АЎСТЭ́РЫЯ

(італьян. osteria),

заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТАКСІ́НЫ

(ад анты... + таксіны),

спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСІ́Т

(ад назвы мясцовасці Бо на Пд Францыі, дзе ўпершыню быў знойдзены),

алюмініевая руда, якая складаецца пераважна з гідратаў вокіслаў алюмінію, вокіслаў жалеза (бёміту, гібсіту, гідрагётыту, дыяспару і інш.) і гліністых мінералаў. Агрэгаты шчыльныя (камяністыя), порыстыя, зямлістыя, глінападобныя. Колер белы, шэры, жоўты, чырвоны, чорны. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1800—3200 кг/м³. Паходжанне латэрытнае (рэшткавае, ва ўмовах трапічнага і субтрапічнага клімату) і асадкавае. Гал. руда для атрымання алюмінію, выкарыстоўваецца на выраб фарбаў, штучных абразіваў, вогнетрывалых матэрыялаў і інш. Асн. радовішчы ў Аўстраліі, Сурынаме, Гаяне, Бразіліі, Гвінеі, Францыі, Венгрыі, Расіі, ЗША, на Ямайцы.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМІРЗЯ́Н Рубен Сяргеевіч

(20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),

рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.М.Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.Ф.Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.К.Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗЫ́РЫНА Ларыса Дзмітрыеўна

(н. 1.2.1942, г. Брэст),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1963). Працавала настаўніцай у школе г. Мінска. З 1969 у Мінскім пед. ін-це, з 1976 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1992 заг. кафедры тэорыі і методыкі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. спецыяліст аддзела гуманіт. навук дзярж. Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Даследуе тэорыю і методыку фіз. выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Аўтар прац «На шляху да фізічнага ўдасканалення» (1987) і інш.

Тв.:

Очарование: Путешествие малышей со взрослыми по природе. Мн., 1996.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКЦІЁНАЎ Сцяпан Піліпавіч

(1779, С.-Пецярбург — 2.7.1854),

рускі графік. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1785—1800) у М.М.Іванава і С.Шчадрына. Выкладаў там жа (1817—54; праф. з 1831). Працаваў гал. чынам у тэхніцы разцовай гравюры ў спалучэнні з афортам; адзін з першых у Расіі авалодаў тэхнікай літаграфіі. Аўтар краявідаў Пецярбурга і яго ваколіц («Від Марлі і Залатой гары з боку Парнаса ў Пецяргофе», гравюра на медзі, пач. 1800-х г., 12 замалёвак Пецярбурга, літаграфіі па ўласных малюнках, 1821—24), віньетак для пецярб. альманахаў і часопісаў, ілюстрацый да твораў А.Пушкіна, І.Крылова і інш. Займаўся таксама жывапісам.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км2 (з іх у ЗША 36 тыс. км2). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м3 газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГФРЫ́ДАН Іван

(Зігфрыд Іаган),

бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч

(н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед. б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ (франц. ensemble літар. разам) у архітэктуры і горадабудаўніцтве, гарманічнае адзінства прасторавай кампазіцыі будынкаў, інж. збудаванняў (масты, набярэжныя і інш.), манум. жывапісу і скульптуры, зялёных насаджэнняў. Ствараецца за невял. адрэзак часу, паводле адзінай задумы і ў адным стылі (Скарыны праспект у Мінску, Гарадніца ў Гродне і інш.) або за працяглы час дапаўненнем першапач. кампазіцыі. Цэласнасць такога ансамбля дасягаецца толькі пры захаванні агульных прынцыпаў яго пабудовы, арган. спалучэнні новага са старым (ансамбль Крамля Маскоўскага, П’яцца Сан-Марка ў Венецыі, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу, Жыровіцкі Успенскі манастыр). Для больш глыбокага раскрыцця ідэйна-вобразнай сутнасці ансамбля і эмацыянальнага ўздзеяння на гледача ў яго кампазіцыю часам уключаюць творы розных відаў мастацтва (гл. Сінтэз мастацтваў): пл. Дзекабрыстаў у С.-Пецярбургу з помнікам Пятру І, палацава-паркавыя ансамблі 17—18 ст. (Версаль, Петрадварэц, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.), плошчы Перамогі ў Мінску і Віцебску. Прынцыпы ансамблевасці забудовы закладваюцца ў генпланах.

У кампазіцыі ансамбля адрозніваюць: глыбінна-прасторавую будову перспектывы (уздоўж выцягнутай плошчы, праспекта, вуліцы, бульвара), замкнёную ці напаўзамкнёную прастору, абмежаваную забудовамі ці зялёнымі насаджэннямі (гар. і паркавыя плошчы, унутрыквартальныя прасторы і інш.), жывапісную (гал. чынам у пейзажных парках і зялёных зонах). Як твор мастацтва ансамбль падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы маст. формы (гарманічныя суадносіны частак і цэлага, вылучэнне гал. элементаў кампазіцыі і інш.). Пры стварэнні ансамбля актыўна выкарыстоўваюць сіметрыю, асіметрыю, маштаб, прапорцыі, кантраст, нюанс і інш. сродкі арх. выразнасці.

Літ.:

Иконников А.В. Эстетические проблемы архитектуры. М., 1970;

Формирование архитектурных ансамблей в современном городе. М., 1974.

Ю.Н.Кішык.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)