мастацкае катанне на каньках: адна- і двухапорныя слізганні на рэбрах канькоў па крывых лініях у спалучэнні з паваротамі, скачкамі, вярчэннямі па верт. восі і інш.; від спорту. Ф.к. ўласцівы высокая эмацыянальнасць і выразнасць рухаў; складаная тэхніка катання спалучаецца з харэаграфіяй і муз. суправаджэннем маст. кампазіцый. Уключае адзіночнае катанне (асобна жанчыны і мужчыны), парнае катанне (жанчына і мужчына), спарт. танцы (жанчына і мужчына) і сінхроннае катанне (камандай). Адзіночнае катанне складаецца з кароткай праграмы (да 2 мін 40 с), адвольнай праграмы (да 4 мін у жанчын і 4,5 мін у мужчын) і інтэрпрэтаванага адвольнага катання (да 4,5 мін). Парнае катанне ўключае кароткую і адвольную праграмы. Аснову спартыўных танцаў складаюць камбінацыі крокаў, якія выконваюцца ў адпаведнасці з рытмам і характарам танца. Уключаюць абавязковы, арыгінальны і адвольны танцы. Выступленні па ўсіх відах Ф.к. ацэньваюцца па 6-бальнай шкале, асобна за тэхніку і маст.выкананне.
Як від спорту Ф.к. сфарміравалася ў 1860-я г. (сінхроннае катанне ў 1990-я г.). I чэмпіянат Еўропы сярод мужчын праведзены ў 1891 (г. Гамбург, Германія), свету — у 1896 (С.Пецярбург); жанчыны ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету з 1906, Еўропы — з 1930. У парным катанні чэмпіянаты свету праводзяцца з 1908, Еўропы — з 1930; па спарт. танцах адпаведна з 1950 і 1954. У праграме зімовых Алімп. гульняў з 1924 (у 1908 і 1920 — у праграме летніх Алімп. гульняў), па спарт. танцах — з 1976. Найб. папулярнае Ф.к. ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Скандынавіі.
На Беларусі Ф.к. развіваецца з пач. 1960-х г. Федэрацыя Ф.к. Беларусі створана ў 1968. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся ў парным катанні Н.Мішкуцёнак (у пары з А.Дзмітрыевым, Расія) — чэмпіёнка XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя), А.Гуд і Я.Колтун — бронз. прызёры чэмпіянату свету сярод юніёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́ТАЎ Георгій Пятровіч (13.10.1886. г. Саратаў, Расія — 1.9.1951),
расійскі рэліг. філосаф, гісторык і публіцыст. Вучыўся ў пецярбургскіх тэхнал. ін-це і ун-це, у Іенскім ун-це (Італія). У 1914—18 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та, у 1920—22 праф. і заг. кафедры Саратаўскага ун-та. У 1925 эмігрыраваў у Францыю, дзе выкладаў у Рус.правасл. багаслоўскім ін-це. У 1943—51 праф. Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў час. «Новый град» (Парыж, 1931—39), у якім развіваў ідэі хрысціянскага сацыялізму. У цэнтры яго філас. даследаванняў гістарыясофія, у межах якой аналізаваў праблемы сэнсу і перспектыў гісторыі, прызначэння і лёсу культуры і цывілізацыі, своеасаблівасць рус. культуры і гісторыі, рэліг.-маральныя асновы жыцця грамадства («Святыя Старажытнай Русі», 1931; «І ёсць і будзе: Разважанні аб Расіі і рэвалюцыі». 1932; «Сацыяльнае значэнне хрысціянства», 1933; зб.арт. «Новы град», 1948, і інш.). Лічыў, што жывая хрысц. свядомасць не ўспрымае ні веры ў прагрэс грахоўнай і смяротнай культуры, ні абыякавага сузірання яе распаду і гібелі. Паводле Ф., думка аб асабістай смерці і канцы гісторыі можа выклікаць настрой безнадзейнасці, а можа стаць і вытокам праверкі сумлення і паглыблення жыццёвага вопыту; таму заклікаў да сац. дысцыпліны і адказнасці кожнага за выкананне сваіх абавязкаў. Эсхаталагічныя ідэі Ф. вылучаюць і падкрэсліваюць момант папярэдняй незададзенасці і непрадбачанасці сапраўднага руху гісторыі, паколькі Бог у якасці яе тварца не пазбаўляе чалавека свабоды волі і права выбару.
Тв.:
Христианин в революции. Париж, 1957;
Лидо России: (Статьи 1918—1950). Париж, 1974;
Россия и свобода. Нью-Йорк, 1981;
Судьба и грехи России: Избр. ст. по философии рус. истории и культуры. Т. 1—2. СПб., 1991—92;
О святости. интеллигенции и большевизме: Избр. ст. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,
1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар.гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананненорм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».
3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.
Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел.літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.
У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац.АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.
Літ.:
Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;
Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;
Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;
Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,
прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
частка нацыянальнага даходу, якая паступае ў індывід. спажыванне тых, хто працуе па найму. Адрозніваюць намінальную З.п. (сума грашовых сродкаў, атрыманых работнікам за выкананне работы на працягу пэўнага перыяду часу) і рэальную З.п. (тая колькасць тавараў і паслуг, якую можна за яе набыць). У залежнасці ад спецыфікі працы прымяняюць пагадзінную [аплата праводзіцца па тарыфных стаўках (акладах) адпаведна колькасці працы] і здзельную сістэму З.п. (аплата па фактычнай выпрацоўцы прадукцыі па здзельных расцэнках). У большасці краін мінімум З.п. ўстанаўліваецца законам.
Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.п. — гэта сукупнасць узнагароджанняў у грашовай або (і) натуральнай форме, якія атрымлівае работнік за фактычна выкананую работу, а таксама за перыяды. што ўключаюцца ў рабочы час.Мінім. З.п. з’яўляецца асновай для вызначэння памераў рэсп. тарыфаў аплаты працы, пенсій, стыпендый, дапамог і інш.сац. выплат. У калектыўных дагаворах, пагадненнях можа быць прадугледжаны больш высокі памер мінім. З.п. Максімальны памер З.п. не абмяжоўваецца. Рэсп. тарыфамі аплаты працы з’яўляюцца месячныя тарыфныя стаўкі і службовыя аклады, якія вызначаюць узроўні аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў бюджэтных устаноў і арг-цый, а таксама наймальнікаў, якія карыстаюцца дзярж. датацыямі. Інш. наймальнікі, калі гэта прадугледжана калект. дагаворамі ці пагадненнямі, абавязаны выкарыстоўваць рэсп. тарыфы для дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў. Рэсп. тарыфы аплаты працы вызначаюцца ўрадам або інш. упаўнаважаным органам з удзелам прафсаюзаў. Аплата працы ажыццяўляецца, як правіла, на аснове тарыфных ставак (службовых акладаў), якія вызначаюцца ў калект. дагаворы або наймальнікам. На цяжкіх работах, работах са шкоднымі ўмовамі працы і работах у мясцовасцях з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі ўстанаўліваецца павышаная аплата працы.
Формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў устанаўліваюцца наймальнікам на аснове калект. дагавора, пагадненняў і працоўнага дагавора; работнікаў дзярж. бюджэтных устаноў — у парадку, які вызначаецца ўрадам; у вышэйшых дзярж. органах — устанаўліваюцца законам. Наймальнік у лік атрыманага ім прыбытку можа ўстанаўліваць работнікам узнагароджанне па выніках гадавой работы. Памер узнагароджання вызначаецца з улікам вынікаў працы работніка і працягласці бесперапыннага стажу работы ў дадзенага наймальніка. Работнікі маюць права на частку прыбытку прадпрыемства ў выпадках, прадугледжаных заканад. актамі або статутам прадпрыемства. З.п. падлягае індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для забеспячэння выплат належнай работнікам З.п., гарантыйных і кампенсацыйных выплат наймальнікі абавязаны ствараць рэзервовы фонд З.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БАТ (чэш. robot ад robota цяжкая паднявольная праца, rob раб; тэрмін «Р.» упершыню ўжыў К.Чапек у 1920 як назву мех. людзей),
аўтаматычная машына, якая забяспечвае выкананне розных рухаў і некаторых інтэлектуальных функцый, уласцівых чалавеку ў працэсе яго прац. дзейнасці. Мае перапраграмавальнае прыстасаванне і інш.тэхн. сродкі, што даюць магчымасць хуткай пераналадкі для аўтам. выканання розных дзеянняў, прадугледжаных праграмай.
Першыя Р., якія імітавалі рухі і знешні выгляд чалавека, выкарыстоўваліся з пацяшальнымі мэтамі. З развіццём аўтаматызацыі вытворчасці разам з традыцыйнымі аўтаматамі сталі выкарыстоўвацца Р.-аўтаматы (прамысловыя робаты), якія мелі адну або некалькі «мех. рук», пульт кіравання або ўбудаванае прыстасаванне праграмнага кіравання. З развіццём робататэхнікі створаны разнастайныя тыпы Р. Паводле сістэм кіравання адрозніваюць Р.: праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам), адаптыўныя (з пэўнымі магчымасцямі аўтам. перапраграмавання, гл.Самапрыстасавальны робат), інтэлектныя (здольныя планаваць свае дзеянні ў залежнасці ад зменных абставін). Інтэлектныя аснашчаюцца датчыкамі апачуццяўлення, якія ўтвараюць сенсорную сістэму, прызначаную для ўспрымання, пераўтварэння, аналізу, апрацоўкі (з дапамогай ЭВМ ці мікрапрацэсара) інфармацыі пра знешняе асяроддзе, перадачы яе кіроўнаму прыстасаванню або ЭВМ вышэйшага ўзроўню. Прамысловыя Р., як правіла, выкарыстоўваюцца ў комплексе з асн.тэхнал. абсталяваннем (у робататэхнічных комплексах і інш. структурных адзінках гібкай аўтаматызаванай вытворчасці). Выкарыстанне Р. дазваляе вызваліць чалавека ад манатоннай і небяспечнай для жыцця работы, у т. л. ва ўмовах павышанай радыяцыі, высокай т-ры, пад вадой, у космасе і г.д.
Літ.:
Геттнер Р., Зейдевиц Н. Роботы сегодня и завтра: Пер. с нем. М., 1988;
Куафе Ф. Взаимодействие робота с внешней средой: Пер. с фр.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАХА́НАЎСКІ РУХ,
масавы рух наватараў і перадавікоў вытв-сці ў СССР у сярэдзіне 1930-х — пач. 40-х г. за павышэнне прадукцыйнасці працы і лепшае выкарыстанне тэхнікі. Ўзнік у гады 2-й пяцігодкі ў вугальнай прам-сці Данбаса, названы ў гонар зачынальніка — забойшчыка шахты «Цэнтральная—Ірміна» ў г. Кадзіеўка (цяпер Стаханаў, Украіна) А.Р.Стаханава (1905—77), які 31 жн. 1935 здолеў за змену пры норме ў 7 т здабыць 102 т вугалю, а 19 вер. — 227 т. Пры падтрымцы парт. і камсамольскіх органаў С.р. ахапіў усе галіны нар. гаспадаркі і паўплываў на значны рост прадукцыйнасці працы, на паляпшэнне яе якасных паказчыкаў. Стаханаўскія метады працы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы ў гады Вял.Айч. вайны спрыялі перамозе сав. народа над фаш. Германіяй.
На Беларусі С.р. у ліку першых падтрымалі рабочыя-машынабудаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска (С.Шабалтас, В.Сямёнаў, П.Карбановіч, А.Хаткоўскі, К.Галаўня, Н.Лапін, А.Бальшакоў, І.Кучарэнка). Іх высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адказнасць спрыялі перавыкананню норм выпрацоўкі ў некалькі разоў. У 1936 разгарнуўся рух за рост прадукцыйнасці працы, высокую культуру вытв-сці, замену існуючых норм выпрацоўкі больш высокімі, у 1939 — за шматстаночнае абслугоўванне і сумяшчэнне прафесій. Да пач. 1941 стаханаўцамі і ўдарнікамі ў БССР сталі 50% рабочых. У гады Вял.Айч. вайны на эвакуіраваных ва ўсх. раёны СССРбел. фабрыках і заводах, як і на інш.сав. прадпрыемствах, да раней засвоеных метадаў наватарскай працы дадаліся: хуткасная тэхналогія вытв-сці і буд-ва, рух за выкананне норм выпрацоўкі на 200 і нават 1000%, франтавыя брыгады. Вопыт і традыцыі С.р. дзейнічалі і ў пасляваен. дзесяцігоддзі, калі паступова былі заменены інш. формамі сацыяліст. спаборніцтва.
С.р. не пазбег кампанейскага характару і фармалізму. Калі напачатку ён развіваўся дзякуючы энтузіястам-наватарам, то ў далейшым яго фактычна ў абавязковым парадку навязвалі рабочым калектывам парт., камсамольскія і прафс. органы, што надавала руху ў значнай ступені фармальны характар. Адначасова С.р. паслужыў «абгрунтаваннем» павышэння норм выпрацоўкі. Недастатковая залежнасць матэрыяльнага становішча работніка і калектыву ад колькасці і якасці працы ва ўмовах адм.-каманднай эканомікі не стымулявала наватарскія пошукі для павышэння прадукцыйнасці працы.
Літ.:
Козлов В.А., Хлевнюк О.В. Стахановское движение: время и люди. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАТЫРНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 23—29.1.1932 у Мінску. Прысутнічалі 494 дэлегаты з рашаючым і 185 з дарадчым голасам ад 75 238 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 54 392 чл. і канд. у чл.КП(б)Б]. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (В.Ф.Шаранговіч), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.М.Клімковіч), ЦКК КП(б)Б (А.Я.Калнін); аб выніках работы прам-сці за 1931 і перспектывах на 1932 (Р.П.Грысевіч); выбары кіруючых органаў. З’езд адзначыў паспяховае выкананне ў БССР заданняў 1-га пяцігадовага плана. Удзельная вага прам-сці ў нар. гаспадарцы вырасла з 38,7% у 1929/30 да 50% у 1931; створаны новыя галіны прам-сці: с.-г. машынабудавання, штучнага шоўку, буд. матэрыялаў і інш. Аднак нездавальняючымі заставаліся якасныя паказчыкі развіцця эканомікі. За час ад XIII з’езда КП(б)Б (1930) колькасць калгасаў павялічылася на 50%, іх пасяўныя плошчы — у 3 разы. Першачарговымі задачамі з’езд вызначыў барацьбу за якасць вытв-сці, са стратамі і расхлябанасцю, укараненне гасп. разліку ў цэхі і брыгады, ліквідацыю абязлічкі, арганізац.-гасп. ўмацаванне калгасаў. У ліку дасягненняў адзначаны ліквідацыя ў рэспубліцы непісьменнасці, пераход Беларусі адной з першых у СССР да ўсеаг. навучання, расшырэнне сеткі вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў, рабфакаў, разгортванне н.-д. дзейнасці. Поспехі ў нац. палітыцы і культ. будаўніцтве тлумачыліся разгромам пад кіраўніцтвам КП(б)Б «беларускага контррэвалюцыйнага нацыяналдэмакратызму» і яго «агентуры» ў партыі — нацыянал-апартунізму. Ставілася задача яшчэ большага ўзмацнення барацьбы супраць скажэнняў ленінізму ў тэорыі і практыцы. З’езд ухваліў дырэктывы ЦКВКП(б) па 2-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1933—37, даручыў ЦККП(б)Б забяспечыць на іх аснове распрацоўку 2-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР. З’езд выбраў. ЦК КП(б)Б з 117 чл. і 56 канд., Рэвіз. камісію КП(Б)Б з 11 чл., ЦКККП(б)Б з 120 чл.
Літ.:
XIV з’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі: Стэнагр. справаздача. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),
іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).
Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.Майкелсан, Ф.Селзнік, Т.Парсанс, Р.Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.
Літ.:
Weber M. The theory of social and economic organization. London; New York, 1947; Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983; Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),
спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВКБССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананнеспец. заданняў ЦВК і СНКБССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУСССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУСССР.
Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр.Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВКБССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУСБССР.