горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, на паўд. схілах г. Жалезная, на выш. 600—630 м, за 5 км ад чыг. ст. Бештау. Засн. ў 1842, горад з 1917. 29,4 тыс.ж. (1992). Пяцігорскі НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі. Арх. помнікі: Астроўскія ванны (канец 19 ст.), дача бухарскага эміра і Пушкінская галерэя (пач. 20 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам. Аснова курортных рэсурсаў — мінер. воды, радовішчы якіх эксплуатуюцца з 19 ст. (больш за 20 крыніц рознай ступені тэрмальнасці, у т. л. радонавыя), сульфідныя глеевыя гразі Тамбуканскага воз. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, печані, жоўцевых шляхоў, нырак, мочавывадной сістэмы. Працуе каля 20 санаторыяў. Ва ўсх.ч. курортнай зоны парк (1825), ніжнія і верхнія тэрасы якога звязаны каскаднай лесвіцай, упрыгожанай фантанамі і вадаёмамі (1932—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКСО́Р,
горад у Егіпце, на правым беразе р. Ніл. Узнік на месцы стараж. Фіў (сталіца Егіпта ў 21—11 ст. да н.э.). Каля 60 тыс.ж. (1997). Цэнтр рамесніцкай вытв-сці. Кліматычны курорт. Турызм.
На зах. ускраіне Л. стараж.-егіп. храм багоў Амона-Ра, Мут і Хансу. Уключае прамавугольны двор з падвойнай каланадай, калонную залу-гіпастыль з 32 калонамі, свяцілішча, уваходны пілон і вял.цэнтр. каланаду (усе 2-я пал. 15 ст. да н.э., арх. Аменхатэп Малодшы, аўтары дэкору арх. браты Горы і Суці), 2-і пілон (фланкіраваны 6 калонамі Рамсеса II) і двор, абкружаны 74 калонамі са статуямі фараонаў паміж імі (1317—1251 да н.э., арх. Бекенхонсу). Алеяй сфінксаў злучаўся з Карнакам. У храме ўвасобіліся арх. тэндэнцыі эпохі Новага царства (16—11 ст. да н.э.) — імкненне да грандыёзнасці прасторавай кампазіцыі, яе развіццё па падоўжнай восі, урачыстасць, шырокае выкарыстанне разнастайных па формах калон (лотаса і папірусападобных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІГО́РСК,
горад у Стаўрапольскім краі, у Расіі. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на Стаўрапольскім узв., на р. Падкумак (прыток р. Кума) і схілах гор Машук і Гарачая. 133 тыс.ж. (2000). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, металаапр., харчасмакавая, хім., лёгкая. 2 ВНУ. Тэатр. Краязн. музей. Музей-запаведнік М.Ю.Лермантава. Арх. помнікі: Лермантаўскія ванны (1826—31), альтанка «Эолава арфа» (1828), «Грот Дыяны» (1830—31). Бальнеатэрапеўтычны і гразевы курорт з групы Каўказскіх Мінеральных Вод. Вядомы з пач. 19 ст. Клімат кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. крыніцы з вуглякісла-серавадароднымі, радонавымі, вуглякіслымі гідракарбанатна-хларыдна-сульфатна-натрыева-кальцыевымі (нарзан) водамі (на пітное лячэнне і ванны). Пашырана тэрапія глеевай граззю Тамбуканскага воз. Лечаць органы руху, захворванні страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, кровазвароту, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, хваробы скуры і інш., таксама дзіцячыя хваробы, якія ўзніклі ў выніку родавай траўмы. НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛАГА (Málaga),
горад на Пд Іспаніі, у аўт. вобласці Андалусія. Адм. ц. правінцыі Малага. 512 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, рыбалоўны і нафтавы порт на Міжземным м. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабудаванне, хім. і нафтахім., вінаробчая, алейная, кансервавая, мылаварная. Цэнтр вінаградарства. Ун-т. Музей. Руіны рым. тэатра. Помнікі араб. архітэктуры: Алькасба (8—12 ст.), замак-маяк «Хібральфара» (13 ст.). Сабор (16—17 ст.), царква Нуэстра Сеньёра дэ ла Вікторыя (1487). Клімат. курорт.
Засн. фінікійцамі пад назвай Малака пасля 1100 да н.э. Пазней належала Карфагену, Рыму (з 3 ст. да н.э.), вестготам (з 571 н.э.), Візантыі (554—624). Пры арабах (з 711) значны эканам. (вытв-сць шоўку, керамікі) і адм. (з 11 ст.) цэнтр эмірата Гранада. У 1487 адваявана Кастыліяй. Ў 1501 і 1568—71 адзін з цэнтраў паўстання марыскаў. У 1810—12 акупіравана франц. войскамі. У Ісп. рэвалюцыю 1868—74 у горадзе адбылося кантанальнае паўстанне бакуністаў. У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 М. — база рэсп. флоту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́КЕШ,
горад у Марока, у перадгор’ях Высокага Атласа. Адм. ц. правінцыі Маракеш. Каля 1,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр паўд.ч. краіны. Прам-сць: харч., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., цэментная. Саматужная вытв-сць (дываны, саф’ян). Зімовы курорт. Цэнтр турызму. Ун-т. Музеі мараканскага мастацтва, гем і керамікі. Арх. помнікі 11—12 ст. Помнікі медыны (купальны павільён Куба эль-Баадыйн, мячэць Кутубія, вароты Баб-Агвенау) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; шматлікія ансамблі 14—16 ст., палацы.
Засн. ў 1070 (паводле інш. звестак, у 1060 ці 1062) Альмаравідамі. У канцы 12 ст. буйны гандл. цэнтр з насельніцтвам каля 100 тыс.чал. Пры Альмаравідах, Альмахадах і Саадзідах (1554—1659) М. — сталіца Зах. Магрыба; у час феад. міжусобіц — рэзідэнцыя правіцеляў Паўд. Марока. У 1515 партугальцы беспаспяхова спрабавалі захапіць М. У час франц. пратэктарату над Марока (1912—56) паліт. і эканам. значэнне горада зменшылася. Пасля абвяшчэння незалежнасці Марока (1956) адм. цэнтр аднайм. правінцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЛЬЧЫК,
горад, сталіца Кабардзіна-Балкарыі ў Рас. Федэрацыі. Размешчаны ў перадгор’ях Каўказа, на р. Нальчык. Засн. ў 1817. 237,1 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Н. — шматгаліновы прамысл.цэнтр.Прам-сць: машынабудаванне (ВА «Паўнкаўкэлектронмаш», «Паўнкаўкэлектрапрыбор» і «Тэлемеханіка»; з-ды паўправадніковых прыбораў, электравакуумны, высакавольтнай апаратуры, маш.-буд., станкабуд. і інш.), каляровая металургія, хім., харчасмакавая, лёгкая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. Кабардзіна-Балкарскі ун-т. 2 тэатры (драм. і музычны). 3 музеі (краязнаўчы, выяўл. мастацтваў; дом-музей М.Ваўчок).
Бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у перадгор’ях Вял. Каўказа на выш. 555 м. Лекавыя фактары: умерана-кантынентальны клімат, мінер. воды Беларэчанскіх крыніц (тэрмальная ёдабромная, тэрмальная азотна-хларыдна-натрыевая гідракарбанатная, сульфідная і інш.). Мінер. воды выкарыстоўваюцца на пітное лячэнне, ванны, душы, арашэнні, пры хваробах страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, сэрца і сасудаў, абмену рэчываў, нерв. і скурных. Гразелячэнне глеевымі гразямі Тамбуканскага возера. Санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку. Хваёва-лісцевы парк, канатныя дарогі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАКШЫ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Swiętokrzyskie),
адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 1,3 млн.чал. (1999), гарадскога 47%. Адм. цэнтр — г.Кельцы. Найб. гарады: Астровец-Свентакшыскі, Скаржыска-Каменна, Старахавіцы, Сандамір. Размешчана пераважна на Келецка-Сандамірскім узв., у межах якога вылучаюцца Свентакшыскія горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ад -4,5 °C у Свентакшыскіх гарах да -2,5 °C на Пд, ліп. 16,5 °C і 18,5 °C адпаведна. Гал. рака Вісла з прытокамі Ніда, Каменна, Чарна. Глебы падзолістыя, на У бурыя і чарназёмныя. Пад лесам 27%. Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 63%. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, цукр. буракі, бульбу, рапс. Садоўніцтва (асабліва каля Сандаміра). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коней, птушак. Прам-сць: маш.-буд. (трансп., эл.-тэхн.), чорная металургія (электрасталь, пракат), буд. матэрыялаў (цэмент, шкло, кераміка і інш.), харч. (цукр., кансервавая і інш.), лёгкая (швейная, абутковая). Здабыча жал. руды, сыравіны для буд. матэрыялаў. Турызм. Бальнеагразевы курорт Буска-Здруй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОН (Bonn),
горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар.маст. збор Бона, Акад.маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар.муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).
Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.
Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).
Да арт.Бон. Панарама горада.Да арт.Бон. Раён Бад-Годэсберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ХРЫД (Ohrid),
горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс.ж. (1999). Чыг. ст.Міжнар. аэрапорт. Харч.прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш.арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст.н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.