ГІДРАТЦЭЛЮЛО́ЗА,

структурная мадыфікацыя цэлюлозы. Цвёрдае рэчыва белага колеру. У адрозненне ад прыроднай цэлюлозы (з якой яе атрымліваюць) лепш раствараецца ў шчолачах, афарбоўваецца, больш гіграскапічная і рэакцыйназдольная ў водных растворах. З гідратцэлюлозы складаюцца віскознае валакно, медна-аміячныя валокны, вытв-сць якіх уключае стадыю пераводу цэлюлозы ў гідратцэлюлозу (напр., асаджэннем з раствору, мех. разломам).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ XII, Гіоргі XII (1746—9.1.1801),

апошні цар [1798—1801] царства Картлі-Кахеты (Усх. Грузія). З дынастыі Багратыёнаў. Сын Іраклія II. Аднавіў Георгіеўскі трактат 1783. Ва ўмовах пагрозы ўварвання з боку Ірана і ўнутр. нестабільнасці пайшоў на саюз з рас. імператарам. Пасля смерці Георгія XII абвешчаны маніфест Паўла I пра далучэнне Усх. Грузіі да Расіі (пач. 1801).

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎТЫЯ ВО́ДЫ,

горад на Украіне, у Днепрапятроўскай вобл., на р. Жоўтая. 63,9 тыс. ж. (1991). Чыг. ст. Прам-сць: горна-здабыўная (жал. руда), прыладабуд. (з «Электрон», Паўд. радыёзавод), лёгкая (ф-ка штучнага футра) і харчовая. Засн. ў канцы 19 ст., горад з 1957. Месца бітвы ўкр. войска Б.Хмяльніцкага з авангардам войск Рэчы Паспалітай (1648).

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,

бел. нар. танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКОНАПРАЕ́КТ,

тэкст прапанаванага да прыняцця закону, падрыхтаваны для ўнясення на разгляд заканад. органа або на рэферэндум. Працэс падрыхтоўкі З. ўключае прыняцце рашэння аб падрыхтоўцы праекта, выпрацоўку яго тэксту, абмеркаванне і дапрацоўку першапачатковага праекта, узгадненне яго з усімі зацікаўленымі органамі і арг-цыямі. Пасля завяршэння падрыхтоўкі З. уносіцца на разгляд заканад. органа ў парадку заканадаўчай ініцыятывы.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛІ́Ў,

частка акіяна, мора ці возера, якая дастаткова глыбока ўразаецца ў сушу, але мае свабодны водаабмен з асн. вадаёмам. У залежнасці ад прычын узнікнення, памераў, канфігурацыі, звязанасці з асн. вадаёмам адрозніваюць бухты, гафы, лагуны, фіёрды і эстуарыі. Часам З. называюць асобныя ч. Сусветнага ак., якія па сваім гідралагічным рэжыме належаць да мораў (напр., Мексіканскі, Гудзонаў).

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ МАСТАКО́Ў І ЎМЕ́ЛЬЦАЎ,

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1978 у г. Саўт-Рывер (ЗША). Арганізоўвае маст. выстаўкі з удзелам бел. мастакоў і ўмельцаў з розных краін свету, каардынуе культ. праграмы, супрацоўнічае з каледжамі і універсітэтамі штатаў Нью-Джэрсі, Пенсільванія. У кіраўніцтва ўваходзяць Н.Кудасава, Г.Русак, Л.Махнюк і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕФІ́Р,

у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІА́КАЎ,

у Бібліі малодшы з двух сыноў-блізнят Ісака і Рэвекі. Адкупіў у брата Ісава першародства за сачавічную поліўку і хітрасцю атрымаў благаславенне бацькі як першародны сын. Пасля сутычкі з Богам І. атрымаў ад яго другое імя Ізраіль («той, хто змагаецца з Богам»). Яго 12 сыноў («сыны Ізраіля») лічацца родапачынальнікамі 12 ізраільскіх плямён.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИСКУ́ССТВО КИНО́»,

ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў 1931—93 у Маскве на рус. мове. Да 1932 наз. «Пролетарское кино», з 1933 — «Советское кино», з 1936 — «И.к.». Выходзіў рознай перыядычнасцю, з 1952 штомесячна (у 1993 — № 1—9). Змяшчаў артыкулы па гісторыі і тэорыі кіно, рэцэнзіі на кінафільмы, сцэнарыі, асвятляў творчасць дзеячаў кіно і інш.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)