Мексіканскія Злучаныя Штаты (Estados Unidos Mexicanos), дзяржава на ПдПаўн. Амерыкі. Мяжуе на Пн з ЗША, на ПдУ з Гватэмалай і Белізам. На З абмываецца Ціхім ак. (на значным працягу Каліфарнійскім зал.), на У — Карыбскім м. і Мексіканскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 1958,2 тыс.км². Нас. 98,6 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Мехіка. Падзяляецца на 31 штат і сталічную Федэральную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1917 (са зменамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў без права перавыбрання. Прэзідэнт назначае членаў урада і звальняе іх, назначае ген. пракурора і губернатара федэральнага раёна, прадстаўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў і вышэйшых афіцэраў арміі. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Нац. кангрэсу, што выбіраецца па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва: сенат — 128 сенатараў, якія выбіраюцца на 6 гадоў (палавіна складу сената выбіраецца кожныя 3 гады), палата дэпутатаў — 500 дэпутатаў, што выбіраюцца на 3 гады. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду, які падсправаздачны яму. Кожны штат мае сваю канстытуцыю і заканад. органы.
Прырода. М. размешчана ў паўд.ч. Кардыльер Паўн. Амерыкі. Большую ч.тэр. М. займае Мексіканскае нагор’е (пераважныя выш. 1000—2000 м, на Пд у Папярочнай Вулканічнай Сьеры дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). На Пд ад р. Бальсас — Паўд. Сьера-Мадрэ (выш. да 3703 м). На Пд і ПдУ ад перашыйка Тэўантэпек — хрыбты Сьера-Мадрэдэ-Ч’япас і вулканічны масіў Ч’япас. Уздоўж берагоў нізіны і раўніны. П-аў Каліфорнію займаюць невысокія горныя масівы, п-аў Юкатан раўнінны, развіты карст. Бываюць землетрасенні і вывяржэнні вулканаў, асабліва на Пд. У М. шмат карысных выкапняў: нафта, прыродны газ, свінцова-цынкавыя, медныя, сярэбраныя, ртутныя, сурмяныя, кадміевыя, алавяныя, вальфрамавыя, залатыя руды. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, самароднай серы, плавікавага шпату, графіту і інш. Клімат на б.ч. краіны трапічны, на Пн субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад 10 °C на ПнЗ да 25 °C на Пд, ліп. ад 15 °C на ўзвышаных раўнінных частках нагор’я да 30 °C на беразе Каліфарнійскага зал. У гарах кліматычная вышынная пояснасць. Гадавая колькасць ападкаў ад 100—200 мм на Пн да 2000—3000 мм на паўд. наветраных схілах. Амаль палавіна тэр. М. на Пн мае недастатковае ўвільгатненне. Рачная сетка на ПдУ густая, на ПнЗ вельмі рэдкая. Найб. рэкі: Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Рыо-Грандэ, на мяжы з ЗША), Бальсас, Рыо-Грандэ-дэ-Сант’яга, прывусцевы ўчастак р. Каларада і інш. Гідраэнергапатэнцыял рэк — каля 80 млн.кВт. Расліннасць вельмі разнастайная, лясы займаюць 29%. На Пн — пустыні і паўпустыні з ксерафільнай флорай (кактусы, агавы, юка), на Пд нагор’я і прылеглых берагавых нізінах — саванны (злакавае покрыва і калючыя хмызнякі). У гарах на Пн лісцевыя і мяшаныя лясы (дуб, граб, ліпа, хвоя, піхта). На Пд трапічныя лясы, на ўсх. схілах — вільготныя, вечназялёныя, на зах. схілах — сухія пераважна хваёвыя; каля падножжа гор лістападныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь прадстаўлены грызунамі, у горных лясах водзяцца чорны мядзведзь, янот-паласкун, чырвоная рысь, пума, у саваннах — дрэвавы дзікабраз, мурашкаед, у трапічных лясах на Пд — малпы, тапір, ягуар. Нац. паркі: Кумбрэс-дэ-Мантэрэй, Сьера-дэ-Сан-Педра-Мартыр, Каньён-дэль-Рыо-Бланка, Невададэ-Талука, Ла-Малінчэ і інш. Біясферны запаведнік Сіян-Каан на п-ве Юкатан і запаведнік кітоў Эль-Віскайна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць мексіканцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшання індзейцаў з іспанцамі. Карэнныя індзейскія народы (ацтэкі, майя, цэльталі, цацылі, хуастэкі, татанакі, міхе, атомі, міштэкі, масахуа, масатэкі, чынантэкі, тараскі і інш.) жывуць пераважна ў цэнтр. і паўд. раёнах.
Жывуць таксама выхадцы з Еўропы (іспанцы, баскі, немцы, французы, італьянцы і інш.), ураджэнцы розных краін Амерыкі, яўрэі, кітайцы, японцы і інш. Іспана-індзейскія метысы складаюць 75% насельніцтва, індзейцы — 9%, нашчадкі еўрапейцаў — 15%, інш. — 1%. Вернікі пераважна католікі (89,7%). Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 50,4 чал. на 1 км², найб. (да 500 чал. на 1 км²) — у міжгорных катлавінах Цэнтр. і Паўд. М. У гарадах жыве 74% (1998), у т. л. ў буйных гарадах (больш за 700 тыс.ж. у кожным) — 33%. Характэрная рыса — гіпертрафіраванае развіццё сталічнай і некалькіх інш. агламерацый (млн.ж., 1995): Мехіка — 20,2, Гвадалахара — 3,43, Мантэрэй — 1,1, Пуэбла — 1, Леон — 0,9, Сьюдад-Хуарэс — 0,8. У сельскай гаспадарцы занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 24%, у сферы паслуг — 48%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. пачаў рассяляцца каля 20—15 тыс.г. да н.э. З 8-га тыс. да н.э. пачаўся пераход ад палявання і збіральніцтва да земляробства. Аснову харчавання народаў Цэнтр. Амерыкі ў 8—2-м тыс. да н.э. складалі зерне злакаў, бабовыя, кабачкі і гарбузы. Адной з найстаражытнейшых у Амерыцы (на тэр. сучасных мекс. штатаў Табаска і Веракрус) была цывілізацыя альмекаў, росквіт якой адносіцца да 1500—600 да н.э. Многія вучоныя лічаць, што альмекская цывілізацыя стала крыніцай, з якой наступныя цэнтр.-амер. цывілізацыі запазычылі элементы вераванняў, традыцый і архітэктуры. У 1-м тыс.н.э. важным культ., адм. і эканам. цэнтрам Цэнтр. Амерыкі быў г. Тэатыўакан у цэнтры М. У сярэдзіне 7 ст. ён быў разбураны ў выніку заваявання або прыроднай катастрофы. Каля 500 н.э. на тэр. сучаснага штата Аахака ўзнікла цывілізацыя плямён сапатэкаў. Фрагменты створанай імі іерагліфічнай пісьменнасці захаваліся на руінах храмаў і дамоў іх сталіцы. На мяжы 1-га тыс. да н.э. і 1-га тыс.н.э. на тэр.паўд.М., Гватэмалы, Гандураса і Беліза склалася унікальная цывілізацыя плямён майя, росквіт якой прыпадаў на 250—900 н.э. Па нявысветленых прычынах каля 900 асн. цэнтры майя абязлюдзелі і ч. насельніцтва перасялілася на п-аў Юкатан, дзе культура майя развівалася да заваявання М. іспанцамі ў 16 ст. У 8—9 ст.н.э. ў цэнтр. М. склалася дзяржава тальтэкаў. У 10 ст. яны праніклі на Юкатан і ў горную Гватэмалу, дзе падначалілі асобныя групы майя. У 2-й пал. 12 ст. нашэсце. з Пн ваяўнічых плямён, сярод якіх былі і ацтэкі, паклала канец панаванню тальтэкаў у М. У 1325 ацтэкі заснавалі ў цэнтр. М. г.Тэначтытлан. У пач. 16 ст. іх імперыя ахоплівала тэр. плошчай каля 200 тыс.км² з нас. 5—6 млн.чал., але была нетрывалай.
У 1517 ісп.канкістадоры пад кіраўніцтвам Ф.Кордавы дасягнулі мекс. ўзбярэжжа ў раёне Юкатана, але ў сутычцы з майя панеслі значныя страты. У 1519 губернатар Кубы Д.Веласкес накіраваў для заваявання М. атрад Э.Картэса. Ацтэкі на чале з Куаўтэмакам упарта супраціўляліся, аднак іспанцы пры дапамозе паўстаўшых супраць ацтэкаў плямён пасля 3-месячнай аблогі 15.8.1521 захапілі і разбурылі Тэначтытлан, на яго месцы заснавалі горад Мехіка, які стаў адм. цэнтрам віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Да канца 16 ст. іспанцы ў асн. завяршылі заваяванне М. Каталіцкія місіянеры, што прыйшлі разам з канкістадорамі. распачалі хрысціянізацыю індзейцаў. Большасць карэннага насельніцтва была пазбаўлена амаль усіх сваіх зямель і апынулася ў поўнай залежнасці ад калан. улад, землеўладальнікаў-іспанцаў і каталіцкай царквы. Індзейцы адбывалі працоўную павіннасць і плацілі падушны падатак, былі прымацаваны да буйных маёнткаў — асьендаў і з цягам часу ператварыліся ў спадчынных даўгавых нявольнікаў — пеонаў. У сувязі з недахопам рабочых рук, выкліканым вял. смяротнасцю сярод індзейцаў з-за эпідэмій і жорсткага абыходжання іспанцаў, у М. пачалі ўвозіць неграў-нявольнікаў з Афрыкі. Адбывалася змяшэнне еўрап., індзейскага, афр. насельніцтва і ўтварэнне новых этн, груп — метысаў, мулатаў, самба. Вышэйшыя адм., ваен. і царк. пасады займалі прывілеяваныя вярхі, што складаліся з ураджэнцаў метраполіі. Яны валодалі найб. маёнткамі і руднікамі і ўціскалі правы карэннага насельніцтва М. Метраполія вывозіла з М.-калоніі ўсё неабходнае і ўвозіла туды свае тавары па завышаных цэнах, што выклікала незадаволенасць мясц. насельніцтва каланіяльным рэжымам. Буйныя антыкалан. паўстанні адбыліся ў 1624 і 1692 у Мехіка, у 1660 у Аахаке, у 1761 на Юкатане, у 1762 у Мічаакане. У пач. 19 ст. незадаволенасць насельніцтва вылілася ў моцны вызв. рух, які стаў часткай вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Штуршком да пачатку рэв. падзей у М. сталі ісп. рэвалюцыя 1808—14, антыісп. паўстанні, што выбухнулі ў крас. 1810 у паўд.-амер. калоніях Венесуэла, Новая Гранада і Ла-Плата. Нар. паўстанне ў М., якое пачалося 16.9.1810 у с. Далорэс на чале з М.Ідальга, хутка набыло агульнанац. характар. Ідальга заклікаў да скасавання нявольніцтва, расавай дыскрымінацыі і феад. павіннасцей, патрабаваў вяртання індзейцам адабраных зямель. Большасць крэолаў (патомкі еўрап. пасяленцаў, што нарадзіліся ў М.) стала на баку ісп. улад, таму ў студз. 1811 рэв. армія была разбіта, Ідальга ўзяты ў палон і расстраляны. На чале вызв. барацьбы стаў Х.М.Марэлас. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы захапілі значную ч.тэр.М., у т. л.г. Акапулька. У вер. 1813 Нац. кангрэс, скліканы ў Чыльпансінга па ініцыятыве Марэласа, прыняў дэкларацыю аб незалежнасці М. Аднак у канцы 1815 іспанцы разграмілі асн. сілы паўстанцаў і пакаралі смерцю Марэласа. Пачалася зацяжная партыз. вайна. Ініцыятыву ў вызв. руху перахапілі буйныя землеўладальнікі, купцы і вышэйшае духавенства на чале з ген. А.Ітурбідэ, армія якога заняла Мехіка. 28.9.1821 абвешчана незалежнасць М. У маі 1822 Ітурбідэ абвясціў сябе імператарам пад імем Аўгусціна I, але ў сак. 1823 прыхільнікі рэсп. ладу адхілілі яго ад улады. 4.10.1824 прынята канстытуцыя, што ўстанавіла ў М. рэспубліку. 1825—55 характарызаваліся жорсткай барацьбой за ўладу паміж рознымі паліт. і ваен. групоўкамі. У 1834 у краіне ўсталявалася дыктатура А.Санта-Аны, які афіцыйна быў прэзідэнтам у 1833—35, 1841—44, 1846—47, 1853—55. Унутрыпаліт. нестабільнасць у М. выкарысталі суседнія дзяржавы. У 1845 ЗША анексіравалі Тэхас, у 1846 пачалі амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 і нанеслі М. паражэнне. Паводле Гуадалупе-Ідальга мірнага дагавора 1848 М. страціла больш за палавіну сваёй тэр. (вобласці Верхняя Каліфорнія, Арызона і інш.). У ліп. 1854 супраць дыктатуры Санта-Аны пачалося паўстанне, якое перарасло ў рэвалюцыю. У 1855 дыктатар скінуты і да ўлады прыйшлі лібералы, што прынялі шэраг антыклерыкальных законаў і новую канстытуцыю (1857). У адказ кансерватыўна-клерыкальныя колы ўзнялі мяцеж і скінулі ліберальны ўрад І.Каманфорта. У абарону канстытуцыі выступілі лібералы на чале з часовым прэзідэнтам рэспублікі Б.Хуарэсам Гарсія. У ліп. 1859 урад Хуарэса Гарсія выдаў «законы аб рэформе», якія прадугледжвалі нацыяналізацыю царк. маёмасці. аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне грамадз. шлюбу.
У 1860 лібералы перамаглі ў працяглай грамадз. вайне. У 1861 Францыя, Вялікабрытанія і Іспанія, каб абараніць свае інвестыцыі, пачалі інтэрвенцыю ў М. (гл.Мексіканская экспедыцыя 1861—67). У крас. 1864, пры дапамозе франц. акупантаў, марыянетачная асамблея абвясціла М. імперыяй на чале з франц. стаўленікам Максімілянам I Габсбургам. Аднак у выніку барацьбы мекс. патрыётаў на чале з Хуарэсам Гарсія (прэзідэнт у 1861—72), якую падтрымалі ЗША, франц. войскі ў 1867 былі выведзены і ліквідавана марыянетачная імперыя; Максімілян I быў узяты ў палон і расстраляны. З 1876 у М. ўсталявалася дыктатура ген. П.Дыяса (прэзідэнт у 1877—80, 1884—1911), пры якой фактычна былі скасаваны канстытуцыйныя свабоды, пазбаўлены паліт. ўплыву Нац. кангрэс, латыфундысты масава экспрапрыіравалі сял. землі, узмацнілася пранікненне іншаземнага капіталу ў эканоміку краіны.
Незадаволенасць дыктатарскім рэжымам усіх слаёў насельніцтва прывяла да мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Яе важнейшым вынікам стала прыняцце 31.1.1917 новай канстытуцыі, якая прадвызначыла дэмакр. развіццё М. і зрабіла вялізны ўплыў на ўсю Лац. Амерыку. У перыяд прэзідэнцтва В.Карансы (1917—20) паліт. становішча ў М. вызначалася нестабільнасцю. Наступныя ўрады А.Абрэгона (1920—24) і П.Кальеса (1924—28) пачалі правядзенне агр. і адукац. рэформ, абмежавалі пазіцыі іншаземнага капіталу ў нафтавай прам-сці. Ажыццяўленне ж антыклерыкальных рэформ выклікала паўстанне т.зв. крыстэрасаў, падтрыманае кансерватыўнай апазіцыяй. З канца 1920-х г. выявіўся паварот управа мекс. урадаў (4 за 1928—34). Узмацненне левага крыла правячай Нац.-рэв. партыі (створана ў 1929, у 1938—46 наз. Партыяй мекс. рэвалюцыі, з 1946 — Інстытуцыйна-рэв. партыя) спрыяла прыходу да ўлады ген. Л.Кардэнаса (прэзідэнт у 1934—40), які паспяхова працягваў агр., адукац. і сац. рэформы; у 1937 часткова нацыяналізаваны чыгункі. у 1938 — прадпрыемствы амер. і брыт. нафтавых кампаній. Урад прэзідэнта А.Камача (1940—46) абвясціў 22.5.1942 вайну фаш. Германіі і яе саюзнікам. У 1940—80-я г. ўрады прэзідэнтаў М.Алемана (1946—52), А.Руіса Картынеса (1952—58), А.Лопеса Матэаса (1958—64), Г.Дыяса Ордаса (1964—70), Л.Эчэверыі (1970—76), Х.Лопеса Партыльё (1976—82), М. дэла Мадрыд Уртада (1982—88) праводзілі палітыку, накіраваную на ўзмацненне пазіцый нац. прадпрымальніцтва ўнутры краіны і на міжнар. арэне, ажыццяўлялі сац.-эканам. рэформы. Дзяржава актыўна ўмешвалася ў эканам. жыццё і пашырала дзярж. сектар эканомікі. Аднак працягвалася ўзбагачэнне заможных слаёў насельніцтва, а ўзровень жыцця сярэдніх і ніжэйшых слаёў зніжаўся. Незадаволенасць нар. мас прымушала ўрад праводзіць палітыку сац. манеўравання (стварэнне Кангрэса працы Ў 1966, новы закон аб агр. рэформе 1971, закон аб сац. забеспячэнні 1972, пашырэнне правоў паліт. партый у 1977 і інш.). На мяжы 1990-х г. М. перажывала востры эканам. і сац. крызіс. Прэзідэнт К.Салінас дэ Гартары (1990—94) абвясціў курс на правядзенне неаліберальных рэформ (шырокая прыватызацыя дзярж. уласнасці, лібералізацыя знешняга гандлю і інш.). Іх ажыццяўленне толькі ўзмацніла сац. праблемы ў краіне. У 1994—96 адбывалася паўстанне індзейцаў у штаце Ч’япас, арганізаванае Сапацісцкай арміяй нац. вызвалення. Урад прэзідэнта Э.Седыльё Понсе дэ Леона (выбраны 1.12.1994) ажыццяўляе канцэпцыю мадэрнізацыі — комплекс паліт. і сац.эканам. рэформ, накіраваных на дэцэнтралізацыю дзярж. кіравання, скарачэнне нерэнтабельнага дзярж. сектара, узмацненне адкрытасці эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У лют. 1996 падпісана мірнае пагадненне з сапацістамі аб канстытуцыйных папраўках, згодна з якімі карэннае насельніцтва атрымае адэкватнае прадстаўніцтва ў парламенце. З ліп. 1997 правячая Інстытуцыйна-рэв. партыя не мае большасці ў парламенце. М. праводзіць актыўную знешнюю палітыку, выступае за рэарганізацыю ААН у новых умовах, абсалютнае вяршэнства права ў міжнар. справах, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. краін, ядзернае і звычайнае раззбраенне, раўнапраўнае супрацоўніцтва дзяржаў. М. — член ААН (з 1945), Арганізацыі амер. дзяржаў (з 1948), Лацінаамер. эканам. сістэмы (з 1975), Паўн.-амер. асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА, з 1994), інш.міжнар. арг-цый, адна з заснавальніц Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інстытуцыйна-рэв. партыя, Партыя нац. дзеянне, Партыя дэмакр. рэвалюцыі, Сацыяліст.нар. партыя, Сапраўдная партыя мекс. рэвалюцыі і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Кангрэс працы, Канфедэрацыя працоўных М., Федэрацыя прафсаюзаў дзярж. служачых і інш.
Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна, адна за найб. развітых краін Лац. Амерыкі са шматгаліновай гаспадаркай і багатай мінеральна-сыравіннай базай. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. каля 8,1 тыс. долараў. 26% яго ўтвараецца ў прам-сці, 8% — у сельскай гаспадарцы, 67% — у сферы паслуг. З сярэдзіны 1990-х г. у краіну адкрыты свабодны доступ замежнага капіталу, з 1994 М. — член НАФТА (Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю, уключае М., ЗША, Канаду). У прамысловасцігал. галіны — горназдабыўная, нафтавая і нафтахім., металургічная, буд., тэкст., харчовая. Характэрна высокая канцэнтрацыя ў сталічнай агламерацыі і некалькіх буйных прамысл. цэнтрах (Мантэрэй, Гвадалахара). У горназдабыўной прам-сці вядучая роля належыць нафтагазавай галіне з высокай ступенню канцэнтрацыі і захаваннем пазіцый дзярж. нафтавай карпарацыі «Пемекс». Па здабычы нафты (163 млн.т, 1996) займае 1-е месца, па здабычы прыроднага (у асн, спадарожнага) газу (каля 30 млрд.м³ штогод) — адно з першых месцаў у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшыя радовішчы ў штатах Ч’япас, Табаска, на шэльфе Мексіканскага заліва. Здабываецца каля 11 млн.т каменнага вугалю (штат Кааўіла), каля 10,6 млн.тжал. руды (штат Дуранга). Здабыча руд каляровых металаў (сканцэнтраваны на Пн) мае сусв. значэнне. Вытв-сць (тыс.т, 1996): свінцу — 180, цынку — 355, медзі — 202, серабра — 2,3, вальфраму — 190. Экспартнае значэнне мае здабыча самароднай серы (1,7 млн.т, 1996), плавікавага шпату, сурмы, графіту, ртуці, вісмуту, кадмію. Вытв-сць электраэнергіі 154,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Больш за 50% электраэнергіі даюць ЦЭС, ёсць буйныя ГЭС на рэках Грыхальва і Бальсас, працуюць геатэрмальныя і сонечныя электрастанцыі, АЭС. Чорная металургія выпускае 12 млн.т сталі; камбінат у г. Ласара-Кардэнас (штат Мічаакан), 2 з-ды поўнага цыкла ў штаце Нуэва-Леон. Каля палавіны здабытай нафты перапрацоўваюць некалькі дзесяткаў нафтаперапр. з-даў (агульная магутнасць 76 млн.т). Вядучыя пазіцыі займаюць хім. (базіруецца на перапрацоўцы нафтагазавай сыравіны) і машынабуд. галіны прам-сці. М. — буйны вытворца і экспарцёр поліэтылену, метанолу, капралактаму. Выпускаецца каля 390 тыс.тхім. валокнаў (2,5% сусв. вытв-сці), развіта вытв-сць азотных (1,3 млн.т), фосфарных угнаенняў, сернай кіслаты, кальцыніраванай і каўстычнай соды, фармацэўтычнай прадукцыі. Гал. цэнтры хім. прам-сці — Мехіка, Ла-Кангрэхера, Каацакаалькас, Мінатытлан, Пахарытас. Машынабудаванне пастаўляе нафтавае абсталяванне, чыг. вагоны, электраматоры, трансфарматары, стальныя трубы, станкі, кавальска-прэсавае і тэкст. абсталяванне (Мехіка, Гвадалахара, Мантэрэй). Вылучаецца аўтамабілебудаванне (больш за 700 тыс. аўтамашын штогод) з буйнымі з-дамі замежных кампаній (Мехіка, Пуэбла, Талука, Сыодад-Саагун). Электронная прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па экспартнай перапрацоўцы паўфабрыкатаў з ЗША (Тыхуана, Мехікалі, Сьюдад-Хуарэс). Тэкст.прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Буйны тэкст. раён — штат Пуэбла, вытв-сць баваўняных тканін у гарадах Матаморас і Сьюдад-Абрэгон, шаўковых і шарсцяных — у Мехіка, перапрацоўка хенекену на п-ве Юкатан. Вытв-сць разнастайных буд. матэрыялаў развіта ва ўсіх раёнах краіны. Вытв-сць цэменту — каля 20 млн.т (1997). Развіты галіны харч. прам-сці: мукамольная, вінаробная, цукровая, плодаагароднінакансервавая; саматужныя промыслы, у т. л. выраб керамікі, ручное ткацтва. Сельская гаспадарка характарызуецца высокім агратэхн. узроўнем (у М. быў пакладзены пачатак «зялёнай рэвалюцыі», выведзены высокаўраджайныя гатункі пшаніцы, кукурузы, сорга). С.-г. ўгоддзі займаюць 24,7 млн.га, арашаецца 6 млн.га. Характэрны канцэнтрацыя зямель у буйных жывёлагадоўчых гаспадарках на Пн, перавага дробных сял. гаспадарак у астатніх раёнах краіны. Асн. галіна — раслінаводства (дае больш за 60% кошту прадукцыі). Пад збожжавымі культурамі 10,3 млн.га. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (тыс.т, 1996): кукурузу — 16 187, пшаніцу — 3809, фасолю — 1276, бульбу — 1140, рыс — 454, сою — 239. Экспартныя культуры (тыс.т, 1996): цукр. трыснёг — 41 140, бавоўнік — 231, кава — 408, сізаль — 45, копра — 203. Грубавалакністая агава-хенекен вырошчваецца на п-ве Юкатан (90% сусв. збораў). Субтрапічнае і трапічнае пладаводства: цытрусавыя, у т. л. лімоны (950 тыс.т, 10,5% сусв. збору), бананы, манга, папайя, ананасы, вінаград. Вырошчванне ранняй агародніны на экспарт. Жывёлагадоўля мяснога кірунку выкарыстоўвае прыродныя пашы (74,5 млн.га). Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 30,2, свіней — 18, авечак — 6, коней — 6,2. Вакол вял. гарадоў — малочная жывёлагадоўля, прамысл. птушкагадоўля. Лясная гаспадарка і нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Марское рыбалоўства найб. развіта каля берагоў п-ва Каліфорнія. У 1996 вылаўлена 1260 тыс.т рыбы. У Мексіканскім зал. лоўля крэветак і вустрыц. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Аўтадарог 240 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 80 тыс.км, чыгунак — 26,5 тыс.км. Танаж марскога флоту больш за 1 млн. брута рэг. т. Гал. парты Веракрус, Тампіка, Каацакаалькас, Саліна-Крус, Гуаймас, Энсенеда. Развіты трубаправодны транспарт (даўж. 30 тыс.км), авіятранспарт (больш за 240 буйных аэрапортаў). У 1996 экспарт склаў 95,5 млрд.дол., імпарт — 88,5 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць машыны, абсталяванне і трансп. сродкі — 53,6%, мінер. сыравіна (пераважна нафта і нафтапрадукты) — 12%, с.-г. тавары і морапрадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне — 39%, с.-г., спажывецкія тавары, паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёр — ЗША (80% экспарту, 75% імпарту), а таксама Канада, Японія, Германія. Развіты міжнар. турызм. У 1996 краіну наведала 21,6 млн. замежных турыстаў (пераважна з ЗША), даход ад турызму склаў 6,9 млрд. долараў. Турыстаў прывабліваюць стараж. помнікі культуры майя, ацтэкаў і інш. індзейскіх народаў, цудоўныя марскія курорты, унікальныя ландшафты, вял. гарады з арх. помнікамі каланіяльнага перыяду. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (тэр. паліцыя). Агульная колькасць 189 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву У сухап. войсках 130 тыс.чал., на ўзбраенні 720 бронетранспарцёраў, 280 баявых разведвальных машын, 1,5 тыс. мінамётаў, 118 буксіравальных гармат і інш. У ВПС 8 тыс.чал., 125 баявых самалётаў і 95 баявых верталётаў. У ВМС 37 тыс.чал., у т. л. 8,6 тыс.чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў, 22 дапаможныя судны і інш.; у марской авіяцыі 9 баявых самалётаў і 12 разведвальных верталётаў.
Ахова здароўя. Пераважае дзярж. сістэма мед. абслугоўвання; платная дапамога ў залежнасці ад даходаў сям’і. Плацежаздольная ч. насельніцтва карыстаецца паслугамі ўрачоў прыватнай практыкі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70,4, жанчын 77,8 года. Смяротнасць 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1196 чал., урачамі — 1 на 613 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,1%. Дзіцячая смяротнасць 24 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5 гадоў), пач. і сярэднюю школу, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа 6-гадовая для дзяцей з 6-гадовага ўзросту. Больш за 30% пач. школ прыватныя. Сярэдняя агульнаадук. школа мае 2 ступені — 3-гадовую базавую (няпоўная сярэдняя адукацыя) і 3-гадовую «вышэйшую» з агульнаадук. або тэхн. ухілам. Выпускнікі сярэдняй школы (12—13 гадоў навучання) атрымліваюць званне бакалаўра, што дае перавагу пры паступленні ў ВНУ. Прафес.пач. адукацыю (с.-г., прамысл. і інш.) даюць цэнтры па падрыхтоўцы да працы, сярэднюю (3 гады навучання па гуманіт. або прыродазнаўчанавук. профілі) — т.зв. бачыльярата. У сістэме вышэйшай адукацыі М. больш за 200 навучальных устаноў, у т. л. 70 з універсітэцкім статусам. Сярод дзярж. ун-таў існуюць нац. і ун-ты штатаў. Вядучым з’яўляецца Мексіканскі нац.аўт.ун-т (з 1551) у Мехіка. Буйнейшыя ВНУ — ун-ты Гвадалахары (з 1792) і штата Веракрус (з 1944; размешчаны ў некалькіх гарадах штата). «Калехіо дэ Мехіка» — навуч. і навук. ўстанова ў галіне гуманіт. і грамадскіх навук (з 1940, складаецца з 6 цэнтраў), Нац. палітэхн. ін-т (з 1936) у Мехіка. Тэхнал.ін-т вышэйшых даследаванняў (з 1943; прыватны) у г. Мантэрэй. У Мехіка Нац.б-ка (з 1833), Нац. музеі антрапалогіі і гісторыі, Музей сучаснага мастацтва, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, Музей мекс. флоры і фауны. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. цэнтрах Мекс.нац.аўт. ун-та, НДІ ун-та Гвадалахары, у «Калехіо дэ Мехіка». галіновых н.-д. цэнтрах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. больш за 2 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Universal» («Універсальная», з 1916), «Excélsior» («Эксельсіёр», з 1917), «La Prensa» («Прэса», з 1928), «El National» («Нацыянальная», з 1929), «Novedades» («Навіны», з 1936), «El Dia» («Дзень», з 1962), «El Heraldo de México» («Веснік Мехіка», з 1965) і інш.Інфарм. агенцтвы: нац. Інфармасьёнес Мехіканас (Інфармекс, засн. ў 1960), урадавае Натысіяс Мехіканас (Натымекс, засн. ў 1968). Дзейнічаюць больш за 700 радыёстанцый (усе камерцыйныя), у т. л. «Нуклеа радыё міл» (з 1960), «Група асір», «Арганізасьён імпулсора дэ радыё» (абедзве з 1965). Тэлебачанне з 1950, больш за 100 тэлестанцый. Вядучыя тэлекампаніі «Імевісьён» (дзярж., з 1968), «Тэлевіса» (прыватная, з 1973). Радыёвяшчанне і тэлебачанне кантралюе ўрадавае Гал. ўпраўленне сувязі.
Літаратура. Да 16 ст. існавала на мовах карэннага насельніцтва (майя, ацтэкаў, науа). Пасля заваявання М. ісп. каланізатарамі (16 ст.) развіваецца на ісп. мове. Першыя творы на ісп. мове напісаны канкістадорамі: «Лісты каралям Іспаніі» (1519—26) Э.Картэса, «Сапраўдная гісторыя канкісты Новай Іспаніі» (1568) Б.Дыяса дэль Кастыльё. На грамадскую думку і станаўленне мекс. л-ры вызначальна паўплывала дзейнасць ісп. асветніка-гуманіста Б. дэ Лас Касаса. У пач. 17 ст. з’явіўся першы ўласна маст. твор М. — паэма «Веліч Мексікі» Б. дэ Бальбуэны. Вядучае месца ў л-ры заняла паэзія, якая развівалася ў традыцыях ісп. барока (творчасць Х.І. дэ ла Крус). У пач. 18 ст. ў паэзіі ўзмацніліся антыкалан. тэндэнцыі (творы Р.Ландывара, Ф.Клавіхера). У перыяд барацьбы за незалежнасць (1810—24) росквіту дасягнулі патрыят. публіцыстыка і паэзія рэв. класіцызму (А.Кінтана Роа). У час антыісп. вайны апубл. першы нац. раман — «Перыкільё Сарніента» Х.Х.Фернандэса дэ Лісардзі (1816). Напісаны ў традыцыях сатыр. шахрайскага рамана, ён залажыў асновы жанру лац.-амер. рамана. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. ідэйна-маст. кірункам стаў рамантызм (паэзія М.Акуньі, Г.Прыета, раманы В.Рыва Паласіо). Гіст. прозе рамантыкаў (раманы «Хітрыкі д’ябла» М.Пайна, «Астусія...» Л.Інклана і інш.) уласціва бытапісальнасць, т.зв.кастумбрызм з элементамі рэаліст. аналізу нац. жыцця. Вядучым рамантыкам, адным з заснавальнікаў нац. самабытнай мекс. л-ры быў І.М.Альтамірана, які выступіў у абарону незалежнай ад еўрап.мекс. л-ры. На мяжы 19—20 ст. у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў і Парнаскую школу, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (М.Х.Атон, С.Дыяс Мірон, М.Гуцьерэс Нахера, А.Нерва); у прозе ўзмацніліся пазіцыі рэалізму (раманы «Тамачык» Э.Фрыяса, «Надзел» Х.Лопеса Партыльё-і-Рохаса, «Санта» Ф.Гамбоа). Прыкметнай з’явай у літ. жыцці М. стала стварэнне т.зв. рамана рэвалюцыі (М.Асуэла). Пісьменнікі гэтага кірунку (М.Л.Гусман, Г.Лопес-і-Фуэнтэс, Х.Р.Рамера, Р.Ф.Муньёс, Н.Кампабельё) звярталіся да адлюстравання жыцця і барацьбы працоўных у перадрэв. перыяд. Дакументальнасць, дынамізм характэрны для раманаў Х.Мансісідора, п’ес Р.Усіглі. 1-я пал. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. жанрах. Творчасць буйн. паэтаў Р.Лопеса Велардэ, Э.Гансалеса Мартынеса, К.Пельісера адметная яркім лірызмам, імкненнем вобразна адлюстраваць асаблівасці духоўнага складу мексіканцаў. Ідэя нац. самавыяўлення і самавызначэння, адчувальная ў працах Х.Васканселаса і А.Рэеса, у поўнай ступені сцвердзіла сябе ў паэзіі А.Паса, які ўзбагаціў нац. лірыку маст. адкрыццямі. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашырыўся. У л-ру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — «новая хваля» (С.Пітоль і інш.), для якога характэрна рэзкае непрыняцце мекс. рэчаіснасці, зварот да ўнутр. свету чалавека. Развіваліся раман (А.Яньес, Х.Рульфа, К.Фуэнтэс, Р.Кастэльянас), літ. крытыка (Х.Л.Мартынес, А.Кастра Леаль, Э.Карбальё), працягваюцца пошукі новых форм і стылявых сродкаў. На бел. мову вершы мекс. паэтаў перакладае К.Шэрман.
Архітэктура. У старажытнасці на тэр. М. развіваліся культуры індзейскіх плямён альмекаў, тальтэкаў, сапатэкаў, майя, ацтэкаў. Ад 8 ст. да н.э. — 9 ст.н.э. захаваліся прыступкавыя піраміды, увянчаныя храмамі (Піраміда Сонца ў Тэатыўакане, храм у Тахіне, «Храм надпісаў» у Паленке), руіны палацаў, «абсерваторыі» і інш. У 10 — пач. 16 ст. развіваліся індзейскія гарады (Тальян, Тэначтытлан і інш.) з манум. вырашэннем храмавай, палацавай, абарончай архітэктуры. Пабудовы вызначаліся яскрава выражанай сімвалічнасцю, кансерватыўнасцю тыпаў і форм, перавагай вонкавых мас над неразвітой унутр. прасторай. З канца 16 ст. на месцы зруйнаваных індзейскіх будаваліся ісп. гарады з гал. плошчай у цэнтры і аднолькавымі жылымі кварталамі (Мехіка). Па-за межамі гарадоў узводзілі ўмацаваныя кляштары з дварамі і адкрытымі капэламі (Актопан, Ататанілька-эль-Грандэ). Архітэктура мела эклектычныя раманска-гатычныя рысы з дамінаваннем суровага абарончага пачатку. У палацавым і храмавым буд-ве пераважалі матывы ісп. рэнесансу: палац Эрнана Картэса ў Куэрнаваке (1530—33), саборы ў Мехіка (1563—67), Мерыдзе (1563—99) і інш. З 17 ст. будавалі ў стылі барока, які ў 18 ст. дасягнуў надзвычайнай пышнасці дэкору — т.зв. ультрабарока, якое спалучала ісп.арх. матывы з нар.дэкар. традыцыямі, прыўнесенымі індзейцамі. Склаліся рэгіянальныя арх. школы ў Мехіка (храм Сантысіма Трынідад, 1755—83), Пуэбла (касцёл Сан-Франсіска, 1767) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. як рэакцыя на ультрабарока развіваўся класіцызм (будынак Горнай школы Ла Мінерыя, 1797—1813, арх. М.Тальса), які ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. выцеснены эклектызмам (Палац прыгожых мастацтваў у Мехіка, 1904—34). У 1920—30-х г. склалася школа функцыяналізму (Ін-т гігіены ў Мехіка, 1925—26, арх. Х.Вільягран Гарсія). У 1940-х г. склалася самабытная нац.арх. школа, якая спалучае прынцыпы функцыяналізму і нац. традыцыі (арх. А.Арай, К.Ласа, М.Пані, А.Прыета, П.Рамірэс Васкес, Э.Яньес і інш.). Сярод найбуйнейшых пабудоў 1940—50-х г. комплекс Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (арх. кіраўніцтва Ласа), які ўключае больш за 40 будынкаў. У сучаснай мекс. архітэктуры распрацоўваюцца утылітарныя тыпы будынкаў, развіваецца т. зв. эмацыянальная архітэктура (арх. М.Гёрыц, Х.О’Горман, Л.Бараган і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва індзейскіх плямён адносяцца да 15—10 ст. да н.э.: каменныя статуэткі, фігурны посуд і інш., якія вызначаліся багаццем і яркасцю форм, фальклорнымі матывамі. У арх. пабудовах былі пашыраны манум. статуі і рэльефы, якія спалучалі выяўл. і сімволіка-арнаментальныя кампазіцыі. З 16 ст. развіваліся пераважна манум. размалёўкі і скульптура ў стылі ісп. барока. Станковы жывапіс 16 — пач. 17 ст. прадстаўлены майстрамі сем’яў Эчаве і Хуарэс. У 1781 у Мехіка засн. Акадэмія Сан-Карлас. У 18 ст. пашырыўся жанр партрэта (Х. дэ Альсівар, М.Кабрэра). У дэкар. мастацтве перапляталіся індзейскія і ісп. традыцыі (разьба на фасадах і рэтабла, кампазіцыі з каляровай кафлі, каваныя рашоткі). З канца 18 ст. мастацтва М. развівалася ў рэчышчы класіцызму (скульпт. М.Тальса, Ф.Э.Трэсгерас). З сярэдзіны 19 ст. пашырылася сатыр. графіка (Х.Г.Пасада), склалася нац. школа пейзажу (Х.М.Веласка і інш.). У жанры партрэта працавалі Э.Бустас, Х.М.Эстрада, у акад. Жывапісе — Х.Кардэра, у скульптуры — М.Нарэнья. Пашырыўся кірунак кастумбрызм. У 1922 па ініцыятыве Д.Сікейраса створаны «Рэвалюцыйны сіндыкат працаўнікоў тэхнікі і мастацтва», у які ўвайшлі найб. буйныя мастакі Х.К.Ароска, Д.Рывера і інш. У выяўл. мастацтве пераважала тэма мекс. рэвалюцыі 1910—17. У 1937 засн. «Майстэрня нар. графікі» (ініцыятар і кіраўнік Л.Мендэс). У 1940—70-я г.найб. дынамічна развіваліся манум. жывапіс (размалёўкі і мазаічныя рэльефы Ароска, Х.Гансалеса Камарэны, Рыверы, Сікейраса, Х.Чавеса Марада), гравюра і літаграфія (А.Бельтран, А.Гарсія Бустас, А.Кінтэрас, Мендэс, П.О’Хігінс). У галіне скульптуры працавалі Р.Арэнас Бетанкур, К.Брача, Г.Руіс, у станковым жывапісе — Р.Тамаё. Нар.дэкар. мастацтва захоўвае ісп. і індзейскія традыцыі: ткацтва з воўны, вышыўка, цісненне па скуры, пляценне з лісця пальмы і агавы, выраб керамічнага посуду, масак, драўляных лакавых прадметаў.
Музыка займала важнае месца ў жыцці стараж. насельніцтва М., у т. л. ацтэкаў. Іх песні разнастайныя: у гонар багоў, герояў і ваен. перамог, працоўныя, песні-заклінанні. Існавалі рытуальныя танцы. Сярод муз. інструментаў: барабаны, бразготкі, званочкі, марскія ракавіны з прасвідраванымі ў іх адтулінамі. а таксама флейты, драўляныя і касцяныя трубы і інш. У 20 ст. індзейская музыка захавалася ў некаторых штатах М. сярод нашчадкаў абарыгенаў. Апрача індзейскай развіваецца крэольская музыка. У нар. крэольскай музыцы найб. папулярныя песенна-танц. (сон, харабе, уапанга) і песенныя (кансьён, карыда) жанры. Традыц.муз. інструмент гітара. Тыповыя інстр. ансамблі мар’ячы (выконваюць нар. музыку, суправаджаюць спевы і танцы). Доўгі час практычна адзіным відам прафес. мастацтва была царк. музыка. З пач. 19 ст. ў Мехіка ставіліся італьян. оперы, наладжваліся публічныя канцэрты. У 1824 засн. філарманічнае т-ва, пры ім у 1866 — кансерваторыя, на базе якой у 1877 створана Нац. кансерваторыя. У сярэдзіне 19 ст. вылучыліся нац. кампазітары: С.Паніягуа-і-Васкес (аўтар першай мекс. оперы «Каталіна Гіз», 1845), Р.Кастра, А.Артэга і інш.Рамант. традыцыі пач. 20 ст. ўвасоблены ў творах Х.Ралона. Да нац. фальклору звярталіся М.М.Понсе, К.Уісар. У галіне мікратонавай музыкі эксперыментаваў з канца 1920-х г. Х.Карыльё. Вял. ўклад у развіццё муз.культуры М. зрабілі стваральнікі сучаснай кампазітарскай школы С.Рэвуэльтас і К.Чавес. Іх вучні — вядучыя мекс. кампазітары Д.Аяла Перэс, Б.Галінда Дымас, Х.П.Манкаё, С.Кантрэрас і інш.Нац. кірунку ў творчасці прытрымліваюцца Л.Сандзі, М.Берналь Хіменес, К.Хіменес Мабарак. У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія тэндэнцыі, многія кампазітары эксперыментавалі ў галіне серыйнай, электроннай музыкі і інш. Сярод муз. дзеячаў дырыжор Л.Эрэра дэ ла Фуэнтэ, скрыпач Г.Шэрынг. У Мехіка працуюць: Нац. кансерваторыя, Вышэйшая муз. школа і сімф. аркестр пры Мексіканскім нац. аўтаномным ун-це, Нац. опера (з 1867), канцэртная зала Палаца прыгожых мастацтваў, Нац.сімф. аркестр (з 1948), Філарманічны аркестр (з 1978), Муз. дэпартамент Нац. ін-та прыгожых мастацтваў, муз. асацыяцыя імя Понсе, Т-ва мексіканскіх аўтараў і кампазітараў. Сімф. аркестры дзейнічаюць у шэрагу інш. гарадоў. Пашыраны вак.-інстр. ансамблі, якія выконваюць нар. музыку.
Тэатр. У аснове тэатр. мастацтва М. — індзейскія культавыя абрады. З 1597 у г. Мехіка існаваў т-р «Дом камедыі», дзе побач з рэліг. і алегарычнымі драмамі ставілі свецкія п’есы. У рэпертуары ранняга мекс.т-ра (16—17 ст.) — камедыі Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона. Першыя вядомыя мекс. аўтары — манахі Ф.Гансалес дэ Эслава і Х.Перэс Рамірэс — пісалі рэліг. «выступленні» ў форме дыялогаў і маналогаў. На станаўленне мекс.т-ра паўплывалі драматургі Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Х.І. дэ ла Крус. У 1670 у Мехіка адкрыты першы публічны т-р «Калісеа», у 1735 пабудаваны «Нуэва Калісеа», створаны пастаянныя т-ры ў Гвадалахары (1758), Веракрусе (1787) і інш. У 1823 адкрыты «Тэатра дэль паленке дэ лос гальёс» — першы т-р для народа. Ставіліся п’есы М.Э.Гарастысы, Ф.Гамбоа, Х.Х.Гамбоа, М.Даваласа, Х.Х.Руэды і інш. Сярод найб. вядомых акцёраў 19 ст. — М.Маралес. Значную ролю ў актывізацыі тэатр. жыцця адыграла дзейнасць трупы (засн. 1917) пад кіраўніцтвам актрысы і рэж. В.Фабрэгас, якая прапагандавала творы мекс. драматургаў. З канца 1920-х г. пачаўся рух за абнаўленне т-ра, узніклі эксперым. т-ры «Улісес», «Ар’ентасьён» (аматарскі), «Тэатра дэ аора» і інш. пры ўдзеле В.М.Дыеса Бараса, Х.Вільяўрутыі, С.Гарастысы, Р.Усіглі, М.Магдалена, С.Нова. У 1946 у Мехіка засн.Нац.ін-т прыгожых мастацтваў, які арганізаваў Школу драм. мастацтва. Асн. кірункі ў развіцці сучаснага мекс.т-ра звязаны з эксперым. пошукамі, не выключаюць рысы кастумбрызму і сімвалізму. Сярод тэатр. дзеячаў: І.Лопес Тарса, Д. дэль Рыо, Х.Соле, Г.Брача, І.Рэтэс, Секі Сана; акцёры М.Т.Мантоя, А.Гомес дэ ла Вэга, К.Ансіра і інш. У Мехіка працуюць т-ры: «Хіменес Руэда», «Ідальга», «Хола», «Рэформа», «Інсурхентэс», Т-р для дзяцей і лялечны «Гіньёль», нар.т-р на адкрытым паветры.
Кіно. Кінавытворчасць у М. пачалася ў 1898 (запіс на кінастужку спектакля Х.Сарыльі-і-Мараля «Дон Хуан Тэнорыо»). У 1910 пастаўлены першы ігравы фільм «Покліч смутку» (рэж. Ф. дэ Хесус Ара). У 1910—20-я г. здымаліся пераважна хранікальныя фільмы (рэпартажы С.Таскана Барагана пра падзеі мекс. рэвалюцыі 1910—17). З 1930-х г. ствараліся меладрамы, муз. фільмы і камедыі з удзелам папулярных спевакоў. На развіццё мекс. кіно гэтага перыяду паўплывала творчасць рэж. С.Эйзенштэйна і аператара Э.Цісэ, якія ў 1931—32 знялі ў М. фільм «Хай жыве Мексіка!». Сярод рэжысёраў 1930—50-х г. Х.Брача, К.Вела, Р.Гавальдон, А.Галінда, Э.Гомес Мурыэль, М.Кантрэрас Торэс, К.Навара, І.Радрыгес, М.Сакарыяс; акцёраў — П.Армендарыс, Кантынфлас, Х.Негрэтэ, Д. дэль Рыо і інш. Сусветную вядомасць атрымалі фільмы рэж. Э.Фернандэса: «Марыя Кандэлярыя» (1944), «Жамчужына» (1947), «Рыо Эскандыда» (1943), «Сельская дзяўчына» (1949, у сав. пракаце «Мексіканская дзяўчына» і інш.). У 1946 засн. Кінаакадэмія. У 1950—60-я г. кінавытворчасць заняпала. Найб. значным дасягненнем гэтага перыяду сталі фільмы, якія здымаў у М. ісп.рэж. Л Буньюэль: «Забытыя» (1950), «Ён» (1953), «Назарын» (1958), «Анёл-знішчальнік» (1962), «Сімяон-стоўпнік» (1965) і інш. Сярод лепшых мекс. фільмаў «Карані» (рэж. Б.Алазракі), «Мокрыя спіны» (рэж. Галінда, абодва 1955), «Тысок» (1956, рэж. Радрыгес), «Педра Парама» (1966, рэж. Вела), «Валянцін з Сьеры» (1967, рэж. Р.Кардэна), «Эміліо Сапата» (1970), «Тыя гады» (1972), «Карцэр» (1974), «Каноа» (1975, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне, 1976), «Пакіянчыс» (1977; усе рэж. Ф.Касальс) і інш.Найб. вядомыя дзеячы кіно: акцёры А. дэ Кардова, І.Лопес Тарса, М.Фелікс, аператар Г.Фігероа і інш. У 1983 засн.Ін-т кінематаграфіі. За лепшыя работы ў кіно Кінаакадэмія штогод прысуджае прэмію «Арыэль».
Літ.:
Альперович М.С. Рождение мексиканского государства. М., 1979;
Мексика: Тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1983;
Очерки новой и новейшей истории Мексики, 1810—1945. М., 1960;
Паркс Г. История Мексики: Пер. с англ.М., 1949;
Культура Мексики. М., 1980;
Кутейщикова В.Н. Мексиканский роман. М., 1971;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;
Герб і сцяг Мексікі.Да арт.Мексіка. Паўпустынны ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Марская платформа для здабычы нафты ў Мексіканскім заліве.Да арт.Мексіка. Старажытны сабор у г. Кампечэ.Да арт.Мексіка. Пляж у г. Акапулька.Да арт.Мексіка. Возера ў старажытным кратэры вулкана каля г. Пуэбла.Да арт.Мексіка. Ландшафт на Мексіканскім нагор’і.Да арт.Мексіка. Хрышчэнне ацтэкаў каталіцкімі місіянерамі.Да арт.Мексіка. Расстрэл імператара Максіміляна I і генералаў Мехіі і Мірамона 19.6.1867. Карціна Э.Манэ. 1867.Да арт.Мексіка. «Храм надпісаў» у Паленке. 7—8 ст.Да арт.Мексіка. Д.Рывера. Гісторыя Мексікі. Размалёўка ў Нацыянальным палацы ў Мехіка, 1930—32.Да арт.Мексіка. Д.Сікейрас. Аўтапартрэт, вялікі палкоўнік. 1945.Да арт.Мексіка. А.Кінтэрас. Маці-індыянка з Мескіталя. 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА (Angola),
Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ранайб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац.культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНАЕ ПЫТА́ННЕ,
комплекс сац.-эканам. праблем агр. сектара, абумоўленых формай уласнасці на зямлю і характарам агр. палітыкі дзяржавы. Ахоплівае землеўладанне і землекарыстанне, аграрныя адносіны, аграрныя рэформы, аграрныя крызісы, вырашэнне сац. запатрабаванняў сялянства. Аграрнае права — адно з карэнных у развіцці грамадства, таму што зямля — асн. сродак вытв-сці, с.-г. дзейнасцю займаецца большая частка насельніцтва зямнога шара, ад эфектыўнасці агр. сектара залежыць стан харч. праблемы і сыравіннай базы прамысловасці.
Аграрнае права ўзнікла ў выніку грамадскага падзелу працы, развіцця тавараабмену і паглыблення сац. няроўнасці, якая прывяла да узурпацыі зямельнай уласнасці. У эпоху феадалізму зямля канцэнтравалася пераважна ва ўладаннях феадалаў (князёў, баяр, шляхты, баронаў, памешчыкаў і інш.), якія ў розных формах спаганялі з прыгонных сялян зямельную рэнту. Капіталіст. ўклад у сельскай гаспадарцы фарміраваўся двума шляхамі: т.зв. «прускім» (праз эвалюцыю феад.-памешчыцкіх гаспадарак) і «амерыканскім» (развіццё фермерства). Першы шлях найб. характэрны для Германіі, другі — для ЗША; у Рас. імперыі спалучаліся абодва тыпы. У Англіі зямлю ў сялян адбіралі і перадавалі лендлордам. Ва ўсіх выпадках нараджэнне сельскай буржуазіі было вынікам канцэнтрацыі ў яе ўласнасці большай часткі зямельных угоддзяў пры абеззямельванні сялян. Хоць феад. перажыткі ў некаторых краінах доўга захоўваліся, развіццё капіталізму спрыяла пераадоленню застою ў сельскай гаспадарцы, укараненню новай тэхнікі, павышэнню прадукцыйнасці працы ў с.-г. вытв-сці. Асабліва хутка гэты працэс адбываўся ў развітых краінах, дзе пасля 2-й сусв. вайны пачалі ажыццяўляць дзярж. рэгуляванне агр. сектара, накіраванае на ўзмацненне буйных гаспадарак за кошт дробных, каб найб. эфектыўна выкарыстаць дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Такая палітыка з сярэдзіны 1950-х г. пашырылася ў краінах Зах. Еўропы і атрымала назву «зялёных планаў». Так, у ФРГ за 1949—70 ліквідавана 756 тыс. (амаль 49%) гаспадарак памерам да 10 га, у ЗША за 1940—64 колькасць фермерскіх гаспадарак зменшылася на 2,9 млн. (амаль удвая). Вытворчасцю с.-г. прадукцыі пачалі займацца і буйныя прамысл. карпарацыі. З ростам тэхн. аснашчанасці агр. сектара змяншаецца колькасць сельскага насельніцтва. У развітых краінах Зах. Еўропы яго ўдзельная вага знізілася з 36% у 1937 да 23% у 1965. У 1965—68 у агр. сектары было занята ў ЗША 9%, Канадзе 11, Францыі 16% насельніцтва. Асабліва зменшылася колькасць сямейных і наёмных рабочых. Але пры гэтым істотна вырасла эфектыўнасць с.-г. вытв-сці. Пасля 2-й сусв. вайны прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы ЗША (у рэчыўным выражэнні) расце ўдвая хутчэй, чым у інш. сектарах эканомікі. Калі ў 1950 адзін работнік, занята ў с.-г. вытв-сці, мог забяспечыць харчаваннем 15 чал., то ў 1968 — 43, у 1987 — 96 чалавек. У выніку моцнай дзярж. падтрымкі агр. сектара развітыя краіны маюць дастаткова харч. прадуктаў і на свае патрэбы і на экспарт; у агр. сектары створана сучасная інфраструктура, забяспечаны высокі ўзровень жыцця. Але і ў гэтых краінах існуюць свае праблемы ў аграрным праве.
На Беларусі з адменай прыгону (1861) для развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы былі больш спрыяльныя ўмовы, чым у інш. рэгіёнах Расіі. У выніку паўстання 1863—64 царскі ўрад вымушаны быў ажыццявіць тут шэраг мерапрыемстваў, якія аблягчалі вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Шырокая сетка чыгунак садзейнічала больш шырокаму збыту с.-г. прадукцыі на ўнутр. і замежных рынках. Але і тут да Кастр. рэвалюцыі 1917 захавалася шмат буйных латыфундый (больш за 10 тыс.дзес. кожная): у 1877 іх было 116, у 1905 — 119. З агульнай зямельнай пл. 16 595 тыс.дзес. у 1877 на прыватнаўласніцкія гаспадаркі прыпадала 55,4%, у 1905 — 57%; на надзельныя адпаведна 33,4% і 33,2%. У 1877, паводле звестак надзельнага землекарыстання, 61,9% сял. двароў мелі да 15 дзес., 27,6% — па 15—16 дзес. і 10,5% — больш за 20 дзес. кожны. У 1917 на кожную з 576,2 тыс.сял. гаспадарак прыпадала ў сярэднім па 8,9 дзес. зямлі. Развіццё капіталізму ў вёсцы абумоўлівала рост тэхн. аснашчанасці, таварнасць с.-г. вытв-сці; с.-г. прадукцыя Беларусі актыўна пранікала на рас. і сусв. рынкі. Але развіццё капіталіст. адносін стрымлівалася феад. перажыткамі. Прыкладна 2/3 даходу сяляне аддавалі на грашовыя падаткі і натуральныя павіннасці. Таму яны выступалі за «амерыканскі» шлях развіцця капіталізму, у той час як памешчыкі і царскія ўлады імкнуліся накіраваць гэты працэс па «прускім» шляху.
Да аграрнага права і шляхоў яго вырашэння па-рознаму ставіліся паліт. партыі і арг-цыі. Правыя бурж. партыі (акцябрысты, мірнаабнаўленцы і інш.) падтрымлівалі Сталыпінскую аграрную рэформу, дапускалі адчужэнне зямлі ў памешчыкаў толькі ў выключных выпадках за выкуп. Кадэты, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі і блізкія да іх арг-цыі стаялі за дадатковае надзяленне сялян зямлёй за кошт прымусовага адчужэння часткі памешчыцкіх зямель за выкуп. Эсэры, трудавікі, Бел.сацыяліст. грамада, Польская сацыяліст. партыя прадугледжвалі канфіскацыю памешчыцкай зямлі без выкупу і размеркаванне яе паміж сялянамі. Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала рэв. вырашэнне аграрнага права праз нацыяналізацыю зямлі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана. З канфіскацыяй і размеркаваннем памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель сял. землекарыстанне ў БССР да 1923 павялічылася на 1042 тыс.дзес., а сярэдні зямельны памер сял. гаспадарак, якія атрымалі зямлю, вырас на 3—4 дзес. У выніку каля чвэрці бядняцкіх гаспадарак па плошчы землекарыстання перайшлі ў групу серадняцкіх. У час новай эканамічнай палітыкі ў 1920-я г. праводзіліся аб’яднанне дробных зямельных участкаў, выхад на хутары, пасёлкі і водрубы, дадатковае надзяленне малазямельных з дзярж. фонду і за кошт «лішкаў» зямлі, адрэзаных у кулакоў. На хутарах і адрубах у 1928 гаспадарыла 24% сялян. Мерапрыемствы па землеўпарадкаванні і хутарызацыі спрыялі павышэнню культуры земляробства, прадукцыйнасці працы. Да 1925 сельская гаспадарка БССР дасягнула даваен. ўзроўню. У 1927 у агульнай колькасці сял. гаспадарак больш за 50% было серадняцкіх, 47 бядняцкіх і 2,5% кулацкіх. У 2-й пал. 1920-х г. на прынцыпах добраахвотнасці і асабістай зацікаўленасці ў вёсцы паскорана развівалася кааперацыя, якая ў 1929 ахоплівала 69% сялян. Так праз апору на сял. дробнатаварную вытв-сцьсав. ўлада зрабіла важныя захады ў вырашэнні аграрнага права. Але яно зноў абвастрылася ў сувязі з калектывізацыяй, якая ажыццяўлялася пераважна прымусова. Кулакі і частка заможных сераднякоў (самыя вопытныя гаспадары) былі раскулачаны і сасланы. Зямлю ў сялян адабралі, аддалі калгасам і саўгасам, а сельскім жыхарам пакінулі невял. зямельныя надзелы для асабістай дапаможнай гаспадаркі. Дзяржава дапамагала калектыўным гаспадаркам тэхнікай, насеннем, спецыялістамі, але адначасова ажыццяўляла жорсткае адміністраванне, пазбаўляючы сялян самастойнасці ў вядзенні гаспадаркі, груба парушаючы прынцыпы матэрыяльнай зацікаўленасці. Таму разлік на істотнае павышэнне прадукцыйнасці працы ў калектыўных гаспадарках не апраўдаўся: у 1932—39 ураджайнасць збожжавых складала 5,2—6,7 ц/га (пры 7 ц/га у 1913), а бульбы 61—87 ц/га. Зменшылася пагалоўе і прадукцыйнасць жывёлы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, напачатку панавала буйнапамешчыцкае землеўладанне пры малазямеллі і збядненні большай часткі сялян, захаванні феад. перажыткаў. Агр. рэформа 1920 мела бурж. характар, не вырашыла аграрнага права на карысць сялян. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) малазямельныя сяляне і парабкі без выкупу атрымалі 430 982 га з б. памешчыцкіх і часткова з казённых зямель і становішча іх палепшылася. Але і пасля гэтага большасць сял. гаспадарак заставаліся маламоцнымі (зямельны надзел больш як 340 тыс. гаспадарак не перавышаў 5 га). Калектывізацыя тут праводзілася больш павольна: да 1941 было арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядналі 6,7% сял. гаспадарак і 7,8% зямлі.
У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. акупанты ператваралі калгасы і саўгасы ў т.зв. абшчынныя гаспадаркі або на іх аснове стваралі свае дзярж. гаспадаркі з прымусовай прыгонніцкай працай. Пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў калгасы і саўгасы былі адноўлены, у зах. абласцях БССР пачалася прымусовая калектывізацыя. У 2-й пал. 1950-х г. сельская гаспадарка Беларусі дасягнула даваен. ўзроўню, а істотны рост с.-г. вытв-сці, паляпшэнне становішча сялян пачаліся ў 1960—70-я г. У 1987 атрыманы найбольшы за ўсю гісторыю Беларусі валавы збор збожжа (7,8 млн.т). У вёсцы ў вял. аб’ёмах вялося жыллёвае і культ.-быт.буд-ва. Калгаснікі атрымлівалі гарантаваную грашовую плату. Істотна павысіўся ўзровень механізацыі с.-г. вытв-сці, на жывёлагадоўчых комплексах вытв-сць прадукцыі пастаўлена на прамысл. аснову. Паглыблялася спецыялізацыя с.-г. вытв-сці і аграпрамысл. інтэграцыя.
Аднак эфектыўнасць агр. сектара Беларусі, як і ў цэлым СССР, істотна адставала ад развітых краін, а сац. развіццё вёскі — ад горада. Адна з гал. прычын у тым, што ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы селянін не мог распараджацца ні сродкамі вытв-сці, ні вынікамі сваёй працы. Дзяржава не толькі не аказала агр. сектару дастатковай фін. падтрымкі, а, наадварот, за яго кошт вырашала многія сац.-эканам. праблемы грамадства. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд у сельскай гаспадарцы Беларусі паглыбіліся крызісныя з’явы. Для выйсця з крызісу ажыццяўляецца новая агр. рэформа, сутнасць якой у ліквідацыі манапольнага права калгасаў і саўгасаў на карыстанне зямлёй, у развіцці ў агр. сектары розных формаў гаспадарання пры поўнай іх самастойнасці як суб’ектаў рыначнай эканомікі.
Літ.:
Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Афанасенка И.Д., Давыденко Л.Н. Новый способ производства продовольствия. М., 1992;
Ленін У.І. Зямельнае пытанне ў Расіі // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Кэмпбел Р. Макконнелл, Стэнли Л. Брю Экономикс: принципы, проблемы и политика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД,
буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прам-сці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з’яўляецца гасп., культ., у большасці выпадкаў і адм. цэнтрам. Для горада характэрны канцэнтрацыя вытв-сці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі горада заканад. органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адм. і нар.-гасп. функцыі, гар. прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва горада вагаецца ад 250 чал. у Даніі да 30 тыс.чал. у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50—100 тыс.), вялікія (100—250 тыс.), буйныя (250—500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-мільянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-мільянераў, а самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб’ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб’ядноўвацца ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сац. арганізм, складаны эканам.-геагр., арх., інж.-буд. і культ. комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сац. сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафес. і арганізац. структура. Органамі гар. кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з’яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гар. адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.
У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэсп., абл. і раённага падпарадкавання. Гар. кіраванне ажыццяўляецца праз гар. Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.
Узнікненне горада падрыхтавана грамадскім падзелам працы (пач. аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі) і ўтварэннем раннекласавых дзяржаў. Паселішчы, падобныя да горада, існавалі ўжо ў 7—6 ст.тыс. да н.э. (напр., Іерыхон у Палесціне). На думку шэрагу даследчыкаў, першыя гарады ўзніклі каля 5 тыс. гадоў назад на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер), пазней — у даліне Ніла (Мемфіс, Фівы), Індыі (Махенджа-Дара, Харапа) і інш. 1-я стадыя станаўлення і развіцця горада ахоплівае перыяд з 4-га тыс. да н.э. да 1-й пал. 1-га тыс.н.э.Найб. важныя зрухі адбыліся на першых двух этапах гэтай стадыі. На 1-м этапе (4—3-е тыс. да н.э.) у найстараж. абласцях цывілізацыі, напр. у Месапатаміі, вылучыліся буйныя цэнтры (Ур, Урук, Эрэх і інш.), якія мелі плошчу да 200 і больш га, нас. да 20 тыс.чал. На 2-м этапе (канец 3-га—2-е тыс. да н.э.) колькасць гарадоў значна павялічылася, вычленіліся іх гал. суб’екты (гандляры і рамеснікі, служыцелі храмаў і пісцы, служачыя, маракі, мастакі і інш.), пашырыліся зоны працэсаў урбанізацыі (Іран, Пакістан, Пд Сярэдняй Азіі і інш.). У канцы архаічнай эпохі (800—500 да н.э.) у Стараж. Грэцыі з’явіліся гарады-дзяржавы (гл.Поліс). Пазней нямала гарадоў узнікла ў ходзе стараж.-грэч. каланізацыі, заваяванняў Аляксандра Македонскага, экспансіі стараж. рымлян. Эканамічна стараж. гарады, якія ўзнікалі з суседскай абшчыны, грунтаваліся на сельскай гаспадарцы (з ёй была звязана большасць іх жыхароў), спецыялізацыі рамёстваў і гандлі. Для тагачаснай гар. арганізацыі характэрна наяўнасць умацаванага цэнтра (горад ва ўласным сэнсе слова) і падпарадкаванай яму перыферыі, або акругі. У адрозненне ад вёскі ўжо раннія гарады апрача функцый сховішча набылі рысы палітыка-адм. (тут знаходзілася рэзідэнцыя правіцеля), культавых (размяшчаліся рэліг. свяцілішчы), гасп. і культ. цэнтраў. Еўрап. Гарады ранняга сярэднявечча сфарміраваліся на працягу 5—11 ст. [раней у Італіі і Візантыі, пазней (9—13 ст.) у Германіі, на Русі, у Скандынаўскіх краінах, Ірландыі, Шатландыі, Польшчы, Венгрыі, Дунайскіх княствах]. Многія з іх трансфармаваліся з антычных гарадоў, якія заняпалі ва ўмовах тагачаснага панавання натуральнай гаспадаркі і аграрызаваліся, або развіваліся з новых паселішчаў. Першапачатковае насельніцтва такіх гарадоў складалася пераважна з феадальна залежных людзей уладальніка зямлі, на якой ён стаяў. Таму сеньёры гарадоў прысвойвалі значную частку гар. даходаў. У 11—13 ст. гэта выклікала супраціўленне гараджан, якое перарасло ў барацьбу за гар. самакіраванне і прававую арганізацыю, т.зв. камунальны рух. У ходзе яго (ахапіў пераважна частку Зах. і Паўд. Еўропы) гараджане вызваліліся ад асабістай залежнасці, канчаткова склаліся гарадскі лад (рамесныя цэхі, гільдыі купцоў, грамадз.гар. абшчына), праўленне (муніцыпальныя органы, суд), права, саслоўе (гл.Бюргерства). Узніклі гарады-рэспублікі (напр., Венецыя і Генуя ў Італіі, Ноўгарад і Пскоў на Русі), камуны (напр., далмацінскі Дуброўнік), вольныя і імперскія гарады. Дэмаграфічную аснову горада з канца 11 — сярэдзіны 12 ст. складалі збеглыя сяляне. Большасць сярэдневяковых гарадоў былі малыя (1—2 тыс. жыхароў) і сярэднія (3—5 тыс. жыхароў); найбуйнейшы — Канстанцінопаль (больш за 100 тыс. жыхароў). Часам гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (напр., Ганза ў Германіі). Горад, як правіла, быў ахаваны зубчастымі каменнымі, часам драўлянымі сценамі ў 1—2 рады або земляным валам з частаколам. Яго планіроўка была радыяльна-кругавая, з 13 ст. часцей прамавугольная («гатычная»). Тут меліся прыгожыя саборы; гар. вуліцы былі вузкія, неўпарадкаваныя. Гасп. цэнтры горада размяшчаліся ў гар. прадмесцях (ніжнім горадзе, пасадзе, слабадзе). У 16 ст. ў Еўропе ўзніклі першыя метраполіі (Парыж, Лондан). Да адкрыцця еўрапейцамі Новага Свету даволі развітыя гарады (культавыя і гандл. цэнтры) існавалі ў Амерыцы (асабліва ў індзейцаў майя). Многія гарады засн. ў ходзе каланізацыі еўрапейцамі інш. кантынентаў (узнікалі як форты, порты і інш.). У індустр. эпоху ў сувязі з прытокам збяднелых сялян актывізаваўся рост буйных гарадоў — прамысл. цэнтраў (найб. з сярэдзіны 19 ст. ў Цэнтр. Еўропе і Паўн. Амерыцы), у якіх з’явіліся новыя формы забудовы (напр., шматкватэрныя дамы). Пазней гэты працэс ахапіў і традыцыйна агр. рэгіёны (Цэнтр. Афрыка, Цэнтр. Азія). У пач. 20 ст. развіццё сац. жыллёвага буд-ва прывяло да ліквідацыі цесных рабочых кварталаў унутры горада. Для сучасных буйных гарадоў характэрны шматфункцыянальнасць, высокая шчыльнасць забудовы, асобнае размяшчэнне жылых месцаў (т.зв. спальныя раёны) і месцаў працы, масавы вулічны рух, сац. праблемы (напр., беспрацоўе, злачыннасць) і інш.Найб. хутка растуць звышбуйныя гарады ў краінах, якія развіваюцца; тут асабліва адчувальныя праблемы беднасці, экалогіі.
На Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах б.гарадзішчаўжал. веку. Многія бел. гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феад. замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геагр. размяшчэнне — скрыжаванне гандл. шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як трансп. магістралі. На тэр. Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9—13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.). Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11—13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12—13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці. У раннефеад. перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканам. дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феад. эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясц. права (гл.Гарадское права). У сац.-паліт. жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феад. самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нац.-рэліг. прыгнёту. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гар. паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 колькасць гар. насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861) паскорыўся рост ф-к і з-даў, развіццю гарадоў спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператвараліся ў культ. цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуч. ўстановы, тэатры, музеі. Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 у гарадах жыло 1854,8 тыс.чал. (20% насельніцтва). У 1990-я г.гар. насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з’яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце. На 1997 на Беларусі 102 гарады (39 рэсп. падпарадкавання), з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс.ж. (Гомель 512 тыс., Віцебск 364 тыс., Магілёў 368 тыс., Гродна 304 тыс., Брэст 295 тыс., Бабруйск 227 тыс., Баранавічы 172 тыс., Барысаў 153 тыс., Пінск 131 тыс., Орша 139 тыс., Мазыр 109 тыс., Ліда 101 тыс., Салігорск 101 тыс.). У Мінску жыве 1,7 млн.чал.
Літ.:
Развитие античного и средневекового города. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НІЯ (Kenya),
Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУ з Самалі, на Пн з Эфіопіяй і Суданам, на З з Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗ з Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак.Пл. 582,6 тыс.км². Нас. 28,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г.Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).
Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца з ПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс.км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс.чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц.традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл.Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст. З канца 15 ст.Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб.феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт.Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.
У 1922 створана першая паліт.арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт.арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац.афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр.дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв.дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл.ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.
Асн. партыі: Кенійскі нац.афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.
Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд.дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс.га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс.га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс.т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч.культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс.т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс.т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (з воз. Магады, каля 200 тыс.т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр. з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс.км, у т. л. 8,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс.км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.
Літ.:
Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;
Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;
Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.
В.А.Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кеніі.Да арт.Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч.культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́Й, Кітайская Народная Рэспубліка,
КНР (кіт. Чжунхуа жэньмінь гунхэго), дзяржава ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй і Манголіяй, на З з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, на Пд з Індыяй, Непалам, Бутанам, М’янмай, Лаосам, В’етнамам, на У з Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікай; абмываецца Жоўтым, Усходне-Кітайскім, Паўднёва-Кітайскім морамі. Пл. 9,6 млн.км² (3-е месца ў свеце пасля Расіі і Канады). Нас. 1210 млн.чал. (1997, 1-е месца ў свеце). Дзярж. мова — кітайская (7 асн. дыялектных груп). Сталіца — г.Пекін. Краіна падзяляецца на 23 правінцыі (у т.л. Тайвань), 5аўт. раёнаў, 3 гарады цэнтр. падпарадкавання; Сянган (Ганконг) і Аамынь (Макао) — асобныя адм. раёны (гл.табл.).
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Кітая
Адміністрацыйна- тэрытарыяльныя адзінкі
Плошча, тыс.км²
Насельніцтва (1993), млн.чал.
Адміністрацыйны цэнтр
1
2
3
4
Правінцыі
Аньхой
139,0
59,0
Хэфэй
Ганьсу
450,0
23,4
Ланьчжоў
Гірын
187,0
25,6
Чанчунь
Гуандун
186,0
66,1
Гуанчжоў
Гуйчжоў
170,0
34,1
Гуян
Ляанін
145,7
40,4
Шэньян
Сычуань
570,0
111,0
Чэнду
Фуцзянь
120,0
31,5
Фучжоў
Хубэй
187,4
56,5
Ухань
Хунань
210,0
63,1
Чанша
Хэбэй
190,0
63,3
Шыцзячжуан
Хэйлунцзян
469,0
36,4
Харбін
Хайнань
34,0
7,0
Хайкоў
Хэнань
167,0
89,5
Чжэнчжоў
Цзянсі
166,6
39,7
Наньчан
Цзянсу
102,6
69,7
Нанкін
Цынхай
720,0
4,7
Сінін
Чжэцзян
101,8
42,7
Ханчжоў
Шаньдун
153,0
86,4
Цзінань
Шаньсі
156,0
30,1
Таюань
Шэньсі
205,0
34,4
Сіянь
Юньнань
394,0
38,8
Куньмін
Тайвань
36,0
20,8
Тайбэй
Асобныя адміністрацыйныя раёны
Аамынь
0,02
0,5
Аамынь
Сянган
1,1
6,0
Сянган
Аўтаномныя раёны
Гуансі-Чжуанскі
236,3
44,4
Наньнін
Нінся-Хуэйскі
66,4
5,0
Іньчуань
Сіньцзян-Уйгурскі
1600,0
16,0
Урумчы
Тыбецкі
1220,0
2,3
Лхаса
Унутраная Манголія
1183,0
22,3
Хух-Хота
Гарады цэнтральнага падпарадкавання
Пекін
16,8
11,1
Шанхай
6,2
13,5
Цяньцзінь
11,3
9,3
Нац. свята — Дзень абвяшчэння КНР (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — старшыня КНР. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Усекітайскі сход нар. прадстаўнікоў (УСНП) — аднапалатны парламент (2970 дэпутатаў), які выбіраецца ад правінцый, аўт. раёнаў, гарадоў цэнтр. падпарадкавання і арміі тэрмінам на 5 гадоў. Старшыню КНР выбіраюць на сесіі УСНП на 5 гадоў. У перыяд паміж сесіямі парламента кіраўніцтва дзяржавай ажыццяўляе Пастаянны к-т, які надзелены правам выдаваць дэкрэты і інш. нарматыўныя акты, ратыфікаваць міжнар. дагаворы і пагадненні, зацвярджаць прэм’ер-міністра і членаў урада. Выканаўчая ўлада належыць Савету міністраў, у склад якога, акрамя прэм’ер-міністра ўваходзяць 12 віцэ-прэм’ераў і 50 міністраў. Правасуддзе ажыццяўляюць Вышэйшы нар. суд, нар., ваен. і спец. суды. Старшыню Вышэйшага нар. суда выбірае УСНП. Вышэйшы нагляд за законнасцю належыць Ген. пракуратуры, кіраўніка якой таксама выбірае УСНП.
Прырода. Рэльеф на большай частцы тэр. К. горны. Нізкагор’і і сярэднягор’і (Наньлін, Уішань, Дабешань, Малы Хінган і інш.) выш. 1000—2000 м акаймоўваюць Вял. Кітайскую раўніну, раўніны Паўн. і Паўд. Усходу. На З ад раўнін хрыбты Вял. Хінган, Цыньлін (г. Тайбайшань, 4107 м), Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е, Лёсавае плато. На ПдЗ нагор’е Тыбет (выш. 4000—5000 м). На ўскраінах нагор’я распасціраюцца вял. горныя сістэмы з выш. 7000—8000 м і больш: Гімалаі (г. Джамалунгма, 8848 м, на мяжы з Непалам), Каракарум, Куньлунь, Наньшань і інш. На ПнЗ паміж Куньлунем і Цянь-Шанем Кашгарская ўпадзіна з пустыняй Такла-Макан, паміж Цянь-Шанем і Мангольскім Алтаем Джунгарская ўпадзіна. Паміж хрыбтамі Цянь-Шаня Турфанская ўпадзіна з адзнакай дна -154 м (самае нізкае месца Цэнтр. Азіі). Асн.геал. структурныя адзінкі тэр. К. — Кітайска-Карэйская і Паўднёва-Кітайская платформы, абмежаваныя на ПнЗ і ПнУ палеазойскімі структурамі, на ПдЗ, Пд і У мезазойскімі складкавымі структурамі. Нетры К. багатыя мінер. рэсурсамі. Разведаныя запасы кам. вугалю (3-е месца ў свеце) у асноўным знаходзяцца на Пн, нафты — на У і ПнУ, у т.л. ў шэльфавых радовішчах. Буйныя запасы жал. руды на ПнУ (Аньшаньскі бас.). К. уваходзіць у групу краін, якія займаюць вядучыя месцы ў свеце па запасах вальфраму, волава, сурмы, цынку, малібдэну, свінцу, рэдказямельных металаў. Буйныя запасы нафтаносных сланцаў, серы, баксітаў, солі, ртуці, тытану, золата, гіпсу, магнезіту, азбесту, графіту, плавікавага шпату і інш. Вялікая працягласць тэрыторыі, горны рэльеф, уплыў Ціхага ак. абумоўліваюць разнастайнасць кліматычных умоў. Клімат кантынентальна-мусонны з выражанай сезоннасцю. На б.ч. тэрыторыі зіма сухая і халодная пад уплывам Азіяцкага антыцыклону. Сярэдняя т-растудз. на ПнУ (Вял. Хінган) -30 °C, на Пд (в-аў Хайнань) 18 °C, ліп. ад 20—24 °C (раўніна Сунляо) да 26—28 °C (узбярэжжа Паўд.-Кітайскага м.). У зах. К. клімат рэзка кантынентальны, на б.ч. Тыбета суровы, высакагорны. Ападкаў на У выпадае месцамі 2000 мм і больш, на З да 100—50 мм за год. Частыя засухі і навадненні. На У і ПнУ рачная сетка густая. Найб. значныя рэкі: Янцзы, Хуанхэ, Хуайхэ, Сіцзян, Ляахэ, Сунгары, пагранічныя Амур і Усуры. На тэр. К. вытокі рэк Меконг, Салуін, Брахмапутра, Інд. На У рэкі мнагаводныя, суднаходныя. Найб. высокі ўзровень вады летам. На Пн ад хр. Цыньлін зімой замярзаюць. На З рэк мала, яны малаводныя, найб. — р. Тарым. Рэкі выкарыстоўваюцца для суднаходства, буд-ваГЭС, на арашэнне. У К. шмат каналаў, найважнейшы Вялікі канал. Шмат азёр, з іх найбуйнейшыя прэснаводнае Паянху (2,7 тыс.км²), салёнае Кукунор (4,2 тыс.км²). Глебавае покрыва разнастайнае: на ПнУ у гарах глебы бурыя лясныя і дзярнова-падзолістыя, на раўніне Сунляо чарназёмы і чарназёмападобныя, на Вял. Кітайскай раўніне алювіяльныя і карычневыя, на Пд жаўтазёмы і чырваназёмы, ва ўнутр. раёнах каштанавыя, бурыя, шэра-бурыя, глебы высакагорных стэпаў і пустыняў (Тыбет). Расліннасць багатая. Шмат рэліктаў стараж. флоры. Каштоўныя пароды дрэў: ціс, тунг, гевея, лакавае, камфорнае. Шырока выкарыстоўваецца бамбук. Лясістасць каля 8%. Лясныя масівы захаваліся на ПнУ (тайга, кедрава-шыракалістыя і шыракалістыя лясы), Пд і ПдУ (субтрапічныя і трапічныя лясы). На ПнЗ пераважна пустынная і паўпустынная расліннасць (пустыні Такла-Макан, Алашань, Гобі). У Тыбеце нізкая травяністая расліннасць з тыбецкай асакі. Жывёльны свет багаты. Фауна пазваночных налічвае каля 3,5 тыс. відаў, у т.л. каля 400 відаў млекакормячых і больш за 1 тыс. відаў птушак. Ёсць прадстаўнікі трапічнай фауны (малпы, лемур, лоры), умеранай (маньчжурскі заяц, янотападобны сабака), сібірскай таежнай фауны (ізюбр, кабарга, вавёрка, рысь, собаль). Шматлікія рэзерваты (больш за 450, пераважна на У).
Насельніцтва. У К. жыве больш за 50 нацый і народнасцей. 91% складаюць кітайцы (хань, або ханьцы). Жывуць таксама хуэй, чжуаны, уйгуры, манголы, маньчжуры, тыбетцы, казахі, кіргізы, карэйцы, мяо і інш. Кітайцы пераважаюць ва ўсіх раёнах, асабліва на раўнінах на У і ПнУ. Нацыянальныя меншасці жывуць пераважна ў пагранічных раёнах на Пн, З, Пд. Вернікі вызнаюць будызм, даасізм, канфуцыянства, культ продкаў. Ёсць хрысціяне і мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 128 чал. на 1 км². У раўнінных і прыбярэжных раёнах на У і Пдшчыльн. да 1000 чал. на 1 км². 94% насельніцтва пражывае на 46% тэрыторыі. Вял. тэрыторыі не прыдатныя для пражывання і вядзення сельскай гаспадаркі па прыродна-кліматычных умовах. Гар. насельніцтва 26%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1996): Шанхай — 13,6, Пекін — 11,3, Цяньцзінь — 9,4, Шэньян — 5,1, Гуанчжоў — 4,5. Яшчэ ў 39 гарадах насельніцтва перавышае 1 млн.ж. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 60% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 25%. Ажыццяўляюцца праграмы планавання сям’і.
Гісторыя. Кіт. цывілізацыя — адна з найб.стараж. у свеце. Чалавек з’явіўся тут у эпоху ранняга палеаліту (больш за 1.7 млн. гадоў назад; найб. вядомы сінантрап, які жыў больш за 500 тыс. гадоў назад). Выяўлены неалітычныя культурыЯншао і Луншань. У эпоху бронзы ўзнікла кіт. протадзяржава Інь, або Шан (16—11 ст. да н.э.), у якой існавала прымітыўнае рабства, з’явілася папярэдніца іерагліфічнага пісьменства. У перыяд праўлення дынастыі Чжоў (11—3 ст. да н.э.) паскорылася развіццё ірыгацыйнага земляробства, аформіліся асн.філас. школы (канфуцыянства, даасізм і інш.), вылучылася некалькі самаст. царстваў. Царства Цынь паступова заваявала астатнія царствы і стварыла адзіную Цыньскую імперыю (існавала ў 221—207 да н.э.). Пры першым яе імператару Цынь Шыхуандзі уніфікавана пісьменства, якое з невял. мадыфікацыямі захавалася да цяперашняга часу, разгарнулася буд-ваВялікай кітайскай сцяны. У 206 да н.э. да ўлады прыйшла дынастыя Хань (заснавальнік Лю Бан, значныя дзеячы Ван Ман, Бань Чао, Бань Гу), у час праўлення якой актывізаваліся гандл. сувязі К. з Захадам па Вялікім шаўковым шляху, вынайдзена папера, адбылося «жоўтых павязак» паўстанне. Аслабленая міжусобіцамі, Ханьская імперыя ў 220 н.э. распалася на 3 царствы. З іх у 220—265 узвысілася царства Вэй, якое аб’яднала К. пад уладай дынастыі Цзінь (265—420). У 316 Паўн. К. заваявалі суседнія качавыя плямёны гунаў і сяньбі. У выніку тут склалася дынастыя Паўночная Вэй (правіла ў 386—534) са сталіцай у г.Нанкін. Перыяд 420—589 вядомы як «перыяд паўн. і паўд. дынастый». Першую спробу аб’яднаць К. зрабіла дынастыя Суй (581—618). Яе заснавальнік Ян Цзян (Вэньдзі) у 589 падпарадкаваў увесь Паўн. і Паўд. К., а яго пераемнікі намагаліся падпарадкаваць і Карэю. У 618 уладу захапіў Лі Юань і заснаваў дынастыю Тан (618—907). У пач. 10 ст. на Пн К. ўтварылася дзяржава кіданей, якія захапілі Маньчжурыю, ч. Манголіі, ч. Паўночнага К. і стварылі дзяржаву Ляо са сталіцай у г. Яньцзін (сучасны Пекін). Перыяд Пяці дынастый (907—960) змянілі дынастыі Паўн. і Паўд.Сун (960—1279), Ляо (916—1125), Зах. Ся (1034—1227), Цзінь (чжурчжэньская, 1115—1234). У 1279 імперыю Сун заваяваў унук Чынгісхана Хубілай, які заснаваў Мангольскую дынастыю (па-кіт.Юань). У 1272 яна аб’яднала К. і правіла ім да 1368. У гэты перыяд у К. пачалі вырошчваць бавоўну, вынайшлі наборны шрыфт. У часы дынастыі Мін (правіла з 1368 да 1644) яе ўлада паступова пашырылася на Тыбет, В’етнам, пачалося перасяленне кітайцаў у Інданезію і Індакітай; значнага росквіту дасягнулі вырабы шаўковых і баваўняных тканін, пісчай паперы, шкла і інш. У 16 ст. ў К. марскім шляхам пачалі пранікаць еўрапейцы — партугальцы (каланізавалі Аамынь), іспанцы і галандцы, з’явіліся езуіты (прапагандавалі хрысціянства, вывучалі краіну). У 1644—1912 у К. панавала маньчжурская дынастыя Цын, якая стварыла дэспатычную манархію і праводзіла палітыку знешняй ізаляцыі краіны. У 17 ст. пачаліся гандл. і дыпламат. адносіны К. з Расіяй (гл.Нерчынскі дагавор 1689, Кяхцінскі дагавор 1727).
У 1-й пал. 19 ст. ўзмацнілася калан. экспансія ў К. еўрап. дзяржаў, пераважна Вялікабрытаніі. Паражэнне К. ў англа-кітайскай вайне 1840—42 (т.зв. 1-я «опіумная» вайна) вымусіла яго паводле Нанкінскага дагавора 1842 перадаць пад уладу Вялікабрытаніі в-аўСянган (Ганконг), адкрыць для англ. гандлю 5 партоў і інш. У 1844 ЗША і Францыя навязалі К. дагаворы аб гандл. і інш. прывілеях; ён стаў ператварацца ў паўкалонію. Рост падаткаў і спад рамеснай вытв-сці з-за наплыву замежных тавараў выклікалі ў сярэдзіне 19 ст. больш за 100 хваляванняў і паўстанняў, у т. л.Тайпінскае паўстанне сялян у 1850—64. Пасля англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 (т.зв. 2-я «опіумная» вайна) у К. яшчэ больш узмацніліся калан. пазіцыі замежных дзяржаў, у т. л. Расіі (гл.Цяньцзіньскі трактат 1858, Пекінскія дагаворы 1860), паводле Айгунскага дагавора 1858 і Пекінскага трактата 1860 вызначана кіт.-рас. мяжа. У 2-й пал. 19 ст. ў К. пачалі ўзнікаць нац. прадпрыемствы ў ваен., горназдабыўной і лёгкай прам-сці, адзначаны спробы рэформаў па капіталіст. мадэрнізацыі кіт. грамадства (гл.Кан Ювэй, Лян Цічао, Тань Сытун). У выніку франка-кітайскай вайны 1884—85 К. страціў уплыў у В’етнаме. Экспансія Японіі (у 1874 спрабавала захапіць в-аў Тайвань, у 1879 — а-вы Рукю) прывяла да абвастрэння кіт.-яп. адносін і япона-кітайскай вайны 1894—95. Паводле Сіманасекскага дагавора 1895 К. страціў намінальны суверэнітэт над Карэяй, перадаў пад уладу Японіі Ляадунскі п-аў, Тайвань, а-вы Пэнхуледао. У канцы 19 ст. павялічылася эканам. пранікненне ў К. ЗША, якія абвясцілі «адчыненых дзвярэй» палітыку. Ва ўмовах падзелу краіны на сферы ўплыву паміж вядучымі дзяржавамі свету і абвастрэння сац.-эканам. праблем, сярод кітайцаў узмацніліся антыіншаземныя настроі, што стала адной з прычын Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901, у Еўропе больш вядома як Баксёрскае паўстанне). Пасля яго задушэння К. канчаткова ператвораны ў паўкалонію (паводле «Заключнага дагавора» 1901 іншаземцы
маглі трымаць у К. свае войскі, флот і г.д.). З гэтай прычыны з пач. 20 ст. ў К. актывізаваўся нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам Сунь Ятсена і інш. лідэраў, які перарос у Сіньхайскую рэвалюцыю (1911—13). У ходзе яе ў К. скінута манархія, абвешчана рэспубліка з цэнтрам у Нанкіне (у снеж. 1911 — лют. 1912 яе часовым прэзідэнтам быў Сунь Ятсен, які потым перадаў уладу ген.Юань Шыкаю, што сфарміраваў урад у Пекіне), засн.нац. партыя — Гаміньдан (у ліст. 1913 забаронена), фактычна самаст. сталі Тыбет і Знешняя Манголія.
У пач. 1-й сусв. вайны К. захоўваў нейтралітэт. Але ў студз. 1915 Японія выступіла з 21 патрабаваннем — разгорнутай праграмай ператварэння К. ў залежную ад яе краіну, пагражаючы ў выпадку адхілення патрабаванняў выкарыстаць ваен. сілу. Урад Юань Шыкая ў маі 1915 мусіў прыняць б.ч. гэтага ультыматуму. Спроба Юань Шыкая абвясціць сябе імператарам (канец 1915) выклікала ў К. антыманархічны рух і адасабленне ад пекінскага ўрада паўд. правінцый (Юньнань, Гуйчжоў, Гуансі), дзе быў створаны ўрад на чале з Сунь Ятсенам (1917—19). Пасля 1-й сусв. вайны (у ёй К. сімвалічна ўдзельнічаў на баку Антанты) узнікла Камуністычная партыя Кітая (КПК), склаўся саюз Гаміньдана і КПК. Пад націскам рэв. руху (цэнтр — прав. Гуандун) пекінскі ўрад 31.5.1924 падпісаў пагадненне аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і К., паводле якога паміж імі ўстаноўлены дыпламат. адносіны і сумеснае кіраванне Кітайскай Чанчуньскай чыгункай (пазней вакол яе адбыўся савецка-кітайскі канфлікт 1929). Пасля смерці Сунь Ятсена (1925) і рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі ў г. Нанкін створаны гаміньданаўскі ўрад на чале з Чан Кайшы, распаўся саюз Гаміньдана і КПК. Камуністы стварылі ў паўд. і інш. раёнах (т.зв. вызваленыя раёны) атрады Чырв. Арміі К. (ЧАК) і мясц. органы ўлады — Саветы. Гаміньданаўскія войскі ў 1930—36 зрабілі 5 карных паходаў супраць ЧАК. У канцы 1931 Паўн.-Усх. К. акупіравалі яп. войскі, у 1932 тут утворана марыянетачная дзяржава Маньчжоў-Го на чале з імператарам Пу I (апошні з дынастыі Цын). Пасля Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 (выгнанню японцаў з краіны спрыялі поспехі войск СССР у ходзе савецка-японскай вайны 1945) у К. аднавілася грамадз. вайна (1946—49), якая скончылася паражэннем Чан Кайшы і яго прыхільнікаў (эмігрыравалі на Тайвань, дзе ў 1950 заснавалі Рэспубліку К., якая да 1971 была чл.ААН). Да ўлады прыйшла КПК. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт.Нар. Рэспубліка (КНР). У краіне разгарнулася буд-ва сацыялізму на ўзор СССР, які аказваў ёй значную эканам. дапамогу. К. удзельнічаў (пасылка «добраахвотнікаў») у Карэйскай вайне 1950—53 на баку Паўн. Карэі, заняў Тыбет (1950, у 1959 ліквідавана паўстанне тыбетцаў, што вымусіла Далай-ламу 14-га эмігрыраваць у Індыю). Паліт. кіраўніцтва КНР на чале з Мао Цзэдунам у 1958—60 намагалася фарсіраваць эканам. развіццё краіны («вял. скачок»), у 1966 разгарнула «культурную рэвалюцыю» (гл. таксама Хунвэйбіны). Адначасова пагоршыліся кіт.-сав. адносіны (гл.Савецка-кітайскі канфлікт 1969). Пасля смерці Мао Цзэдуна (вер. 1976) да ўлады ў К. прыйшло прагматычнае і рэфарматарскае крыло КПК на чале з Дэн Сяапінам, якое ў 1978 пачало курс на рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы (у т. л. шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў і спец.эканам. зон), што дазволіла вырашыць або змякчыць харч. і інш.сац. праблемы. 2.8.1984 заключаны кіт.-брыт. дагавор аб вяртанні К. Ганконга (з 1.7.1997). 4.6.1989 на пл. Цяньаньмэнь у Пекіне адбылося значнае сац. выступленне пад лозунгам дэмакратызацыі кіт. грамадства (у сутыкненнях з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс.чал., пераважна студэнтаў). З 1993 кіраўнік дзяржавы (старшыня КНР) — Цзян Цзэмінь. К. пачаў перагаворны працэс па ўрэгуляванні спрэчных пытанняў з Тайванем (вакол яго статуса, крас. 1993), Індыяй (аб пагран. канфлікце ў Гімалаях, вер. 1993), В’етнамам (пагадненне аб мірным урэгуляванні пагран. канфлікту, кастр. 1993). У 1980-я г. нармалізаваны кіт.-сав. адносіны, у 1997—98 дэмаркіравана граніца К. з Рас. Федэрацыяй (правапераемніца СССР). К. — чл.ААН (з 1971), Азіяцка-Ціхаакіянскай эканам. кааперацыі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1992.
У 1920—40-я г. ў г. Харбін (ПнУ К.) сярод рас. дыяспары быў значны бел. асяродак. Гал. ролю ў яго культ. дзейнасці адыгрывалі манахі ордэна марыянаў на чале з біскупам Ф.Абрантовічам і генералам ордэна А.Цікотам. Пры місіі марыянаў меліся мужчынская гімназія з інтэрнатам, 2 жаночыя школы, выдаваўся час. «Католический вестник». У працы місіі актыўна ўдзельнічалі В.Адважны, Т.Падзява, К.Кайловіч і інш. манахі — дзеячы бел.культуры.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Правячая Камуністычная партыя Кітая. Яе падтрымліваюць ідэйна блізкія Рэв.к-т Гаміньдана, Дэмакр. Ліга, Асацыяцыя дэмакр.нац.буд-ва, Асацыяцыя садзейнічання развіццю дэмакратыі, Рабоча-сял.дэмакр. партыя, Партыя Чжыгундан, Т-ва «Цзюсань», Ліга дэмакр. аўтаноміі Тайваня. Найб. масавыя грамадскія арг-цыі: Усекіт. федэрацыя прафсаюзаў, Усекіт. федэрацыя моладзі і Усекіт. федэрацыя жанчын. Усе партыі і грамадскія арг-цыі аб’ядноўвае Нар.паліт. кансультатыўны савет К.
Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. краіна з буйной шматгаліновай прам-сцю і развітой сельскай гаспадаркай. Значных поспехаў у эканам. і сац. развіцці яна дасягнула ў сувязі з правядзеннем з 1978 рэформ і палітыкі адкрытасці знешняму свету. За 1978—97 валавы нац. прадукт вырас у 5,7 раза (у сярэднім па 9,6% за год) і дасягнуў 2610 млрд. долараў, каля 2150 дол. на душу насельніцтва. Эканоміка шматукладная: дзейнічаюць дзярж., дзярж.-капіталіст., калектыўны, прыватны і індывідуальны сектары (пры кіруючым становішчы дзярж. эканомікі). Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі каля 50%, сферы паслуг, у т. л. транспарт, гандаль, фін. сфера, урадавыя расходы — каля 30%; доля сельскай гаспадаркі знізілася да 20%. Па вытворчасці многіх відаў прамысл. і с.-г. прадукцыі (збожжа, мяса, морапрадукты, вугаль, цэмент, бавоўна, тканіны, адзенне, веласіпеды, пральныя машыны, тэлевізары) К. займае вядучыя пазіцыі ў свеце; знаходзіцца сярод сусв. лідэраў па выпуску сталі, хім. валокнаў, электраэнергіі. Удасканальваецца тэр. структура гаспадаркі, паглыбляецца міжнар. падзел працы. У прыбярэжных раёнах створаны спецыяльныя эканам. зоны, у якія прыцягваецца замежны капітал, навука і індустрыя інтэгруюцца з гандлем, развіваецца экспартнаарыентаваная эканоміка. Прамысловасць. Побач з традыцыйна развітымі галінамі, якія шматразова павялічылі выпуск прадукцыі (тэкстыльная, вугальная, чорная металургія), паспяхова развіваюцца новыя, укараняюцца новыя і найноўшыя тэхналогіі. Каля палавіны ўсёй прамысл. прадукцыі выпускаюць дробныя прадпрыемствы. Энергетыка базіруецца пераважна на каменным вугалі (здабыча 1298 млн.т, 1995); асн. раёны яго здабычы на Пн і ПнУ (Кайлуань, Датун, Фушунь, Фусінь).
Расце здабыча нафты (149 млн.т у 1995) і прыроднага газу (17,6 млрд.м³ у 1995). Нафту здабываюць у паўн. раёнах (цэнтры Дацын, Шэнлі, Даган), газ — у прав. Сычуань. Выпрацавана электраэнергіі 1000 млрд.кВт∙гадз (1995), у т. л. на ЦЭС 75% (у асн. на вугалі). ГЭС працуюць у горных раёнах, найб. Гэчжоўба (магутнасць 2715 МВт). Ёсць АЭС, прыліўныя электрастанцыі. Ствараецца агульна-нац. энергасістэма. Выплаўка сталі 94 млн.т (1995). Буйнейшае прадпрыемства — Аньшаньскі камбінат (7 млн.т сталі за год) у правінцыі Ляанін (выкарыстоўвае жал. руду Аньшаньскіх руднікоў і каксавальныя вугалі Фушуня і Фусіня). Хутка расце вытв-сць каляровых металаў. Попыт на алюміній, медзь, свінец, цынк перавышае вытв-сць, і яны імпартуюцца. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў правінцыях Ляанін, Юньнань, Хунань, Ганьсу. Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць розныя станкі (каля 1 млн. штогод) і прылады, у т. л. з лічбавым праграмным кіраваннем, трактары, аўтамабілі, судны, цеплавозы, абсталяванне для цяжкай і лёгкай прам-сці. Вырабляюцца таксама быт. тэхніка, с.-г. машыны і інш. Выпускаецца больш за 30 млн. веласіпедаў за год (1-е месца ў свеце). Значная вага цяжкага (Шэньян, Таюань, Лаян, Ухань, Цяньцзінь) і энергет. (Шэньян, Харбін, Пекін, Таюань, Шанхай) машынабудавання. Развіта аўтамабілебудаванне (штогод каля 1,5 млн. аўтамашын, палавіна з іх — грузавыя); асн. цэнтр — Чанчунь. С.-г. машынабудаванне арыентавана на стварэнне тэхнікі для апрацоўкі невял. зямельных участкаў. Вытв-сць трактароў (40—60 тыс. штогод) пераважна ў Лаяне. Марское і рачное суднабудаванне. Значная вытв-сцьбыт. тэхнікі: відэамагнітафоны, тэлевізары (больш за 30 млн. штогод, каля 22% сусв. вытв-сці), радыёпрыёмнікі, халадзільнікі і маразільнікі (каля 6 млн. штогод), электронныя гадзіннікі, пральныя машыны і інш. Развіваецца вытв-сцькасм. тэхнікі. Цэнтры асн. вытворчасцей канцэнтруюцца ў прыморскіх раёнах. У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сцьхім. угнаенняў (24,5 млн.т, у пераліку на пажыўныя элементы, 1997), хім. валокнаў (каля 3 млн.т за год), аўтамаб. шын (больш за 70 млн.шт. за год), пластмас, сінт. смол; асн. цэнтры — Шанхай, Лаян, Баадзін. Тэкст.прам-сць займае 1-е месца ў свеце па выпуску тканін. Найб. вырабляюць баваўняных тканін — больш за 23 тыс.км² штогод. Выпускаюць таксама шарсцяныя (каля 350 км²), сінт., ільняныя, шаўковыя тканіны. Гал. цэнтры баваўнянай прам-сці — Шанхай, Цяньцзінь, Пекін, шаўковай — у ніжнім цячэнні р. Янцзы, у правінцыях Сычуань і Гуандун. Усюды развіты выраб разнастайных буд. матэрыялаў. Вытв-сць цэменту 401 млн.т (1995, каля 30% сусв. вытв-сці). У харч. і харчасмакавай прам-сці вядучыя вытворчасці — перапрацоўка збожжавых і алейных культур. Развіта перапрацоўка чаю (каля 25% сусв. вытв-сці) і тытуню (больш за 35% сусв. вытв-сці). Вядомы кіт. вырабы з лаку, фарфора-фаянсавыя і керамічныя, а таксама дываны, цыноўкі, вышыўкі і малюнкі на шоўку, разьбярства па косці, дрэве, камені і інш. Сельская гаспадарка. У арганізацыі вытв-сці выкарыстоўваецца дробнагрупавы, пераважна сямейны, падрад. Дзярж. ўласнасць прадстаўлена ў асноўным дзяржгасамі. Ворных зямель каля 100 млн.га (10% тэр. К.), з іх палавіна арашаецца. Раслінаводства дае каля 60% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўля каля 15%, дапаможныя промыслы — каля 25%. Асн. масівы апрацаваных зямель на раўнінах, у дэльтах і далінах рэк на У краіны. На ПнУ збіраюць адзін ураджай за год, у басейне р. Хуанхэ — 3 ураджаі за 2 гады, на Пд ад Янцзы — 2, а ў прав. Гуандун і на в-ве Хайнань — 3 ураджаі за год. Вялікая разнастайнасць культур: 50 відаў палявых, 80 — агароднінных і 60 — садовых. Склаліся арэалы вырошчвання пэўных культур. Паўн.-ўсх. раўніны (бас. рэк Сунгары і Ляахэ) заняты пшаніцай, кукурузай, сорга, сояй, цукр. буракамі і лёнам. Раўніны на У басейна р. Хуанхэ і навакольныя раёны пад пшаніцай, кукурузай, просам, сорга, бавоўнікам, яблыневымі і грушавымі садамі, вінаграднікамі. На Пд у пасевах пераважае рыс; вырошчваюць таксама бавоўнік, тытунь, арахіс, рапс, чай і інш. На Пд вырошчваюць трапічныя і субтрапічныя культуры, цукр. трыснёг, рамі. Шаўкаводства ў раёне Ханчжоў і ў дэльце р. Сіцзян. У структуры пасяўных плошчаў 75% займаюць збожжавыя. Іх валавы збор (1995) 416,8 млн.т (22% сусв. вытв-сці), у т. л. рысу 187,2 млн.т, кукурузы 112,3 млн.т, пшаніцы 102,2 млн.т. Меншае значэнне маюць ячмень, сорга (у т. л. гаалян), авёс, проса. Асн. раёны вырошчвання рысу: даліна р. Янцзы, Паўд. Кітай, Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е. Пшаніцу (пераважна яравую) вырошчваюць у бас.р. Хуанхэ і прав. Сычуань. Кукурузу сеюць на ПнУ, Пн, ПдЗ. З бабовых вырошчваюць сою (пераважна на ПнУ), кармавы боб, гарох, з клубневых культур — батат, бульбу (40—45 млн.т штогод), ямс, тара, маніёк. Бавоўнік (4,8 млн.т, 1996) вырошчваюць на раўнінах басейнаў рэк Хуанхэ і Янцзы. Збор алейных культур 22,4 млн.т (1996). Гал. з іх арахіс, рапс, кунжут. Цукр. трыснёг вырошчваюць на Пд, цукр. буракі — на Пн. Традыцыйная вытв-сць чаю (правінцыі Чжэцзян, Хунань, Аньхой, Фуцзянь), шаўковых коканаў (правінцыі Сычуань, Чжэцзян, Цзянсу), шматлікіх відаў і гатункаў агародніны і садавіны. У жывёлагадоўлі гал. галіна — свінагадоўля; меншае значэнне маюць развядзенне буйн. раг. жывёлы, авечак і інш. Пагалоўе (млн. галоў, 1995): свіней — 424,7 (47,2% сусв. пагалоўя), буйн. раг. жывёлы — 100,8 (7,7%), авечак — 110 (11%), коней — 10 (16,5%). Буйн. раг. жывёла пераважна мяснога кірунку, значная частка яе выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Агульная вытв-сць мяса 53 млн.т (25,6% сусв. вытв-сці, 1995), воўны — 260 тыс.т, малочнай прадукцыі — каля 5 млн.т штогод. Гадуюць таксама аслоў, мулаў, вярблюдаў (у пустынях і паўпустынях), якаў (у Тыбеце). Ва Унутранай Манголіі, Тыбеце і Сіньцзян-Уйгурскім аўт. раёне развіта пашавая жывёлагадоўля. Птушкагадоўля (куры, індыкі, качкі, гусі) пераважна ў прыгарадных раёнах. Штогадовая вытв-сць курыных яец каля 12 млн.т (30% сусв. вытв-сці). Улоў рыбы 20,7 млн.т (1996, каля 20% сусв. ўлову). Рыбу ловяць у навакольных морах, унутр. рэках і азёрах, вырошчваюць у садках на марскіх водмелях, у сажалках і на рысавых палях. Здабываюць таксама каракаціц, крэветак, крабаў, галатурый (пераважна трэпангаў), малюскаў. Збор больш за 200 відаў водарасцей. Пчалярства. К. дае каля /з сусв. экспарту мёду. Развіты лесанарыхтоўка, лесаразвядзенне, зверагадоўля, паляўніцтва (на ПнУ і З).
У эканам. адносінах К. падзяляюць на 3 зоны. Усх. зона (прыморскія правінцыі) — вядучая ў стварэнні і развіцці новых галін прам-сці, асабліва навукаёмістых, у прыцягненні замежных капіталаў і вытв-сці экспартных тавараў; цэнтральная — у вытв-сці электраэнергіі, хім. прадукцыі, сыравіны, паўфабрыкатаў, фарміраванні новых галін; у адносна слабаразвітой заходняй зоне развіваюцца сельская гаспадарка, горназдабыўная прам-сць і пач. апрацоўка сыравіны. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 54 тыс.км, у т. л. 9 тыс.км электрыфікаваных (1994). Найб. аб’ём грузаперавозак на магістралях Пекін—Шэньян, Цяньцзінь—Шанхай, Пекін—Гуанчжоў. Аўтадарог 1,1 млн.км. Аўтамаб. транспарт адыгрывае значную ролю ў горных і пустынных раёнах на З, у многіх аддаленых ад чыгунак раёнах на У. Унутр. водных шляхоў 110 тыс.км. Гал.ўнутр. водная трансп. сістэма — р. Янцзы з асн. прытокамі. Вызначаецца Вял. канал паміж Пекінам і Ханчжоў. Развіты марскія кабатажныя перавозкі. Буйнейшыя знешнегандл. парты Далянь, Цяньцзінь, Цындао, Шанхай, Гуанчжоў, Чжаньцзян, Сянган. Авіяцыйны транспарт абслугоўвае ўнутр. (600 паветр. ліній) і знешнія (60 міжнар.паветр. ліній) перавозкі пасажыраў і грузаў. У краіне 113 аэрапортаў і аэрадромаў. Трубаправоды злучаюць месцы здабычы нафты і прыроднага газу з цэнтрамі перапрацоўкі і трансп. вузламі. Гал. з іх: Дацын—Далянь, Дацын—Пекін, Жэньцю—Нанкін, Юймынь—Ланьчжоў. У 1994 экспарт склаў 121 млрд.дол., імпарт — 115,7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць гатовыя вырабы: тэкстыль, адзенне, электратэхніка, электроніка, каляровыя і легіруючыя металы, а таксама рыба, агародніна і садавіна, бавоўна, чай і інш. Імпартуюцца складаная тэхніка і камплектнае абсталяванне, самалёты, трактары, аўтамашыны, сталь, угнаенні, нафта і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Тайвань, Германія, Рэспубліка Карэя. У 1995 Беларусь экспартавала ў К. тавараў на 16 млн.дол., у 1996 — на 21,3 млн.дол., імпартавала адпаведна на 16,7 і 25,2 млн. долараў. К. наведваюць штогод каля 25 млн. замежных турыстаў, прыбытак ад турызму складае 7—10 млрд. долараў. Сярод турыстаў пераважаюць замежныя кітайцы, японцы, амерыканцы. Грашовая адзінка — юань.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (ракетна-ядз. сілы, сухап. войскі, ВПС, ВМС) і нар.узбр. паліцыі. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл каля 4 млн.чал., у т. л. Нар.-вызв. арміі Кітая 3 млн., нар.узбр. паліцыі 0,8 млн.чал. Непасрэдны кіраўнік — міністр абароны. Камплектаванне па прызыве. Ракетна-ядз. сілы ўключаюць часці, узброеныя балістычнымі ракетамі, і падраздзяленні самалётаў-носьбітаў. У сухап. войсках 2,09 млн.чал. асабовага складу, 24 агульнавайск. арміі (71 пях., 2 механізаваныя, 11 танк., 5 артыл. дывізій, 13 танк. і 20 артыл. брыгад, 7 верталётных палкоў), 3 паветр.-дэсантныя дывізіі (зведзены ў паветр.-дэсантны корпус), 50 інж. і 50 палкоў сувязі; на ўзбраенні каля 10,5 тыс. танкаў, каля 5,5 тыс. баявых браніраваных машын, 14,5 тыс.артыл. гармат і пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, каля 2,3 тыс. сістэм рэактыўнага залпавага агню, больш за 120 верталётаў і інш. У ВПС 470 тыс.чал., у т. л. 220 тыс. у ППА, 3740 баявых самалётаў і каля 200 баявых верталётаў. У ВМС 280 тыс.чал., у т. л. 25 тыс. у марской авіяцыі, 5 тыс. у марской пяхоце і 29 тыс. у сілах берагавой абароны; 61 падводная лодка, 246 баявых караблёў, 165 дапаможных суднаў, 973 катэры, 535 баявых самалётаў і 25 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын — 71 год. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 378 чал., урачамі — 1 на 630 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1%. Дзіцячая смяротнасць — 40 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы (дзярж. і прыватныя) для дзяцей з 3-гадовага ўзросту, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі падпарадкавана Дзярж. к-ту адукацыі пры Дзяржсавеце КНР. Дзейнічае закон аб абавязковай 9-гадовай адукацыі дзяцей з 6-, а пры адсутнасці ўмоў з 7-гадовага ўзросту. На ўроках у школе павінна выкарыстоўвацца путунхуа (агульнакіт. мова, у аснове якой пекінскі дыялект). Абавязковая 9-гадовая адукацыя мае 2 ступені: пач. школа (тэрмін навучання 5—6 гадоў) і няпоўная сярэдняя (3 гады навучання; 7—9-ы кл.). Пасля атрымання абавязковай адукацыі можна працягваць вучобу ў поўнай сярэдняй школе вышэйшай ступені (10—12-ы кл.) або ў прафес.-тэхн. вучылішчы. Праграма навучання ў поўнай сярэдняй школе дадаткова ўключае класічную і сучасную кіт. л-ру, электра-тэхніку, ЭВМ, чарчэнне, другую замежную мову, тэорыю л-ры і мастацтва і інш.; штогод на працягу 4 тыдняў (6 гадз у дзень) праводзяцца прац. і практычныя заняткі; 240 гадз адведзена на факультатывы. Навучанне ў ВНУ, за выключэннем пед. ін-таў, платнае. Тэрмін навучання 4—5 гадоў, у мед. ін-тах 6 гадоў. У К. 1075 ВНУ (1990), у т. л. 611 універсітэцкага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Пекінскі (з 1898), Нанкінскі (з 1902), Фудань (з 1905) у Шанхаі, Цынхуа (з 1911) у Пекіне, Нанькай (з 1919) у Цяньцзіне, Сямыньскі (з 1921), Чжуншань (з 1924) у Гуанчжоў; Пекінскі мед.ін-т (з 1912). У К. існуюць розныя формы адукацыі дарослых (агульнаадук.пач. і сярэднія вячэрнія школы, завочныя і вячэрнія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы). Буйнейшыя б-кі: Нац., Цэнтральная АН у Пекіне, Нанкінская. Буйнейшыя музеі: Шанхайскі, Музей гісторыі і б. Імператарскі палац (Гугун) у Пекіне. Н.-д. работу вядуць НДІ галіновых акадэмій, аддзяленняў АН (з 1949), галіновых мін-ваў і ВНУ. Вышэйшая навук. ўстанова К. — Акадэмія навук. якая каардынуе даследаванні па ўсіх галінах навук і кіруе многімі н.-д. арг-цыямі. Н.-д. ўстановы вядуць даследаванні ў галіне медыцыны, біял. і с.-г. навук, машынабудавання і металаапрацоўкі, ракетна-касм. тэхнікі і інш. Адзін з найважнейшых кірункаў даследаванняў — распрацоўкі ў галіне ядзернай фізікі і энергетыкі (пры Кіт.АН створаны Камітэт і Ін-т атамнай энергіі). У Пекінскай абсерваторыі вядуцца даследаванні ў галіне фізікі высокіх энергій. Вял. значэнне надаецца навук. працам, звязаным з вышукам і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў (выяўлены вял. паклады жал. руды, каляровых і рэдкіх металаў, вугалю, радовішчы нафты), са стварэннем сінт. цвёрдых матэрыялаў — заменнікаў алмазаў. К. дасягнуў сусв. ўзроўню ў галіне электронікі, біяхіміі і вытв-сці лекавых сродкаў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 5 тыс. газет і часопісаў. Найб. тыраж сярод штодзённых газет маюць «Жэньмінь жыбао» («Народная газета», з 1948), «Чжунго цынянь бао» («Газета кітайскай моладзі», з 1951), «Гуанмін жыбао» («Святло», з 1949), «Гунжэнь жыбао» («Рабочая газета») і літ. газета «Вэнхуі бао» («Літаратурныя кірункі», з 1937). Інфарм. агенцтвы: Сіньхуа (засн. ў 1931, сучасная назва з 1937, афіц. агенцтва з 1949), Чжунго Сіньвеншы (з 1952, пераважна для кіт. эмігрантаў). Радыё з 1928. У 1940 створана радыёстанцыя Сіньхуа, якая дала пачатак сучаснай сістэме радыёвяшчання і тэлебачання (кіруецца і фінансуецца дзяржавай). Радыё трансліруе 2 агульнанац. праграмы, праграму для Тайваня, 25-мінутную праграму для нац. меншасцей на каз., кар., манг., тыбецкай і уйгурскай мовах, а таксама праграму на англ. мове ў 3 буйнейшых гарадах КНР. Радыёстанцыі: Цэнтральная нар., Кіт.міжнар., франтавая Фуянь, Голас Іньлінь, камерцыйная ў г. Гуанчжоў і каля 300 мясцовых. Тэлебачанне з 1958. Цэнтр. тэлебачанне трансліруе 2 агульнанац. праграмы і праграму для Пекіна, дзейнічаюць каля 300 тэлестанцый рознага ўзроўню. К. належыць да сістэмы Інтэлсат, з 1984 мае і ўласныя спадарожнікавыя сістэмы СТВ-1, СТВ-2; развіваецца кабельнае тэлебачанне.
Літаратура К. мае вял. пісьмовыя традыцыі (каля 3 тыс. гадоў). Іерагліфічныя помнікі (надпісы на касцях жывёл, панцырах чарапах) вядомы з 18 ст. да н.э. Сярод помнікаў кіт. пісьменства архаічнага перыяду «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н.э.; прамовы гіст. асоб, клятвы, заклінанні, цырыманіяльныя апісанні), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н.э.; афарыстычныя трыграмы і гексаграмы), «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н.э.; тэксты рытуальных і абрадавых песнапенняў, любоўнай, быт. і грамадз. лірыкі). На развіццё л-ры К. паўплывалі канфуцыянства і даасізм. Творы пісьменнікаў-канфуцыянцаў «Лунь юй» («Выказванні і гутаркі», 5 ст. да н.э.; першы помнік класічнай кіт. л-ры) і «Мэнцзы» (4 ст. да н.э.; палемічныя дыялогі); даасістаў — «Дао дэ цзін» («Кніга пра шлях і дабрачыннасць», 6 ст. да н.э.; вызначаецца рытмізаванай сімвалічнай мовай, магчымы яе аўтар Лао-цзы), «Паданне пра сына неба Му» (5 ст. да н.э.; нап. ў жанры «фантастычнага падарожжа»), трактаты «Сюнь-цзы», «Хань Фэй-цзы» (3 ст. да н.э.; байкі, заснаваныя на нар. легендах і міфах). У 4—3 ст. да н.э. на Пд Кітая ў царстве Чу зарадзіўся паэт. жанр «чускія строфы», прадстаўнік якога Цюй Юань — першы вядомы ў гісторыі кіт. л-ры паэт (аўтар «Дзевяці элегій», паэм «Журбота самотніка» і «Пытанні да неба»). У перыяд панавання дынастыі Цынь (канец 3 ст. да н.э.) вял.ч. канфуцыянскай л-ры была знішчана. У эпоху Хань адбылося станаўленне жанраў фу — квяцістай пышнай оды (Цзя I, Сыма Сянжу, Мэй Шэн, Дунфан Шо), юэфу — нар. песень, якія з 2 ст. да н.э. збіраліся спец. «Музычнай палатай». У прозе гал. дасягненні звязаны з гіст.-маст. л-рай («Гістарычныя нататкі» Сыма Цяня, 2 — пач. 1 ст. да н.э.; «Гісторыя Ханьскай дынастыі» Бань Гу, 1 ст. да н.э.). Пасля распаду Ханьскай імперыі пастаянныя міжусобныя войны стваралі атмасферу трывогі і няўпэўненасці людзей у заўтрашнім дні. На далейшае развіццё л-ры паўплывала пашырэнне будызму. У 2—3 ст. развівалася творчасць паэтаў-лірыкаў сям’і Цао (Цао Цао, Цао Пі, Цао Чжы — аўтар першага літ. трактата «Аб прыгожым пісьменстве»), паэтаў сац.-крытычнай тэматыкі Кун Юна, Цзі Кана, Жуань Цзі, празаікаў Чжан Хуа (зб. навелет-фацэцый «Нататкі пра розныя рэчы», 3 ст.), Гань Бао («Нататкі пра з’яўленне духаў», пач. 4 ст.). Найбуйнейшы паэт канца 4 — пач. 5 ст. Тао Юаньмін, аўтар утопіі «Персікавая крыніца», цыклаў вершаў «Вяртаюся да садоў і палёў» і «Пры віне», які першы апяваў чалавека працы. У 5—6 ст. фарміруюцца асновы класічнага вершаскладання з рэгулярным чаргаваннем 4 тонаў, уласцівых кіт. мове (Се Яо). З’явіліся зб.апавяд. прозы Лю Іцына «Аповесці майго часу», трактат Лю Се «Вычварны дракон літаратурнай думкі» пра погляды на літ. творчасць, заснаваныя на канфуцыянстве і будызме. У канцы эпохі Хань у прозе ўзнік «паралельны стыль» (пяньвэнь), у аснове якога правільнае чаргаванне сэнсавых і рытмічных фігур, шырокае выкарыстанне літ. і гіст. асацыяцый (Юй Сінь, Сюй Лін, Бао Чжао і інш.). У эпоху Тан (7 — пач. 8 ст.) дасканаласці дасягнулі формы 5- і 7-слоўных вершаў з двухрадковай страфой і пэўным чаргаваннем тонаў (Ван Вэй, Лі Бо, Ду Фу, Бо Цзюі, Ду Му). У прозе развіліся жанры навелы — чуаньці («Старажытная кніга гор і рэк» Лі Гунцзо, «Старажытнае люстэрка» Ван Ду, «Аповесць пра вечную тугу» Чэнь Хуна), будыйскага казання — бяньвэнь, блізкага да фальклору. На мяжы эпох Тан і Сун з’явіўся новы від песеннай паэзіі — цы (раманс; Аўян Сю, Су Шы, Лю Юн, Лі Цынчжао і інш.). У класічным жанры шы створаны вершы паэтамі Лу Ю і Сінь Цыцзі (12 — пач. 13 ст.). У прозе Сунскай эпохі (сярэдзіна 10—13 ст.) з’явіліся жанры гар.нар. аповесці хуабэнь, філас. прозы біцзі (фактаграфічных нататкаў). Драматургія 13 ст. адлюстроўвала жыццё эпохі, цяжкія войны з заваёўнікамі-манголамі (п’есы Гуань Ханьцына — аднаго са стваральнікаў драмы цзацзюй, Ма Чжыюаня, У Ханьчэна, Ван Шыфу, Бо Пу і інш.). У паэзіі 13—14 ст. значнае месца займала блізкая да фальклору песенная лірыка саньцюй (Чжан Кэцзю, Гуань Юньшы, Цяо Цзі), у прозе — жанры гіст. і авантурна-гіст. эпапеі («Гісторыя трох царстваў» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). Пры дынастыі Мін (сярэдзіна 14—1-я пал. 17 ст.) літ. працэс запаволіўся, яго сярэдневяковы характар захоўваўся да канца 19 ст. Ананімны раман «Цзінь, П ш, Мэй» (16 ст.) стаў пачаткам быт. лініі ў кіт. прозе. У драматургіі таго часу ўзнікла «паўднёвая драма» («Меч» Лі Кайсяня, «Альтанка з півоняў» Тан Сяньцзу» і інш.). Прыход да ўлады маньчжурскай дынастыі Цын (сярэдзіна 17 ст.) абумовіў з’яўленне апазіцыйна настроеных паэтаў (Гу Яньу, Ван Фучжы, Гуй Чжуан і інш.). З’явіліся раманы, якія ўслаўлялі герояў мінулага («Сказанне Юэ Фэя» Цянь Цая), з’едлівая іронія на заганы грамадства выявілася ў навелах Пу Сунліна. У сатыр. рамане «Неафіцыйная гісторыя канфуцыянцаў» У Цзінцзы клеймаваў пошласць, кар’ерызм, кансерватызм інтэлігенцыі. Найвышэйшае дасягненне класічнага рамана — «Сон у чырвоным цераме» Цао Сюэцыня. Канец 18 — пач. 19 ст. — перыяд крызісу ўсіх жанраў кіт. л-ры. Прадстаўнікі «тунчэнскай школы» адстойвалі «высокія» жанры і артадаксальна-схаластычныя прынцыпы. Ім супрацьстаялі творы Дай Чжэня, Гун Цзычжэня, сатыр.-фантаст. раман з элементамі утопіі «Кветкі ў люстэрку» Лі Жучжэня, нар. п’есы, сказы, песні і інш. творы «нізкіх» жанраў позняга сярэдневякоўя. У апошнія гады маньчжурскай дынастыі выявіліся наватарскія тэндэнцыі, характэрныя для прозы, асн. тэмамі якой сталі выкрыццё сац. несправядлівасці («Дурнота, убачаная за 20 гадоў» У Вояо, «Наша чыноўніцтва» і «Кароткая гісторыя цывілізацыі» Лі Баюаня, п’есы У Мэя, «Будучыня новага Кітая» Лян Цічао); у паэзіі адчувальным стаў уплыў еўрап. паэтыкі (Тань Сытун, Цю Цзінь, Цзоў Жун, Гао Сюй). Падзенне манархіі ў К., уплыў рэвалюцый у Расіі і інш. суседніх краінах спрыялі хуткай эвалюцыі кіт. л-ры ў бок яе дэмакратызацыі і пэўнай еўрапеізацыі, узніклі літ. аб’яднанні. Рэаліст. тэндэнцыямі вылучалася проза Лу Сіня, рамант. і дэкадэнцкімі ўплывамі — творы празаіка Е Шэнтао, паэтаў Лю Дабая, Чжу Цзыцына, драматургаў Цянь Ханя, Хун Шэна і інш. Новыя літ. формы, жывая гутарковая мова да пач. 1920-х г. выцеснілі састарэлую лексіку, класічныя формы. У 1930-я г.кіт. проза адметная творамі Мао Дуня (трылогія «Зацьменне», раманы «Крама Ліня», «Перад світаннем»), Ба Цзіня (раман «Пагібель», трылогія «Каханне»), Лао Шэ (раманы «Развод», «Рыкша»), навеламі і апавяданнямі Юй Дафу, Шэнь Цунвэня, Цзінь І. З’явіўся жанр апавяданняў і сатыр. казак на міфалагічныя і гіст. тэмы (Лу Сінь, Чжэн Чжэньдо), набыла папулярнасць сац. драма (Хун Шэнь, Ся Янь, Цянь Хань). У антыяп. вайну 1930—40-х г. пашырылася патрыят. тэма (паэт.зб-кіАй Цына «Поўнач» і «Палі», яго паэма «Паходня», аповесць Сяо Хун «Поле жыцця і смерці», «Аповесць пра першы этап» Мао Дуня, раман «Спаленне» Лао Шэ, апавяданні і нарысы Цю Дунпіна, Лю Баюя, п’есы Цянь Ханя, Хун Шэна і інш.). З 1949 л-ра К. павінна была развівацца ў рэчышчы сацыяліст. рэалізму. У 1953 створаны Саюз кіт. пісьменнікаў. У 1958 адзіным творчым метадам л-ры афіцыйна абвешчана «спалучэнне рэв. рамантызму з рэв. рэалізмам». У канцы 1940 — пач. 1960-х г. улады К. віталі творы, прысвечаныя новым парадкам на вёсцы (раманы Чжоў Лібо «Бура», «Вялікія змены ў горным сяле» і інш.), «рабочай» тэматыцы (раманы Чжоў Лібо «Сталёвы паток», Ай У «У агні нараджаецца сталь» і інш.), барацьбе супраць гаміньданаўцаў (раманы Лю Цына «Несакрушальны мур», У Цяна «Чырвонае сонца» і інш.). У выніку т.зв.культ. рэвалюцыі большасць літаратараў К. падверглася рэпрэсіям, перасталі выходзіць асн.літ. часопісы. Да сярэдзіны 1970-х г.літ. працэс у КНР быў спынены. У 1979 пачалася масавая рэабілітацыя рэпрэсіраваных дзеячаў культуры, у т. л. л-ры. Трагічныя падзеі «культурнай рэвалюцыі» адлюстраваны ў аповесцях Лэ Сіня, Чэнь Мяо, Чжан Сяньляна, зб. «Вершы з плошчы Цяньаньмэнь». У л-ры 1980—90-х г. па-ранейшаму панавала індустр. і вясковая тэматыка, тэорыя бесканфліктнасці, абстрактнае філасофстваванне замяніла маст. аналіз. Гуманіст. пафасам вылучалася паэзія Ай Цына, Цзоў Хафаня, Лі Іна, Лі Гана, проза Ба Цзіня, Дзін Ліна, Гу Хуа, драматургія У Ханя, Ян Ханьшэня, Чжэн Баці і інш. У 1980 створана Т-ва даследчыкаў сучаснай кіт. л-ры, выйшлі крытычныя манаграфіі Янь Цзяня, Ян I, Чжан Чжычжу і інш. Паза межамі К. набылі вядомасць творы паэтаў Ян Му, Ю Куанчуна, празаікаў Чэнь Чжаўсі, Бай Сяньюна, літ. крытыкаў Ху Шы, Лі Юйтана і інш. На кіт. мове друкаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, М.Танка і інш.бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшлі кіт. казак, апавяданняў, твораў Лу Сіня, Мао Дуня, Чжао Шулі, Хуа Шаня, Чжоў Лібо; у зб-ках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся творы Лі Бо, Ду Фу, Ван Вэя, Ду Му, Го Мажо, Мао Дуня, Сяо Піна, Юань Шуйпо і інш. Сярод перакладчыкаў на бел. мову — У.Дубоўка, Р.Барадулін, Я.Сіпакоў, І.Бабкоў, Р.Кашуба, М.Котаў, І.Дабрыян, М.Пазнякоў і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі неалітычных паселішчаў з глінабітнымі жытламі ямна-каркаснага тыпу і абарончымі равамі. У перыяд дзяржавы Шань-Інь (2-е тыс. да н.э.) з’явіліся гарады, абнесеныя сценамі, з прамавугольнай планіроўкай, храмамі і палацамі ўладароў (ванаў) на цэнтр. магістралі. Зарадзілася каркасная сістэма пабудоў (на глінабітным фундаменце ставілі слупы, перакрытыя гарыз. бэлькамі; рэшткі палаца каля г. Аньян). Узніклі падземныя пахаванні, якія складаліся з 2 размешчаных адно над адным памяшканняў (пл. да 500 м²), са сценамі, аздобленымі інкрустацыяй і размалёўкамі. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачынаюць складвацца прынцыпы архітэктуры і горадабудаўніцтва, якія леглі ў аснову сярэдневяковага кіт. дойлідства. Яны зафіксаваны ў пісьмовых трактатах («Чжоў-лі», 3 ст. да н.э.) з пазначэннем размяшчэння будынкаў, вышыні сцен і г.д. У 6 ст. да н.э. пачалося буд-ваВялікага канала. Частыя міжусобныя войны выклікалі інтэнсіўнае буд-ва абарончых збудаванняў: сцены (захаваліся рэшткі ад стараж. сталіц Ліньцзы і Ханьданя), крэпасці, шмат’ярусныя дазорныя вежы («лоў») з некалькімі дахамі і абходнымі галерэямі. У перыяд дзяржавы Цынь (221—207 да н.э.) пачалі будаваць асн. частку Вялікай кітайскай сцяны. Пра разнастайнасць буд. прыёмаў перыядаў Цынь і Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) сведчаць гліняныя мадэлі дамоў у пахаваннях знаці (моцна выцягнутыя ўверх 2—3-павярховыя дамы з выгнутымі дахамі, вежы «лоў», сядзібы з пабудовамі ў глыбіні прамавугольных замкнёных двароў). У сярэдневякоўі развіліся спецыфічныя канстр. і дэкар. прыёмы дойлідства (сістэма кранштэйнаў — доў-гунаў, арнаментацыя чарапічных навершаў дахаў). З пашырэннем будызму ў К. ўзніклі мемар. вежы-пагады (Сун’юэсы на гары Суншань, 520), драўляныя храмы і пячорныя манастыры, якія высякалі ў тоўшчы скал на ўзор індыйскіх (дасягалі некалькіх кіламетраў; Юньган, Дунмынь, Майцзішань). Квадратныя, прамавугольныя ці паўкруглыя ў плане манастырскія пячоры аздаблялі скульпт. выявамі Буды, яго вучняў, святых. Манументальнасцю і гармоніяй форм вылучалася архітэктура дзяржавы Тан (618—907). Пры вял. памерах гарады (Лаян, Чан’ань, цяпер Сіянь) захоўвалі выразнасць планіроўкі з падзелам на замкнёныя сценамі кварталы, сіметрычна размешчаныя па баках цэнтр. магістралі. У аснове кожнага палацавага ці храмавага будынка была простая ячэйка каркаса, утвораная 4 слупамі і сістэмай бэлечных перакрыццяў. Спалучэнне сістэмы бэлек стварала канстр. і прасторавую аснову розных будынкаў («дзянь» — 1-павярховы прамавугольны ў плане павільён; «лоў», ці «гэ» — шматпавярховыя будынкі з галерэямі; «тай» — невял. альтанка на высокім падмурку; «пін» — альтанка ў парку; «лян» — галерэя). Сцены не былі нясучым элементам; чарапічныя дахі, прыўзнятыя па краях, падтрымліваліся слупамі, бэлькамі і сістэмай «доў-гунаў» (храм Фагуан у гарах Утайшань, 857). Манум. выразнасць і рацыянальнасць уласцівы цагляным пагадам Даяньта («Вялікая пагада дзікіх гусей», 652, перабудавана 704), Сяаяньта («Малая пагада дзікіх гусей», 707—709, абедзве каля г. Сіянь). Горадабудаўніцтва перыяду Сун (10—13 ст.) звязана з пашырэннем гандлю, павелічэннем насельніцтва. Кварталы паўн. сталіцы Бяньлян (цяпер Кайфын) не мелі сцен, абапал гал. магістралей ставілі гандл. крамы, майстэрні рамеснікаў. Архітэктура гэтага часу адметная лёгкасцю, вытанчанасцю форм, зграбнасцю прапорцый; пагады сталі больш выцягнутыя, складаных планаў: Баочу (968) і Люхэта (970—1156) у Ханчжоў, Цета («Жалезная пагада», 1041—48) у Кайфыне, Бэйсыта (1031—62) у Сучжоў. Іх выкарыстоўвалі таксама як маякі, дазорныя вежы. У новай (з 1127) сталіцы — Ханчжоў і інш. раёнах на Пд ад р. Янцзы ствараліся імператарскія паркавыя рэзідэнцыі з натуральнымі ці штучнымі вадаёмамі. У іх дамінаваў гал. палацавы комплекс, астатнія пабудовы (павільёны, альтанкі, галерэі) размяшчаліся свабодна. У перыяд манг. дынастыі Юань (13—14 ст.) развіваліся традыцыі танскага і сунскага мастацтва, архітэктура набывала пераважна свецкі характар. У гэты час перабудаваны гар. ансамблі і пашырана тэр. сталіцы Даду (пазней Пекін); палацавыя комплексы, гал. будынкі якіх злучаліся галерэямі, утваралі шырокія квадратныя ў плане двары; чарапічныя дахі пакрывалі глазурамі багатых адценняў, вытв-сць якіх была запазычана ў Сярэдняй Азіі.
У перыяды дынастый Мін (1368—1644) і Цын (1641—1911) канчаткова сцвердзіўся прынцып рэгулярнай, строга сім. планіроўкі гарадоў з вял. комплексамі палацавых і храмавых будынкаў (Пекін, Нанкін). Амаль нанава быў адбудаваны Пекін, у цэнтры яго — «забаронены горад» з імператарскім палацам. Грандыёзныя маштабы ўласцівы пахавальным збудаванням: комплекс Шысаньлін каля Пекіна (15—17 ст.) са скульпт. «алеяй духаў» працягласцю 1 км. Тыпы пабудоў з удасканаленым стоечна-бэлечным каркасам заставаліся амаль нязменныя да канца 19 ст. Але шырэй выкарыстоўваліся камень і цэгла (цагляны бязбэлечны храм «уляндзянь» у Нанкіне, 1398; будынак абсерваторыі ў Пекіне, 15 ст.), збудаванні набывалі большую дынамічнасць і дэкаратыўнасць, сістэмы «доў-гунаў» займалі ўсю паддахавую прастору, размалёўваліся стракатымі фарбамі з пазалотай. Асаблівай пышнасцю вылучаліся пабудовы 18—19 ст., павялічылася роля іх дэкар. ўбрання: летняя рэзідэнцыя і пейзажны парк Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку», пл. 270 га) з галерэяй Чанлан (даўж. 1,5 км) у Пекіне. У 2-й пал. 19 ст. буйныя гарады (Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін) забудоўваліся ў духу эклектыкі на еўрап. ўзор, але стылізаваныя ў нац. традыцыях. Эклектычным было і т.зв.кіт. Адраджэнне, калі механічна спалучаліся рысы кіт. і еўрап. архітэктуры (палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань, будынкі Дзярж. б-кі ў Пекіне і ун-та ва Ухані). У 1-й пал. 20 ст. дойліды К. сінтэзавалі традыц.дэкар. элементы і новыя буд. канструкцыі (будынак Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, гасцініцы «Пекін» і «Дружба» ў Пекіне). Пабудовы 1950—80-х г. вызначаліся духам нац. рамантызму: шматпавярховыя атэлі (гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне, 1988), масты, шматузроўневыя лініі руху, шматпавярховыя жылыя і грамадскія будынкі. Разнастайнасць кліматычных умоў адбілася на нар. дойлідстве К.: на Пд будуюць лёгкія драўляныя будынкі з высока паднятымі вугламі дахаў, на Пн — масіўныя пабудовы з глінабітнымі сценамі, у цэнтр. раёнах — прамавугольныя ў плане каркасныя хаціны, у гарах — дамы пячорнага тыпу, у стэпах — лямцавыя юрты. У 1958 засн. Саюз кіт. архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва К. вядомы з эпохі неаліту: кераміка Яншао (4—3-е тыс. да н.э.; вырабленыя на ганчарным крузе танкасценныя пасудзіны з паліхромным геам. арнаментам), кераміка Луншань (3—2-е тыс. да н.э.; чорныя гладкія пасудзіны без малюнка, трохножкавыя катлы «цінг», трохамфарныя спарышы «лі» і інш.). У 2-м тыс. да н.э. выраблялі бронз. рытуальны посуд разнастайных форм, аздоблены ўзорамі, мудрагелістымі гарэльефнымі выявамі звяроў, птушак, пачвар; вял. званы «нао» і інш. У пахаваннях выяўлены посуд з матавай белай гліны, бронз. зброя, інкруставаная золатам, малахітам і бірузой, разьбяныя вырабы з нефрыту, скульпт. выявы фантаст. жывёл. З пашырэннем канфуцыянства і даасізму (1-е тыс. да н.э.) формы бронз. пасудзін сталі больш мяккія і вытанчаныя, узоры больш графічныя і плоскія. Рэльефныя матывы змяніліся інкрустацыяй, у арнамент уключаліся жанравыя матывы, звязаныя з рытуаламі. Пачалі складвацца характэрныя для К. віды мастацтва: жывапіс тушшу на скрутках, лакавыя вырабы. У 3 ст. да н.э. — 3 ст.н.э.кіт.маст. традыцыі спалучаліся з рысамі культур суседніх народаў і былі звязаны пераважна з аздабленнем пахаванняў: рэльефы і размалёўкі на міфал., гіст., быт. тэмы, тэракотавыя скульпт. выявы воінаў (пахаванне імператара Цынь Шыхуана, 3 ст. да н.э.), пахавальнае адзенне з нефрытавымі пласцінкамі, злучанымі залатым дротам (магільнік кн. Лю Шэна і яго жонкі ў Маньчэне). Пашырэнне будызму ў 4—6 ст. абумовіла імкненне да больш манум. форм мастацтва (аздабленне храмаў, у т. л. алтарная скульптура), узніклі новыя тэмы і вобразы (выявы будыйскіх божастваў, святых і інш.). У станковым жывапісе на шоўку і паперы пашырыўся быт. жанр, створаны першыя пейзажныя фоны (Гу Кайчжы і інш.). З’явіліся тэарэт. работы (т.зв. 6 законаў жывапісу Се Хэ, 5 ст.). У стылістычным адзінстве з жывапісам развівалася каліграфія (Ван Січжы, Ван Сіньчжы, 4 ст.). 7—10 ст. — росквіт кіт. свецкага жывапісу, у якім выявіліся гуманіст. ідэалы эпохі і вызначыліся класічныя жанры: пейзаж, партрэт (Янь Лібэнь, Хань Хуан, У Даоцзы), быт. сцэны, «кветкі-птушкі» (Бянь Луань), анімалістычны жанр (Хань Гань). Самаст. значэнне набыў пейзаж «шань-шуй» («горы-воды»). Лінеарны характар жывапісу ўласцівы творчасці Лі Сысюня, Лі Чжаодао, Лі Чэна, Ван Вэя, імкненне да перадачы непасрэднасці ўражанняў — Чжоў Фана і Чжан Сюаня. Свецкі станковы жывапіс паўплываў на манум. культавыя размалёўкі ў храмах, у якія пачалі ўключаць быт. сцэны, партрэты чыноўнікаў, пейзажы. Манум. скульптура і пахавальная пластыка вызначаліся пластычнай прыгажосцю і жыццясцвярджальным ладам. Твары будыйскіх божастваў пры захаванні агульных іканаграфічных канонаў набылі кіт. этнічны тып, формы цела і адзення — мяккасць і аб’ёмнасць (25-метровая статуя Буды Вайрачана ў храме Лунмынь, 7 ст.). Рэльефы і дробная пластыка вызначыліся сюжэтнай разнастайнасцю, пластычнай выразнасцю (рэльефы з выявамі коней з пахавання Лі Шыміня каля г. Сіянь, 7 ст.). У 2-й пал. 10—13 ст. гармонія фіз. і духоўнага пачаткаў паступова страцілася, падоўжыліся прапорцыі фігур, з’явілася манернасць. У 10—11 ст. існавалі маст. акадэміі ў Нанкіне, Кайфыне, Ханчжоў і інш.Філас. скіраванасць пейзажнага жывапісу паўплывала на інш. яго жанры, у т. л. «кветкі-птушкі» (Сюй Сі, Хуан Цюань). Вял. значэнне меў жывапіс «навукоўцаў» (Су Шы, Вэнь Тун, Мі Фэй) — паэтаў, літаратараў, якія лічылі сябе незалежнымі ад акад. кірунку і пісалі ў свабоднай манеры, імкнуліся адлюстраваць у сваёй творчасці «дао» — схаваны сэнс з’явы, рух і душу Сусвету. Пейзажы 2-й пал. 10—1-й пал. 12 ст. перадавалі свет суровым і велічным, аддаленым ад чалавека (Го Сі, Фань Куань, Лі Чэн, Гуань Тун). У 2-й пал. 12—13 ст. характар пейзажа больш наблізіўся да чалавека, грандыёзныя ландшафты змяніліся на больш лірычныя матывы (Лі Тан, Лі Дзі, Ма Юань, Ся Гуй і інш.). У 10—13 ст. росквіту дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва: беласнежны фарфор з г. Сінчжоў; фарфор, размаляваны яркімі каляровымі палівамі; разнастайныя па форме і дэкоры керамічныя пасудзіны; тканіны «кэ-сы» з узорамі, якія пераймалі з жывапісных твораў, і інш. У 13—1-й пал. 14 ст. пад уплывам прыдворных густаў мангольскай дынастыі ў жывапісе пашырыліся сцэны ўрачыстасцей, палявання на конях і інш. (Чжао Мэнфу); традыцыі лірычнага пейзажа развівалі Ван Мэн, У Чжэнь і інш. У 2-й пал. 14—17 ст. ў акадэміях і прыдворнымі мастакамі маст. прыёмы кананізаваны. Больш свабоднай была творчасць мастакоў, што жылі далёка ад сталіцы і стварылі самаст.маст. школы: чжэ цзянскую (Дай Цзінь), сучжоўскую (Шэнь Чжоў, Вэнь Чжэнмін) і інш. Развіваліся быт. жанр (Чоў Ін, Тан Інь, Чэнь Хуншоў), «кветкі-птушкі» (Сюй Вэй), дрэварыт, нар. лубок, кніжная ілюстрацыя, скульптура (кампазіцыі з ваяроў і жывёл на «Дарозе духаў» пахавальнага комплексу Шысаньлін). У 17—19 ст. скульптура набыла другасны дэкар. характар, жывапіс вызначаўся эклектычнасцю (пейзажысты Ван Хой, Ван Шымінь, Ван Цзянь, Ван Юньцы, майстар жанру «кветкі-птушкі» Юнь Шоўпін і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве 14—19 ст. пашырыўся выраб шматколернага фарфору з пейзажнымі, жанравымі і расл. матывамі, выкананымі падпаліўнай размалёўкай кобальтам, надпаліўнымі яркімі фарбамі («доўцзай» — барацьба колераў), белага фарфору; з’явілася перагародчатая эмаль. У традыц. манеры стваралі вырабы з чырв. разнога лаку (посуд, мэбля), вышыўкі, тканіны «кэсы», разьбу па камені, бамбуку і косці.
З канца 19 ст. пачалося адраджэнне традыц. стылю жывапісу, узнікла імкненне наблізіць мастацтва да жыцця, сцвердзіць прыгажосць прыроды (Жэнь Банянь, У Чаншы, Чэнь Шыцзэн, Гао Цзяньфу; гл. таксама Гохуа). З’явіўся алейны жывапіс еўрап. тыпу. Барацьба за незалежнасць у 1-й пал. 20 ст. паўплывала на развіццё мастацтва плаката, паліт. карыкатуры. Пашырылася гравюра на актуальныя тэмы (Гу Юань, Янь Хань, Ван Шыко і інш.). У 1938 створана АМ імя Лу Сіня, вакол якой сфарміравалася кола сучасных майстроў. У жывапісе 1950-х г.вял. ролю адыгрывала творчасць Цы Байшы, Пань Цяньшоў, Хуан Біньхуна, Сюй Бэйхуна, у якой прыёмы традыц. жывапісу гохуа спалучаліся з элементамі еўрап. жывапісу. У час «культурнай рэвалюцыі» мастацтва заняпала, найб. пашыраным стаў прапагандысцкі паліт. плакат. З пач. 1970-х г. адбываецца ажыўленне маст. жыцця. У канцы 1970—80-я г. ў рэчышчы традыц.кіт. жывапісу працавалі У Юнлян, Сун Чжун’юань (жанр «людзі»), Хо Чуньян, Юй Цзігао (жанр «кветкі-птушкі»), пейзажысты Сюй Сі, Цзя Юфу, Гуанжун і інш.
Музыка Муз. культура К. — адна з самых стараж. у свеце. Яна мае шырокі спектр мясц.муз. традыцый, форм і стыляў. Фарміравалася ў рэчышчы рэліг.-філас. плыняў (канфуцыянства, будызм, даасізм), якія абумовілі яе складаную і глыбокую духоўную сутнасць, сімвалічную і этыка-эстэт. абгрунтаванасць. Ужо ў 11—3 ст. да н.э. склаліся міфалагічныя ўяўленні аб паходжанні музыкі і муз. інструментаў. Адна з першых анталогій кіт.муз.-паэт. творчасці — «Шыцзін» («Кніга песень», 6 ст. да н.э.; верагодна, складзена Канфуцыем). У трактатах «Юэцзі» («Нататкі аб музыцы», каля 3—2 ст. да н.э.), «Шыцзі» («Гістарычныя нататкі», каля 1 ст. да н.э.) і інш. вяліся дыскусіі па праблемах эстэтыкі, тэорыі (ладагукарадныя сістэмы, рытм) і практыкі кіт. класічнай музыкі. Дынастычная абумоўленасць характару развіцця кіт.муз.культуры, якая дасягнула высокага ўзроўню ўжо ў перыяд дынастый Хань, Суй і Тан (206 да н.э. — 907 н.э.), спрыяла фарміраванню распрацаванай сістэмы прыдворна-цырыманіяльнай музыкі, абагульненай у катэгорыі я-юэ («элегантная музыка») і су-юэ (музыка свецкіх забаў). Першая ўключала музыку канфуцыянскіх рытуалаў, тэатр. і ваен. аркестраў, банкетную і вытанчаныя формы муз.-паэт. творчасці, другая — «простанародную музыку», што існавала ў шматлікіх лакальных відах. У К. шырока развіта інстр. музіцыраванне. Сярод найб.стараж. інструментаў: наборы бронз. званоў бяньчжун, літафоны бяньцынь, акарыны. Шырокі рэпертуар, зафіксаваны спец. натацыямі ў зборніках, маюць інструменты менавіта кіт. паходжання: цытры цынь і чжэн, гуслі сэ, лютня піпа, падоўжная флейта сяо, губны арган шэн, барабаны (вял. цзяньгу, гліняны ху, аднабаковы малы баньгу, тамбурын яагу), струнныя смычковыя эрху, баньху і інш. У 13—14 ст. у кіт. музыцы вылучыліся 2 традыцыі — паўночная (характэрны гераічная тэматыка, прастата муз. мовы, выкарыстанне 7-ступенных ладоў) і паўднёвая (перавага лірычных вобразаў, больш вытанчаныя тэхн. сродкі, пентатоніка, перавага драўляных муз. інструментаў). Сярод шматлікіх мясц.вак., інстр. і танц. стыляў — янгэ (нар. танцы са спевамі), лянжэньчжуань і лянжэньтай (п’есы-дыялогі), хуагу, хуадэн (традыц. песні і сцэнкі пад музыку), тыбецкая нанма (танец з рэчытатывам). Сярод пашыраных рэгіянальных форм муз. і муз.танц. т-ранайб. вядомы као-цзянь і куньцзю (прав. Куньшань, з 16 ст.), пекінская муз. драма цзінцзюй (т.зв. «пекінская опера», 18 ст.), якая атрымала статус агульнанац. жанру. Развіваюцца таксама розныя формы вак. музыкі ў суправаджэнні муз. інструментаў, спецыфіка інтанавання якой цесна звязана з танальным характарам кіт. мовы. У 16—17 ст. пачалася дэмакратызацыя кіт. музыкі. Яна зазнала ўплыў зах.-еўрап.муз. мастацтва, што ўзмацніўся з пач. 20 ст. Цэнтрам муз.культуры К. стаў г. Шанхай. Кіт. музыканты набываюць спец.муз. адукацыю ў Еўропе. У К. створаны муз.навуч. ўстановы і аркестры зах.-еўрап. тыпу. Муз. жыццё К. найб. актывізавалася ў 1950-я г. і з 1980-х г. Развіваецца самадз. творчасць, ствараюцца новыя прафес.муз. калектывы, удасканальваецца муз. адукацыя. Найб. вядомыя кампазітары — Лі Хуаньчжы, Лю Чжы, Цюй Сісянь, Цюй Вэй, Чжу Цзяньэр, Чжэн Цюфэн, Ван Мін, Шы Гуаньнань, У Цзучан, Ду Мінсінь і інш., выканаўцы — дырыжоры Лі Дэлунь, Ян Лянкун, Хуан Сяотунь, Цао Пэн, Чжэн Сяоінь, спевакі Чжоў Сяоянь, Вэй Чысянь, Ху Сунхуа, Чжан Юэнань, Лі Гуансі, Мян Нінь, Ван Кунь, піяністы Лю Шыкунь, Вэй Данвэн, Лі Чжэн, скрыпачы Шэн Чжунго, Ху Хуэн, Сюэ Вэй, выканаўцы на нар. інструментах Лю Дэхай (піпа), Чжан Чжэхуа (эрху), У Дзіньлюэ, У Вэнгуан (цынь). У К. дзейнічаюць Цэнтр.дзярж.т-р оперы і Кіт. оперны т-р (Пекін), т-ры балета (Пекін, Шанхай), сімф. аркестры (Пекін, Шанхай, Сіянь і інш.), т-ры пекінскай муз. драмы, Т-ркіт. песні і танца, Цэнтр. аркестр кіт.нар. інструментаў, Ансамбль песні і танца народаў Усходу, Цэнтр.нац. ансамбль песні і танца. Працуюць кансерваторыі (Пекін, Шанхай, Цяньцзінь), муз. ін-ты (Ухань, Шэньян, Сіянь, Чэнду), Ін-ткіт.нар. музыкі (Пекін), муз. вучылішчы і інш. У 1953 створаны Саюз кіт. музыкантаў.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва К. ў рытуальных абрадах і нар. святах, вядомых з 1-га тыс. да н.э. Адна з найб.стараж. тэатралізаваных форм — янгэ (песня маладых парасткаў), у якой сродкамі выразнасці былі музыка, спевы, танец, пантаміма. У 7 ст.н.э. на аснове прадстаўленняў танцораў, фокуснікаў, акрабатаў узнікла найб. простая тэатр. форма — фарс цаньцзюньсі, які не меў фіксаванай драматургіі і разыгрываўся 2 акцёрамі. У 10—13 ст. пашырыліся больш складаныя камічныя змешаныя прадстаўленні — цзацзюй (удзельнічалі 5 акцёраў, танцоры і музыканты, ствараліся лібрэта). Набылі папулярнасць песенна-танц. сцэнкі гэусі, песенна-сказавыя жанры гуцзыцы і чжугундзяо, шматлікія віды т-ра лялек (т-р на «каромысле», ценявы, марыянетак і інш.). У 11—12 ст. зарадзіўся сталы від тэатр. прадстаўлення, які ўключаў празаічныя дыялогі, паэтычныя арыі, пантаміму, абавязковае муз. суправаджэнне і дакладны рытмічны каркас. На Пд К. склаўся т-р наньсі — «паўднёвы т-р» («Чжан Се, пераможца на экзамене», «Сунь-мяснік», «Памылка знатнага юнака»). На Пн К. ў 1-й пал. 13 ст. ўзнікла новая тэатр. форма са старой назвай цзацзюй, т.зв. «юаньская драма», што дамінавала да 1368. Яна мела строга рэгламентаваную форму з абавязковымі правіламі: наяўнасць 4—5 актаў, цыклы арый на пэўны набор мелодый у адной танальнасці, якія звязаны адзінай рыфмай і выконваліся адным персанажам, строгі падзел на амплуа і інш. Вядомы каля 750 п’ес «юаньскай драмы» (захаваліся каля 160), у т. л. «Крыўда Доў Э», «Восень у Ханьскім палацы», «Шалёны Жэнь» Ма Чжыюаня, «Заходні флігель» Ван Шыфу. У канцы 14—17 ст. пашырыўся жанр чуаньці (апавяданне пра дзіўнае) — працяг наньсі ў больш познім «алітаратураным» варыянце. Гэта былі творы вял. аб’ёму з вял. колькасцю дзеючых асоб, складанай фабулай і некалькімі дзесяткамі карцін: «Апавяданне пра Нанькэ» Тан Сяньцзу, «Палац вечнага жыцця» Хун Шэна (1688), «Веер з персікавымі кветкамі» Кун Шанжэня (1698) і інш. Чуаньці ствараліся пераважна для чытання, для пастановак на сцэне з іх адбіраліся найб. яркія эпізоды. У гэты час узніклі 2 буйнейшыя кірункі кіт.т-ра: іянскі — іянцян (спектаклі-цыклы на аснове нар. мелодый і тэматыкі, блізкія да прадстаўленняў на плошчах, з перавагай рытму над мелодыяй), і куньшанскі — куньцюй (прыдворны т-р арыстакратыі, які вызначаўся высокім узроўнем акцёрскага майстэрства і вак. мастацтва, разнастайнасцю меладычных тэм). 18—19 ст. — росквіт кіт.т-ра. Удасканальвалася тэхніка выканання, узніклі новыя мясц. разнавіднасці т-ра. У рэпертуарах пераважалі п’есы на аснове стараж. легенд, міфаў, сюжэтаў класічных літ. твораў («Падарожжа на Захад» У Чэнэня, «Траяцарства» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). У канцы 18 — пач. 19 ст. ў Пекіне сфарміраваўся т-р цзінсі, т.зв. Пекінская муз. драма. Спектаклі традыц. форм кіт.т-ра ішлі пераважна без дэкарацый (і цяпер таксама), месца дзеяння пазначалася ў тэксце персанажаў. Мужчынскія і жаночыя ролі выконвалі і акцёры і актрысы. Існаваў строгі падзел на амплуа. Выкарыстоўваліся кананізаваныя ўмоўныя прыёмы выразнасці, стылізаваныя рухі і жэсты, гульня з уяўнымі прадметамі, сімволіка грыму, касцюма, колеру. У пач. 20 ст. адбыліся спробы засваення еўрап.тэатр. сістэмы. У 1907 створана першая прафес.драм. трупа новага тыпу «Чуньяншэ» (узначальваў Ван Чжуншэн). У 1920-я г. ўзнікла вял. колькасць аматарскіх труп, шмат якія з іх спрабавалі засвоіць новую для кіт.т-ра «размоўную» драму. Цэнтр тэатр. мастацтва — Шанхай. У 1940-я г. на аснове стараж.нац. прадстаўленняў янгэ склалася новая форма муз. спектакля сінь гэцзю (новая опера) — муз.-драм. спектакль з адзінай кампазітарскай задумай і закончаным сюжэтам («Сівая дзяўчына» Хэ Цзінчжы і Дзін I і інш.). У 1958 асн. творчым метадам абвешчана «спалучэнне рэвалюцыйнага рамантызму з рэв. рэалізмам», гал. акцэнт рабіўся на калектыўную самадз. творчасць. У пач. 1960-х г. з’яўляліся і аўтарскія творы: п’есы Го Мажо («Цай Вэньцзі», «У Цзецянь») і Цао Юя («Меч мужнасці», «Яснае неба»), Крытычныя адносіны да кіт. рэчаіснасці ў іншасказальнай форме выяўляліся ў драматургіі Цянь Ханя («Гуань Ханьцын» і інш.) і У Ханя. Пасля 1976 тэатр. жыццё К. ажывілася. Рэабілітаваны многія дзеячы культуры. якія пацярпелі ў гады «культурнай рэвалюцыі». У сучасным К. большасць тэатр. труп працуе ў традыц.нац. жанрах. Асн. цэнтры тэатр. мастацтва — Пекін і Шанхай. Сцэн. калектывы розных жанраў ёсць у г. Гуанчжоў, Чунцын, Яньань і інш. Існуе шмат невял. перасоўных труп.
Кіно. Першая дэманстрацыя фільмаў адбылася ў 1896. Кінавытворчасць пачалася ў 1908 замежнымі кінематаграфістамі. Першы ўласна кіт. фільм зняты ў 1917. Уздым нац. кінематографа пачаўся ў 1920-я г. і звязаны з дзейнасцю шанхайскіх кінакампаній «Мінсін», «Наньго», «Ляньхуа». У 1934 зняты першы гукавы фільм «Гібель персікаў і сліў». Фільмы 1930 х г. ствараліся пераважна ў рэчышчы наследавання галівудскай кінапрадукцыі. У 1930-я — пач. 1940-х г. пашырыліся патрыят. фільмы «супраціўлення». У 1938 створана Усекіт. асацыяцыя кінематаграфістаў па адпоры ворагу. Пасля 1945 дэманстраваліся пераважна амер. стужкі. У 1949 створана Усекіт. асацыяцыя работнікаў кінамастацтва (з 1960 Саюз работнікаў кіно, з 1979 Саюз кіт. кінематаграфістаў). Асн. цэнтры кінавытворчасці — Пекін, Шанхай, Чанчунь. Гал. тэматычнымі кірункамі былі барацьба за вызваленне і сацыяліст.буд-ва: «Сівая дзяўчына» (рэж. Шуй Хуа і Ван Бінь), «Стальны салдат» (рэж. Чэн Інь; абодва 1950), «Зямля» (1954, рэж. Шуй Хуа), «Дачка партыі» (1958, рэж. Лінь Нун) і інш. Экранізавалася літ. класіка, у т. л. «Маленне аб шчасці» паводле Лу Сіня (1956, рэж. Сан Ху). На развіццё кіно К. паўплывалі ідэі «агульнадаступнасці», прымітывізму, скажонае разуменне прынцыпаў ідэалаг. перавыхавання творцаў. У 1958 уведзены жанр дакумент.-маст. фільма, які культываваў варожасць да мастацкасці. «Культурная рэвалюцыя» прывяла да скарачэння колькасці кінастудый, адмаўлення ад ранейшых дасягненняў кінамастацтва, забароны фільмаў, рэпрэсій супраць кінематаграфістаў, роспуску Саюза работнікаў кіно. Выпускаліся толькі дакумент. фільмы, што мелі адкрыта апалагетычны характар. З 1973 адноўлены выпуск ігравых фільмаў, якія ствараліся ў рэчышчы «рэв. рэалізму і рамантызму», у пракаце з’явіліся фільмы, забароненыя ў перыяд «культурнай рэвалюцыі», да работы вярнуліся рэпрэсіраваныя кінематаграфісты Се Цянь, Се Цзінь, Бай Ян, Чжао Дан і інш. У 1988 кіт. кінематограф дасягнуў свайго піка, але ў пач. 1990-х г. змяніўся спадам, скарацілася кінавытворчасць. У рэпертуары пераважаюць дэтэктывы, трылеры, камедыі, баевікі «кунг-фу». Сярод рэжысёраў: Чжан Імоў («Падымі чырвоны ліхтар», «Цзюцзю ідзе ў суд», абодва адзначаны «Залатым ільвом» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1991 і 1992), Чэнь Кайге («Развітанне з наложніцай», «Залатая пальмавая галіна» Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1993; «Жыць», прэмія за рэжысуру Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1994) і інш.Асн. стужкі 2-й пал. 1990-х г.: «Чырвоныя пацерачкі» (рэж. Хэ Цзяньцзюнь), «Дні» (Ван Сяошуай), «Імператарская наложніца Ян Юйхуань» (Чэнь Цзямінь), «Чырвоны феерверк, зялёны феерверк» (Хэ Пін), «Фантазія» (Лю Сяовэй), «Гісторыя Сінхуа» (Інь Лі), «Гімн імператару Цыньшыхуану» і інш. Праводзяцца Міжнар. кінафестывалі мультыплікацыйнага і навук.-папулярнага кіно (абодва ў Шанхаі), турыстычнага фільма ў г. Усі, дзіцячых фільмаў у Пекіне, Нац. конкурс сімпатыі гледачоў «Сто кветак» і конкурс Саюза кінематаграфістаў «Залаты певень».
Літ.:
Кучера С. Древнейшая и древняя история Китая: Древнекаменный век. М., 1986;
Васильев Л.С. Древний Китай. Т. 1. Предыстория, Шан-Инь, Западное Чжоу (до VIII в. до н.э). М., 1995;
Лубо-Лесниченко Е.И. Китай на Шелковом пути: Шелк и внешние связи древнего и раннесредневекового Китая. М., 1994;
Гумилев Л.Н. Хунны в Китае: Три века войны Китая со степными народами, III—VI вв. М., 1974;
Стужина Э.П. Китайский город XI—XIII вв.: экон. и соц. жизнь. М., 1979;
Бокщанин АА. Императорский Китай в начале XV в.: (Внутренняя политика). М., 1976;
Яго ж. Удельная система в позднесредневековом Китае: Период Мин, 1368—1644. М., 1986;
Малявин В.В. Китай в XVI—XVII вв.: Традиция и культура. М., 1995;
Ларин В.Л. Юго-Западный Китай во второй половине XVII — 70-х гг. XIX в.: Пробл. региональной истории. М., 1994;
Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985;
Забровская Л.В. Политика цинской империи в Корее, 1876—1910 гг.М., 1987;
Тихвинский С.Л. Движение за реформы в Китае в конце XIX в. 2 изд. М., 1980;
Непомнин О.Е. Социально-экономическая история Китая, 1894—1914. М., 1980;
Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;
Майстрова З.Е. Становление революционной власти в советских районах Китая, 1927—1937 гг. Новосибирск, 1988;
Мамаева Н.Л. Гоминьдан в национально-революционном движении Китая (1923—1927). М., 1991;
Сапожников Б.Г. Китай в огне войны (1931—1950). М., 1977;
Яго ж. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;
Mеликсетов АВ. Победа китайской революции, 1945—1949. М., 1989;
Социально-экономический строй и экономическая политика КНР 1949—1975. М., 1978;
КНР: Краткий ист. очерк (1949—1979 гг.). М., 1980;
Китай после «культурной революции»: (Полит. система, внутриполит. положение). М., 1979;
Идеологическая борьба в Китае (1976—1979 гг.). М., 1980;
Борисов О.Б. Внутренняя и внешняя политика Китая в 70-е гг: Полит. очерк. М., 1982;
Егоров К.А. Китайская Народная Республика: Полит. система и полит. динамика (80-е гг.). М., 1993;
Надеев И.М. «Культурная революция» и судьба китайской литературы. М., 1969;
Сорокин В.Ф., Эйдлин Л.З. Китайская литература. М., 1962;
Герб і сцяг Кітая.Да арт.Кітай. Лёсавае плато ў сярэднім цячэнні р. Хуанхэ.
Да арт.Кітай. Горны ландшафт на захадзе Цэнтральнага Кітая.
Да арт.Кітай. Афіцэры аб’яднанай еўрапейскай арміі ўваходзяць у Пекін. 1900. Тагачасны малюнак.Да арт.Кітай. Мост цераз р. Янцзы ў г. Нанкін.Да арт.Кітай. Рысавыя палі ў правінцыі Хунань.Да арт.Кітай. Ляаянскі завод хімічнага валакна.Да арт.Кітай. Краявід на Пн Тыбета.Да арт.Кітай. Рака Хуанхэ каля г. Баатоў.Да арт.Кітай. Будынак абсерваторыі ў Пекіне. 15 ст.Да арт.Кітай. Галерэя Чанлан (фрагмент) у парку Іхэюань у Пекіне.Да арт.Кітай. Будыйскі манастыр у г. Ухань.Да арт.Кітай. Палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань у Пекіне.Да арт.Кітай. У цэнтры г. Шэньчжэнь.Да арт.Кітай. Вуліца Люлічан (ганчарных майстэрняў) у Пекіне.Да арт.Кітай. Гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне. 1988.Да арт.Кітай. Ваджрабхайрава (Ямантака). 17 — пач. 18 ст.Да арт.Кітай. Бронзавыя астранамічныя прылады. 15 ст.Да арт.Кітай. Размаляваная тэракотавая скульптура. 7 ст.Да арт.Кітай. Вырабы з фарфору. 18 ст.Да арт.Кітай. Гуанжун. Пейзаж.Да арт.Кітай. Сюй Бэйхун. Конь.Да арт.Кітай. Кадр з кінафільма «Гімн імператару Цыньшыхуану». 1990-я г.Да арт.Кітай. Выступленне ўдзельнікаў Сіяньскага ансамбля «Чананьскай музыкі і танцаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст.культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.