атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЕВІКІ́ (Laparosticti),
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБІ́НКА (Яўген Паўлавіч) (2.2.1812, с. Мар’янаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 15.12.1848),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1831). З 1834 жыў у Пецярбургу. Друкаваўся з 1831. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У 1841 выдаў першы ўкр. альманах «Ластівка» («Ластаўка»). Вершы (некаторыя сталі нар. песнямі), а таксама раннія аповесці і раманы («Нежынскі палкоўнік Залатарэнка», 1842; «Чайкоўскі», 1843) рамантычныя па стылі, прысвечаны гісторыі Украіны, у прыватнасці Запарожжа. У байках выкрываў сац. несправядлівасць, невуцтва, прадажнасць паноў і чыноўнікаў. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. напісаў шэраг рэаліст. твораў («Апавяданні пірацінца», 1837; аповесць «Кулік», 1841; раман «Доктар», 1844, і інш.). На бел. мову творы Грабінкі перакладаў Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕШЫБО́Т (ад стараж.-яўр.),
іудзейская вышэйшая рэліг. школа па падрыхтоўцы гал. чынам рабінаў. Е. ўзніклі ў Вавілоніі. Палесціне, Егіпце ў перыяд фарміравання Талмуда. Былі асн. цэнтрамі іудзейскай тэалагічнай думкі і месцам выхавання духоўнай і інтэлектуальнай эліты яўрэйства. У Е. прымалі юнакоў з 13 гадоў, якія скончылі хедэр (пач. школу). Утрымліваліся на ахвяраванні яўр. абшчын і прыватных асоб. Тэрмін навучання дакладна не быў вызначаны. Лекцыі чыталіся 2—3 разы ў тыдзень, выкладчыкі давалі агульныя кірункі, тлумачылі асобныя месцы і палажэнні Талмуда, астатні час вучні займаліся самастойна. У Беларусі Е. вядомы з 16 ст. Старэйшым лічыцца Е. у Брэсце. Найбольшыя Е. былі ў Валожыне, Лідзе, Міры, Слоніме, Слуцку, Радуні. Існавалі да 1930—40-х г., некаторыя іх будынкі (напр. у Валожыне, Міры) захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІРЭДЗІ́Н ТУСІ́ (Абу Джафар Мухамед ібн Мухамед ібн Хасан Абу Бакр) (18.2.1201, г. Тус, Іран — 25.6.1274),
арабскі вучоны-энцыклапедыст, дзярж. дзеяч. З 1256 на службе ў манг. ільхана Хулагу, дзе займаўся пытаннямі фінансаў і падаткаў. Пераклаў на араб. мову працы Пталамея і Эўкліда і дадаў да іх уласныя каментарыі. Удасканаліў матэм. метады ў астраноміі, рашыў шэраг задач сферычнай трыганаметрыі. Пабудаваў астр. абсерваторыю ў г. Марага (1259, цяпер г. Мераге, Іран), дзе пад яго кіраўніцтвам складзены астр. табліцы «Зідж Эльхані», у якіх змешчаны каталог яркіх зорак, некаторыягеагр. звесткі, табліцы сінусаў і тангенсаў і інш. Напісаў шэраг трактатаў па матэматыцы, філасофіі, медыцыне, логіцы, этыцы і інш.
Літ.:
Мамедбейли Г.Д. Основатель Марагинской обсерватории Мухаммед Насирэддин Туси. Баку, 1961;
Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),
масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст.Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыяінш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.В.Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,
адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).
Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.
Літ.:
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),
прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.
ЖывёльныМ., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв.нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),
чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.
Да арт.Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.