўропе, у т. л. на Беларусі, ленная сістэма не атрымала пашырэння і класічная феадальная іерархічная структура не склалася. Клас феадалаў усюды меў паліт. ўладу. Прыгонныя сяляне не мелі паліт. правоў. Беларусі ўласцівы запаволенае і расцягнутае ў часе фарміраванне Ф., а таксама працягласць познафеад. перыяду. Шляхецкае саслоўе (гл.Шляхта) у ВКЛ да 16 ст. дамаглося вельмі шырокіх паліт. і эканам. прывілеяў. Пры фармальна-юрыдычнай унутрысаслоўнай роўнасці шляхецкае саслоўе паводле маёмаснай прыкметы падзялялася на 3 праслойкі: магнаты, сярэднезаможныя землеўладальнікі і дробная шляхта (не мела прыгонных і апрацоўвала зямлю самастойна). Эксплуатацыя сялян узмацнілася ў выніку ўсталявання фальваркова-паншчыннай сістэмы ў перыяд позняга Ф. (гл.Фальварак). З канца 18 ст., калі бел. землі ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, царызм імкнуўся захаваць непарушнымі феад.-прыгонніцкія парадкі і прывілеі дваранства. Ён даў дваранскія правы магнатам і сярэднезаможным землеўладальнікам, большасць дробных шляхціцаў была аднесена да сялян-аднадворцаў (гл.Разбор шляхты). У перыяд позняга Ф. ў Зах. Еўропе большасць сялян атрымала асабістую свабоду. Разам з мяшчанамі яны складалі адно непрывілеяванае саслоўе. Насельніцтва феад. горада было неаднароднае. Яно падзялялася на вярхі (купцы, багатыя ўладальнікі майстэрняў), асн. масу бюргерства (рамеснікі, дробныя гандляры) і нізы (гарадскія чорнарабочыя). У гарадах існавалі прафес. аб’яднанні рамеснікаў, якія рэгулявалі вытворчасць (цэхі), і саюзы купцоў (гільдыі). У барацьбе супраць феадалаў, якая часта мела характар узбр. паўстанняў, гараджане заваёўвалі права на самакіраванне (гл.Магдэбургскае права) і гарантыі сваёй рамесна-гандл. дзейнасці. Феад. дзяржава найчасцей мела форму манархіі. Пазней буйныя раннефеад. манархіі распаліся на вял. колькасць самаст. і паўсамаст. дзярж. утварэнняў. Саслоўную манархію замяніла абсалютная (гл.Абсалютызм). Існавалі і феад. рэспублікі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя і інш. ў Італіі, Ноўгарад, Пскоў у Расіі). Пануючае становішча ў ідэалогіі належала рэлігіі. Пад яе ўплывам развіваліся філасофія, мараль, мастацтва і інш. формы грамадскай свядомасці. Уся эпоха Ф. напоўнена вострай барацьбой сялянства супраць феад. прыгнёту. Найб. антыфеад. паўстанні і войны: Жакерыя ў Францыі (1358), Уота Тайлера паўстанне 1381 у Англіі, Сялянская вайна 1524—26 у Германіі, у Расіі — Балотнікава паўстанне 1606—07, Сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Сялянская вайна 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова, на Беларусі — Антыфеадальная вайна 1648—51, Крычаўскае паўстанне 1743—44 і інш. Сялянскія паўстанні пахіснулі асновы Ф. і былі адной з найгалоўнейшых прычын скасавання прыгоннага права. Удасканаленне прылад працы ў 15—16 ст. спрыяла расшырэнню таварнай вытв-сці і абмену, росту грамадскага падзелу працы. З развіццём прадукцыйных сіл у нетрах Ф. зараджаўся капіталіст. спосаб вытв-сці (гл.Капіталізм). Бурж. рэвалюцыі і рэформы паклалі канец існаванню Ф. У Расіі і Беларусі распад Ф. пачаўся ў 2-й пал. 18 ст.Сялянская рэформа 1861 паклала канец панаванню Ф., аднак рэшткі яго праіснавалі да 20 ст.
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;
Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада: Пер. с фр.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНЭ (Heine) Генрых (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),
нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.Багдановіч, М.Васілеўская, А.Вяржбоўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, А.Зарыцкі, С.Ліхадзіеўскі, А.Мардвілка, Я.Семяжон, І.Сіманоўскі, Ю Таўбін.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980—83.
Літ.:
Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;
Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;
Гиждеу С.П. Лирика Г.Гейне. М., 1983;
Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,
састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.
На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец.навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш.мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у т. л. санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж.ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ХАРА́КТАР,
сукупнасць асн. устойлівых псіхал. якасцей, якія сфарміраваліся ў нацыі ў канкрэтных гіст., сац.-культ. і прыродных умовах яе развіцця. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (ням. пунктуальнасць, англ. традыцыяналізм, яп. працавітасць, бел. талерантнасць і інш.). Але Н.х. ў асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхал. якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нац. супольнасцей. Першапачаткова паняцце «Н.х.» выкарыстоўвалася падарожнікамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзін, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў. Першыя спробы даследавання Н.х. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі прадстаўнікамі кірунку «псіхалогіі народаў» (В.Вунт, М.Лацарус, Г.Штайнталь і інш.). У сярэдзіне 19—1-й пал. 20 ст. рабіліся спробы даследавання рус. (М.Данілеўскі, К.Кавелін, М.Лоскі, М.Бярдзяеў, Г.Шпет і інш.) і бел. (П.Шпілеўскі, А.Багдановіч, М.Доўнар-Запольскі, І.Канчэўскі, У.Самойла) Н.х. У розных тэарэт. канцэпцыях Н.х. разглядаецца як нешта прыроджанае, прадвызначанае генетычна, або як абумоўленае сац.-гіст. і культ. фактарамі і звязанае з пашыранасцю тыповых псіхал. якасцей сярод асобных прадстаўнікоў нацыі і іх суадносінамі з агульначалавечымі якасцямі. Прадстаўнікі амер.культ. (псіхалагічнай) антрапалогіі (Ф.Боас, Р.Бенедыкт, М.Мід, А.Кардынер, Р.Лінтан, К.Дзюбуа і інш.) лічылі, што ў кожнай культуры складваецца спецыфічны, адносна ўстойлівы тып асобы, выяўленне якога (а значыць, і Н.х.) магчыма дзякуючы вывучэнню асаблівасцей першаснай сацыялізацыі дзяцей. Яны вызначалі асаблівасці Н.х., зыходзячы з канцэпцый «базавай структуры асобы» (комплекс тыповых псіхал. якасцей, уласцівых прадстаўнікам адной нац. культуры) і «мадальнай асобы» (найб. распаўсюджаны ў дадзенай культуры тып асобы). Адсюль атаясамліванне Н.х. з ідэяй адзінай для грамадства структуры асобы, абсалютызацыя міжкульт. і недаацэнка ўнутрыкульт. адрозненняў паміж індывідамі. Н.х. нярэдка разглядаецца ў рамках даследавання праблемы менталітэту. У апошні час псіхал. адметнасці розных народаў даследуюцца праз выяўленне базавых каштоўнасцей, этнічных стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вывучаюцца ў межах этнічнай псіхалогіі. У даследаваннях Н.х. выкарыстоўваюцца этнаграфічныя метады збору інфармацыі, псіхааналіз як спосаб асноўнай інтэрпрэтацыі, а таксама псіхал. тэсты.
Літ.:
Кон И.С. К проблеме национального характера // История и психология. М., 1971;
Дейкер Х.П.Й., Фрейда Н.Х. Национальный характер и национальные стереотипы: Пер. с англ. // Современная зарубежная этнопсихология. М., 1979;
Стефаненко Т.Г. Этнопсихология. М., 1999;
Kardiner A. The psychological frontiers of society. New York, 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́,
графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;