«ВІ́ННІЦА»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі летам 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. У 1920—23 наз. «Mozyrz» («Мазыр»), у 1923—39 — «Toruń» («Торунь»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска). Сеў на мель каля в. Новая Беліца Светлагорскага р-на, узарваны экіпажам 16.7.1941.
Р.К.Паўловіч.
т. 4, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,
найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.
т. 7, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫ́БАРЧЫ КАМІТЭ́Т
(БЦВК),
каардынацыйны орган бел. паліт. арг-цый у Зах. Беларусі па выбарах у сейм Польшчы. Створаны ў канцы жн. 1922 у Вільні. У яго фарміраванні ўдзельнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, вядомыя беспарт. дзеячы. У к-т уваходзілі А.І.Луцкевіч (старшыня), Б.А.Тарашкевіч (таварыш старшыні), А.В.Станкевіч, М.С.Кахановіч, Л.І.Родзевіч і інш. Асн. задачы БЦВК: выпрацоўка выбарчай платформы, падбор і падтрымка кандыдатаў у паслы ў сейм і сенатары Польскай Рэспублікі. У выніку выбараў 5.11.1922 пасламі (дэпутатамі) выбраны 11 прадстаўнікоў бел. народа, сенатарамі — 3; утвораны Беларускі пасольскі клуб.
А.М.Сідарэвіч.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЧЧА,
былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв. ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял. Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.
т. 3, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ СУСТРЭ́ЧА 1409,
перагаворы паміж каралём Польшчы Ягайлам і вял. князем ВКЛ Вітаўтам у час Вялікай вайны 1409—11. Адбылася ў снеж. 1409 у Брэсце (Берасці). Прысутнічаў хан Джэлаладдзін (сын хана Тахтамыша), якому падпарадкоўвалася залатаардынская конніца, што была на службе ВКЛ. На Берасцейскай сустрэчы быў прыняты план летняй кампаніі 1410 супраць войскаў Тэўтонскага ордэна, вызначаны час і месца збору аб’яднаных ваен. сіл, прынята рашэнне аб пабудове пантоннага моста для пераправы цераз Віслу. Паводле дамоўленасці саюзная армія складалася з 91 харугвы (палка), з іх 51 рыхтавала Польшча, 40 — ВКЛ. План, распрацаваны на Берасцейскай сустрэчы, прывёў да перамогі саюзных армій у Грунвальдскай бітве 1410.
т. 3, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НА,
пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.
Н.І.Буракоўская.
т. 3, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЛІНГ (Berling) Зыгмунт
(27.6.1896, г. Ліманова Кракаўскага ваяв., Польшча — 11.7.1980),
польскі военачальнік, ген. броні Польшчы. Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (Масква, 1947). Да 1939 у Войску Польскім. 22.6.1941 першы падпісаў пісьмо 13 афіцэраў б. польск. арміі сав. ўраду з просьбай даць магчымасць змагацца за сваю радзіму супраць фаш. Германіі. Застаўся ў СССР пасля эвакуацыі сфарміраванай тут Польскай арміі (Андэрса). У 1943—44 камандзір сфарміраванай у СССР польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі, са жн. 1943 адначасова камандзір 1-га польск. корпуса, з сак. 1944 камандуючы польск. арміяй у СССР, з ліп. 1944 на камандных пасадах Войска Польскага. У 1948—53 нач. Акадэміі Генштаба Войска Польскага.
т. 3, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАПО́ЛЬСКА-КУЯ́ЎСКАЯ НІЗІ́НА
(Nizina Wielkopolsko-Kujawska),
нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас. р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.
У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял. воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1940. Створаны ў Мінскай губ., з 1843 у Віленскай. Цэнтр — г. Вілейка. Пл. 5591,2 кв. вярсты, нас. 208 013 чал. (1897). У 1886 уключаў 27 валасцей (Будслаўская, Ваўкалацкая. Вілейская, Вязынская, Гарадоцкая, Германішская, Даўгінаўская, Дунілавіцкая, Жаснянская, Іжская, Княгінінская, Крайская, Краснасельская, Крывіцкая, Куранецкая, Лебедзеўская, Лучайская, Маладзечанская, Манькавіцкая, Мядзельская, Нарыцкая, Параф’янаўская, Порплішчанская, Рабунская, Радашковіцкая, Сітцаўская, Хаценчыцкая), заштатны г. Радашковічы, 20 мястэчак, 1279 паселішчаў сельскага тыпу. З 1917 у Зах. вобл., з 1919 у БССР. У 1921—39 у складзе Польшчы, у 1927 меў 13 гмін, пл. 3421 км². З ліст. 1939 у БССР, са снеж. 1939 у Вілейскай вобласці, 15.1.1940 скасаваны.
т. 4, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦК КПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦК КПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦК КПЗБ былі А.А.Альшэўскі, М.С.Арэхва, М.А.Блінчыкаў, Ю.Брун, С.І.Будзінскі, Р.Д.Вольф, А.У.Канчэўскі, П.Корчык (І.К.Лагіновіч), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, А.М.Розеншайн, А.С.Славінскі, Е.І.Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.
У.Ф.Ладысеў.
т. 3, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)