«АСТО́Я»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр. ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.

Герб «Астоя».

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці. У бас. р. Ушача, за 22 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,31 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 3 м. Пл. вадазбору 15,2 км². Берагі нізкія, забалочаныя, параслі хмызняком. 3 астравы агульнай пл. 3,6 га. Упадае ручай з воз. Блізніца. Выцякае ручай у воз. Расна.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́УС (ад лац. aureus залаты),

залатая старажытнарымская манета, якую пачаў выпускаць Юлій Цэзар пасля Гальскіх паходаў (58—51 да нашай эры). Сістэматычна чаканілася з часу праўлення Аўгуста (30 да нашай эры — 14 нашай эры) да праўлення Канстанціна I (306—337), які замяніў аўрэус солідам. За гэты час маса манеты зменшылася з 8,18—8,19 да 5,45—5,46 г.

Аўрэус імператара Адрыяна [117—138].

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДАФЭ́ (партуг. auto-de-fé літар. акт веры),

абвяшчэнне і выкананне прыгавору інквізіцыі — публічнае спаленне на вогнішчы асуджаных за ерась або грахі. Першыя аўтадафэ праведзены ў 13 ст. ў Іспаніі, Партугаліі і іх калоніях. У канцы 15 ст. набылі характар масавага тэатралізаванага рытуальнага відовішча. У Іспаніі на працягу 1481—1808 спалена каля 35 тыс. чал. Апошняе аўтадафэ адбылося ў 1826 у Валенсіі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ДУБРО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Касцюковічаў, 172 км ад Магілёва, 16 км ад чыг. ст. Камунары. 738 ж., 318 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Каля вёскі 2 гарадзішчы жал. веку.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды. Пл. 487 тыс. км². Найб. глыб. 4115 м. Вял. а-вы: Пятра I і Зямля Аляксандра I. Т-ра вады на Пн каля 0 °C, на Пд ніжэй за -1 °C. Салёнасць 33,5 ​o/00. На працягу ўсяго года б.ч. паверхні занята плывучымі льдамі і айсбергамі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦК,

рабочы пасёлак у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. За 28 км ад Рагачова, 80 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Салтанаўка на лініі Жлобін—Гомель. 700 ж. (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Утвораны 12.1.1960 з пасёлка торфапрадпрыемства «Беліцкае», які існаваў з 1948. У 1970 — 1,2 тыс. ж. У Беліцку торфапрадпрыемства. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

кліматабальнеалагічны курорт на Беларусі. За 25 км ад г. Рэчыца, на беразе Дняпра. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой. Крыніца мінер. водаў з вял. колькасцю ёду. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (у т. л. дубровамі), частку займае маляўнічая пойма ў лукавіне Дняпра. Умовы спрыяльныя для псіхал. разгрузкі, лячэння агульнасаматычных хвароб. Базы для каротка- і доўгатэрміновага адпачынку.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.​Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)