цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Беларусі і Літве, арганізацыйны цэнтр літ.-бел. «чырвоных». Утвораны ў Вільні летам 1862 з Камітэта руху. У Л.п.к. уваходзілі: Л.М.Звяждоўскі (старшыня да кастр. 1862), К.Каліноўскі, А.Банольдзі, Э.І.Вярыга, Б.Ф.Длускі, А.І.Залескі, З.Б.Чаховіч. Пасля ад’езду Звяждоўскага ў Маскву (кастр. 1862) к-т узначаліў Каліноўскі, у яго склад уведзены І.І.Козел з Міншчыны. Прадстаўніком Цэнтр. (Варшаўскага) нац.к-та ў Л.п.к. быў Н.Дзюлеран. Афіц. орган Л.п.к. — газ. «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды»); для сялян Каліноўскі і яго аднадумцы выпускалі газ.«Мужыцкая праўда». За рэв.-дэмакр. праграму ў к-це паслядоўна змагаўся Каліноўскі. Л.п.к. стварыў свае структурныя ячэйкі і арганізацыі ў бел. і літ. губернях і паветах, збіраў грошы і зброю, вёў агітацыю, наладжваў сувязі з рэв. групамі ў арміі. З пачаткам паўстання ў Польшчы 20.1(1.2).1863 абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХЛЕ́ЎСКІ ((Marchlewski) Юльян Балтазар) (17.5.1866, г. Улацлавак, Польшча — 22.3.1925),
дзеяч польскага і міжнар.сацыяліст. руху, эканаміст, публіцыст. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Саюза польскіх рабочых (1889), Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага (1893; з 1900 — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). У 1893—1904 і з 1908 у эміграцыі. У 1-ю сусв. вайну адзін з заснавальнікаў (1916) «Спартака саюза» ў Германіі. З 1918 у Сав. Расіі, чл.ВЦВК. Удзельнічаў у стварэнні Камуніст. Інтэрнацыянала. У 1920 узначальваў Часовы польскі рэв.к-т у Беластоку. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэктар Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду, першы старшыня ЦКМіжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (1923). Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, агр. пытанні: «Фізіякратызм у даўняй Польшчы» (1897), «Польскія буржуазныя праграмы па аграрным пытанні» (1908), «Антысемітызм і рабочыя» (1913) і інш.
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це; скончыў духоўную семінарыю (1853), быў ксяндзом у Панявежскім пав. Прыйшоў да думкі аб неабходнасці ўзбр. барацьбы супраць царызму, за ліквідацыю прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Вёў асветніцкую работу сярод сялян, прапаведаваў свае погляды. У жн. 1862 звязаўся з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім. З пачаткам паўстання (студз. 1863) арганізаваў з сялян атрад (250 чал.), у сак.—маі ўдзельнічаў з ім у баях у цэнтр. Літве самастойна, потым у складзе злучэння Серакоўскага. Пасля разгрому злучэння (7—9 мая) і пакарання смерцю Серакоўскага атрады паўстанцаў пад камандаваннем М. працягвалі дзейнічаць у цэнтры і на ЗЛітвы. З ліст. 1863 узначальваў паўстанцкія сілы Ковенскай губ. 17 снеж. схоплены і павешаны ў Коўне.
Літ.:
Жюгжда Ю.И. Антанас Мацкявичус // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г.М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навуковая ўстанова, створаная ў 1834 у Пецярбургу пры Мін-ве нар. асветы для выдання матэрыялаў археаграфічных экспедыцый. Створана як часовая, з 1837 пастаянная ўстанова для збору, апісання і выдання гіст. дакументаў. Выдавала зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны, Каўказа 14—18 ст., у т. л. Поўны збор рускіх летапісаў, Акты гістарычныя, Акты Заходняй Расіі, Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі. З 1872 выходзіла «Руская гістарычная бібліятэка», у 1862—1929 — «Летапіс заняткаў Археаграфічнай камісіі». У рабоце археаграфічнай камісіі ўдзельнічалі І.С.Анацэвіч, І.І.Грыгаровіч, М.І.Кастамараў, П.М.Строеў, М.І.Сямеўскі, А.А.Шахматаў і інш. З 1922 археаграфічная камісія ў складзе Акадэміі навук, у 1926 аб’яднана з Пастаяннай гіст. камісіяй АНСССР у Пастаянную гіст.-археаграфічную камісію, якая ў 1931 рэарганізавана ў Гіст.-археаграфічны ін-т. У 1956 пры аддзяленні гіст. навук АНСССР створана археаграфічная камісія, якая каардынавала археаграфічную дзейнасць ва ўстановах АН, выдавала «Археографический ежегодник». У 1864—1915 існавала Віленская археаграфічная камісія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,
працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.Боас, М.Мід, Б.Маліноўскі, Р.Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.
Літ.:
Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ (Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),
орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.М.Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц. палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ЎСКІ ((Галкаўскас; Galkauskas) Канстанцін Міхайлавіч) (16.6.1875, г. Вільня — 20.2.1963),
літоўскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Беларус. Нар.арт.Літвы (1955). Праф. (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1908, вучань М.Рымскага-Корсакава, А.Глазунова, А.Лядава). З 1908 вёў пед. дзейнасць у Вільні (з 1945 у кансерваторыі), арганізаваў сімф. аркестр (1909) і муз. школу (1919). У 30-я г. ўдзельнічаў у культ. жыцці Зах. Беларусі. Многія яго вак. творы засн. на бел.муз. фальклоры, напісаны на вершы бел. паэтаў: ансамблі, рамансы і хары на вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, З.Бядулі, К.Буйло; апрацоўкі бел.нар. песень, нар. харавыя сюіты «Дуда» і «Каханне» (апошняя з сімф. аркестрам). Аўтар лібрэта няздзейсненай оперы «Сымон-музыка» (паводле Я.Коласа). Сярод інш. твораў: оперы «Цыганы» (1908) і «Мізэрэрэ» (1909), муз. камедыі «Ласка Амура» (1925), «Алімпіяда» (1926), балет «Прывід маці» (1930), сімфонія «Масква» (1948), камерна-інстр. творы, хары, рамансы.
Літ.:
Шырма Р.Р. Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі // Песня — душа народа. Мн., 1976;
Matulaityte A. Konstantinas Galkauskas. Vilnius, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯЙЗО́ЎСКІ (Касьян Яраслававіч) (5.3.1892, Масква — 4.5.1970),
артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. дз. маст.Літвы (1945). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). З 1909 артыст балета Марыінскага, у 1910—18 — Вялікага т-раў. У 1919—25 кіраваў студыяй (з 1922 «Камерны балет») у Маскве. Сцвярджаючы свой стыль, шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі на музыку А.Скрабіна, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ф.Шапэна, К.Дэбюсі ў пошуках эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, характарнасці і гратэску вызначалі самабытнасць яго творчасці. Сярод лепшых пастановак: «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета БССР (1939), «Іосіф Прыгожы» С.Васіленкі і «Тэалінда» на муз. Ф.Шуберта (1925), «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1964), «Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна (1944 і 1953) у Вял. т-ры, «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага (1935, Харкаў). Аўтар кн. «Вобразы рускай народнай харэаграфіі» (1964).