НА́РБУТ (Казімір) (3.1.1738, б. маёнтак Яшнец, цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.3.1807),
асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, Любяшоўскім навіцыяце, піярскім калегіуме ў Дубровіцы, з 1759 у Вільні і Рыме. З 1764 праф. і прэфект піярскага калегіума ў Дубровіцы, потым запрошаны ў Вільню. З 1773 у Германіі і Францыі. Працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя; лічыў, што чалавек здольны спасцігнуць ісціну, але для яе ўстанаўлення неабходны ўсебаковы і разнастайны падыход пры даследаванні з’яў. Адстойваў ідэю неабходнасці шырокай свецкай адукацыі, фарміравання развітой асобы, цесна звязанай з практычнымі патрэбамі грамадства і часу. У 1769 выдаў у Вільні першы падручнік логікі на польск. мове. Аўтар курса «Эклектычнай філасофіі» і рукапісаў на лац. мове. У 1773 разам з вучнямі выдаў «Выбраныя суджэнні з філасофіі».
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАПАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + паталогія),
навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англ. вучоны М.Рафер у 1913. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гіст.эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на П. раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.
Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археал. і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. П. мае вял. значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біял. і сац.-эканам. фактараў.
На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца з 1970 у Бел.пед. ун-це, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),
рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.Данілеўскаму, А.Тойнбі, Ж.Марытэну і інш.хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАМА́ЯНА»
(санскр. «Сказанне пра Раму»),
старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст.н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв.эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКСІ́ЗМ-ЛЕНІНІ́ЗМ,
спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар.камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамя філас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.
Літ.:
История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;
Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНКУ́Р (Goncourt) дэ, браты Эдмон (26.5.1822, г. Нансі, Францыя — 16.7.1896) і Жуль (17.12.1830, Парыж — 20.6.1870), французскія пісьменнікі-сааўтары, мастацтвазнаўцы. Стварылі раманы, у якіх рысы натуралізму спалучаны з імпрэсіяністычнай манерай пісьма, што перадае найтанчэйшыя станы чалавечай душы і суб’ектыўныя адчуванні: «Шарль Дэмайі» (1860), «Сястра Філамена» (1861), «Рэнэ Мапрэн» (1864), «Жэрміні Ласертэ» (1865), «Манет Саламон» (1867), «Мадам Жэрвезэ» (1869) і інш. Стваральнікі кніг па гісторыі і мастацтве 18 ст.: «Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі» (1855), «Гісторыя Марыі Антуанеты» (1858), «Мастацтва XVIII ст» (1859), «Жанчына ў XVIII ст.» (1862) і інш. «Дзённік. Мемуары з літаратурнага жыцця» (т. 1—9, 1887—96, поўнае выд.т. 1—22, 1956—58) — фундаментальная хроніка развіцця л-ры і мастацтва Францыі ў 1851—96. Толькі Эдмон Ганкур напісаў раманы «Дзеўка Эліза» (1877), «Браты Земгано» (1879), «Актрыса Фастэн» (1882) і інш.; працы па японскім мастацтве «Утамара...» (1891), «Хакусай» (1896). Паводле яго завяшчання заснавана т.зв. Ганкураўская акадэмія. У 1903 устаноўлена Ганкураўская прэмія, фонд якой склаў капітал, завешчаны Эдмонам Ганкурам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы універсітэт у ЗША. Засн. ў 1636 як каледж у г. Кеймбрыдж (штат Масачусетс). З 1639 носіць імя англ. пурытанскага святара Дж.Гарварда (1607—38), які завяшчаў каледжу палавіну сваёй маёмасці і б-ку. Да канца 18 ст.гал. месца ў навуч. працэсе займалі Біблія і стараж. мовы, у канцы 18 ст. сталі выкладацца новыя мовы і матэматыка. У 1-й чвэрці 19 ст. да каледжа далучаны мед. і юрыд. ф-ты і ён пераўтвораны ва ун-т. З 2-й чвэрці 19 ст. Гарвардскі універсітэт стаў цэнтрам культуры ЗША. У складзе ун-та астр. абсерваторыя, выд-ва (з 1913), музеі (параўнальнай заалогіі, мастацкі, герм. культур, геалагічны і інш.), б-ка — адна з самых вял. у свеце (11 млн. тамоў; акрамя цэнтр. кніжнага збору мае асобныя б-кі — рэдкіх кніг і рукапісаў, мед., кіт.-яп. і інш.). Ф-ты: тэалагічны, гуманіт. і дакладных навук, энергетыкі і прыкладной фізікі, мастацкі, права, мед., аховы здароўя, дзярж. кіравання, практычнай адміністрацыі, педагогікі. У Фларэнцыі (Італія) створаны ін-т Гарвардскага ун-та па даследаванні эпохі Адраджэння.