АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім.саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім.саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ, Рэспубліка Комі,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 415,9 тыс.км². Нас. 1176 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 2,8 чал. на 1 км². Жывуць комі (23,3%), комі-пермякі (0,1%), рускія (57,7%), украінцы (8,3%), беларусы (2,1%), татары (2,1%), немцы (1%), чувашы (0,9%) і інш. Сталіца — г.Сыктыўкар. Найб. гарады: Варкута, Ухта, Пячора, Інта, Усінск, Саснагорск, Вуктыл.
Прырода. Размешчана на ПнУеўрап.ч. Расіі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З ПнЗ на ПдУ цягнецца Ціманскі краж (выш. да 471 м, Чэтласкі Камень). На У адгор’і Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала (выш. да 1895 м, г. На́радная). Паміж Ціманскім кражам і Уральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), прыроднага газу і нафты (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксітаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых руд, золата, фасфарытаў, марганцавых і поліметал. руд; ёсць разнастайныя буд. матэрыялы. Клімат на б.ч. рэспублікі ўмерана кантынентальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынентальнасць клімату павялічваецца з ПдЗ на ПнУ. Сярэдняя т-растудз. ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліп. 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Урала да 1500 мм за год. На Пн і ПнУ (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата. Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера і Сіндарскае. 7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, у паўн. частцы — тундравыя; у поймах Пячоры і Вычэгды — поймавыя глебы, якія з’яўляюцца асновай для развіцця сельскай гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на Пд трапляюцца лісцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Урала кедравыя, піхтавыя і лістоўнічныя насаджэнні. Запасы драўніны каля 3 млрд.м³. На Пн — тундра. Шмат прамысл. звяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка і інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма і інш. Пячора-Ілычскі запаведнік.
Гісторыя. К. заселена з верхняга палеаліту. Да пач. 2-га тыс.н.э. завяршылася фарміраванне плем. аб’яднання прамых продкаў сучасных комі (зыран), якія ў рус. пісьмовых крыніцах 11—14 ст. згадваюцца як перм вычагодская. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узнікалі рамесныя цэнтры. З распадам першабытнаабшчыннага ладу ў 11—12 ст. зараджаліся феад. адносіны. У 12—14 ст. перм вычагодская плаціла даніну Вял. Ноўгараду; з 14 ст. ўзмацніўся ўплыў Маскоўскага княства. У 1478 К. афіцыйна ўключаны ў склад Расіі. У 15—18 ст. праз К. праходзілі гандл. шляхі з Вяцка-Камскага бас. ў Архангельск і ад Вял. Усцюга ў Сібір, у выніку заснаваны Усць-Сысольск (цяпер г.Сыктыўкар), Усць-Вым і інш.гандл. цэнтры. У 17—18 ст. узніклі саляварныя і гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны з-д (1745). У 1-й пал. 19 ст. адбываліся масавыя выступленні сялян супраць самавольства ўлад і нац. прыгнёту. Пасля рэформы 1861 узмацніліся працэсы развіцця капіталіст. адносін, кансалідацыя комі ў нацыю. Вял. месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва. У сак. 1920 устаноўлена сав. ўлада. У 1921 створана Аўт. вобласць Комі (Зыран) у складзе РСФСР. У 1936 яна ператворана ў Комі АССР. У 1930—50-я г. адзін з цэнтраў ГУЛАГа. У вер. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй і прынята назва Рэспубліка Комі.
Гаспадарка. Аснову эканомікі рэспублікі складае прам-сць. Пераважае паліўна-энергет. комплекс (66,7% усёй прамысл. прадукцыі). Здабыча каменнага вугалю (21,7 млн.т, 1996) у раёнах Варкуты, Інты. У сувязі з нерэнтабельнасцю галіны ажыццяўляецца праграма па закрыцці шахтаў (да 2000 г. іх застанецца 7) і скарачэнні здабычы вугалю ў 2 разы. Вядзецца здабыча нафты (7,5 млн.т, разам з газавым кандэнсатам), прыроднага газу (3,5 млрд.м³) на Вуктыльскім, Заходне-Тэбукскім, Усінскім і інш. радовішчах. Нафтаперапр.з-д у г. Ухта, газаперапр. ў г. Саснагорск. Частка нафты і газу перадаецца ў Цэнтр. раён Расіі. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (Сыктыўкар, Інта, Варкута, Ухта). Пячорская ДРЭС. Здабыча тытанавых руд на Ярэгскім радовішчы. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на рамонце трактароў, дызельных рухавікоў, рачных суднаў, буд. машын, рухомага саставу чыгунак (Сыктыўкар, Варкута, Пячора, Ухта, Інта, Мікунь). Вял. значэнне мае лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (16,6% прамысл. прадукцыі). Яна прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны (бас. рэк Вычэгда, Мязень, Пячора), Сыктыўкарскім лесапрамысл. комплексам (цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізны і фанерны з-ды), лесапілаваннем (Пячора, Сыктыўкар), вытв-сцю мэблі (Сыктыўкар, Ухта, Візінга), фанеры (Інта, Жэшарт) і драўнянастружкавых пліт (Жалезнадарожны). Вытв-сць цэглы, цэменту, вапны, жалезабетонных вырабаў. Развіты мяса-малочная, масласыраробная, хлебапякарная, мукамольная прам-сць. У лёгкай прам-сці вылучаюцца швейная, гарбарна-абутковая (Варкута, Сыктыўкар, Інта), замшавая (Усць-Цыльма) вытв-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1% тэрыторыі, у т. л. пад ворывам каля 25%. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (126,4 тыс. галоў, 1995), свіней (71,7 тыс. галоў), паўн. аленяў, тушку. З галін раслінаводства вылучаецца вытв-сць бульбы (235,9 тыс.т), агародніны (32,1 тыс.т), збожжавых (2,1 тыс.т) і кармавых культур. Развіты паляванне, рыбалоўства, зверагадоўля. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 1,7 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Гал. чыгунка Котлас—Варкута з адгалінаваннямі на Вендзінгу, Троіцка-Пячорск і Лабытнангі. Даўж. суднаходных шляхоў 3,1 тыс.км. Гал. суднаходныя рэкі Вычэгда і Пячора. Буйныя газаправоды: Вуктыл—Ухта—Таржок («Ззянне Поўначы»), Пунга—Вуктыл—Ухта, нафтаправод Усінск—Ухта—Яраслаўль. К. вывозіць нафту і нафтапрадукты, газ, каменны вугаль, лес і лесаматэрыялы, цэлюлозу, паперу, кардон, канцэнтраты каляровых металаў. Увозіць машыны і абсталяванне, мінер. ўгнаенні, прадукты харчавання і лёгкай прам-сці. Бальнеалагічны курорт Сярогава.
Літаратура. Вытокі л-ры К., якая развіваецца на комі-зыранскай і рус. мовах, у багатым і разнастайным фальклоры. Казкі, эпічныя і лірычныя песні, прыпеўкі, паданні, галашэнні і інш. творы вуснай нар. творчасці пачалі збіраць і запісваць рус. вучоныя ў 19 ст. Першыя помнікі пісьменства К. адносяцца да 14—16 ст. Заснавальнік пісьмовай л-ры К. — паэт-дэмакрат 19 ст. І.Куратаў. Асн. жанры л-ры — паэзія і драматургія — вызначыліся ў пач. 20 ст. У 1920-я г. плённа развівалася паэзія (М.Лебедзеў, В.Лыткін, В.Савін, В.Чысталёў). Каля вытокаў драматургіі творы М.Папова (сац.-быт. п’есы пра дарэв. жыццё вёскі), Лебедзева (аўтар першага на нац. мове драм. твора, вершавана-муз. камедый паводле фалькл. матываў, твораў пра гіст. мінулае і сучаснасць). Прадаўжальнікам традыцый у нац. драматургіі стаў М.Дзьяканаў (п’есы «Глыбокая запань», 1940, з С.Ярмоліным; «Вяселле з пасагам», паст. 1940, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Залаты медальён», 1971). Нарысы і апавяданні пісаў Чысталёў. 1930—50-я г. — перыяд станаўлення жанравай і тэматычна разнастайнай л-ры. У 1934 створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў рэспублікі К. Найб. развіццё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесці і раманы І.Пысціна, В.Юхніна, Я.Рочава, Г.Фёдарава і інш. Лепшыя традыцыі нац. л-ры развіваліся і ў гады Вял.Айч. вайны (зб-кі паэзіі І.Вавіліна «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944, і інш.). У пасляваен. перыяд з’явіліся творы пра гіст. мінулае, ваен. ліхалецце, пасляваен. адраджэнне: аповесці Пысціна «Франтавыя дні і ночы» (1946), Фёдарава «У дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—57), Рочава «Два таварышы» (1951), гіст.-рэв. раманы Фёдарава «На досвітку» (ч. 1—3, 1959—62), «Бліскавіца» (1982) і інш. Тэмы рабочага класа, урбанізацыі і інш. адлюстраваны ў зб-ках апавяданняў і аповесцей «Дзе ты, горад?» (1971, Дзярж. прэмія Комі АССР 1972) І.Торапава, зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Г.Юшкова, паэт. зб-ках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Снежная рэспубліка мая» (1977) А.Ванеева і інш. Развіваецца літ.-знаўства (працы Ванеева, А.Мікушава і інш.). На бел. мову перакладзены асобныя творы Куратава (перакладчык М.Аўрамчык).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтвы. На тэр. К. выяўлены мезалітычныя драўляныя і каменныя рэчы і пасудзіны, багата арнаментаваныя геам., зааморфнымі і антрапаморфнымі малюнкамі, касцяныя прылады эпохі бронзы і жалеза. Знойдзена шмат прадметаў «пермскага звярынага стылю» (1-е — пач. 2-га тыс.н.э.): бронзавыя літыя культавыя выявы рэальных і фантаст. птушак і звяроў, фігуры чалавека (Усць-Вым, Усць-Ухта, Подчар’е — т.зв. Подчарамскі скарб). Разнастайныя ўпрыгожанні вымскай культуры (10—14 ст.; Кічылькоскі і інш. могільнікі на р. Вым). Драўлянае дойлідства К. набліжана да паўночнарускага: у 19 ст. пераважалі рубленыя 1—2-павярховыя дамы на высокім падклецці, да якіх прылягаў крыты 2-павярховы двор. Цэрквы ставілі драўляныя (шатровая капліца Параскевы Пятніцы ў в. Крывое Удорскага р-на, 18 ст.) і мураваныя (Стафана Пермскага ў Усць-Вымі, 1759). У 1930-я г. разгарнулася буд-ва ў Сыктыўкары, узнікалі новыя гарады (Варкута, Ухта, Інта, Пячора і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. узводзяцца новыя жылыя раёны, грамадскія будынкі: Рэсп.муз.т-р (1968, арх. А.Турчанінаў), гасцініца «Сыктыўкар» (1980, арх. А.Ракін і інш.) у Сыктыўкары. Традыц. віды нар. мастацтва: узорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, выраб футравага адзення і абутку, аздобленых мазаікай і аплікацыяй з футра і каляровага сукна, выемчатая трохгранная разьба на драўляных прадметах, пляценне з бяросты. Развіццё прафес.выяўл. мастацтва звязана з дзейнасцю графіка В.Палякова. У 1930-я г. працавалі графік М.Бязносаў, тэатр. мастакі В.Малахаў, В.Баусаў. У 1950—80-я г. развіваліся быт. жанр, партрэт (М.Жылін, В.Поснікаў), пейзаж (С.Торлапаў), нацюрморт (Е.Ярмоліна, А. і В. Куліковы). Пашырэнне атрымалі скульптура (Ю.Барысаў), гравюра, кніжная графіка. У 1943 створаны Саюз мастакоў, у 1958 — Саюз архітэктараў К.
Музыка комі да 1917 існавала ў вуснай традыцыі. Муз. фальклор уключае абрадавыя, прац., сямейна-быт., лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі. Пашыраны сольныя і хар. спевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод нар. інструментаў: сігудэк (3-струнны смычковы і шчыпковы), чыпсаны і пэляны (дудкі, разнавіднасць шматствольных флейт), этыка пэлян (аднаствольная дудка), сюмэд пэлян (берасцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама рус. балалайка і гармонік. На аснове муз. фальклору напісаны нац. творы: муз. драма «Усць-Куломскае паўстанне» А.Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» С.Кандрацьева (1946), оперы «Навальніца над Усць-Куломам» Г.Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б.Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Я.Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), аперэта «Песні да зорак» (1963) Перапяліцы і інш. У розных жанрах працуюць кампазітары М.Герцман, П.Чысталёў, А.Рочаў, А.Осіпаў і інш. Дзейнічаюць: Рэсп.муз.т-р (з 1958), філармонія (з 1939), Дзярж. ансамбль песні і танца «Ранішні досвітак» (з 1939); муз. вучылішча (Сыктыўкар), муз. школы. У 1978 створаны Саюз кампазітараў К.
Літ.:
История коми литературы. Т. 1—3. Сыктывкар, 1979—81;
Грибова Л.С. Декоративно-прикладное искусство народов Коми. М., 1980;
Осипов А. О коми музыке и музыкантах. Сыктывкар, 1969;
Чисталев П.И. Коми народные музыкальные инструменты. Сыктывкар, 1984;
Чисталев П.Й., Скляр И.Г. Коми народные танцы. Сыктывкар, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная,
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.