СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ ЗО́РКІ,

магутнасць выпрамянення зоркі. Роўная поўнай энергіі, якая выпрамяняецца зоркай за адзінку часу. Вымяраецца звычайна ў адзінках свяцільнасці Сонца, а таксама ў абс. зорных велічынях.

Поўная свяцільнасць Сонца 3,86∙10​26 Вт, свяцільнасць зорак 10​33—10​20 Вт. Поўная С.з. з нулявой зорнай велічынёй — 2,72∙10​28 Вт. Акрамя поўнай адрозніваюць С.з. ў пэўным спектральным інтэрвале, напр., візуальная С.з. (святлоаддача ў бачнай частцы спектра), фатаграфічная (у інтэрвале 0,33—0,49 мкм) і інш.

т. 14, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ЦЫІ-ЛАБІЛІЗА́ЦЫІ З’Я́ВА ў оптыцы,

змена ўстойлівасці электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул. Адбываецца ў выніку абмену вагальнай энергіяй паміж узбуджанымі малекуламі ў газавай фазе з малекуламі пабочных газаў пры іх сутыкненнях з захаваннем электроннай энергіі ўзбуджэння. Выяўляецца па зменах эфектыўнасці, працягласці, а таксама спектраў флуарэсцэнцыі малекул. Адкрыта М.​А.​Барысевічам і рас. фізікам Б.​С.​Непарэнтам (1955). Адкрыццё С.-л.з. садзейнічала стварэнню лазераў на пары арган. злучэнняў. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, люмінесцэнцыі, фотахіміі, лазернай фізіцы.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ ПАВЕ́РХНЯ,

ізаэнергетычная паверхня ў прасторы імпульсаў квазічасціцы, што адпавядае пэўнаму значэнню Фермі энергіі. Аддзяляе вобласць занятых электронных станаў, энергет. спектр якіх вызначаецца Фермі—Дзірака размеркаваннем (адсюль назва), ад вобласці, дзе пры абсалютным нулі т-ры электронаў няма. Бывае адкрытая (неперарыўна праходзіць праз усю прастору квазіімпульсаў) і замкнутая (распадаецца на поласці, кожная з якіх размяшчаецца ў элементарнай ячэйцы гэтай прасторы). Тапалагічная структура Ф.п. абумоўлівае асаблівасці электронных характарыстык металаў (цеплаёмістасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці і інш.).

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ-ГАЗ,

газ з часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), якія падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Да Ф.-г. адносяць электроны ў металах і паўправадніках, нуклоны ў цяжкіх атамных ядрах і інш. Ф.-г., які складаецца з неўзаемадзейных часціц, наз. ідэальным. Пры абсалютным нулі тэмпературы ўсе часціцы яго запаўняюць квантавыя станы з энергіяй, якая не перавышае Фермі энергіі, станы з энергіяй, большай за энергію Фермі, застаюцца не запоўненымі (поўнае квантавае выраджэнне Ф.-г.).

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА РАЗМЕРКАВА́ННЕ, размеркаванне Фермі,

функцыя размеркавання па ўзроўнях энергіі тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж імі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу (гл. Фермі-газ), які падпарадкоўваецца Фермі—Дзірака статыстыцы.

Паводле Ф.—Дз.р. сярэдняя колькасць ni = 1/(e​(Ei−μ)/kT + 1), дзе i — набор квантавых лікаў, што характарызуюць стан часціцы, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра газу, μ — хімічны патэнцыял. Гл. таксама Бозе—Эйнштэйна размеркаванне.

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАЛЯВО́Д,

канал адвольнай формы ў неаднародным асяроддзі, уздоўж якога могуць распаўсюджваюцца хвалі. Для акустычных хваль (гукавых) Х. — трубы, слаі паветра і вады; электрамагнітных — радыёхваляводы, святлаводы: сейсмічных хваль — верхнія слаі мантыі Зямлі.

Акустычным Х. можа служыць труба з гукаадбівальнымі сценкамі, радыёхваляводам — полая або часткова запоўненая дыэлектрыкам метал. труба ці стрыжань з дыэлектрыка. Найб. пашыраны радыёхваляводы і святлаводы, якія выкарыстоўваюцца як лініі перадачы эл.-магн. энергіі або эл. сігналаў ад аднаго аб’екта да другога.

т. 16, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАШЫ́ННЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,

электрычная машына (звычайна генератар пастаяннага току) для ўзмацнення магутнасці сігналу, што падаецца на абмотку ўзбуджэння, за кошт энергіі першаснага рухавіка. Невялікая змена магутнасці ў ланцугу ўзбуджэння (менш за 1 Вт) выклікае значную змену магутнасці ў ланцугу нагрузкі (больш за 1 кВт). У замежнай л-ры Э.ў. — амплідзін—генератар пастаяннага току з незалежным узбуджэннем і з папярочным полем. Выкарыстоўваюць у сістэмах аўтам. кіравання і рэгулявання. Выцясняюцца статычнымі ўзмацняльнікамі (тырыстарным і транзістарным).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ ПЕЧ,

высокавакуумная печ для атрымання асабліва чыстай сталі і тугаплаўкіх матэрыялаў. Награванне ў ёй заснавана на пераўтварэнні кінетычнай энергіі электронаў, паскораных пры іх ударах аб паверхню аб’екта, што награваецца. Гл. таксама Электронна-прамянёвы пераплаў.

Схемы канструкцый электронна-прамянёвых пячэй: а — з несфакусіраваным прамянём; б — з факусіраваным прамянём; РЭ — расходны электрод; КК — кальцавы катод; А — паскаральны анод; МФС — магнітная факусіруючая сістэма; Кр — крышталізатар; Зл — злітак; ВС — вакуумная сістэма; Ш — шыхта.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́НЫ ПРАВО́ДНАСЦІ,

электроны металаў і паўправаднікоў, упарадкаваны рух якіх абумоўлівае электраправоднасць.

У кандэнсаваных асяроддзях частка электронаў (як правіла, валентных) адрываецца ад сваіх атамаў (дэлакалізуецца). Вобласці дазволеных значэнняў энергіі — дазволеныя зоны — дэлакалізаванага электрона чаргуюцца з забароненымі зонамі (гл. Зонная тэорыя). Э.п. — электроны часткова запоўненых дазволеных зон (зон праводнасці). У паўправадніках Э.п. з’яўляюцца толькі пры некаторым узбуджэнні: (дастаткова высокай т-ры, асвятленні), а таксама пры ўкараненні дамешкаў і інш. У металах Э.п. ёсць заўсёды.

т. 18, кн. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ТАРЫ ў квантавай механіцы, матэматычныя аперацыі, якія выконваюцца над хвалевай функцыяй, што апісвае стан сістэмы. Служаць для супастаўлення з зададзенай хвалевай функцыяй (вектарам стану) ψ інш. функцыі ψ′ : ψ′ = L^ψ , дзе L^ — аператар, якому адпавядае фіз. велічыня L. Напр., аператар множання x^ψ=x, дзе x^ — аператар каардынаты; дыферэнцавання P^xψ = −ih ∂ψ ∂x , дзе P^x — аператар праекцыі імпульсу на вось х. Над аператарам можна выконваць алг. дзеянні, напр., здабытак L^=L^1L^2 азначае, што L^ψ=ψ″, калі L^1ψ=ψ′ і L^2tp′=ψ″. Яўны выгляд аператара вызначаецца ўласцівасцямі пераўтварэнняў той сіметрыі, з якой звязана матэм. фармулёўка адпаведнага закону захавання (гл. Нётэр тэарэма). Уласцівасці аператара L^ вызначаюцца ўраўненнем L^ψ=L^nψn; яго рашэнні ψn (уласныя функцыі) апісваюць квантавыя станы, у якіх фіз. велічыня L прымае значэнні Ln(уласныя значэнні аператара). Набор такіх значэнняў (спектр) выяўляе ўсе значэнні фіз. велічыні L, якія можна вызначыць эксперыментальна, бывае неперарыўным (напр., аператар каардынат, імпульсу), дыскрэтным (аператар праекцыі моманту імпульсу на каардынатную вось) і змешаным (аператар энергіі ў залежнасці ад характару сіл, што дзейнічаюць у сістэме; дыскрэтныя ўласныя значэнні аператара наз. ўзроўнямі энергіі). У квантавай механіцы карыстаюцца пераважна лінейнымі аператарамі і эрмітавымі аператарамі.

А.​А.​Богуш.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)