ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,

сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.

Літ.:

Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.

В.​В.​Левы.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі сойма цэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары ​1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАЛІТЭ́Т (франц. banalité),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе манапольнае права сеньёра на маёмасць грамадскай значнасці (млын, печ, вінаградны прэс), за карыстанне якой сяляне павінны былі яму дадаткова плаціць. Баналітэты шырока ўжываліся феадаламі (у т. л. простымі рыцарамі) з канца 10—11 ст.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ХАРАЎ (Сямён Раманавіч) (18.7.1920, в. Капані Кіраўскай вобл., Расія — 30.10.1976),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1971). Скончыў Мінскі юрыд. Ін-т (1950). З 1954 у БДУ (1972—76 в а. праф. юрыд. ф-та). Працы па праблемах сав. дзярж. права.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМАЎЛАДА́ННЕ,

сукупнасць прыналежных грамадзяніну на праве прыватнай уласнасці жылога дома (катэджа, дачы, садовага дома і інш.), надворных будынкаў (гаража, хлява, цяпліц і інш.), размешчаных на зямельным участку, што знаходзіцца ў дадзенай асобы на падставе права ўласнасці або на інш. законнай падставе.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНА́СТЫЯ (ад грэч. dynasteia улада, панаванне),

1) шэраг манархаў з аднаго роду, якія паслядоўна змяняюць адзін аднаго паводле права роднасці і атрымання спадчыны.

2) Пераносна — некалькі пакаленняў адной сям’і, якія атрымалі вядомасць у пэўнай галіне дзейнасці (напр., акцёрская Д. і інш.).

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАСВЯДО́МАСЦЬ,

сфера грамадскай, групавой і індывід. свядомасці, звязаная з адлюстраваннем правазначных з’яў і абумоўленая правазначнымі каштоўнасцямі, праваразуменнем, усведамленнем належнага правапарадку; катэгорыя тэорыі дзяржавы і права і крыміналогіі. Вызначаецца сац.-эканам. ўмовамі жыцця грамадства, яго культ.-прававымі, дэмакр. або аўтарытарнымі традыцыямі.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,

карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч. зямель с.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.

В.​М.​Заркоў, В.​П.​Панюціч.

т. 7, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВІНАВА́ЧАНЫ,

асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)