род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.
Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАГУ́БЦАчырвонапузырнік
(Celastrus),
род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і 1 форма. Д. круглалісты (C. orbiculata) рэкамендаваны для зялёнага буд-ва.
Дрэвавыя густагалінастыя ліяны з доўгімі цыліндрычнымі парасткамі. Лісце простае, эліпсападобнае, бліскучае, цёмна-зялёнае, увосень ярка-жоўтае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, зеленаватыя, у пазушных мяцёлках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна. Выкарыстоўваюць для верт. азелянення. Нельга высаджваць каля дрэў і кустоў (парасткі Д. сціскаюць ствол і расліна-апора гіне, адсюль назва роду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭПАНАКЛА́ДУС (Drepanocladus),
род брыевых імхоў сям. амблістэгіевых. Вядома 40 відаў. Большасць з іх пашырана ў халодных і ўмераных зонах. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца балотныя — Д. глянцаваты (D. vemicosus) і Д. сагнуты (D. aduncus); у вадаёмах пашыраны Д. Зентнера (D. sendtneri), Д. бяскольцавы (D. exannulatus) і Д. плаваючы (D. fluitans); Д. кручкаваты (D. uncinatus) расце ў хвойных і мяшаных лясах. Торфаўтваральнікі.
Адна- і двухдомныя лістасцябловыя імхі. Дзярнінкі звычайна бліскучыя, буйныя, зялёныя, жаўтавата-зялёныя, карычневыя, чарнаватыя. Сцябло ляжачае да прамастойнага. Лісце цэльнакрайняе ці пілаватае. Каробачка са спорамі на прамой ножцы, цыліндрычная, сагнутая; вечка з дзюбай або бародаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар.расліна ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКРА́НУМ (Dicranum),
род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Вядома больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны ў хваёвых і мяшаных лясах Д. мётлападобны (D. scoparium) і Д. шматножкавы (D. polysetum).
Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернута ў адзін бок, сэрцападобнае, радзей усебакова адтапыранае. суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкамі. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАКО́СТ (Symphytum),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі па берагах рэк, канаў, у алешніках, на сырых лугах звычайна трапляецца Ж. лекавы (S. officinale) і вельмі рэдка — Ж. данскі (S. tanaicense). З інтрадукаваныя віды: Ж. каўказскі (S. caucasicum), Ж. крымскі (S. tauricum) і Ж. цвёрды (S. asperum), вырошчваюцца як кармавыя расліны.
Шматгадовыя буйныя, апушаныя, травяністыя расліны з тоўстымі галінастымі амаль чорнымі каранямі і суцэльным цвердаватым лісцем. Кветкі двухполыя. правільныя. пурпурова-фіялетавыя, ружова-чырвоныя, з трубчаста-званочкавым вяночкам, у паніклых, густааблісцелых завітках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (вяжучая, супрацьзапаленчая. кроваспыняльная) і кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСО́П (Hyssopus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі. На Беларусі вырошчваюць І. лекавы (H. officinalis). Лёгка дзічэе, трапляецца на сухіх узгорках, камяністых схілах. Нар. назвы: красвень, красвяк, крузбень.
Шматгадовыя травяністыя ці паўкустовыя расліны выш. да 70 см. Сцябло галінастае, 4-граністае. Лісце лінейна-ланцэтнае, суцэльнакрайняе. Кветкі пераважна сінія, радзей ружовыя, белыя, сабраныя ў аднабаковыя коласападобныя суквецці. Цвіце ў ліп. — жніўні. Плод — 3-граністы арэшак. Расліны з моцным бальзамічным пахам. Лісце і маладыя парасткі ядомыя (прыправа). Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумернай, лікёра-водачнай лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Дэкар., меданосная, лек.расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСНЕ́Ц (Bromopsis),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі — 4 віды К.: безасцюковы (B. inermis), Бенякена (B. benekenii), прамы (B. erecta), берагавы (B. riparia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамое ці прыўзнятае выш. 60—150 см. Лісце чаргаванае, шырокалінейнае, плоскае, шурпатае. Суквецце — раскідзістая мяцёлка. Каласкі 3—12-кветныя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі часам з прамым або адагнутым кароткім асцюком. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — зярняўка з баразёнкаю. Кармавая расліна. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для стварэння культ. сенажацей і пашы, на землях, схільных да ветравой эрозіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (Viburnum),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар.расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬД, лісцевы бурак (Beta cicla, B. vulgaris cicla),
падвід бурака звычайнага, агароднінная культура з сям. лебядовых. Вядомы з 8 ст. да н.э., продак звычайнага караняплоднага бурака. Культывуецца пераважна ў Зах. і Паўд. Еўропе.
Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год утварае разетку лісця і моцна разгалінаваны корань, на 2-і дае кветаносы і насенне. Лісце буйное, кучаравае, маршчыністае з чаранкамі і жылкамі рознага колеру (дэкар. сарты) або гладкае, хвалістае. Кветкі дробныя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца ў суплоддзе (клубочак). У лісцевых сартоў М. ядомае лісце, у чаранковых — і чаранкі. Харч. і дэкар. расліны.