расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1936). Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1939). Вучыўся ў Маскоўскім імператарскім тэатр. вучылішчы (1895—96). З 1903 у трупе МХАТ. З 1935 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага. У творчасці прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Трагедыйны акцёр. Сярод роляў: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена) і інш. Зняўся ў кінафільмах «Крылы халопа» (1926), «Габсек» (1937) і інш. З выпускнікоў курса Л. створаны Гомельскі абл.рус.драм.т-р (1939—41). Падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Рэвізор» Гогаля, «Чайка» А.Чэхава, «Васа Жалязнова» Горкага і інш.
Тв.:
Воспоминания, статьи, беседы, записные книжки. М., 1960.
Літ.:
Любимов Н. Былое лето: Из воспоминаний зрителя. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДА́ (Тодар) (сапр.Шырокаў Пётр Фёдаравіч; 6.1.1914, г. Віцебск — пач. 1970),
бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае рамеснае чыгуначнае вучылішча. З 1933 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Новасібірскую вобл. У 1940 вернуты ў Мінск для перагляду справы. У час ням.-фаш. акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газ. «Беларускае слова» (1943—44), пісаў вершы, апавяданні, п’есы. У 1947 зноў арыштаваны, сасланы ў Сібір. Вызвалены ў 1956. У 1960—62 у Слоніме, працаваў у Чэрвені ў райгазеце. Памёр у Разанскай вобл. Друкаваўся з 1931. П’еса «Загубленае жыццё» пра калектывізацыю і рэпрэсіі (паст. 1943 Мінскім гар. т-рам, выдадзена ў Канадзе, 1952). Лагерныя вершы склалі зб. «Песні выгнання» (1944, факсім. выд. 1991). П’еса «У нас, на Гродзеншчыне» (1961) пра вясковае жыццё. Аўтар аднаактоўкі «Людзі ў Хрысце» (1960).
Тв.:
Загубленае жыццё // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Літ.:
Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ ДУ ((Le Doux) Франсуа Габрыэль) (1755?, Парыж — 2.2.1823),
танцоўшчык, балетмайстар, педагог. Паводле паходжання француз. Паслядоўнік Ж.Ж.Навера. З 1770 саліст т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі і танца» («Гранд-Апера») у Парыжы. У 1782—85 па запрашэнні падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза працаваў балетмайстрам у яго прыдворным т-ры ў Гродне, выкладаў у балетнай школе ў Паставах (у 1784 паставіў уласны «Балет вод, або Купель Дыяны»). Пасля смерці Тызенгаўза па загадзе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага сфарміраваў і ўзначальваў балетную трупу «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» (дэбютавала 24.9.1785 яго балетам «Гілас і Сільвія», падрыхтаваным у Пастаўскай балетнай школе; працавала да 1794). Аснову трупы складалі прыгонныя артысты Гродзенскага балета, у т. л. яго вучні М.Рымінскі, Е.Валінскі, Д.Сітанская, М.Малінская, Р.Лаўцэвіч. У 1785—89 паставіў больш за 30 балетаў, у т. л. на ўласныя лібрэта («Ванда, каралева Польская» і інш.). У 1800 арганізаваў у Варшаве балетную школу, у 1805—07 узначальваў балетную трупу Нац.т-ра В.Багуслаўскага, у 1817 адкрыў прыватную школу салонных танцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙТМАН (Леў Мееравіч) (23.3.1896, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 20.9.1974),
бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна. Выкладаў у Віцебскім (1931—41) і Мінскім (1947—58) маст. вучылішчах. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Ствараў пейзажы, партрэты, нацюрморты, у тэматычных работах адлюстроўваў індустр. тэму. Аўтар лірычных, тонкіх паводле колеру пейзажаў «Дажджлівы дзень. Дзвіна» (1934), «Вясна» (1939), «Зіма» (1942), «Чырвоныя дахі», «Вёска Серада» (абодва 1943), «Старадаўняя альтанка», «Цішыня» (абодва 1945), краявідаў Мінска («Мінская ўскраіна», 1945; «Ля таполі Янкі Купалы», 1957, і інш.). Сярод інш. твораў: серыі акварэлей «Жанчыны на вытворчасці» (1930-я г.), «Абарончыя збудаванні пад Масквой» (1942), «Новыя абрысы гарадоў Беларусі» (1950-я г.), акварэль «Маладзёжная брыгада за работай», партрэты Л.С.Дуброўскай (абодва 1950), М.П.Кірпічковай (1951), М.Г.Берасцевіч (1962), будаўніцы (1970), настаўніцы («Першага верасня», 1971) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНЦ ((Lenz) Зігфрыд) (н. 17.3.1926, г. Элк, Польшча),
нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Ястрабы ў небе» (1951). Вядомасць прынёс раман «Урок нямецкай» (1968) пра антыфаш. Супраціўленне ў 2-ю сусв. вайну. У раманах «Хлеба і відовішчаў» (1959), «Жывы прыклад» (1973), «Краязнаўчы музей» (1978), «Страта» (1981), «На пляцы» (1985) узаемадачыненні асобы і гісторыі, маральныя паводзіны чалавека ў трагічных абставінах 2-й сусв. вайны, пошукі ідэальнага героя. Аўтар зб-каў апавяд. «Такой пяшчотнай была Зулейкен» (1955), «Парушальнік спакою» (1965), «Эйнштэйн перасякае Эльбу каля Гамбурга», «Пах мірабелі» (абодва 1975), філас. драмы-прытчы «Час бязвінных» (1961), радыёп’ес. Яго творам уласцівы сюжэтная разгалінаванасць, дакладнасць дэталі, ускладненасць сімволікі, уплыў філасофіі экзістэнцыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Урок немецкого. М., 1971;
Хлеба и зрелищ. М., 1975;
Живой пример. М., 1977;
Краеведческий музей. М., 1982;
Эйнштейн пересекает Эльбу близ Гамбурга. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА ПЯТРО́ЎНА (29 12.1709, Масква — 5.1.1762),
расійская імператрыца [1741—62]. З дынастыі Раманавых. Дачка Пятра I і Кацярыны I. Заняла прастол у выніку дварцовага перавароту 6.12.1741 супраць малалетняга Івана VI Антонавіча і яго маці Ганны Леапольдаўны (рэгенткі пры ім). Прызначыла пераемнікам свайго пляменніка Карла Петэра Ульрыха фон Гольштэйн-Готарпа (пазней Пётр III), у 1745 ажаніла яго з прынцэсай Соф’яй Аўгустай Фрэдэрыкай фон Ангальт-Цэрбсцкай (будучая Кацярына II). У час праўлення Л.П. ў Расіі ліквідаваны ўнутр. мытні (з 1.4.1754), адменена пакаранне смерцю (1756), заснаваны Маскоўскі універсітэт (1755), першы рас. публічны т-р (1756), Пецярбургская Акадэмія мастацтваў (1757), адбылася рас.-швед. вайна 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743, рас. войскі ўдзельнічалі ў Сямігадовай вайне 1756—63.
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986;
Наумов В.П. Елизавета Петровна // Вопр. истории. 1993. № 5;
Валишевский К.Ф. Дочь Петра Великого. Ростов н/Д, 1998.
Імператрыца Лізавета Пятроўна. Гравюра Ж.Меку паводле арыгінала А.Бенера. 1817.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФО́ІДНАЯ СІСТЭ́МА, імунная сістэма,
рэгуляторная сістэма ў арганізме жывёл і чалавека, якая фарміруе і падтрымлівае імунітэт. Асн. функцыя — распазнаванне генетычна чужароднай субстанцыі і блакада, нейтралізацыя або знішчэнне антыгенаў, якія стымулявалі імунны адказ. Уключае вілачкавую залозу, чырв.касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і вял. колькасць лімфоіднай тканкі па ходу стрававальнага і дыхальнага шляхоў, агульная маса 1,5—2 кг. Асн. клеткі — розныя субпапуляцыі і функцыян. падкласы лімфацытаў. Пры кантакце з антыгенамі Л.с. здольная даваць розныя формы імуннага адказу: гумаральны імунітэт (цыркуляцыя ў крыві спецыфічных антыцел), клетачны імунітэт (паяўленне вял. колькасці T-лімфацытаў, што ўзаемадзейнічаюць з пэўным антыгенам чужароднай клеткі), цыркуляцыя доўгажывучых T- і B-лімфацытаў (пры паўторнай сустрэчы з антыгенам здольныя да хуткага адказу, імуналагічная памяць), утварэнне імуналагічнай талерантнасці (адсутнасць адказу на пэўны антыген), праяўленне алергіі (павышаная адчувальнасць да спецыфічнага антыгена). Узнікла з паяўленнем шматклетачных арганізмаў як фактар, што спрыяе іх выжыванню.
Літ.:
Петров Р.В. Иммунология, 2 изд. М., 1987;
Сапин М.Р., Этинген Л.Е. Иммунная система человека. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім даецца апісанне значэння, ужывання, паходжання, марфемнай будовы, вымаўлення, напісання слоў. Бываюць адна-, двух- і шматмоўныя (гл.Двухмоўны слоўнік). У аднамоўных тлумачэнне значэння слоў даецца сродкамі той самай мовы. Л.с. ўключаюць і тлумачаць усю агульнаўжывальную лексіку мовы (нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі сучаснай літ. мовы; гл.Тлумачальны слоўнік), лексіку твораў таго ці інш. пісьменніка (гл.Слоўнік мовы пісьменніка), лексіку, абмежаваную ў выкарыстанні носьбітамі пэўнай тэрыторыі, гаворкі (гл.Дыялектны слоўнік), лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гіст. перыяду (гл.Гістарычны слоўнік) або словы, запазычаныя з інш. моў (гл.Іншамоўных слоў слоўнік). Л.с. могуць быць прысвечаны высвятленню паходжання слоў той ці інш. мовы або некалькіх роднасных моў адначасова (гл.Этымалагічны слоўнік), правапісу (гл.Арфаграфічны слоўнік), сінанімічным адносінам слоў у лексічнай сістэме мовы (гл.Сінонімаў слоўнік), сістэматызацыі і апісанню ўстойлівых зваротаў мовы (гл.Фразеалагічны слоўнік), марфемнай будове слоў (гл.Марфемны слоўнік). У сукупнасці ўсе Л.с. служаць мэтам апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння задач аб экстрэмумах (мінімумах ці максімумах) лінейных функцый пры абмежаваннях, зададзеных сістэмамі лінейных роўнасцей і няроўнасцей.
Задачы Л.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі задач эканомікі і вытв-сці, напр., задача рацыянальнага размеркавання часу (аптымальнага плана работы) прадпрыемства па розных тэхнал. спосабах, трансп. задача, дзе адшукваецца найб. эканомны план дастаўкі прадуктаў з пунктаў вытв-сці ў пункты спажывання, задача складання самага таннага кармавога рацыёну з пэўных кармоў. Агульная пастаноўка задачы і метад яе рашэння прапанаваны Л.В.Кантаровічам (1939), найб. пашыраны сімплекс-метад рашэння задач (накіраваны перабор мноства дазволеных рашэнняў) — амер. матэматыкам Дж.Данцыгам (1949). Гл. таксама Аперацый даследаванне.
На Беларусі праблемы Л.п. і яго дастасаванняў даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Данциг Дж. Б. Линейное программирование, его применения и обобщения: Пер. с англ.М., 1966;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы линейного программирования. Ч. 1—3. Мн., 1977—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.