асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.
Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛА (ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).
Віла Адрыяна ў Тывалі 125—135 н.э.Да арт.Віла. Загарадны дом у Каліфорніі. Арх. Р.Нёйтра. 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧА́РКІ,
група парод службовых сабак. Пашыраны ва ўсім свеце. Гадуюць для пастухоўскай, каравульнай, вышуковай і інш. службы. Вызначаюцца моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным складам цела, багатым шэрсным покрывам. Смелыя, вынослівыя сабакі, якія лёгка дрэсіруюцца. Вядомыя пароды: каўказская, сярэднеазіяцкая, паўднёваруская, шатландская (колі) і інш.Найб. пашыраная — нямецкая аўчарка, на аснове якой створаны ўсх.-еўрап.тып.
Нямецкая аўчарка — адна з лепшых вартавых сабак, моцная, з добра развітой мускулатурай, выш. ў карку ў сярэднім каля 60 см. Вызначаецца развітым інстынктам аховы гаспадара, яго рэчаў, двара, жывёлы і інш. Усходнееўрапейская аўчарка буйнейшая за ням., з больш сухім і моцным складам цела, выш. ў карку 62—70 см; галава клінападобная, вушы стаячыя, хвост шаблепадобны; масць цёмна- і светла-шэрая, чорная з падпалінамі, рыжая розных адценняў. Каўказская, сярэднеазіяцкая і паўднёваруская аўчаркі — пастухоўскія пароды стараж. паходжання, з масіўнай шырокай галавой, грубым касцяком, магутнымі лапамі; вушы вісячыя, хвост серпападобны. Выш. ў карку 60—65 см. Гадуюць іх пераважна ва ўсходнееўрап. і сярэднеазіяцкіх краінах. У многіх краінах свету пашыраны даўгашэрсны і барадаты колі, у прыдунайскіх краінах — чорныя кудлатыя пулі і пумі, белыя кувасы, камандоры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́МА жанравы тыппаэмы, які ўзнік на мяжы паэзіі і драматургіі. Развіваецца на аснове арган. зліцця эпічнага і драм. пачаткаў. Выпрацавала і замацавала ўстойлівыя жанравыя прыкметы: канфліктна-напружанае сутыкненне характараў, маральна-этычных пазіцый, ідэалаў, страсцей, што складае асн.драм. «спружыну» твора, якому ўласціва маналагічна-дыялогавая форма, разгортванне дзеі, набліжанай да сцэнічнай падачы.
Аднак гэта найперш паэма, жанравую сутнасць якой вызначае сіла эпічнай паэтызацыі падзей і герояў, паэт. падыход ад іх увасаблення. Д.п. адметная схільнасцю да асэнсавання вузлавых перыядаў нац. гісторыі, буйных грамадскіх асоб, значных падзей. Яе зместам становіцца барацьба народа ў напружаныя моманты яго сац. і нац. самасцвярджэння. Дасягнула класічных узораў у творчасці Дж.Мільтана («Страчаны рай»), Дж.Байрана («Каін»), Ф.Шылера («Валенштэйн»), П.Б.Шэлі («Раскаваны Праметэй»), А.Міцкевіча («Дзяды»), А.Пушкіна («Барыс Гадуноў»), Л.Украінкі («Лясная песня») і інш. У бел. л-ры пачынальнік яе — Я.Купала, які даў узоры высокіх формаў драматычна-паэмнага мастацтва («Адвечная песня», «Сон на кургане»). Д.п. стварылі П.Глебка («Над Бярозай-ракой»), А.Куляшоў («Хамуціус»). Нац. традыцыя драматычна-паэмнага асэнсавання жыцця ў апошні час атрымала працяг у паэмах М.Арочкі («Курганне», «Крэва»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн.тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́ЦА (Пётр Леанідавіч) (8.7.1894, г. Кранштат, Расія—8.4.1984),
савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур і фізікі моцных магнітных палёў. Акад.АНСССР (1939, чл.-кар. 1929) і многіх замежных АН і навук. т-ваў. Двойчы Герой Сац. Працы (1945, 1974). Скончыў політэхн.ін-т у Петраградзе (1918). У 1921—34 у навук. камандзіроўцы ў Вялікабрытаніі, дзе праводзіў даследаванні пад кіраўніцтвам Э.Рэзерфарда. Арганізатар і першы дырэктар (1935—46 і з 1955) Ін-та фіз. праблем АНСССР. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы і тэхніцы звышмоцных магн. палёў, фізіцы і тэхніцы нізкіх т-р, электроніцы вял. магутнасцей, фізіцы высокатэмпературнай плазмы. У 1928 выявіў у моцных магн. палях лінейную залежнасць эл. супраціўлення шэрагу металаў ад напружанасці поля (Капіцы закон). Адкрыў звышцякучасць вадкага гелію (1938). Распрацаваў спосаб звадкавання паветра пры дапамозе турбадэтандэра, новы тып магутнага звышвысокачастотнага генератара. Устанавіў, што пры высокачастотным разрадзе ў шчыльных газах утвараецца стабільны плазменны шнур з т-рай электронаў 105—106 К. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943. Нобелеўская прэмія 1978. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1959.
Тв.:
Эксперимент. Теория. Практика: Ст. и выступл. 4 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.
Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт.тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.
Літ.:
Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ.М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тыпбел.традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюць нар. майстры вёсак Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага р-наў Брэсцкай вобл. Вядомы з 19 ст.Даўж. 180—250, шыр. 23—30 см. Па колеравай гаме, стылістыцы арнаменту, якасці палатна блізкія да мотальскіх ручнікоў. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак, па краях аздабляюць шматколерным вышытым гладдзю арнаментам (выявы букстаў, ваз, гірляндаў кветак і інш.). Бываюць звычайныя і з прышытымі па канцах вузейшымі кавалкамі палатна. Звычайныя ткуць у 3 ніты арнаментам «у коскі», канцы аздабляюць мохрыкамі ці паскамі карункаў (плеценыя з нітак асновы або вязаныя з белых баваўняных). У арнаментыцы пашыраны палоскі: вузкія папярочныя, адзінкавыя ці згрупаваныя па некалькі (чырвоныя, чырвона-блакітныя, шэра-белыя), а таксама падоўжныя і папярочныя, якія ўтвараюць буйнарапортную клетку. Ручнікі з прышытымі канцамі ткуць у 2 ніты, асн. (шырэйшую) частку аздабляюць гладкімі ці ўзорыстымі палосамі геам. арнаменту, канцы — дробна-ажурнымі вузельчыкавымі карункамі, плеценымі з суканых нітак асновы, вышытым крыжыкам арнаментам антрапаморфнага, зааморфнага, расліннага характару, выкананым чырвонымі і чорнымі ніткамі бавоўны-горынь. Шырока выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ераў хат, традыц. абрадах, служаць узорамі пры распрацоўцы сувенірных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Іберыйскі паўвостраў,
на ПдЗ Еўропы. Абмываецца Атлантычным ак. і яго Біскайскім зал., Гібралтарскім пралівам, Міжземным м.Пл. 582 тыс.км². Берагавая лінія слаба парэзана, на ПнЗ развіты рыясавы тып берагоў. Пераважаюць пласкагор’і і горы. Палеазойскі масіў Месета з’яўляецца ядром паўвострава, які акаймаваны з Пн, У і Пд Пірэнеямі, Кантабрыйскімі, Каталонскімі, Іберыйскімі, Андалускімі гарамі, Сьера-Марэнай, Цэнтр. Кардыльерай і інш. Найвышэйшы пункт г. Муласен у хр. Сьера-Невада (3478 м). Па ўскраінах паўвострава невял. нізіны — Партугальская, Андалуская, Арагонская. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, пераважна сухі ва ўнутр.ч. (сярэдняя колькасць ападкаў ва ўнутр. абласцях 300—500 мм), на З — акіянічны (1500—2000 мм ападкаў за год). Для паўн.ч. паўвострава характэрны пераходны клімат ад субтрапічнага да ўмеранага з вял. колькасцю ападкаў (1000—2000 мм). Асн. рэкі: Таха (Тэжу), Гвадыяна, Дуэра (Дору), Гвадалквівір, Эбра. Прыродная расліннасць на большай ч. прадстаўлена вечназялёнымі паўхмызнякамі і драўняна-хмызняковымі зараснікамі тыпу маквіс, гарыга, таміляры, пальміто; у найб. сухіх раёнах расліннасць мае паўпустынны характар. У вільготнай горнай паўн.ч. пераважаюць лістападныя дубова-букавыя лясы, верасоўнікі, лугі. На зах. ускраіне вечназялёныя лясы з дубу (каменны, коркавы, партугальскі). Фауна міжземнаморскага тыпу. На П.п. размешчаны Іспанія, Партугалія, Андора і Гібралтар.