БІЯГЕ́ННЫЯ АСА́ДКІ,

усе віды адкладаў на паверхні Зямлі, якія ўтвараюцца пры пераходзе асадкавага арган. рэчыва з рухомага, завіслага або растворанага (у паветр. ці водным асяроддзі) у нерухомы стан (асадак). Утвараюцца на дне рэк, азёраў, мораў, акіянаў і інш., а таксама на паверхні сушы як вынік жыццядзейнасці арганізмаў (дыятомавыя і фарамініферавыя глеі, сапрапелі, тарфянікі, ракушачнікі і інш.). У сувязі з забруджваннем антрапагенным у біягенных асадках могуць назапашвацца незвычайна высокія мясц. канцэнтрацыі некаторых рэчываў, зрэдку ядавітых.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ПРЫ,

бальнеагразевы курорт на Украіне, на ўскраіне г. Голая Прыстань, за 18 км ад г. Херсон. Вядомы з канца 19 ст. (пабудавана першая гразелячэбніца). Асн. лек. фактар — сульфідная мулавая гразь з вял. колькасцю вуглякіслых солей кальцыю і магнію і хларыдна-натрыевая рапа мясц. салёнага возера. Лячэнне імі ў спалучэнні з бальнеа- (штучныя мінер. ванны) і клімататэрапіяй (вельмі цёплае, сухое і сонечнае лета) эфектыўнае пры хваробах органаў руху і апоры, гінекалагічных, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ФО́РУМ,

чэхаславацкі апазіцыйны да Камуніст. партыі Чэхаславакіі паліт. рух у 1989—91. Патрабаваў ажыццяўлення дэмакр. рэформаў у паліт., грамадскім і эканам. жыцці краіны. Гал. дзеячы — В.Гавел, В.​Малы, Я.​Дзенстбер. Пры падтрымцы форуму ў снеж. 1989 прэзідэнтам Чэхаславакіі стаў Гавел. У 1990 Грамадзянскі форум атрымаў перамогу на выбарах у Нац. сход краіны. У крас. 1991 адбыўся раскол Грамадзянскага форуму на Грамадз. дэмакр. партыю і Грамадз. рух (з 1993 Свабодныя дэмакраты).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

1) у Стараж. Грэцыі пач. школы для хлопчыкаў 12 гадоў (школы граматыста) з выкладаннем чытання, пісьма і лічэння.

2) У Стараж. Рыме павышаныя (лац. і грэч.) пач. школы для дзяцей патрыцыяў і коннікаў.

3) У Расіі 17 ст. школы пры некат. манастырах для вывучэння грэч. і лац. граматыкі і ант. л-ры.

4) У Вялікабрытаніі і некат. краінах брыт. Садружнасці агульнаадук. сярэднія школы, якія рыхтуюць да паступлення ва ун-т.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Створаны ў 1967 у Гродне на тэр. Замкавай Гары, якая займае трохвугольны пагорак на мысе, утвораным пры ўпадзенні р. Гараднічанка ў Нёман. У 12—17 ст. тут існаваў Гродзенскі Стары замак, на паўн. рагу яго размяшчаўся Гродзенскі княжацкі церам, у цэнтр. частцы — Гродзенская Ніжняя царква, на месцы якой пазней пабудавана Гродзенская Верхняя царква. У 1580 тут пабудаваны палац Стафана Баторыя, у будынку якога цяпер размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ДНІЦА,

1) у старажытнарускай архітэктуры вял. памяшканне ў княжацкім палацы або асобная пабудова, дзе жыла грыдзь (малодшая княжацкая дружына), прымалі гасцей, наладжвалі святочныя баляванні.

2) На Беларусі ў 16—18 ст. — жылы пакой для чэлядзі ў сядзібным доме або флігель, які злучаўся з панскімі пакоямі сенцамі, часам уключаў камору; асобныя жылыя будынкі ў традыцыях нар. жылля, з 1 або 2 жылымі пакоямі. Грыдніцай называлі таксама вял. жылыя пакоі ў манастырах, часам — курныя хаты пры корчмах.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БРУСЁЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 1.1.1922, в. Гарошкава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1945). З ліст. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абароны Масквы, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Старшы сяржант Габрусёў вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля г. Вышгарад (Украіна): пераправіўся з групай разведчыкаў цераз раку, пасля гібелі камандзіра ўзначаліў узвод, які адбіў 10 контратак праціўніка, утрымліваў плацдарм да падыходу падмацавання. Да 1964 у Сав. Арміі.

А.К.Габрусеў.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВЕРТЫ́КУЛ (ад лац. diverticulum дарога ў бок, адхіленне),

прыроджанае ці набытае выпучванне сценкі полага органа чалавека ў выглядзе мяшка. Найчасцей бывае Д. стрававода, мачавога пузыра, радзей — дванаццаціперснай кішкі, страўніка. Прыроджаны Д. звязаны з заганамі развіцця органа, набыты — з прычыны ціску з поласці органа на яго сценку. Можа развівацца пры хваробах суседніх органаў. Запаленне сценак Д. — дывертыкул і т (катаральны, язвавы, флегманозны; магчымы прабадзенні Д.). Лячэнне залежыць ад лакалізацыі і цячэння Д., іншы раз хірургічнае.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́МНЫ ПО́РАХ, чорны порах,

зярнёная механічная сумесь каліевай салетры (75%), драўнянага вугалю (15%) і серы (10% па масе). Лёгка загараецца і хутка згарае (цеплата згарання 32,3 МДж/кг) без доступу паветра з утварэннем газаў, здольных выконваць значную мех. работу. У Кітаі вядомы з 10—11 ст., у Еўропе — з 13 ст. Да сярэдзіны 19 ст. заставаўся адзіным брызантным выбуховым рэчывам. Выкарыстоўваюць пры здабычы штучнага каменю, для вырабу вогнеправоднага шнура. Гл. таксама Порах.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)