ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́, Паўднёва-Антыльскія астравы (галандская назва Benedenwindse Eilanden, ісп. — Islas Sotavento),
паўднёвая частка архіпелага Малыя Антыльскія астравы на З ад 64°зах. д. Складаюцца з а-воў: Аруба, Кюрасао, Банайрэ (уваходзяць у Нідэрландскія Антыльскія а-вы), Авес, Лос-Рокес, Арчыла, Бланкілья, Лос-Эрманас (уваходзяць у склад Венесуэлы на правах федэральных уладанняў). Назва П.а. тлумачыцца падветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату. Пл.каля 1,2 тыс.км². Нас.каля 370 тыс.чал. (1999). Буйныя астравы ўзгоркаватыя (выш. да 372 м на в-ве Кюрасао), складзены з крышт. і метамарфічных сланцаў, перакрытых вулканічнымі і вапняковымі адкладамі. Дробныя астравы каралавыя, нізінныя. Клімат трапічны, засушлівы. Сярэднія т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Сухія лясы і ксерафітныя хмызнякі. Плантацыі сорга, арахісу, бататаў, бананаў, цытрусавых. Гадуюць коз і авечак. Нафтаперапрацоўка (нідэрландская ч. П.а.). Буйнейшыя гарады — Вілемстад (в-аў Кюрасао), Араньестад (в-аў Аруба). А-вы Лос-Рокес аб’яўлены Нац. паркам (1973). Адкрыты ў 1499 мараплаўцамі А.Ахедам і А.Веспучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУШКІ́, пастушковыя (Ralli, Rallidae),
сямейства птушак атр. жураўлепадобных. Вядомы з пачатку эацэну (каля 45 млн.г. назад). Па розных класіфікацыях — ад 18 да 62 родаў, ад 129 да 165 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. — у тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках каля вады, на вільготных лугах. Многія актыўныя на змярканні і ўначы. На Беларусі 7 пералётных відаў: драч, лысуха, пагонічы (3 віды), чаротніца, пастушок вадзяны; трапляюцца пераважна на Палессі. 8 відаў і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, пагоніч малы — у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. да 65 см, маса да 1 кг і больш. Апярэнне шэра- або чырванавата-бурае, стракатае, у трапічных відаў яркае з метал. бляскам. Цела і дзюба сціснуты з бакоў. Крылы кароткія, круглявыя. Ногі дужыя, пальцы доўгія. Хутка бегаюць, добра плаваюць, ныраюць. Кормяцца раслінамі і дробнымі жывёламі. Манагамы, паўвывадкавыя птушкі. Нясуць да 18 яец, многія віды — двойчы за год. Аб’екты палявання.
Э.Р.Самусенка.
Пастушкі: 1 — вадзяны; 2 — пагоніч-крошка; 3 — султанка (а — маладая; б — дарослая); 4 — лысуха чубатая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ (Northern Territory),
адм. адзінка на Пн Аўстраліі. Пл. 1,4 млн.км². Нас. 187,1 тыс.чал. (1997), у т. л. больш за 30 тыс. аўстралійцаў-абарыгенаў. Адм. ц., гал. порт — г. Дарвін. Займае пясчанікава-вапняковае плато выш. 200—300 м, на Пд невял. горныя хрыбты выш. да 1510 м. Радовішчы уранавых, медных, алюмініевых, марганцавых і інш. руд, золата. Клімат на Пн трапічны, мусонны, на Пд пустынны. Сярэдняя т-растудз. 29 °C, ліп. ад 24 °C на Пн да 12 °C на Пд. На Пн выпадае штогод да 1500 мм ападкаў, на Пдкаля 200—300 мм. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, на Пн — трапічныя рэдкалессі і хмызнякі. Аснова гаспадаркі — здабыча карысных выкапняў і мясная жывёлагадоўля. Здабыча уранавых і марганцавых руд, золата, нафты. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў (разам каля 1,5 млн. галоў). Невялікія пасевы кукурузы, сорга, арахісу, фасолі, рысу, соі. Агародніцтва (дыні, кавуны, памідоры). Садоўніцтва (апельсіны і бананы). Марское рыбалоўства. У прам-сці пераважае харч. галіна (мясная, рыбакансервавая). Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці адзення, буд. матэрыялаў, метал. вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспарт пераважна аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕША́ВА́Р,
горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн.ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч.прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).
Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст.н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц.Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц.Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСЦІНІСТАВУ́СЫЯ ЖУКІ́ (Scarabaeidae),
сямейства насякомых атр. цвердакрылых. 2 экалагічныя групы: гнаевікі і хрушчы. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. Да П. належаць бронзаўкі, гнаевікі, майскія хрушчы, хрушчы, хрушчыкі, васковікі, гнаевічкі, каранягрызы, шаўкоўкі і інш. Сярод П. шмат шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Многія віды — апыляльнікі раслін, прыродныя санітары. На Беларусі каля 40 відаў.
Даўж. 0,2—15,5 см, на Беларусі — да 4,1 см. Цела шырокае, выпуклае. Вусікі 3—7-членікавыя, з пласціністай (адсюль назва), зрэдку конусападобнай булавой. Пярэднія ногі рыючыя, лапкі 5-членікавыя. У самцоў галава і пярэдняспінка часта з рагамі і бугаркамі. Канец брушка пераважна не пакрыты надкрыламі. Лічынкі мясістыя, белыя, С-падобна выгнутыя, з добра развітымі нагамі і вял. галавой; жывуць у глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках, мурашніках, норах грызуноў і інш.; кормяцца каранямі, рэшткамі раслін, гноем. Жукі кормяцца надземнымі ч., сокам, рэшткамі раслін, гноем, зрэдку трупамі, грыбамі, некат. не кормяцца. Многія віды нарыхтоўваюць корм для лічынак, закопваючы яго ў земляных норах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ МУЗЕ́Й-ЗАПАВЕ́ДНІКЗасн. ў 1967 як гісторыка-археал. запаведнік ў г. Полацк Віцебскай вобл., які ўключаў тэр.Полацкага Ніжняга замка, Полацкага Верхняга замка, Полацкі Сафійскі сабор. У 1985 да запаведніка далучаны ўсе помнікі археалогіі, гісторыі і культуры, Полацкі краязнаўчы музей. У 1990 атрымаў статус рэспубліканскага, з 1997 сучасная назва, з ліп. 2000 Нацыянальны. Пл.каля 1,8 км², каля 75 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У складзе запаведніка Запалоцце (паселішча 1-га тыс. да н.э.), селішча і гарадзішча 6—8 ст., Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, падмуркі храма-пахавальні 12 ст. і комплексу Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Ніжні і Верхні замкі, дом Пятра I, Полацкі Богаяўленскі манастыр, Брацкая школа (18 ст.), Ефрасіннеўская царква (19 ст.), Крыжаўзвіжанская царква (19—20 ст.), рэшткі Полацкага езуіцкага калегіума; працуюць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора (з 1987), музей-бібліятэка Сімяона Полацкага (з 1994), Полацкі краязн. музей, Полацкі музей баявой славы, музей-кватэра Героя Сав. Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі (з 1987), стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (з 1998), музей традыц. ручнога ткацтва Паазер’я (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАНУ́І, Пасхі востраў,
Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),
вулканічны востраў ва ўсх.ч. Ціхага ак.Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас.каля 2 тыс.чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае 1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЙСДАЛ (Ruysdael, Ruisdael) Якаб ван (1628 або 1629, г. Харлем, Нідэрланды — пахаваны 14.3.1682), галандскі жывапісец; адзін з буйнейшых пейзажыстаў 17 ст. Вучыўся, верагодна, у свайго дзядзькі С. ван Ройсдала. Зазнаў уплывы П.Потэра, Я. ван Гоена, Х.Сегерса. Працаваў у Харлеме, з 1656 у Амстэрдаме. У ранніх творах адлюстроўваў сціплыя ваколіцы Харлема («Хатка ў гаі», 1646, і інш.). Каля 1650—55 вандраваў па Нідэрландах і Германіі, пісаў манумент. пейзажныя кампазіцыі, у якіх праз халодную колеравую гаму і рэзкія святлоценявыя кантрасты ўвасабляў пачуццё драм. зменлівасці жыцця («Яўрэйскія могілкі», каля 1650—55, і інш.). Пазней ствараў гар., вясковыя, марскія, рачныя пейзажы, прасякнутыя адчуваннем суровай велічы прыроды. Творы вызначаюцца дакладнасцю малюнка, матэрыяльнай адчувальнасцю форм, майстэрствам перадачы дынамікі святлопаветранага асяроддзя, багаццем каларыту: «Від вёскі Эгманд», «Пейзаж з вадзяным млынам» (1661), «Куст», «Балота», «Вятрак у Вейку» (1660-я г.), «Марскі бераг» (канец 1660—пач. 1670-х г.), «Горы Нарвегіі», «Вадаспад» і інш. Працаваў таксама ў тэхніцы афорта.
Літ.:
Фехнер Е.Ю. Я. ван Рейсдаль и его картины в Государственном Эрмитаже. Л., 1958.