Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх.ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і ПдПаўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс.км². Нас. 71,8 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).
Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс.км²) і Хангха (каля 15 тыс.км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд.т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-растудз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд.кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн.чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн.чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж.традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.
Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст.н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст.Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст.Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц.калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз.Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц.калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл.В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл.Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пд — брыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл.Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн.нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн.нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер.ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс.чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл.Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер.паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер.ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс.чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.
Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн.т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім.прам-сць (вытв-сцьмінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як 1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн.га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч.культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн.т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс.т; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс.км, у т. л.гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс.км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс.км, аўтадарог больш за 300 тыс.км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд.дол., імпарт 2,3 млрд.дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал.гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн.нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс.чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс.чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс.чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен.-трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс.чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс.чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс.чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец.навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц.дзярж.інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).
Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст.гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст.л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв.л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст.культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж.арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл.буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.
Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб.стараж. помнікі муз.культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст.н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз.т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец.навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л.Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.
Тэатр. Традыц. віды в’етн.т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар.т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар.т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес.т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн.т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.
Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.
Літ.:
История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;
Новейшая история Вьетнама. М., 1984;
Вьетнам: Справ. М., 1993;
Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;
Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;
Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст.М., 1971.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг В’етнама.Да арт.В’етнам. Вёска каля г. Хайфон.Да арт.В’етнам. Горны краявід.Да арт.В’етнам. Панарама г. Хошымін.Да арт.В’етнам. Статуэтка. Бронза. 6 ст.Да арт.В’етнам. Ле Нгіен. Танец. 1956.Да арт.В’етнам. Вечка шкатулкі. 1950-я г.Да арт.В’етнам. Танцоўшчыца. Скульптура п’едэстала з Чак’е. Каля 9 ст.Да арт.В’етнам. Ахвяры вайны ЗША у В’етнаме 1964—73.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх.ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс.км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн.Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г.Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх.ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-растудз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-растудз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-растудз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс.ж.), Гянджа (281 тыс.ж.), Сумгаіт (235 тыс.ж.), Мінгечаур, Шэкі.
Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст.н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл.Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж.мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст.манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц.феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл.«Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл.Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб.дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав.сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт.вобл. (1923, гл.Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл.Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт.вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.
Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб.нар. партыя, Азерб.сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб.сац.-дэмакр. партыя і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн.т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд.м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд.кВт∙гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн.т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн.га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн.га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн.га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал.тэхн.культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс.т, малака — 84,8 тыс.т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.
Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс.чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс.чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс.чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс.чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б.СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.
Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс.ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс.ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп.б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-каАН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.
Літаратура. Азерб.л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ.азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).
На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац.арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л.нац.арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац.маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.
Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст.найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап.муз. культура. Асновы сучаснай азерб.прафес.муз.культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб.т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.
Тэатр. Вытокі азерб.тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац.драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж.т-р (азерб., рус., арм.драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб.драм. трупа пераўтворана ў Азерб.дзярж.т-р (Азерб.акад.т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн.Азерб.тэатр.т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.
Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц.т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.
Герб і сцяг Азербайджана.Азербайджан. Горад Баку.Да арт.Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.Да арт.Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.Да арт.Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.Да арт.Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.Да арт.Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.Да арт.Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.Да арт.Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.Да арт.Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс.км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс.км²) у бас.р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3,8 млн.чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г.Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).
Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).
Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).
Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл.Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л.Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл.Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).
У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл.нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс.чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.
Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац.маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).
У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.Біеліч, Н.Гваздзенавіч, скульптар С.Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.Бацарыч, В.Дзімітрыевіч, І.Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).
У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя з 1918).
Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.Да арт.Боснія і Герцагавіна. І.Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.Да арт.Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культурыўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНІЦТВА,
грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
Вялікае Герцагства Люксембург (люксембургскае Groussherzogtum Lëtzebuerg, франц. Grand-Duché de Luxembourg, ням. Grossherzogtum Luxemburg), дзяржава ў Зах. Еўропе, паміж Бельгіяй, Германіяй, Францыяй. Пл. 2586 км². Нас. 425 тыс.чал. (1998). Афіц. мовы — люксембургская, нямецкая і французская.
Сталіца — г.Люксембург. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — 23 ліп. (дзень нараджэння вял. герцага Жана).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзеючая канстытуцыя прынята ў 1868. Кіраўнік дзяржавы — Вял. герцаг Люксембургскі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Палаце дэпутатаў (60 дэпутатаў), якая выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы кансультатыўны орган пры герцагу па пытаннях заканадаўства і права — Дзярж. савет (21 саветнік), які пажыццёва назначаецца герцагам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. — узвышаная і ўзгорыстая краіна, пераважна на выш. ад 300 да 500 м над узр. м. Паўночная яе частка занята схіламі Ардэнаў (найвыш. пункт 559 м), паўд. — узгорыстае ўзвышша, парэзанае далінамі рэк. Карысныя выкапні: жал. руда (каля 240 млн.т), буд. матэрыялы, гаручыя сланцы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пд 3 °C, у Ардэнах каля 0 °C, ліп. 18 і 14 °C адпаведна. Рачная сетка густая, рэкі адносяцца да бас.р. Мозель. Лясы і хмызнякі займаюць 21% тэрыторыі. Лясы з дубу, грабу, буку і пасаджаныя з хвоі, елкі пераважна ва ўзвышаных раёнах. Некалькі рэзерватаў, частка прыроднага парку (уваходзіць і ў межы Германіі).
Насельніцтва. 71% складаюць люксембуржцы, 29% — выхадцы з краін Еўропы, у т. л. партугальцы — 10%, італьянцы — 5%, французы, бельгійцы, немцы і інш. 97% вернікаў католікі. Сярэднегадавы прырост 1,16% (1997). Сярэдняя шчыльн. 164,3 чал. на 1 км². У прамысл. раёне на Пдшчыльн. дасягае 1000 чал., у Ардэнах падае да 30—40 чал. на 1 км². У гарадах жыве 90% насельніцтва краіны. Найб. гарады Люксембург, Эш, Дыкірх, Дыферданж, Петанж. У прам-сці занята 16% працоўных, у буд-ве — 11%, у транспарце, сувязі, складской справе — 8%, у сельскай гаспадарцы і лясной справе 1%, у абслуговых галінах — 61%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена чалавекам у эпоху мезаліту (каля 7 тыс. гадоў назад), у старажытнасці — кельтамі, з 1 ст. да н.э. — рымлянамі, у раннім сярэдневякоўі — франкамі (іх вобл. Аўстразія). У выніку Вердэнскага дагавора 843 уладанне Лотара I (унук Карла Вялікага), з 959 у складзе герцагства Латарынгія. У 963—1083 самаст. графства Л. (да 19 ст.наз. Лютцэльбург), з 1354 герцагства (тэрытарыяльна было большае за сучасны Л., правіла дынастыя Люксембургаў). З 1441 у складзе Бургундыі, з 1477 пад уладай Габсбургаў (з 1555 іх ісп. лініі), частка гіст.Нідэрландаў. З 1659 паўд. частка, у 1684—94 і 1795—1814 увесь Л. пад уладай Францыі, у 1697—1794 — зноў Габсбургаў (у 1714—95 іх аўстр. лініі). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 утворана Вял. герцагства Л. (у 1815—66 у складзе Герм. саюза, у 1842—1919 таксама ў мытным саюзе з Германіяй) у персанальнай уніі (спынена ў 1890) з Нідэрландскім каралеўствам. Паводле бельг.-нідэрл. дагавора 1839 устаноўлены сучасныя межы Л. (да Бельгіі адышла валонская частка Л. — цяпер бельг. правінцыя Л.). 11.5.1867 на міжнар. канферэнцыі прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Прусіі, Францыі і Расіі ў Лондане вырашана т.зв. Люксембургскае пытанне (спрэчкі за ўплыў у Л. і прэтэнзіі на яго тэр. Прусіі і Францыі) і Л. абвешчаны «вечна нейтральнай» дзяржавай. У 1921 Л. заключыў мытны і эканам. саюз з Бельгіяй. У парушэнне нейтралітэту Л. ў 1-ю і 2-ю сусв. войны яго акупіравалі герм. войскі (1914—18, 1940—45; у 1940—45 вял. герцагіня Шарлота, якая правіла ў 1919—64, і ўрад Л. знаходзіліся ў эміграцыі ў Лондане). У лют. 1945 краіна вызвалена англа-амер. войскамі. У 1948 з канстытуцыі Л. выключаны артыкул аб яго нейтралітэце.
Пасля 1945 Л. актыўна ўключыўся ў працэс еўрап. інтэграцыі (у 1948 далучыўся да Брусельскага пакта, у 1951 — Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, у 1955 — Заходнееўрапейскага саюза, у 1957 — Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі, ратыфікаваў Маастрыхцкі дагавор 1992); у г. Люксембург размясціўся шэраг устаноў аб’яднанай Еўропы. З 1964 кіраўнік дзяржавы — вял. герцаг Жан (сын Шарлоты). У 1984—95 прэм’ер-міністрам Л. быў Ж.Сантэр. Л. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Бенілюкса (з 1960), Еўрапейскага саюза (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з ліп. 1992.
Дзейнічаюць Хрысц.-сац. партыя, Люксембургская сацыяліст. рабочая партыя, Дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Л., экалагічная партыя «Зялёная альтэрнатыва», Ген. канфедэрацыя працы Л. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. Л. — высокаразвітая індустр. дзяржава, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у свеце. Штогадовы даход на 1 чал. — 24,5 тыс.дол. (1995). У прам-сці ствараецца 21% валавога ўнутр. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 74%. Аснова прам-сці — чорная металургія, дае 29,3% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці. Развіваецца ў асн. на прывазной сыравіне. Здабыча жал. руды (каля 4—5 млн.т штогод) задавальняе 30% патрэб чорнай металургіі. Штогод выплаўляецца каля 4 млн.т высакаякаснай сталі (1-е месца ў свеце на душу насельніцтва). Металургічныя прадпрыемствы сканцэнтраваны на ПдЗ, дзе здаўна вядзецца здабыча жал. руды; асн. цэнтры Эш, Шыфланж, Дыферданж, Дзюдэланж, Раданж. Прадпрыемствы кантралююцца пераважна бельгійска-герм. канцэрнам «Арбед». Хім.прам-сць дае 21,3% усёй прамысл. прадукцыі: вытв-сцьаўтамаб. шын (г. Калмар-Берг), сінт. валакна (г. Эхтэрнах), поліэфірнай плёнкі (г. Кантэрн) і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуе гідраакумуляцыйная электрастанцыя на р. Ур каля г. Віяндэн (выпрацоўвае 40% электраэнергіі краіны), некалькі буйных ЦЭС. Каля 6 млрд.кВтгадз электраэнергіі імпартуецца з суседніх краін. Развіты гарбарна-абутковая, цэм., фаянсавая, дрэваапр., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, галіны. Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 116 тыс.га (45% тэр. краіны), у т. л. пад ворывам 62 тыс.га, пад пашай 54 тыс.га. Сельская гаспадарка забяспечвае палавіну патрэб насельніцтва краіны ў харч. прадуктах. Пераважае мяса-малочная жывёлагадоўля (каля 80% кошту с.-г. вытв-сці). Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 250, свіней — каля 80. Развіты таксама птушкаводства, трусагадоўля, пчалярства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу, кармавыя культуры. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, вішні). Вінаградарства ў даліне р. Мозель. Кветкаводства. Л. — буйны міжнар. фінансавы цэнтр; банкаўскія аперацыі адыгрываюць значную ролю ў даходах краіны (да 16%). У краіне 193 банкі, сканцэнтравана 10% актываў усяго еўравалютнага рынку. Л. — краіна развітога турызму (каля 500 тыс. замежных турыстаў штогод, даход каля 300 млн.дол.). Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 275 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,1 тыс.км. 75% грузаабароту прыпадае на міжнар. перавозкі. Суднаходства па р. Мозель. Л. мае марскі гандл. флот грузападымальнасцю 860 тыс. дэдвейт т, базіруецца ў партах Бельгіі і Нідэрландаў. Міжнар. аэрапорт каля г. Люксембург — вузел унутрыеўрап. паветр. ліній. У 1995 экспарт склаў 7,3 млрд.дол., імпарт — 9,1 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць сталь, пракат, хім. прадукты, цэмент, кераміка, віны, у імпарце — сыравіна для чорнай металургіі, нафта, электраэнергія, машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, тканіны, харч. тавары і інш.Гал.гандл. партнёры: Германія (28% экспарту, 25% імпарту), Бельгія (адпаведна 15 і 38%), Францыя (18 і 11%), Нідэрланды (5 і 4%). З 1921 Л. знаходзіцца ў эканам., у т. л. мытным, саюзе з Бельгіяй. Грашовая адзінка — люксембургскі франк.
Літ.:
Килль Ж. Тысячелетний Люксембург: Пер. с нем. М., 1965;
Шнеерсон Л.М. В преддверии франко-прусской войны: Франко-германский конфликт из-за Люксембурга в 1867 г.Мн., 1969;
Дробков В.А. На перекрестке дорог, культур, истории: Очерки о Бельгии и Люксембурге. М., 1989.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Люксембурга.Да арт.Люксембург. Частка ўрадавага квартала ў г. Люксембург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч.культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.