бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ (Paul) Герман (7.8.1846, Зальбке, каля г. Магдэбург, Германія — 29.12.1921),
нямецкі мовазнавец-германіст. Выкладаў ва ун-тах Фрайбурга (з 1874; праф.) і Мюнхена (1893—1916). Адзін з асн. тэарэтыкаў школы младаграматызму, асн. пастулаты якой сфармуляваў у кн. «Прынцыпы гісторыі мовы» (1880). Аўтар прац па праблемах гісторыі герм. моў, «Слоўніка нямецкай мовы» (1897), «Граматыкі нямецкай мовы» (т. 1—5, 1916—20). Разам з В.Браўне заснаваў і рэдагаваў час. «Beiträge zur Geschichte der deutschen Sprache und Literatur» («Пытанні гісторыі нямецкай мовы і літаратуры», з 1874). Падрэд. і пры ўдзеле П. выдавалася калект. праца «Асновы германскай філалогіі» (т. 1—3, 1891—93, з 1911 аднайм. серыя манаграфій), якая змяшчала багаты матэрыял па герм. філалогіі і этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМСО́Н (стараж.-яўр.Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),
у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш.), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.Мантэньі, статуя М.І.Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.Сен-Санса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІЛУ́Р (грэч. Skiluros),
скіфскі цар 2 ст. да н.э. Вядомы з твораў Страбона, Плутарха, з надпісаў на манетах г. Ольвія. Пры ім познаскіфскае царства (ахоплівала панізоўі Паўд. Буга, Дняпра, стэпавы Крым) дасягнула значнага росквіту: мела флот, у Ольвіі чаканіла манету, вяло гандаль. Каб пашырыць свае ўладанні і атрымаць выхад да мора, С. заключыў ваен. саюз з сармацкім племем раксаланаў і пачаў вайну. Аднак пантыйскі цар Мітрыдат VI Еўпатар узяў пад абарону Херсанес. У час вайны з Мітрыдатам С. памёр, а Скіфія каля 108—107 да н.э. пацярпела паражэнне. У сталіцы царства Неапалі скіфскім (цяпер на тэр.г. Сімферопаль, Украіна) выяўлены грэч. надпіс з імем цара С. і яго маўзалей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАХО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іосіфавіч; 3.7.1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 7.2.1956),
бел. пісьменнік. Быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1938 у час. «Полымя рэвалюцыі». Друкаваўся з 1928. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952). Аповесці «Пампей Шчупак» (1940) пра калгасную вёску, «Шумяць лясы» (1944) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Раманы «Пад мірным небам» (1947—49) і «Шырокія гарызонты» (1952) пра бел. вёску першых пасляваен. гадоў. Пісаў для дзяцей: зб-кі апавяданняў «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). На бел. мову пераклаў «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.Палявога і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРЫВА́ЛЬНІК,
прыстасаванне, што перадае ўзрыўны імпульс разрыўному зараду ў розных боепрыпасах. Спрацоўвае пры сутыкненні з цэлямі, на вызначанай глыбіні пад вадой і інш. пэўных умовах. Паводле прызначэння адрозніваюць У. да артыл. снарадаў і мін, баявых ч. ракет і тарпед, марскіх мін, авіябомбаў і інш.; паводле прынцыпу дзеяння — кантактныя, дыстанцыйныя, некантактныя, камбінаваныя; паводле размяшчэння ў боепрыпасе — галаўныя, донныя, бакавыя, універсальныя. Бяспека У. (у т. л. здольнасць спрацоўваць у вызначаны час) забяспечваецца засцерагальнікамі. Пераход У. ў стан гатоўнасці да дзеяння наз. ўзвядзеннем. У. з некалькіх блокаў, размешчаных у розных месцах боепрыпасу, наз. ўзрыўным прыстасаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМСКІ Міхаіл Васілевіч (27.2.1903, г.п. Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.11.1986),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1925), бранятанк. курсы ўдасканалення камсаставу (1932), Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА (1937). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце. Удзельнік баёў пад Масквой, Варонежам, Сталінградам, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы. Механіз. брыгада на чале з палк. Х. у час Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 з баямі прайшла ад р. Вісла да р. Одэр, вызваліла больш за 300 нас. пунктаў, нанесла праціўніку значны ўрон у баявой тэхніцы і жывой сіле. Да 1952 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Пружаны Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮРЭ́Н (Turenne) Анры дэ Ла Тур д’Авернь (La Tour d’Auvergne) віконт дэ (11.9.1611, г. Седан, Францыя — 27.7.1675),
французскі палкаводзец, маршал (1643), гал. маршал Францыі (1660). Сын герцага Буйёнскага (аднаго з правадыроў гугенотаў), унук Вільгельма Аранскага. З 1620 у галандскай арміі, вывучаў ваен. справу пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі прынца Морыца Аранскага. З 1630 на франц.ваен. службе. У часТрыццацігадовай вайны 1618—48 камандаваў франц. арміяй у Германіі, дзе атрымаў шэраг перамог. У 1648—51 удзельнічаў у Фрондзе, але ў маі 1651 перайшоў на бок караля і ўзначаліў армію, накіраваную супраць франдзёраў. Узначальваў франц. армію ў войнах з Іспаніяй (1667—68) і Нідэрландамі (1672—78). Забіты ў баі. Аўтар твораў па ваен. тактыцы і мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я МА́РКЕС (García Márquez) Габрыэль (н. 6.3.1928, г. Аракатака, Калумбія),
калумбійскі пісьменнік. Сваё жыццё звязаў з журналістыкай, што прадвызначыла вастрыню і кантрастнасць яго светаўспрымання, характар творчага почырку. З 1955 жыве па-за межамі Калумбіі (Еўропа, Венесуэла, Мексіка, Куба). Друкуецца з 1947 (аповесць «Трэцяя адмова», апавяданні). Вядомасць прынеслі раманы «Нядобры час» (1962), «Сто гадоў адзіноты» (1967), «Восень патрыярха» (1975), «Хроніка аб’яўленай смерці» (1981), «Каханне падчас чумы» (1985), «Генерал у сваім лабірынце» (1989). Аўтар аповесцей «Апалае лісце» (1955), «Палкоўніку ніхто не піша» (1958), зб. апавяданняў «Пахаванне Вялікай Мамы» (1962), кн. для дзяцей. Яго творы вызначаюцца адмысловым спалучэннем знешняй прастаты, жыццёвай насычанасці з ускладненымі асацыяцыямі, міфалагічнымі адсылкамі да глыбінных пластоў нац. і сусв. культуры. Выкарыстоўваючы нар. паэтыку, Гарсія Маркес у кожным творы вяртаецца да асэнсавання неацэннай каштоўнасці жыцця, самае вял. шчасце якога — у каханні, а трагедыя — у адзіноце. Нобелеўская прэмія 1982. На бел. мову творы Гарсія Маркеса перакладаў К.Шэрман.
Тв.:
Рус.пер. — Палая листва. М., 1972;
Осень патриарха. М., 1978;
Сто лет одиночества;
Полковнику никто не пишет. М., 1986;
Избр. произв.М., 1989.
Літ.:
Земсков В. Габриэль Гарсия Маркес: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deviatio адхіленне),
1) адхіленне рухомых цел (карабля, самалёта, снарада, кулі і інш.) ад зададзенага (вызначанага) напрамку руху (разліковай траекторыі). Напр., Д. снарада, кулі выклікаецца мех. парушэннямі руху ў канале ствала (зрыванне снарада з нарэзкі) ці ў паветры (няспраўнасць апярэння стабілізатара, выпадковыя рэзкія змены кліматычных умоў у час палёту, гл. таксама Дэрывацыя).
2) Адхіленне рухомай сістэмы компаса ад напрамку на магн. (у магн. компаса) ці геагр. (у гіракомпаса) полюс Зямлі. Узнікае пад уплывам магн. і эл. палёў, паскоранага руху, гайданкі і інш. Кампенсуецца з дапамогай адпаведна дадатковых магнітаў ці карэктараў.
3) Адхіленне частаты ваганняў ад сярэдняга значэння (найб. пры частотнай мадуляцыі). Уплывае на склад і значэнні амплітуд складальных спектра частотна мадуляваных ваганняў, перашкодаўстойлівасць радыёсістэм і інш. 4) У біялогіі — эвалюцыйнае адхіленне ў развіцці органа на сярэдніх этапах яго фарміравання (у час эмбрыянальнага развіцця); разнавіднасць філэмбрыягенезу. Прыводзіць да змены будовы гэтага органа ў дарослага арганізма ў параўнанні з продкамі. Напр., эпідэрмальная частка зачаткаў лускі ў паўзуноў на сярэдніх стадыях яе развіцця падвяргаецца арагавенню, а не акасцяненню, як у акул. У раслін прыклад Д. — клубні і цыбуліны, якія сфарміраваліся з першаснай эмбрыянальнай расліннай пупышкі. Тэрмін увёў ням. вучоны Ф.Мюлер (1864).