плеценыя мастацкія вырабы з саломы; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў многіх земляробчых народаў Еўропы, на Беларусі пашырана з даўніх часоў. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайныя ёмістасці для збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў, а таксама пчаліныя вуллі (саламянікі). Іх маст. аблічча стваралася выразнымі формамі, своеасаблівым дыяганальным дэкорам, утвораным кантрастным спалучэннем карычневых дубцоў з залацістымі жгутамі саломы. Унікальная з’ява ў сусв. мастацтве — выкарыстанне саломы ў вырашэнні манум.-дэкар. задач, для аздаблення інтэр’ераў палескіх цэркваў, пераважна іканастасаў. Захаваліся іх фрагменты — царскія вароты канца 18 — пач. 19 ст. з вёсак Лемяшэвічы Пінскага р-на і Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., усе арнаментальныя матывы якіх цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляных каркасах. Аснова іх дэкору — традыц. вітая пляцёнка і чатырохгранныя плоскія і выпуклыя ўстаўкі. У такой жа тэхніцы выраблялі шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы і інш. Са стужак, сплеценых з 4—8 саломінак, сшывалі брылі. Магічную і дэкар. ролю ў сял. хатах выконваў павук, своеасаблівая кінетычная прасторавая канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці. З саламяных пучкоў, часам з дабаўленнем нітак, стужак, абрэзкаў тканін плялі аграрна-абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігур чалавека, жывёл, птушак, дзіцячыя цацкі, вырабыдэкар. пластыкі (жаваранкі, галубы, лялькі, коні і інш.). Яны вызначаліся абагульненымі, умоўнымі формамі, адсутнасцю дэкору. У сярэдзіне 20 ст. з заняпадам ручнога жніва традыцыі многіх відаў пляцення з саломы сталі забывацца. С.м. адрадзілася ў 1960-я г. для стварэння сувенірных і маст. вырабаў. Вырасла іх дэкаратыўнасць, ускладніліся і ўзбагаціліся спалучэннем разнастайных тэхнік пляцення формы, павялічылася жанравая і тэматычная разнастайнасць. Найб. пашырылася саламяная пластыка ў выглядзе фігур жывёл, птушак, людзей, а таксама кампазіцыі і жанравыя сцэнкі на фальк., літ., быт. тэмы. Утылітарна-бытавыя вырабы з саломкі (шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы, кошыкі, хлебніцы і інш.), сувенірную пластыку, галаўныя ўборы, кветкі, біжутэрыю, ёлачныя цацкі вырабляюць на фабрыках маст. вырабаў; сярод вядучых майстроў Т.Агафоненка, К.Арцёменка, К.Асташэвіч, Л.Блохава, Л.Главацкая, Г.Іванова, Н.Кузняцова, Л.Лось, Н.Панцялеева, Г. і Я.Саламянкі, Г.Саланінка, В.Салдатава, Г.Сапун, Т.Хадановіч і інш. У 1997 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд».
Да арт.Саломка мастацкая. Г. і Я. Саламянкі. Шкатулка і паднос. 1970-я г.Да арт.Саломка мастацкая. Царскія вароты. Майстар з в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 ст.Да арт.Саломка мастацкая. Т.Агафоненка. Конь. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.
Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш.Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш.Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.
На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫ́ТАРСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па выпуску кандытарскіх вырабаў на спецыялізаваных прадпрыемствах. Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш. Сыравіна: цукар, мёд, патака, садавіна і ягады, мука, малако, яйкі, масла, тлушч, крухмал, какава, арэхі, харч. кіслоты і дабаўкі і інш. Кандытарскія вырабы падзяляюцца на цукрыстыя (іх вырабляюць на кандытарскіх ф-ках) і мучныя (пераважна на прадпрыемствах хлебапякарнай прамысловасці).
К.л. развіта ў Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Германіі і інш.еўрап. краінах. Вытв-сць цукрыстых кандытарскіх вырабаў, а таксама розных мучных кандытарскіх вырабаў (бісквітаў, кексаў, крэкераў і інш.) найб. развіта ў ЗША і Вялікабрытаніі.
На Беларусі ў пач. 20 ст. кандытарскія вырабы выпускалі пераважна саматужнікі і невял. прадпрыемствы. Найб. вядомы былі кандытарскія ф-кі «Саламбо» ў Мінску і «Прасвет» у Гомелі. Падобная фабрыка дзейнічала ў 1913—15 у маёнтку Хорвата (у 1920 адноўлена ў г. Нароўля). У 1926—27 у БССР дзейнічалі 37 кандытарскіх прадпрыемстваў, найб. з іх ф-ка «Прагрэс» у Мінску (з 1929 — «Камунарка»). У 1930 пабудаваны кандытарская ф-ка ў Бабруйску і бісквітны цэх (з 1936 бісквітная ф-ка) у Мінску. У 1927—31 гомельская ф-ка «Прасвет» рэарганізавана ў кандытарскі камбінат «Спартак».
У 1940 на Беларусі выпускалася да 41,2 тыс.т кандытарскіх вырабаў, у 1990—154,4 тыс.т, у 1995—72,6 тыс.т вырабаў (без уліку грамадскага харчавання), у т. л. 39,2 тыс.т цукрыстых. Буйнейшыя прадпрыемствы: Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак», Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны Мазыранін», а таксама ў Івянцы і Маладзечне. Амаль усю сыравіну (акрамя цукру) і тэхнал. абсталяванне галіна ўвозіць з-за мяжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Йімя Ф.К.Багушэвіча.
Засн. ў 1952, адкрыты ў 1955 у г.п. Ашмяны Гродзенскай вобласці. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена ў 1953. Пл. экспазіцыі 236 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду 11—16 ст., манеты 18—19 ст., нар. адзенне, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, вырабынар. майстроў, дакументы і фотаздымкі з гісторыі Ашмяншчыны. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гіст. і рэв. падзей М.С.Арэхву, Г.Дэмбінскага, А.Снядэцкага і інш. Асобная зала прысвечана жыццю і літ. дзейнасці Ф.Багушэвіча (асабістыя рэчы, выданні яго твораў, фотаздымкі родных і блізкіх, макет дома ў Кушлянах і інш.). У музейнай б-цы (каля 1,5 тыс.экз. кніг) рэдкія і каштоўныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДАкозаў,
старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.
Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат.вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ПРЭС,
машына статычнага (няўдарнага) дзеяння, рабочыя часткі якой прыводзяцца ў рух высокім (20—50 МПа) ціскам вадкасці. Прынцып дзеяння заснаваны на Паскаля законе.
Асн. часткі гідраўлічнага прэса: рабочыя цыліндры з поршнямі, рухомыя і нерухомыя траверсы (бэлькі), размеркавальнае прыстасаванне, сістэма кіравання. На гідраўлічным прэсе робяць коўку, штампоўку, гібку; прасаванне парашковых і інш. матэрыялаў, пакетаванне і брыкетаванне стружкі; атрымліваюць пластмасавыя і гумавыя вырабы, драўняна-стружкавыя пліты, фанеру, тэксталіт, сінт. алмазы і інш. Упершыню гідраўлічны прэс выкарыстаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. для пакетавання сена, выціскання вінаграднага соку і інш., з сярэдзіны 19 ст. — для металаапрацоўкі. Унікальныя гідраўлічныя прэсы для аб’ёмнай штампоўкі (развіваюць намаганне да 750 МН) створаны ў СССР (1960-я г.).
Гідраўлічны прэс для аб’ёмнай штампоўкі (развівае намаганне 750 МН).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабынар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1985 на базе гіст. музея сярэдняй школы № 3 г. Дзяржынск, адкрыты ў 1987. Пл. экспазіцыі 400 м², 4 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў прылады працы эпохі неаліту, бронзавага і жал. вякоў, ляпны і ганчарны гліняны посуд, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні з археал. помнікаў Дзяржыншчыны, манетны скарб 17 ст., абраз-складзень 19 ст., кантракт 1897 графа Г.Чапскага на перадачу зямлі ў арэнду. Экспануюцца дакументы часоў 1-й сусв. і Вял.Айч. войнаў, асабістыя рэчы і рукапісы землякоў-пісьменнікаў К.Каганца, А.Вольскага, С.Шушкевіча і інш., карціны мастакоў Дзяржыншчыны, бел.нар. адзенне і абутак, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., вырабы дзіцячай творчасці, прамысл. прадпрыемстваў раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з г. Дуброўна Віцебскай вобл.Стараж. промысел, найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чорназадымлены, непаліваны, гартаваны, паліваны з размалёўкай і без яе гасп. посуд (гаршкі, збанкі, гладышы, міскі, вазоны, цёрлы і інш.), а таксама цацкі. Д.к. адметная простымі лаканічнымі формамі і дакладнымі прапорцыямі. Цацкі вылучаюцца архаічным абліччам. У 1950—70-я г. выраблялі задымлены, сінявата-чорнага колеру посуд з матавай шурпатай паверхняй, аздоблены хвалістымі палосамі, прадрапанымі па сырым чарапку, і цацкі, задымленыя ці афарбаваныя ў белы колер.
Літ.:
Елатомдева И. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Сахута Я. Беларуская народная гліняная цадка. Мн., 1982.
Я.М.Сахута.
Дубровенская кераміка.Да арт.Дубровенская кераміка. Цацка «Пара». Пач. 20 ст.