А́БАНА-ТЭ́РМЕ (Ábano Terme),
бальнеагразевы курорт у Італіі. На Венецыянскай нізіне, на ПдЗ ад г. Падуя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма, адраджэнне пачалося ў 13 ст. Каля 150 крыніц тэрмальных (да 85 °C) радонавых водаў, сульфідныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў дыхання, руху і апоры, нерв. сістэмы і гінекалагічнай сферы. Гасцініцы і пансіянаты.
т. 1, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ВА (санскр. Небыццё, неіснаванне),
паняцце класічнай інд. філасофіі, якое ў шэрагу навук. школ азначае «адсутнасць», «знішчэнне», «адмаўленне», «смерць»; нярэдка разглядаецца як катэгорыя, процілеглая станоўчай абхаве (быццё, існаванне). У Канады, заснавальніка стараж.-інд. філас. сістэмы вайшэшыкі, абхава проціпастаўляецца 6 станоўчым відам рэальнасці, якія выступаюць як аб’екты пазнання (субстанцыя, якасць, дзеянне, усеагульнасць, асаблівасць, уласцівасць).
т. 1, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАГРАМАВА́ННЯ,
раздзел прыкладнога праграмавання, які распрацоўвае метады аўтам. складання праграм і рашэння задач на ЭВМ.
Аснову аўтаматызацыі праграмавання складаюць мовы праграмавання. Сістэмы аўтаматызацыі праграмавання ў выніку стварэння адпаведнага матэм. забеспячэння ЭВМ спрашчаюць метады падрыхтоўкі заданняў для выканання на ЭВМ, павялічваюць эфектыўнасць іх выкарыстання, садзейнічаюць стварэнню сродкаў праграмавання, наладцы і захоўванню праграм і інш.
т. 2, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗУРЫ́Я (ад дыз... + грэч. uron мача),
парушэнне мочаспускання. Звычайна праяўляецца балючасцю ці цяжкасцю вывядзення мачы з мачавога пузыра з прычыны сціскання мочаспускальнага канала гематомай, пухлінай, павялічанай прастатай, пры закупорцы камянямі і інш., а таксама ў выніку функцыян. расстройстваў пры хваробах нерв. сістэмы (спазма і інш.). Іншы раз да Д. адносяць балючыя і частыя мочаспусканні.
т. 6, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне),
сістэмы каляровага тэлебачання, разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАВА́Я СІСТЭ́МА,
вышынная (інтэрвальная) арганізацыя муз. гукаў на аснове якога-н. аднаго прынцыпу. Тэрмін мае некалькі значэнняў: гукавы склад, г. зн. сукупнасць гукаў у межах пэўнага інтэрвалу, найчасцей актавы; пэўнае размяшчэнне элементаў сістэмы; якасныя, сэнсавыя суадносіны гукаў, іх функцыі; строй, матэм. выражэнне суадносін паміж гукамі. Сярод пашыраных гукавых сістэм: алігатоніка, ангемітоніка, дыятоніка, мажора-мінор, дадэкафонія.
т. 5, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РНЕЦ,
1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарнец малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарцам, роўным 3,2798 л.
2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДА́У ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ,
дыямагнетызм сістэмы носьбітаў зарадаў (напр., электронаў праводнасці ў металах). Прадказаны Л.Д.Ландау ў 1930. Абумоўлены квантаваннем арбітальнага руху зараджаных часціц у магн. полі, дзе траекторыя іх свабоднага руху скрыўляецца і ўзнікае дадатковае магн. поле, накіраванае процілегла знешняму полю. Назіраецца ў выраджаным газе свабодных электронаў і ў электронаў праводнасці ў металах, паўметалах і паўправадніках.
т. 9, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУШЫ́ЛІ,
паўднёвы хрыбет горнай сістэмы Куньлунь на паўн.-ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 800 км, выш. да 6000 м. Утварае паласу хаатычна размешчаных плоскавяршынных масіваў, сопак і град з друзаватай паверхняй. Складзены пераважна з сланцаў і вапнякоў. У зах. і цэнтр. ч. — невял. снежнікі і ледавікі. Расліннасць халодных пустынь.
т. 8, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў Гомелі ў 1930. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): архітэктура; прамысл. і грамадз. буд-ва; машыны і абсталяванне дарожнага комплексу; буд-ва дарог і трансп. аб’ектаў; тэхн. эксплуатацыя трансп. сродкаў; выліч, машыны, сістэмы і сеткі; камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 5, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)