вытворчы транспарт прамысл. прадпрыемстваў, які ажыццяўляе перамяшчэнне прадметаў і прадуктаў працы ў сферы вытв-сці. Падзяляецца на знешні, унутрызаводскі і ўнутрыцэхавы. Аснашчэнне П.т. ўключае рухомы састаў, цягавыя сродкі, збудаванні, пуці, пагрузачна-разгрузачныя механізмы, сродкі сувязі і сігналізацыі, прылады для рамонтных і дапаможных работ. Асн. віды П.т.: чыгуначны, бязрэйкавы, бесперапынны, падвясны. Чыгуначны бывае шырокай каляіны, які выкарыстоўваецца на найб. прадпрыемствах, буд. арг-цыях, гандл. базах, халадзільніках і інш., і вузкай каляіны, які характэрны ў асноўным для торфапрадпрыемстваў. Даўжыня чыг. пуцей прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі ў 1998 складала 3903 км, на іх перавезена 103,9 млн.т. грузаў, а грузаабарот склаў 710,6 млн.т/км. Да бязрэйкавага П.т. адносяцца аўтамабілі, цягачы з прычапнымі цялежкамі, электракары, гусенічныя машыны. Ён выкарыстоўваецца на прадпрыемствах будаўніцтва, прам-сці буд. матэрыялаў, пры складскіх трансп. работах. У 1998 даўжыня ведамасных аўтадарог у Рэспубліцы Беларусь складала 58,7 тыс.км, з іх 31,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Толькі аўтамаб. ведамасным транспартам у 1998 перавезена 210,2 млн.т грузаў, а грузаабарот склаў 7282 млн.т/км. Да бесперапыннага П.т. адносяцца канвееры для перамяшчэння сыпкіх і штучных грузаў, пнеўматычны транспарт (для сыпкіх і пылападобных грузаў) і гідраўлічны — для перамяшчэння грузаў на абагачальных ф-ках, пры гідратэхн. работах (намыўка дамбаў, паглыбленне вадаёмаў, рэчышчаў рэк і г.д.). Напр., на салігорскіх калійных камбінатах, канвеерным П.т. кожны год перамяшчаецца каля 11 млн.т руды. Падвясны П.т. прадстаўлены канатнымі падвяснымі дарогамі, якія выкарыстоўваюцца для дастаўкі сыравіны на прадпрыемствы і вывазкі гатовай прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,
сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.
гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе функцыю кары наднырачнікаў (выпрацоўку картызону). Поліпептыд складаецца з 39 рэшткаў амінакіслот. Выдзяленне АКТГ рэгулюецца гармонам гіпаталамуса кортыкаліберынам. На яго сакрэцыю ўплываюць антыдыурэтычны гармон, катэхаламіны, вазаактыўны інтэрстынальны пептыд, картызол, ангіятэнзін. Пры дзеянні АКТГ на кару наднырачнікаў стымулюецца яе рост, паскараецца сінтэз бялку і РНК, павялічваецца сінтэз і сакрэцыя стэроідаў наднырачнікаў, што паскарае пераўтварэнне халестэролу ў прэгненалон. АКТГ у вял. колькасці можа выклікаць актывацыю ліпазы і ўзмацненне ліполізу, стымуляваць сакрэцыю інсуліну падстраўнікавай залозай. Прэпараты АКТГ атрымліваюць з гіпофіза свіней, авечак; выкарыстоўваюць як лек сродкі пры захворванні сістэмы крыві, рэўматоідным артрыце, падагры, розных алергічных хваробах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІГА́ЦЫЯ (ад лац. obligatio абавязацельства),
каштоўная папера ў выглядзе даўгавога абавязацельства, якое дае ўладальніку права на атрыманне штогадовага даходу ў выглядзе працэнта ці выйгрышу ў спец. тыражы. Выпускаюцца дзяржавай, банкамі, прадпрыемствамі, карпарацыямі, з’яўляюцца каштоўнымі паперамі на прад’яўніка, свабодна абарачаюцца на фін. рынку і маюць свой курс. Пасля заканчэння прадугледжанага тэрміну аблігацыі выкупляюцца эмітэнтам. Сродкі ад іх выпуску дзяржава выкарыстоўвае на пакрыццё дзярж. расходаў, рэгуляванне грашовага абарачэння. Для прадпрыемстваў, фінансава-крэдытных устаноў аблігацыя — адзін са спосабаў мабілізацыі дадатковых фін. рэсурсаў. У адрозненне ад уладальнікаў акцый, уладальнікі аблігацый з’яўляюцца толькі крэдыторамі, а не саўладальнікамі (акцыянерамі) кампаніі, банка і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МІ (Ammi),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Амі зубная (A. visnaga) і вялікая (A. majus) культывуюцца на Каўказе, паўд. Украіне і ў Малдове. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. сад АН Беларусі.
Адна- або двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым голым баразнаватым сцяблом выш. 50—80 см. Лісце складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя ў складаных парасоніках. Плод — двухсямянка; мае эфірны алей, келін, віснагін, ізапімпінелін, бергаптэн і інш.біял. актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры каранарнай недастатковасці, бранхіяльнай астме, коклюшы, як спазмалітычныя сродкі; прэпарат аміфурын — для лячэння віціліга і кругападобнай лысасці. Харчовыя (ужываюцца карані), меданосныя, вострапрыпраўныя і эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕ́ПТЫКА (ад анты... + грэч. sēptikos гніласны),
комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на знішчэнне патагенных мікробаў у пашкоджаных тканках або арганізме ў цэлым, на папярэджанне або ліквідацыю інфекц. запаленчага працэсу. Пры мясцовай антысептыцы антысептычныя сродкі ўплываюць непасрэдна на інфекцыю ў ране, пры агульнай лек. рэчывы дзейнічаюць праз кроў.
У практыцы выкарыстоўваюць мех. (хірург. апрацоўка раны), фіз. (гіграскапічная павязка, ультрагук, ультрафіялетавыя прамяні), хім. (хлорзамяшчальныя злучэнні, к-ты, шчолачы, спірты і інш. рэчывы, якія знішчаюць ці стрымліваюць развіццё мікробаў, актывізуюць ахоўныя сілы арганізма і фагацытоз), біял. (антыбіётыкі, бактэрыяфагі) і спалучаныя метады антысептыкі. У хірург. практыку антысептыку ўпершыню ўвёў англ. хірург Дж.Лістэр (1867).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯ́ЛЬСКІ (Ілья Васілевіч) (6.8.1789, с. Вараб’ёўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.12.1866),
расійскі анатам і хірург; заснавальнік вучэння пра індывід. зменлівасць. Акад. Пецярбургскай АМ (1842). Скончыў Мед.-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1814), працаваў у ёй (з 1821 праф.). Выкладаў пластычную анатомію ў Акадэміі мастацтваў. Навук. працы па тапаграфічнай анатоміі органаў, метадах аператыўнага лячэння сасудзістых анеўрызмаў, бальзаміраванні, замарожванні трупаў. Адзін з першых у Расіі выкарыстаў наркоз, пераліванне крыві, антысептычныя сродкі. Рацыяналізаваў хірург. інструменты (шпрыц, турнікет, шпатэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́ННІЦАінсамія, агрыпнія,
парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СНАЯ МО́ВА,
гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
тэхнічныя сродкі для гідралагічных назіранняў. Бываюць аўтам. (самапісцы) і неаўтам., кантактныя і некантактныя, дыстанцыйныя. Гідралагічныя прылады агульнага прызначэння: вадамерныя рэйкі і самапісцы ўзроўню вады (вымярэнне ўзроўню вады), паверхневыя і глыбінныя паплаўкі, гідраметрычныя вяртушкі (вызначэнне скорасці і напрамку цячэння, расходу вады), водныя і глыбакаводныя тэрмометры, хвалямерныя вехі, лёда- і шарошамерныя рэйкі, лоты і рэхалоты (вымярэнне глыбіні). З дапамогай спец. белага дыска вызначаюць празрыстасць і колер вады, батометрам бяруць пробы вады і наносаў. Для замераў выпарэння выкарыстоўваюць выпаральнікі вільготнасці глебы — вільгацямеры, для рэчышчавых даследаванняў — прафілографы, гідрадынамометры і інш. У цяжкадаступных месцах абсталёўваюць аўтам. гідралаг. станцыі, якія вядуць вымярэнні па зададзенай праграме, перадаюць інфармацыю ў гідраметцэнтр.