навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).
Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.Галілей, 1610, англ. Р.Гук, 1665, галанд. А.Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.А.Кёлікер, 1852, і Ф.Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.М.Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.І.Бабухін, М.Д.Лаўдоўскі, А.С.Догель, П.І.Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.А.Заварзіна і М.Р.Хлопіна), нейрагісталогія (Б.І.Лаўрэнцьеў, М.А.Міслаўскі і інш.).
На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац.АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.Н.Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.Я.Карытны), органы імуннай сістэмы (А.Ф.Суханаў) і скуры (А.Д.Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.М.Малярэвіч, І.А.Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.Г.Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.І.Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).
Літ.:
Гистология. 4 изд. М., 1989;
Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУШЭ́РСТВА (ад франц. accoucher дапамагаць пры родах),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае фізіял. і паталаг. працэсы ў арганізме жанчыны ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавым перыядзе, распрацоўвае і ўкараняе ў практыку метады родадапамогі, прафілактыкі і лячэння ўскладненняў цяжарнасці і родаў, хвароб плода і нованароджанага. Разам з гінекалогіяй складае адзіную мед. дысцыпліну.
Элементы навук. акушэрства вядомы са стараж. часоў (працы Гіпакрата, 460—370 да н.э., Авіцэны, 980—1037, і інш.). У 16 ст. адкрыта першая школа павітух пры Парыжскім шпіталі, у 17—18 ст.распрацаваны аперацыі накладання акушэрскіх шчыпцоў (англ. вучоны П.Чэмберлен), павароту плода (вучоныя франц. А.Парэ, англ. У.Смелі). Заснавальніку акушэрства ў Расіі Н.М.Амбодзік-Максімовічу належыць першы арыгінальны дапаможнік па акушэрству (1784—86). У канцы 19—пач. 20 ст.рус. акушэр В.В.Строганаў распрацаваў метад лячэння эклампсіі, які атрымаў сусветнае прызнанне. Значны ўклад у акушэрскую навуку і практыку зрабілі А.Я.Красоўскі, У.Ф.Снегіроў, І.П.Лазарэвіч, М.М.Фенаменаў, Д.А.Абуладзе.
На Беларусі навук. акушэрства пачало развівацца пасля арганізацыі Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Станаўленню сучаснага акушэрства садзейнічалі працы І.М.Старавойтава, М.Л.Выдрына (аперацыйнае акушэрства, ахова плода і нованароджанага), Л.С.Персіянінава (таксікозы цяжарных, гіпаксія плода і нованароджанага), Н.Ф.Лызікава, В.С.Ракуця, В.Ц.Камінскай (перынатальная ахова плода і нованароджанага), І.С.Лягенчанкі, В.Р.Лінкевіч (гіпаксія нованароджанага, акушэрская эмбрыялогія), Г.І.Герасімовіча (кесарава сячэнне), І.У.Дуды (фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі), Л.Я.Супрун (праблемы імуналогіі), Г.А.Лукашэвіча (пасляродавая інфекцыя). Навук. праца вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі даследаванняў: невыношванне цяжарнасці (заўчасныя роды), анамаліі родавай дзейнасці, родавы траўматызм маці і плода, пасляродавыя захворванні, перынатальная ахова плода і нованароджанага, асаблівасці генерацыйнай функцыі жанчын ва ўмовах павышанай радыяцыі ў сувязі з вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Акушэрска-гінекалагічная дапамога парадзіхам аказваецца ў радзільных дамах, жаночых кансультацыях, аддзяленнях гар., абл., раённых і інш. бальніц.
Акушэрства ветэрынарнае — галіна ветэрынарыі, якая вывучае фізіялогію і паталогію палавых працэсаў і асемянення с.-г. жывёл, цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд, а таксама хваробы нованароджаных, распрацоўвае метады дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі бясплоднасці ў с.-г. жывёл. Праблемы акушэрства вет. даследуюць у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, бел.н.-д. ін-тах эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, ВНУ.
Літ.:
Акушерство. М., 1987;
Ветеринарное акушерство и гинекология. 5 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г.Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш.).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева А.В. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,
кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,
рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач.жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст. садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.
Літ.:
Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;
Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;
Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАПЕ́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Сфарміравана ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939) на беразе воз. Чорнае. Першапачаткова арх.-кампазіцыйнае ядро комплексу складалі сядзібны дом, стайня, размешчаны паміж імі «павільён руж», 2 мураваныя брамы пры ўездзе ў вёску і сядзібу. Пасля зруйнавання ў 1843 мураванага сядзібнага дома (пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму) уладальнікі прыстасавалі пад жыллё драўляны будынак стайні. Прамавугольны ў плане 1-павярховы будынак з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе, накрыты вальмавым дахам. Сцены атынкаваныя, вокны прамавугольныя з простымі ліштвамі. «Павільён руж» (не захаваўся) пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італьян.арх. А.Паладыо) — цэнтрычнае крыжова-купальнае 2-павярховае збудаванне, на яго гал. фасадзе масіўны 4-калонны порцік тасканскага ордэра з трохвугольным франтонам. Фрыз аформлены лепкай (атынкаваны ў 1863). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. Да будынка прымыкала вял. аранжарэя. Брамы выкананы ў рамант. формах сярэдневяковай готыкі. Паўночная брама — манум. збудаванне са стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні 3-яруснымі вежамі і завершанае 2-ярусным зубчастым парапетам. Аздоблена стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастай пад’ёмнай рашоткі. Па баках прыбудаваны нізкія каравулкі. Зах. брама (меншых памераў) вырашана ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтр. арачным праездам (замураваны) і 2 бакавымі каравулкамі. Вуглавыя ч. аб’ёмаў крапаваны лапаткамі са стральчатымі нішамі, завершаны зубчастым парапетам. Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол 2 сажалак і каналаў, праз якія былі перакінуты масткі. На востраве адной з сажалак была альтанка. Па-за межамі парку размешчаны цагляны бровар у познакласіцыстычным стылі. У парку раслі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, хвоя веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрап., граб, вяз гладкі і інш. З зах. боку размяшчаецца пладовы сад, адмежаваны ад парку букавай алеяй. На паўд. ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (засталіся рэшткі). Дэкар. элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асн. будынкамі. У 1990 распрацаваны праект аднаўлення парку (арх. Л.П.Луцэвіч). Іл.гл. да арт.Рамантызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛОІДНАЯ ХІМІЯ
Сістэматычныя даследаванні па калоіднай хіміі на Беларусі пачаліся з 1924 у БДУ, з 1932 вяліся ў Ін-це хіміі (з 1959 Ін-т агульнай і неарганічнай хіміі) АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.Ф.Ярмоленкі. Шырокія па ахопе праблем тэорыі і практыкі калоіднай хіміі даследаванні тых гадоў (вывучэнне тыксатрапіі і каагуляцыі калоідных сістэм, набракальнасці каўчукападобных палімераў, адсарбцыйных і каталітычных уласцівасцей прыродных адсарбентаў і глін; сінтэз і мадыфікацыя ўласцівасцей цэалітападобных структур; фізіка-хім. заканамернасці асадкаў гідраксідаў і аксідаў металаў і іх седыментацыйнай устойлівасці) атрымалі працяг у акадэмічных і навуч. установах хім. профілю — Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі і Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім тэхн. ун-це і інш.
У галінесарбентаў і сарбцыйных працэсаўраспрацаваны метады актывацыі і мадыфікацыі ўласцівасцей прыродных глін і інш. мінералаў (У.С.Камароў), прыродных арганічных калоідаў і комплексаў гумінавых кіслот (І.І.Ліштван), асновы сінтэзу саасаджаных адсарбентаў з высокай тэрмічнай стабільнасцю ў прысутнасці арганічных і неарганічных мадыфікатараў (А.І.Рацько). У кірунку вывучэння механізму дзеяння і сінтэзу паверхнева-актыўных рэчываў прапанаваны змены рэжымаў выкарыстання і новыя рэагенты ў якасці збіральнікаў і дэпрэсантаў, што значна павялічыла эфектыўнасць флатацыйнага абагачэння калійных руд Старобінскага радовішча (Х.М.Александровіч, Ф.Ф.Мажэйка); даследаваліся стабілізацыя калоідных сістэм на фоне канцэнтраваных раствораў электралітаў, атрыманне воднабітумных эмульсій (М.П.Круцько), высокаканцэнтраваных устойлівых калоідаў аксідаў і гідраксідаў пераходных металаў (А.І.Лесніковіч). У галіне міцэлярных і палімерных структур даследавалася фарміраванне структур дысперсных палімерных сістэм у вязкацякучым стане (Б.Э.Гелер); уведзена паняцце асацыіраваных комплексаў у хімію ультрадысперсных сістэм (Я.М.Рахманько, У.С.Салдатаў).
Развіццё метадычнай базы калоіднай хіміі абумовіла фарміраванне новых кірункаў даследаванняў, што адносяцца да хіміі такіх мікрагетэрагенных сістэм, як інжынерная хімія, хімія інтэлектуальных матэрыялаў, нанатэхналогія, якія даюць магчымасць нарошчвання малекулярных структур з зададзенымі функцыянальнымі групамі на паверхні носьбітаў адвольнай прыроды. У гэтым кірунку дасягнуты значныя поспехі ў канструяванні новых нетрадыцыйных фатаграфічных матэрыялаў (Г.А.Браніцкі, В.В.Свірыдаў, В.Дз.Сташонак), электра- і магнітарэалагічных суспензій (А.Д.Мацапура, З.П.Шульман), розных варыянтаў рэалізацыі золь-гель працэсаў, напр., атрыманне аптычнага шкла (Я.М.Паддзенежны), у даследаванні працэсаў хімічнай самазборкі на межах падзелу фаз (А.І.Лесніковіч).
Літ.:
Лесникович А.И. Исследования в области химической инженерии и коллоидной химии // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 2003. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЛОГІЯ
Першыя эксперыментальныя даследаванні па бактэрыялогіі на Беларусі праводзіліся ў 18 ст. Для дыягностыкі эпідэмічных хвароб Ж.Э.Жылібер выкарыстаў мікраскоп. Інспектар Мінскай урачэбнай управы І.А.Бернард у 1801 увёў прышчэпліванне воспы кароў. Ф.В.Рымкевіч (Магілёў) апублікаваў у 1830 манаграфію пра халеру і метады барацьбы з ёю. Пазней бел. ўрачы В.М.Камоцкі, Я.С.Красоўскі, С.К.Свянціцкі, М.В.Цытовіч даследавалі пытанні этыялогіі і пашырэння заразных хвароб. Сістэматычныя даследаванні па бактэрыялогіі пачаліся з адкрыццём у 1924 кафедры мікрабіялогіі БДУ і Бел. Пастэраўскага НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, дзе вывучаліся этыялогія, біялогія, прафілактыка і лабараторная дыягностыка бруцэлёзу, сібірскай язвы, склеромы, азены (Дз.П.Бяляцкі, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, І.А.Крылоў, Б.Я.Эльберт), бактэрыяльныя кішэчныя захворванні (А.А.Ключароў, Я.С.Лепля), дыфтэрыя (П.Р.Рыцік, Г.А.Суджаеў, С.М.Фрыд), туберкулёз, тулярэмія (Эльберт, Дзярж. прэмія 1946). Распрацаваны пытанні магнітаадчувальнасці і магнітаўспрымальнасці мікраарганізмаў (С.А.Паўловіч і інш.). З пач. 1970-х разгорнуты даследаванні па праблеме ўнутрыбальнічных інфекцый (А.А.Адарчанка, А.І.Гудкова, Л.С.Змушко, Красільнікаў, М.І.Рымжа, Г.А.Скараход) і звязаныя з ёй адчувальнасць-устойлівасць бактэрый да антыбіётыкаў і дэзінфектантаў (Гудкова, Красільнікаў, М.М.Паляшчук, Л.П.Цітоў). У 1975—84 у Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі распрацавана тэхналогія і наладжана вытворчасць айчыннага тромбалітычнага прэпарату стрэптакіназы — цэліязы (В.І.Вацякоў, В.М.Нікандраў, Рыцік і інш.). У апошнія дзесяцігоддзі даследуюцца зменлівасць, эвалюцыя, экалогія, біялогія, устойлівасць да процімікробных прэпаратаў асобных груп мікраарганізмаў; таксама этыялогія, патагенез, хіміятэрапія найб. актуальных для Беларусі інфекцыйных хвароб; распрацоўваюцца бактэрыяльныя і сываратачныя прэпараты, дыягнастычныя тэст-сістэмы. З 1999 у Гродне вывучаюць мікраэкалагічныя аспекты дысбактэрыёзу кішэчніка (С.А.Астроўцава, А.І.Жмакін і інш.). Ажыццяўляецца мікрабіялагічны маніторынг антыбіётыкарэзістэнтнасці клінічна значных ізалятаў бактэрый, якія цыркулююць на Беларусі (У.А.Гарбуноў, Цітоў). У 2002 створаны міждзярж. (краіны СНД) каардынацыйны камітэт па ўнутрыбальнічных інфекцыях, маніторынгу ўстойлівасці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў (кіраўнік Цітоў). З 2003 на базе НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі арганізаваны рэферэнт-цэнтр маніторынгу па гэтых праблемах.
Літ.:
Израитель Н.А., Красильников А.П., Титов Л.П. Основные направления развития медицинской бактериологии в Белоруссии в XX в. // Мед. новости. 1997. №8;
Основные итоги научных исследований кафедры микробиологии МГМИ // Проблемы бактериологии и иммунологии: Материалы юбилейной науч. конф. Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕРАЛОГІЯ
У 19 ст. этыялогію, клініку, лячэнне, прычыны пашырэння і прафілактыку венерычных хвароб вывучалі бел. ўрачы А.М.Аляксандраў, К.П.Гарбачэўскі, П.Ф.Дзеканскі, І.З.Зак, Л.Я.Поляк, П.С.Тапорнін, А.А.Яхнін. Навук. даследаванні па венералогіі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры скурных і венерычных хвароб мед. факультэта БДУ (В.Ю.Мранговіус) і стварэннем у 1932 НДІ скурных і венерычных захворванняў (А.П.Комаў, А.Я.Пракапчук). У даваенны час і першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі гал. яе кірункам стала распрацоўка навук. асноў ліквідавання венерычных хвароб, якія асабліва пасля вайны мелі амаль эпідэміялагічны характар. Бел. венеролагі распрацавалі метады: лячэння сіфілісу пеніцылінам (Пракапчук), безмыш’яковісты (С.С.Гарбулёў), скарочаны (Комаў), інструментальнай дыягностыкі, антыбіётыкатэрапіі ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.В.Дыла, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава) і інш. У 1960-х г. Беларусь стала адным з лепшых рэгіёнаў СССР па барацьбе з венерычнымі хваробамі (І.І.Багдановіч, Л.І.Багдановіч, А.П.Віторскі, Дыла, Комаў і інш.). Пастаяннае вывучэнне эпідэміялогіі венерычнай паталогіі дазволіла кантраляваць яе пашырэнне (А.П.Віторскі, В.Г.Радыёнава). Даследаваны імунны статус у хворых на сіфіліс (В.Г.Панкратаў і інш.) і ганарэю (Л.Г.Барабанаў), распрацаваны рэкамендацыі па іх карэкцыі. У апошнія дзесяцігоддзі даследаванні па венералогіі вядуцца ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. універсітэтах, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Выяўлена змяненне клінічнай праявы сіфілісу, ганарэі і інш. інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, што мае важнае значэнне ў дыягностыцы гэтых паталогій (Панкратаў, Фёдарава, І.Г.Шыманская і інш.). Зроблены даследаванні па вывучэнні клінікі, дыягностыкі і лячэння сіфілісу нервовай сістэмы (Панкратаў, А.М.Лук’янаў). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Барабанаў, Віторскі, Панкратаў, Я.С.Пеўзнер, М.З.Ягоўдзік і інш.). Дадзена клінічная ацэнка тэрапеўтычнай эфектыўнасці лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам (У.П.Адаскевіч, Барабанаў, В.М.Козін, Фёдарава, Ягоўдзік і інш.) Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скуравендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛОГІЯ
Развіццё отарыналарынгалогіі на Беларусі распачаў у 1906 урач Магілёўскай губ. К.Ю.Канановіч, які набыў спецыялізацыю ў С.-Пецярбургу. Першыя навук. даследаванні зроблены М.Ф.Цытовічам у дысертацыі «Да пытання аб дыхальных і пульсатарных рухах барабаннай перапонкі» (1907). У пач. 20 ст. отарыналарынгалагічную дапамогу насельніцтву аказвалі М.В.Камоцкі, М.Л.Кацнельсон, М.А.Паўтаў, А.З.Яхнін і інш. Даследаванні па отарыналарынгалогіі актывізаваліся з арганізацыяй кафедры і клінікі хвароб вуха, горла і носа (1925) у Мінскім мед. ін-це (С.М.Бурак). У даваенны час вывучалася склерома дыхальных шляхоў (С.М.Алукер, Р.Х.Карпілаў, І.А.Лапотка, Я.І.Яраслаўскі). Распрацаваныя на Беларусі метады дыягностыкі і лячэння склеромы выкарыстоўваліся ва ўсіх рэспубліках СССР. У 1927 арганізавана секцыя отарыналарынгалогіі пры Мінскім навукова-практычным таварыстве ўрачоў (з 1933 Бел. навукова-практычнае таварыства). У 1928 адбыўся 1-ы Усебел. з’езд отарыналарынголагаў, на якім абмяркоўваліся праблемы склеромы і глуханематы. У пасляваенныя гады створаны новыя схемы тэрапіі склеромы (М.П.Кніга, М.В.Мякіннікава, М.Ц.Яўстаф’еў). У апошнія дзесяцігоддзі навукова-даследчая работа бел. отарыналарынголагаў вядзецца на кафедрах хвароб вуха, горла, носа ў Бел., Віцебскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ун-тах, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у аддзелах отарыналарынгалогіі Бел.НДІ: анкалогіі і мед. радыялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Удасканалены метады прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння хранічных гнойных атытаў, танзілітаў, дабраякасных і злаякасных пухлін, стэнозаў гартані, прыроджаных заган, арганізацыі барацьбы з захворваннямі вуха, горла і носа. Распрацаваны пытанні хірургічнай рэабілітацыі слыху пры хранічных гнойных сярэдніх атытах, отасклерозе, прафесійных захворваннях, гнойных параназальных сінусітах (М.І.Аўсяннікаў, В.А.Быстрэнін, В.Я.Гапановіч, І.М.Кароль, В.Ф.Мельнік, У.Дз.Мяланьін, В.П.Сітнікаў, А.Г.Хораў, П.А.Цімашэнка, С.Р.Чабанаў); эпідэміялогіі, дыягностыкі і лячэння дабраякасных і злаякасных новаўтварэнняў (А.В.Вакер, І.А.Склют, Г.М.Смердаў, Л.Р.Пятрова).
Літ.:
Крючок Г.С. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Гапанович В.Я. Аспекты истории развития оториноларингологии в Белоруссии // II съезд оториноларингологов Белоруссии. Мн., 1984;
Тимошенко П.А. Состояние и перспективы слухоулучшающей хирургии в Республике Беларусь // Здравоохранение Беларуси. 1994. №9;
Timoschenko P.A., Gapanovich V.J. The development of ENT in Belarus between 1880 and 1920 // Laringo-Rhino-Otologie. 4th European Congress of Oto-Rhinolaryngology Head and Neck Surgery. Abstracts. Berlin (Germany). 13—18 May 2000. Berlin, 2000.