машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.
Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНЫЯ ПЛА́НЫ»,
фінансавая і эканам. палітыка развітых зах.-еўрап. дзяржаў у галіне сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г.Асн.яе мэты: стымуляванне росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, тэхн. прагрэсу і канцэнтрацыі вытв-сці, павышэнне канкурэнтаздольнасці буйных гаспадарак. У паняцце «З.п.» ўключаліся спец. заканадаўчыя акты дзяржаў, што вызначалі ўмовы, нормы і характар дзярж. ўмяшання ў сельскую гаспадарку, а таксама доўгатэрміновыя планы яе развіцця. Ў ФРГ быў прыняты «Асноўны сельскагаспадарчы закон» (1955), у Францыі — «Закон аб сельскагаспадарчай арыентацыі» (1960), у Італіі — спец. планы с.-г. развіцця па пяцігодках. Для ажыццяўлення «З.п.» з дзяржбюджэту паступалі сродкі на меліярацыю, барацьбу з эрозіяй зямлі і стварэнне інфраструктуры. З правядзеннем адзінай с.-г. палітыкі у рамках ЕЭС «З.п.» асобных краін былі падпарадкаваны ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ДА (ісп. corrida de toros літар. бег быкоў),
бой быкоў, нац.ісп. відовішча. Вядома са старажытнасці, звязана з тагачасным культам быка. З пач. 18 ст. — традыц. цыркавое відовішча ў Іспаніі, Партугаліі, Паўд. Францыі і краінах Лац. Амерыкі, якое звычайна наладжваецца ў час свят. Адбываецца на спец. арэне ці абгароджанай пляцоўцы. Кожная К. праходзіць у некалькі этапаў: спачатку тарэра (удзельнікі К.) дражняць быка чырв. плашчамі, потым пікадоры (конныя тарэра) наносяць жывёле лёгкія ўдары доўгімі пікамі, а бандэрыльё раздражняюць яе кароткімі коп’ямі (бандэрыльямі); завяршае К. матадор (гал. фігура К.), які трапным ударам шпагі ў загрывак забівае раз’юшанага быка. У краінах, дзе пашырана К., у яе ёсць шмат праціўнікаў, якія разглядаюць К. як крывавае, небяспечнае для людзей, негуманнае ў адносінах да жывёлы і таму амаральнае відовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕВА Вольга Мікалаеўна (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1973). Нар.арт.СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Крыўляка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕЛІ́ЗМ,
філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НААСФЕ́РА (ад грэч. noos розум + сфера),
новы эвалюцыйны Стан біясферы, пры якім разумная дзейнасць чалавека з’яўляецца гал., вырашальным фактарам яе глабальнага развіцця (часам яе вызначаюць як сферу розуму, антрапасферу, сацыясферу, тэхнасферу). Тэрмін «Н.» ўведзены франц. вучонымі Э.Леруа і П.Тэярам дэ Шардэнам у 1920-х г., якія тлумачылі яго ідэалістычна. У.Л.Вярнадскі развіў матэрыяліст. ўяўленне аб Н. як якасна новай форме арганізаванасці, што ўзнікае пры ўзаемадзеянні прыроды і грамадства, у выніку творчай дзейнасці чалавека, якая пераўтварае свет і грунтуецца на навук. думцы. Для Н. характэрна цесная ўзаемасувязь і гарманічнае спалучэнне законаў прыроды з законамі мыслення і сац.-эканам. законамі грамадства; чалавек павінен адказваць за лёс планеты і ўсяго жывога на ёй Пераход біясферы ў Н. для чалавецтва застаецца перспектывай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),
гістарычная вобласць і правінцыя на УПаўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст.яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ АРЦЕ́ЛЬ МАСТАКО́Ў,
расійскае маст. аб’яднанне, якое існавала з 1863 да пач. 1870-х г.Засн. жывапісцамі — выпускнікамі Пецярбургскай АМ, якія выйшлі з яе, адмовіўшыся пісаць конкурсную карціну на зададзеную акад. тэму (т.зв. бунт чатырнаццаці). П.а.м. садзейнічала адыходу ад кансерватызму акад. мастацтва, якое навязвала мастакам нормы класіцызму, стала пачаткам станаўлення прынцыпаў дэмакр. рэалізму, адлюстравання жыцця ва ўсіх яго праявах. У П.а.м., арганізаваную як быт. камуна, уваходзілі І.Крамской (кіраўнік), Ф.Жураўлёў, А.Карзухін, К.Лемах, К.Макоўскі, А.Марозаў і інш. Акрамя ўласна творчай дзейнасці займаліся арганізацыяй выставак, прапагандай рус. мастацтва, выконвалі заказы на афармленчыя і інш. работы, выдавалі ілюстраваны каталог «Мастацкі аўтограф» (вып. 1—2, 1870—71). Пасля распаду арцелі шэраг яе членаў прымкнуў да перасоўнікаў.