КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,

механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.

В.​А.​Сяргеенка.

Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕ́ТЫКА ФІЗІ́ЧНАЯ,

раздзел тэарэтычнай фізікі, у якім вывучаюцца мікраскапічныя працэсы, што ўзнікаюць у фіз. сістэмах пры адхіленні ад стану раўнавагі тэрмадынамічнай.

К.ф. падзяляюць на фенаменалагічную (тэрмадынамічную) і статыстычную. Фенаменалагічная К.ф. разглядае законы змены макраскапічных параметраў (напр., т-ры, канцэнтрацыі часціц) нераўнаважных сістэм пры дыфузіі, цеплаправоднасці, унутр. трэнні і інш. Ураўн. фенаменалагічнай К.ф. выводзяцца з меркавання, што адхіленні ад раўнавагі (звычайна невялікія) характарызуюцца градыентамі т-ры і хім. патэнцыялу. Пры наяўнасці градыентаў некалькіх велічынь, напр., т-ры і канцэнтрацыі, у сістэме ўзнікаюць прамыя працэсы пераносу (цеплаправоднасць, дыфузія) і перакрыжаваныя працэсы (напр., тэрмадыфузія, дыфузійная цеплаправоднасць). Статыстычная К.ф. вызначае кінетычныя каэф. (напр., каэф. вязкасці, дыфузіі, цеплаправоднасці). Вывад ураўн. фенаменалагічнай К.ф. і вылічэнне кінетычных каэф. робяцца з дапамогай кінетычнага ўраўн., якое апісвае змену нераўнаважнай функцыі размеркавання сістэмы (гл. Кінетычная тэорыя газаў).

Літ.:

Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.

Г.​С.​Раманаў.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,

размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і B-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.

Літ.:

Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;

Моничев А.Я. Динамика кроветворения. М., 1984.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХА́НІКА ГРУНТО́Ў,

навуковая дысцыпліна, якая вывучае напружана-дэфармаваныя станы грунтоў, умовы іх трываласці і ўстойлівасці, змены іх уласцівасцей пад уплывам знешніх (пераважна механічных) уздзеянняў. Даследуе ўсе горныя пароды, што з’яўляюцца аб’ектам інж.-буд. дзейнасці.

У аснове М.г. — залежнасці і рашэнні пругкасці тэорыі, пластычнасці тэорыі, паўзучасці тэорыі, грунтазнаўства, гідрагеалогіі, інжынернай геалогіі, механікі суцэльных асяроддзяў і інш. У М.г. разглядаюцца залежнасці мех. уласцівасцей грунтоў ад іх будовы і фіз. стану, іх структурна-фазавая дэфармавальнасць, агульная сціскальнасць, кантактная супраціўляльнасць зруху. Вывадамі М.г. карыстаюцца пры праектаванні асноў і фундаментаў будынкаў, прамысл. і гідратэхн. збудаванняў, у дарожным і аэрадромным буд-ве, пры адкрытых горных работах, пракладцы падземных камунікацый і інш. На Беларусі даследаванні па М.г. праводзяцца ў БПА, БДУ і інш.

Літ.:

Соболевский Ю.А. Механика грунтов. Мн., 1986;

Цытович Н.А. Механика грунтов. 3 изд. М., 1979.

Б.​А.​Багатаў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. polarisation ад грэч. polos вось, полюс) біяэлектрычная, наяўнасць падвойнага электрычнага слоя на мяжы змесціва жывой клеткі і знешняга асяроддзя. Абумоўлена будовай біялагічных мембран і нераўнамерным размеркаваннем неарган. іонаў (у асаблівасці іонаў натрыю, калію, хлору і інш.) у клетцы і вакол яе. Вонкавая паверхня клеткі ў стане спакою мае дадатны зарад, а ўнутр. — адмоўны.

П. — непасрэдная прычына ўзнікнення мембраннага патэнцыялу (патэнцыялу спакою). Выбіральнае павелічэнне іоннай пранікальнасці біял. мембран вядзе да змены П. Напр., пранікненне іонаў натрыю ў клетку праз мембрану ўзбуджанага ўчастка нерва вядзе да дэпалярызацыі мембраны і ўзнікнення патэнцыялу дзеяння. Час вяртання П. мембраны да ўзроўню спакою (сыходная фаза патэнцыялу дзеяння) наз. фазай рэпалярызацыі мембраны. Павелічэнне патэнцыялу спакою звыш нармальнага ўзроўню вядзе да гіперпалярызацыі мембраны.

Адносна стабільны ўзровень П. жывой клеткі забяспечваецца пастаянствам электрахім. градыентаў, якое падтрымліваецца работай іонных помпаў. Гл. таксама Біяэлектрычныя патэнцыялы, Мембранная тэорыя ўзбуджэння.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ДЫЭЛЕ́КТРЫКАЎ,

працэс узнікнення ў дыэлектрыках стану, які характарызуецца наяўнасцю эл. дыпольнага моманту ў кожнага элемента іх аб’ёму (палярызаванага стану), пад уздзеяннем знешніх фактараў (эл. палёў, мех. напружанняў, змены т-ры і інш.), а таксама сам палярызаваны стан дыэлектрыка. Характарызуецца палярызаванасцю ці вектарам палярызацыі P→.

Найб. значэнне мае П.д. у знешнім эл. полі, якая абумоўлена зрушэннем электронаў у атамах і іонах (электронная, ці дэфармацыйная палярызацыя), зрушэннем іонаў у цвёрдых дыэлектрыках з іоннай крышт. рашоткай (іонная палярызацыя), паваротам дыпольных малекул (арыентацыйная палярызацыя). Залежыць ад напружанасці знеш. эл. поля — E→. У слабых палях P→ = ε0 χ E→ , дзе ε0 — эл. пастаянная, χ — дыэлектрычная ўспрыімлівасць. П.д. можа мець месца з прычыны мех. напружанняў (гл. П’езаэлектрычныя матэрыялы). Існуюць дыэлектрыкі са спантаннай (самаадвольнай) палярызацыяй (гл. Піраэлектрычнасць, Сегнетаэлектрыкі), а таксама дыэлектрыкі, здольныя працяглы час захоўваць наэлектрызаваны стан (электрэты).

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІЦТВАЗНА́ЎСТВА,

навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркі на аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.

Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.

На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл на працягу сутак і інш.

У.​С.​Раманаў.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў матэматыцы,

раздзел алгебры, што вывучае матэм. палі (гл. Пале ў матэматыцы).

У матэматычнай фізіцы П.т. вывучае адлюстраванні мностваў каардынат прасторы і часу на адпаведныя мноствы функцый. Пры гэтым кожнаму пункту прасторы ў зададзены момант часу ставяцца ў адпаведнасць адна ці некалькі функцый — адна- ці многакампанентныя функцыі поля. Змены ў прасторы і часе функцый поля апісваюцца дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі — ураўненнямі поля, рашэнні якіх вызначаюць выразы функцый поля. П.т. павінна задавальняць патрабаванні інварыянтнасці адносна пераўтварэнняў універсальнай сіметрыі прасторы і часу, што забяспечваецца за кошт выкарыстання функцый з пэўнымі трансфармацыйнымі ўласцівасцямі пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой. У адпаведнасці з гэтым вызначаюцца скалярныя (1-кампанентныя), вектарныя (3- і 4-кампанентныя), тэнзарныя і інш. палі. З дапамогай аперацыі дыферэнцавання ўводзяцца матэм. характарыстыкі палёў — градыент (для скалярнага поля), дывергенцыя і ротар (для вектарнага поля).

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬСА́ЦЫІ ЗО́РАК,

рэгулярныя ваганні памераў зорак з прычыны змены ціску і т-ры ў іх нетрах. Абумоўліваюць змену бляску многіх пераменных зорак — цэфеід, мірыд і інш.

Праяўляюцца на позніх этапах эвалюцыі зорак. У нетрах нармальнай зоркі вадарод ператвараецца ў гелій. Калі вадароду становіцца недастаткова для працякання рэакцыі, гравітацыйная сіла нарастае і зорка сціскаецца, у ядры ствараюцца ўмовы для ператварэння гелію ў вуглярод. На гэтай стадыі памеры зоркі павялічваюцца, яна пераходзіць у вобласць чырв. гігантаў. У вонкавых слаях працягваецца ператварэнне вадароду ў гелій. Нейтральны гелій непразрысты для ультрафіялетавага выпрамянення зоркі, якое паглынаецца ім, і газ іанізуецца. Іанізаваны гелій прапускае выпрамяненне, што выходзіць з унутр. слаёў зоркі. Гэта прыводзіць да ахаладжэння і сціскання зоркі, гелій зноў становіцца нейтральным і працэс паўтараецца.

Літ.:

Кокс Дж.П. Теория звездных пульсаций: Пер. с англ. М., 1983.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),

метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз. крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз. анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз. протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш. атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)