даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г.прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз.дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш.Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс.т сухога крухмалу і 3,8 тыс.т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс.т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАНО́К (Уладзімір Елісеевіч) (3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦККП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦККПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМБССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г.прадуктаўБССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл.ЦККПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦККПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХВЯ́РСТВА,
дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г.прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял.кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,
найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.
Літ.:
Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСМЯЯ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (9.9.1899, Масква — 17.1.1980),
расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы па хіміі элементаарган. злучэнняў.
Акад. АНСССР (1943, чл.-кар. з 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922), дзе і працаваў (з 1935 праф., у 1948—51 рэктар), адначасова ў АНСССР: з 1934 у Ін-це арган. хіміі (з 1939 дырэктар), з 1954 дырэктар Ін-та элементаарган. злучэнняў (з 1980 імя Н.). З 1946 акад.-сакратар Аддз.хім. навук, з 1951 прэзідэнт, у 1961—75 акад.-сакратар Аддз. агульнай і тэхн. хіміі АНСССР. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных металаарган. злучэнняў раскладаннем двайных дыазоніевых солей з галагенідамі металаў (рэакцыя Н., 1929), з’яву металатрапіі (1960). Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з М.І.Кабачнікам). Даследаваў механізм арган. рэакцый, «сэндвічавыя» злучэнні, у т. л. вытворныя ферацэну. Распрацаваў асновы новага кірунку даследаванняў — па стварэнні сінт.прадуктаў харчавання (1962). Адзін з аўтараў і рэдактар (разам з К.А.Качашковым) серыйнага выд. «Метады элементаарганічнай хіміі» (1963—78). Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1943. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1962.
Тв.:
Элементоорганическая химия: Избр. тр., 1959—1969. М., 1970;
Исследования в области органической химии: Избр. тр., 1959—1969. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛЯ́РСТВА,
галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.
На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст.н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).
На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс.пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс.т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).
П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс.т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс.т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс.т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс.т мёду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. ператварэнні рэчываў пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.
Асн. задачы Р.х. — вывучэнне заканамернасцей утварэння, фіз.-хім. уласцівасцей і ператварэнняў высокарэакцыйных прамежкавых прадуктаў радыяцыйна-хім. працэсаў; вызначэнне ўстойлівасці розных рэчываў да ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і стварэнне радыяцыйна-ўстойлівых матэрыялаў; выяўленне аптымальных умоў ажыццяўлення радыяцыйна-хім. сінтэзу і мадыфікацыі матэрыялаў; распрацоўка апаратаў і метадаў правядзення радыяцыйна-хім. працэсаў. Станаўленне Р.х. звязана з адкрыццём рэнтгенаўскага выпрамянення (1895) і радыеактыўнасці (1896). Інтэнсіўнае яе развіццё пачалося ў 1940-я г. ў сувязі з работамі па комплексным выкарыстанні атамнай энергіі. Выключную ролю ў развіцці Р.х. адыграла стварэнне ў 1960-я г. і ўкараненне ў эксперым. практыку метаду імпульснага радыёлізу.
На Беларусі даследаванні па Р.х. праводзяцца з 1962 пасля пуску ў АН Беларусі доследнага ядз. рэактара. У 1968 у БДУ арганізавана кафедра Р.х. і радыяхіміі па падрыхтоўцы спецыялістаў. Даследаванні па Р.х. вядуцца ў БДУ, Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац.АН Беларусі. У навукова-фармацэўтычным цэнтры адкрытага акц.т-ва «Белмедпрэпараты» распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць радыяцыйна-хім. тэхналогіі атрымання гемакарэктараў на аснове поліцукрыдаў. На Мазырскім кабельным з-дзе арганізавана вытв-сць радыяцыйна-мадыфікаваных кабельных вырабаў.
Літ.:
Своллоу А. Радиационная химия: Пер. с англ.М., 1976;
Пикаев А.К. Современная радиационная химия: Основные положения. Экспериментальная техника и методы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.