рэлаксацыйны генератар з глыбокай трансфарматарнай адваротнай сувяззю. Выпрацоўвае імпульсы малой працягласці, якія паўтараюцца праз параўнальна вял. прамежкі часу. Можа працаваць у аўтавагальным або чакальным рэжыме.
Асн. якасці блокінг-генератара: прастата будовы, лёгкая сінхранізацыя і стабілізацыя ваганняў, магчымасць атрымаць вял. магутнасць у імпульсе пры малой сярэдняй магутнасці. Для павелічэння стабільнасці ў схему блокінг-генератара ўключаюць вагальны контур. Блокінг-генератар выкарыстоўваецца ў імпульснай тэхніцы, тэлевізійных і радыёлакацыйных устаноўках, дзялільніках частаты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ЛІК,
корань мнагаскладу
з рацыянальнымі каэфіцыентамі an, з якіх не ўсе роўныя 0; у агульным выпадку можа быць камплексным лікам. Г.Кантар (1872) паказаў, што мноства ўсіх алгебраічных лікаў злічонае і таму існуюць неалг. лікі (гл.Трансцэндэнтны лік), напр., , π і інш. Мноства ўсіх алгебраічных лікаў — алгебраічна замкнёнае поле (напр., адвольны корань мнагаскладу з алг. каэфіцыентамі таксама алгебраічны лік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗЧЫК,
бок цывільнай справы ў судзе або спрэчкі ў гасп. судзе, якому прад’яўлена патрабаванне істца. Паводле бел. права адказчыкам можа быць грамадзянін, а таксама прадпрыемства, арг-цыя, установа, якія з’яўляюцца юрыд. асобамі; у гасп. судзе адказчыкам — толькі юрыд. асобы. Становішча адказчыка ў судзе, яго працэсуальныя правы і абавязкі прадугледжаны цывільным і гасп. працэсуальным заканадаўствамі. У крымін. працэсе магчымы ўдзел адказчыка, калі ён нясе матэрыяльную адказнасць за шкоду, прычыненую абвінавачаным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА ГРАМАДЗЯ́НСКІХ ПРАВО́Ў,
у цывільным праве сукупнасць дзеянняў па ахове законных маёмасных і асабістых немаёмасных правоў грамадзян. Ажыццяўляецца ва ўстаноўленым судом парадку праз: прызнанне гэтых правоў; аднаўленне становішча, якое існавала да парушэння права і спынення дзеянняў, што парушаюць права; прысуджэнне да выканання абавязацельства ў натуры; спыненне або змену праваадносін; спагнанне з асобы, якая парушыла права, нанесеных страт, няўстойкі, а таксама інш. законныя спосабы. У выпадках, асобна прадугледжаных законам, можа ажыццяўляцца ў адм. парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),
рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.
Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПРАТО́Н ( або ),
антычасціца, якая мае спін і масу, роўную спіну і масе пратона і адрозніваецца ад яго знакамі эл. зараду, барыённага зараду і магнітнага моманту. Адкрыты ў 1955 амер. вучонымі. Паводле закону захавання ліку барыёнаў, антыпратон можа нарадзіцца толькі ў пары з пратонамі (ці нейтронам, калі дазваляе закон захавання эл. зараду) і пры яго сутыкненні з пратонамі і нейтронамі (нуклонамі) ядраў рэчыва адбываецца анігіляцыя і ўтвараюцца 4—5 пі-мезонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,
персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.К.Андэрсен, І.В.Гётэ, Э.Сю, П.Б.Шэлі, В.А.Жукоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНТАФІЛІ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...філія],
палавая цяга да асоб старэчага ўзросту; своеасаблівая форма фетышызму. На схільнасць маладых людзей да герантафіліі могуць уплываць першыя сексуальныя перажыванні, звязаныя з дарослымі. У маладой жанчыны прычыну герантафіліі часцей тлумачаць яе незадаволенасцю палавымі кантактамі з маладым чалавекам; зрэдку прычынай герантафіліі могуць быць яе садамазахісцкія схільнасці. Цяга маладых мужчын да жанчын пажылога і старэчага ўзросту можа выклікацца іх няўпэўненасцю ў сваіх здольнасцях пры кантактах з маладымі жанчынамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,
спецыяльныя агульнавайсковыя, артыл., інж. і інш. часці і злучэнні, прызначаныя для вядзення дзеянняў у горнай мясцовасці. У некат. арміях горныя войскі наз. альпійскімі (Францыя, Італія), горнапяхотнымі (ФРГ і інш.), горнастралковымі (СССР да сярэдзіны 1950-х г.). Камплектуюцца пераважна з жыхароў горных раёнаў; забяспечваюцца спец. абмундзіраваннем і амуніцыяй; пяхота горных войскаў можа мець палегчанае ўзбраенне, артыл. часці — горную артылерыю і мінамёты палегчанай канструкцыі, прыстасаваныя для руху ў гарах на ўючных жывёлах і інш.