прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 м вакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМІ́Я, геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло),
раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.
Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.
Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.А.Любімава.
На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (П.П.Атрошчанка, Л.А.Цыбуля і інш.).
Літ.:
Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПТЫКА РАССЕ́ЙВАЛЬНЫХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел фіз. оптыкі, які вывучае распаўсюджванне светлавых хваль у дысперсных сістэмах, аснова метадаў вызначэння структуры рэчыва па характарыстыках рассеяння святла.
Праблемы распаўсюджвання выпрамянення ў рассейвальных асяроддзях праяўляюцца ў касм. маштабах Сусвету і на атамарным узроўні. Рассеянне святла ў дысперсных сістэмах (напр., у атмасферы, акіяне, біял. тканках) абумоўлена аптычнымі неаднастайнасцямі асяроддзя (яго камплексным паказчыкам пераламлення) і ўзнікае за кошт іншародных часцінак у асяроддзі (напр., у аэразолях, дымах, суспензіях, эмульсіях, на пабочных уключэннях крышталяў). У інш. выпадках асяроддзе не мае пабочных украпін, а змены паказчыка пераламлення вынікаюць з флуктуацый шчыльнасці рэчыва. Даследуюцца аб’екты з высокай канцэнтрацыяй цэнтраў рассейвання (напр., снег, біял. тканкі, дысперсійныя фільтры, фотаматэрыялы), якія адрозніваюцца частковай упарадкаванасцю часцінак і праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла. На вывучэнні рассеяння святла на неаднастайнасцях у газах, вадкасцях і цвёрдых целах заснаваны метады нефеламетрыі і ультрамікраскапіі (гл.Ультрамікраскоп).
На Беларусі даследаванні па праблемах О.р.а. праводзяцца з сярэдзіны 1950-х г. у Ін-це фізікі, пазней у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН (г. Магілёў). Створаны цвердацелыя дысперсійныя фільтры, распрацаваны спосабы мадэліравання пераносу святла ў мутных асяроддзях адвольнага паходжання. Створана прыкладная тэорыя пераносу, якая апісвае распаўсюджванне святла ў натуральных асяроддзях ад накіраваных, вузкіх, імпульсных, палярызаваных і інш.крыніц святла. Распрацаваны метады рашэння адваротных задач тэорыі рассеяння, метады вызначэння аптычных і мікраструктурных характарыстык асяроддзяў, у т. л.біял. аб’ектаў, люмінесцэнтных экранаў, фатагр. і вадкакрышталічных слаёў.
Літ.:
Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Пришивалко А.П., Бабенко В.А., Кузьмин В.Н. Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными сферическими частицами. Мн., 1984;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985;
Иванов А.П., Лойко В.А., Дик В.П. Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТАЛО́ГІЯ,
навука аб палітыцы, паліт. жыцці грамадства, паліт. працэсах, сістэмах і з’явах, дзейнасці людзей, накіраванай на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдзіны 20 ст. Аб’ект П. — паліт. жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне паліт.улады. Прадмет П. — заканамернасці паліт. жыцця вял.сац. супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, паліт. поглядаў і інтарэсаў, паліт. дзейнасці, развіцця паліт. працэсаў у цэлым. Асновай П. як тэорыі і практыкі з’яўляюцца адносіны паміж паліт. суб’ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Асн. катэгорыі П. — палітыка, улада, дзяржава, культура палітычная, палітычная сістэма грамадства, палітычныя працэсы, ідэалогія, свядомасць, інтарэсы, ін-ты і інш. Для вывучэння паліт. структур, працэсаў і з’яў П. выкарыстоўвае 3 асн. групы метадаў: агульнанавуковыя, сац.-гуманітарныя і спец.-навуковыя (вызначэнне рэйтынгу партый палітычных і паліт. лідэраў з улікам пэўных паліт. дзеянняў у канкрэтнай паліт. сітуацыі, імітацыйнае паліт. мадэліраванне, праектаванне і прагназаванне з выкарыстаннем элементаў тэорыі гульняў, сацыялаг. маніторынг паліт. сітуацыі або мнагамерны статыст. аналіз дзяржаў, партый. Функцыі П.: пазнавальная — пазнанне паліт. рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; інструментальная — вызначэнне эфектыўных спосабаў пераўтварэння паліт. і інш. сфер грамадства; палітычная сацыялізацыя — фарміраванне паліт. культуры людзей, пошук месца ў паліт. рэчаіснасці; дыягнастычная — вызначэнне адпаведнасці паліт. праграм, дзеянняў, паліт. суб’ектаў інтарэсам і патрэбам вялікіх сац. груп; рэгулятыўная — забеспячэнне ўздзеяння суб’ектаў палітыкі на паліт. працэсы пры дапамозе ін-таў улады, што дазваляе рэалізаваць правы людзей на ўдзел у паліт. жыцці; прагнастычная — распрацоўка магчымых сцэнарыяў і прадбачанне развіцця паліт. працэсаў і з’яў; аналітычная — аналіз вынікаў паліт. дзейнасці розных паліт. суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка паліт. працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НА (Ravenna),
горад на Пн Італіі. Адм. ц. правінцыі Равена. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Адрыятычным м. (звязаны з ім суднаходным каналам). Прам-сць: нафтаперапр. і хім., маш.-буд., харч., абутковая, цэм., керамічная. Вытв-сцьмуз. інструментаў. Музеі. Турызм.
Засн., верагодна, племем умбраў. З 2 ст. да н.э. пад уладай Рыма, важны порт Італіі. З 402 н.э. Р. — рэзідэнцыя імператараў Зах.Рым. імперыі. З 540 пад уладай Візантыі, у 565—751 сталіца Равенскага экзархата. У 751 заваявана лангабардамі, у 765 Піпін Кароткі перадаў горад папе рымскаму. У 12 ст.засн.ун-т. Міжусобная вайна арыстакратычных родаў скончылася ўстанаўленнем у Р. сіньёрыі роду Палентаў (да 1441). Абмяленне канала выклікала закрыццё порта і эканам. заняпад горада. У 1449—1509 падпарадкавана Венецыяй. У 1512 зруйнавана французамі. Пасля іх выгнання Свяшчэннай Лігай — у Папскай вобласці (за выключэннем 1797—1814). З 1860 у складзе аб’яднанай Італіі.
Горад багаты на помнікі раннехрысц. і візант. архітэктуры і манум. мастацтва: маўзалей Галы Плацыдыі (каля 440), баптыстэрыі правасл. (сярэдзіна 5 ст.) і арыян (канец 5 — пач. 6 ст.), базіліка Сант-Апалінарэ Нуова (пач. 6 ст., кампаніла 8—9 ст., порцік 16 ст.), 8-гранны храм Сан-Вітале (526—547). Усе збудаванні аздоблены мазаікамі 5—6 ст. Часткова захаваліся помнікі мастацтва остготаў — т.зв. палац (пач. 6 ст., паводле інш.крыніц, 8 ст.) і маўзалей (каля 520) Тэадорыха. Па-за гар. сценамі — базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе (асвячона ў 549. мазаікі 6, 7 і 9 ст., кампаніла канца 10 ст.). У Р. знаходзіцца надмагілле Дантэ (1483, арх. і скульпт. П.Ламбарда), над ім — класіцыстычны храмік (1780, арх. К.Марыджа).
Равена. Базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе з кампанілай канца 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на ПдЗ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 33,3 тыс.км². Нас. 2639 тыс.чал. (1993), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Адэса. Найб. гарады: Ізмаіл, Белгарад-Днястроўскі, Катоўск.
Прырода. Большая ч.тэр. — Прычарнаморская нізіна, паўн.ч. — Падольскае узв. (выш. да 220 м), паміж Днястром і Прутам адгор’і Малдаўскага узв. (выш. да 223 м). Карысныя выкапні — буд. матэрыялы: гнейсы, граніты, вапнякі, гліны, пясок. Ёсць графіт, каменная соль, шмат мінер.крыніц. Клімат умерана кантынентальны, цёплы, з недастатковым увільгатненнем. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -5 °C, ліп. ад 21 °C да 23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 400 мм. Гал. рэкі: Дунай, Днестр. Прэсныя азёры Кагул, Ялпуг, салёныя — Шаганы, Алібей, Бурнас. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд пераходзяць у цёмна-каштанавыя слабасаланцаватыя. Паўн.ч. знаходзіцца ў лесастэпавай, астатняя — у стэпавай прыроднай зоне, якая амаль поўнасцю ўзараная. Лясы захаваліся на невял. плошчах (дуб, граб, ясень, клён). Запаведнік Дунайскія Плаўні.
Гаспадарка. Адэская вобласць — высокаразвіты ў эканам. адносінах раён Украіны з машынабуд., хім., нафтахім., лёгкай, харч. прам-сцю, шматгаліновай сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, развітым транспартам і курортнымі зонамі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны і прылады, пад’ёмныя транспарцёры; кавальска-прэсавае, гандл., мед., паліграф. абсталяванне; электратэхніка і кінаапаратура, выліч. машыны, кабель, прыладабудаванне, вытв-сць стальных канатаў), харч. (кансервавая, мукамольная, цукр., мясная, малочная, рыбная, вінаробная і інш.), камбікормавая, лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая), хім. (аміяк, суперфасфат, лакі і фарбы), хім.-фармацэўтычная, мэблевая, цэлюлозна-папяровая прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Развітая збожжавая гаспадарка (пшаніца, кукуруза, ячмень, рыс), вырошчванне тэхн. культур (цукр. буракоў, сланечніку), агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінаводства, птушкагадоўля, рыбагадоўля. Буйныя арашальныя сістэмы. Суднаходства па Дунаі і Днястры. Марскія парты: Адэса, Ільічоўск, Ізмаіл і інш. Марскі чыг. паром Ільічоўск—Варна (Балгарыя). Чыгункі: Адэса—Масква, Адэса—С.-Пецярбург і інш., Адэская група курортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКІ,
горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс.ж. (1997).
Паводле дакумент.крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёнаБССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс.ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш.крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус.дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс.экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч.М., 1988;
Бел.пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.
нябачнае электрамагнітнае выпрамяненне аптычнага дыяпазону з даўжынёй хваль ад 0,74 мкм да 1—2 мм (ад чырв. канца бачнага спектра да найб. кароткіх радыёхваль). Выпрамяняецца ўсякім целам, асабліва нагрэтым. Складае значную ч. выпрамянення Сонца, большую ч. выпрамянення лямпаў напальвання, розных газаразрадных крыніц святла. Шырока выкарыстоўваюцца спец. крыніцы І.в. — стрыжні на аснове вокіслаў рэдказямельных элементаў і карбіду крэмнію, перспектыўныя лазерныя крыніцы І.в. Адкрыта ў 1800 У.Гершэлем.
І.в. вылучаюць таксама касм. целы: халодныя чырв. карлікі (зоркі з т-рай паверхні 1000—1500 К), шэраг планетарных туманнасцей, пылавыя воблакі, ядры галактык (у т. л. нашай), квазары. Спектр І.в. (як і бачнага, ультрафіялетавага) можа складацца з асобных ліній, палос або быць неперарыўным у залежнасці ад прыроды крыніцы. Аптычныя ўласцівасці рэчываў (празрыстасць, каэф. адбіцця і пераламлення) у інфрачырв. вобласці спектра звычайна адрозніваюцца ад уласцівасцей у бачнай і ультрафіялетавай абласцях. Многія рэчывы, празрыстыя ў бачнай вобласці, непразрыстыя ў некаторых абласцях І.в. і наадварот У большасці металаў адбівальная здольнасць для І.в. значна большая, чым для бачнага. Вылучыць І.в. з агульнага патоку выпрамянення можна з дапамогай прызмаў, дыфракцыйных рашотак, дысперсійных фільтраў і інш. Для выяўлення і вымярэння І.в. выкарыстоўваюцца цеплавыя і фотаэлектрычныя прыёмнікі (балометры, тэрмаэлементы), оптыка-акустычныя і піраэлектрычныя прыёмнікі, фотаэлементы і фотапамнажальнікі, электронна-аптычныя пераўтваральнікі і фотарэзістары, спец. фотаматэрыялы. І.в. выкарыстоўваецца ў навук даследаваннях, прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ваен. справе — для ідэнтыфікацыі і вывучэння будовы хім злучэнняў, якаснага і колькаснага спектральнага аналізу (гл.Інфрачырвоная спектраскапія), сушкі і нагрэву, дэфектаскапіі вырабаў (гл.Інфрачырвоная дэфектаскапія), фатаграфавання ў цемнаце, у начнога бачання прыладах і цеплапеленгацыі, саманавядзення снарадаў і ракет, наземнай і касм. сувязі, у лакатарах, дальнамерах і інш. (гл. таксама Інфрачырвоная тэхніка).
Літ.:
Леконт Ж. Инфракрасное излучение: Пер. с фр.М., 1958;
Марков М.Н. Приемники инфракрасного излучения. М., 1968;
Хадсон Р.Д. Инфракрасные системы: Пер. с англ.М., 1972;
Левитин И.Б. Применение инфракрасной техники в народном хозяйстве. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст.крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.