ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),

выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.

Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр. прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

У.​У.​Скурат.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЕ́МЯ»

(«Ziemia», «Зямля»),

краязнаўчы ілюстраваны часопіс. Орган польскага краязнаўчага т-ва. Выходзіў у 1910—14, 1919—20, 1922—50 у Варшаве на польск. мове. У 1912—13 меў дадаткі. Публікаваў матэрыялы па польск., бел., укр., рус., літ., лат., эст. археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, эканоміцы, урбаністыцы, экалогіі, гісторыка-краязнаўчыя нарысы і працы, біягр. звесткі пра дзеячаў навукі і культуры, апісанні палацава-замкавых комплексаў, культавых збудаванняў, помнікаў гісторыі, інфармаваў пра дзейнасць краязн. т-ваў, музеяў, пра міжнар. турысцкія кангрэсы. Змяшчаў агляды навінак л-ры, рэцэнзіі на працы даследчыкаў, карты, планы, схемы, рэпрадукцыі карцін, здымкі жыхароў розных этнагр. мясцін, помнікаў архітэктуры, узораў нац. адзення і інш.

Беларусі і яе сумежным рэгіёнам прысвечаны публікацыі Ю.​Смалінскага «Каптур і намітка на Літоўскай Беларусі», В.​Шукевіча «Былыя каралеўскія лясы ў Літве» (абедзве 1911), «Нарысы з Белай Русі», У.​Загорскага «Старая Вільня» і «Замак у Крэве», М.​Федароўскага «Віцебск і Віцебшчына» (усе 1912), А.​Лантоўскага «Мінская епархія» (1913), Ф.​Рушчыца «Вільня і мастацтва» (1922), Е.​Лісевіча «Нацыянальныя і адміністрацыйныя адносіны ў Навагрудскім ваяводстве», В.​Хенеберга «Слонім», Я.​Якубоўскага «Нясвіж» (усе 1925), Ч.​Пяткевіча «Хойнікі» (1927), Р.​Харашкевіча «Вёска Осава ў Столінскім павеце», Ю.​Сускага «У Лунінецкім павеце» (абедзве 1930), А.​Наляпінскага «Нарач і ваколіцы» (1934), Г.​Ястшэмбец-Каменскага «Каралеўскае мястэчка Моталь» (1935), А.​Хоміча «Смалярні на Віленшчыне» (1939). У часопісе супрацоўнічалі Я.Булгак, З.Глогер, Б.​Дыбоўскі, Машынскі, С.​Удзеля і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАК,

умацаванае жыллё феадала, а таксама сярэдневяковы комплекс абарончых збудаванняў, жылых гасп. і культавых пабудоў на зручных для абароны месцах, аб’яднаных лініяй умацаванняў. Існавалі прыватныя З. (феад., царк.) і агульнадзярж. (каралеўскія, велікакняжацкія).

Структура абароны З. складалася з драўляных (астрогі, вастраколы, гародні, парканы, тарасы), мураваных (каменных, цагляных) ці глінабітных сцен з баявымі памостамі-галерэямі і звязаных з імі драўляных ці камбінаваных (фахверкавых) шмат’ярусных вежаў з разнастайнымі байніцамі. Часта ў З. была гал. вежа — данжон. Раннія З. (5—8 ст. ў Сярэдняй Азіі, Закаўказзі, на Арабскім Усходзе, 9—11 ст. ў Зах. Еўропе) мелі глухія мураваныя сцены і былі разлічаны на пасіўную абарону. Прамавугольныя планы гэтых З., іх буд. і канструкцыйныя асаблівасці спалучалі мясц., эліністычныя і стараж.-рым. традыцыі абарончага дойлідства. Тактыка актыўнай абароны паступова прывяла ў 11—12 ст. да ўсталявання нерэгулярнай планіроўкі, дапасаванай да рэльефу мясцовасці (З. крыжакоў у Сірыі і Палесціне). На сценах і вежах пачалі рабіць машыкулі і байніцы для кідання камянёў і абстрэлу ніжняй ч. сцен. Перад уваходнымі брамамі часам узводзілі барбаканы. Архітэктуру З. вызначалі раманскі, гатычны, рэнесансавы і барочны стылі. Паступова З. ператварыліся ў складаныя комплексы абарончых збудаванняў (З. 13 ст. Кусі ў Францыі, Харлек у Англіі). З развіццём артылерыі З. страцілі свае абарончыя функцыі.

На Беларусі першыя З. былі агульнагар. велікакняжацкімі цытадэлямі (Гродзенскі стары замак), некат. мелі значныя памеры (у Полацку, Віцебску). Да 15 ст. вядомы 2 тыпы З.: на ўзвышшах («горныя»), разнастайныя па абрысах (іх план паўтараў канфігурацыю рэльефу) і ў нізінах («дольныя»), звычайна з рэгулярнай планіроўкай з выкарыстаннем валоў і равоў з вадой (Ляхавіцкі З.). Былі пашыраны З., абнесеныя драўлянымі (Радашковічы, Пінск, Гомель, Магілёў) ці мураванымі (Лідскі замак, Крэўскі замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замак, Быхаўскі замак і інш.) сценамі. У буд-ве быў пашыраны спосаб трохслаёвай муроўкі. 2 цагляныя сцяны і забутоўка паміж імі. Часта вонкавыя паверхні сцен выкладаліся з каменю (Ліда, Крэва і інш.). Замкавае буд-ва звязана з рус. і зах.-еўрап. абарончым дойлідствам. Сустракаюцца элементы раманскай архітэктуры (вежы Навагрудскага, Гродзенскага, Лідскага і інш. З.), у большасці З. 15—16 ст. — рысы стыляў готыкі і рэнесансу (Мірскі З.), з 17 ст. пераважаюць барочныя рысы. У сярэдзіне 16 ст. сталі пашыранымі З. з бастыённай сістэмай умацаванняў (Заслаўскі замак, Ляхавіцкі замак). З канца 16 ст. замкавае буд-ва паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гальшанскі палац). У 1-й пал. 19 ст. сярэдневяковыя З. замянілі крэпасці са шматкіламетровымі лініямі абароны. Замкавае буд-ва ўплывала на архітэктуру ўмацаваных храмаў (Сынковіцкая царква-крэпасць, Камайскі касцёл, Быхаўская сінагога), жылых дамоў (Гайцюнішскі дом-крэпасць), гар. брам, сядзібных і інш. пабудоў.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Я го ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Раппопорт П.А. Военное зодчество западно-русских земель X—XIV вв. Л., 1967.

М.​А.​Ткачоў, У.​А.​Чантурыя.

Да арт. Замак. Рэканструкцыя Тураўскага замка і гарадзішча (пасля 13 ст.). Мастак Р.​Данчанка.
Да арт. Замак. Мірскі замак.
Да арт. Замак. Замак у Мальбарку. Польшча. 1274.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.

На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.​Смакоўскага, К.​Ельскага, К.​Барычэўскага, Р.​Слізеня, І.​Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.​Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.​Маркаў, Я.​Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.​Рыжанкоў; помнік І.​Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.​Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.​Лук, А.​Пупко, Дз.​Сталяроў.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.​Рыжанкоў.
Да арт. Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІШКЕ́К,

горад, сталіца Кыргызстана. Размешчаны ў Чуйскай даліне каля падножжа Кіргізскага хр. 616 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (с.-г. машыны, электрарухавікі, кантрольна-вымяральныя прылады, ЭВМ і інш.). Развіта лёгкая (абутковая, камвольна-суконная, трыкат., швейная), хім., хіміка-фармацэўтычная, дрэваапр., харчасмакавая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. АН Кыргызстана. 8 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 т-ры. 4 музеі.

Засн. ў 1825 ханамі Какандскага ханства, пабудавана крэпасць Пішпек. У 1860 і 1862 крэпасць занята рас. войскамі і разбурана, у 1864 на яе месцы заснавана рас. ваен. паселішча. З 1878 Пішпек — павятовы горад. З 1918 ён у складзе Туркестанскай АССР, з 1924 цэнтр Кара-Кіргізскай (з 1925 Кірг.) аўт. вобласці РСФСР. У 1926 перайменаваны ў г. Фрунзе, стаў сталіцай Кіргізскай АССР, у 1936 — Кірг. ССР. З 1991 сталіца Кыргызстана пад назвай Бішкек.

Паводле плана 1872 Бішкек забудаваны прамавугольнай сеткай вуліц з невял. кварталамі пераважна глінабітных і сырцова-саманных дамоў. Планы рэканструкцыі (1939, 1948—58, 1971) развіваюць гіст. планіроўку, ствараюцца новыя раёны, паркавыя зоны. Сярод значных арх. збудаванняў: т-р оперы і балета (1955, арх. А.​Лабурэнка), б-ка імя М.​Г.​Чарнышэўскага (1962, арх. В.​Нусаў), музей выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.​Джэкшанбаеў і інш.), цырк (1976, арх. Л.​Сегал і інш.). Манумент Дружбы (1974, скульпт. Т.​Садыкаў, З.​Хабібулін, С.​Бакшэеў, арх. А.​Няжурын), манумент герою эпасу «Манас» (1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.​Пячонкін).

Да арт. Бішкек. Манумент Дружбы. 1974.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЦЬ,

традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел. нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз. свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ВО́ДАЎ,

комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.

На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл. Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш. дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.

Да арт. Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я ГАСПАДА́РКА,

комплекс службаў, прадпрыемстваў, арг-цый, інж. збудаванняў і інш. для задавальнення камунальных, быт. і сац.-культ. патрэб жыхароў горада. Уключае жыллёвую гаспадарку, камунальную гаспадарку, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, гарадскога транспарту, сувязі, установы аховы здароўя, асветы, сац. забеспячэнне, культуры і інш. Узнікла і развіваецца з ростам гарадоў. Ужо ў сярэднявеччы многія гарады, у т. л. на Беларусі, мелі брукаваныя вуліцы, водаправоды, каналізацыю, лазні і інш. элементы ўпарадкавання. З паскарэннем росту гар. насельніцтва, удасканаленнем буд. тэхнікі і новых буд. матэрыялаў пашыралася ўзвядзенне шматпавярховых і вышынных будынкаў, забяспечаных сучаснымі сродкамі камунальнага абслугоўвання, палепшана ўпарадкаванне і догляд гар. вуліц, плошчаў, месцаў адпачынку і інш. Сучасная гарадская гаспадарка шырока выкарыстоўвае электрычнасць, прыродны газ, разнастайныя віды транспарту (трамваі, аўтобусы, тралейбусы, метро). Гарадская гаспадарка знаходзіцца ў падпарадкаванні мясц. органаў улады. У гарадах Беларусі частка гандлю, грамадскага харчавання, жыл. фонду, быт. абслугоўвання прыватызавана. На базе Мін-ва быт. абслугоўвання створаны Бел. рэсп. саюз прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва (Белбытсаюз). Пачаўся пераход муніцыпальных жыл.-эксплуатацыйных службаў у недзярж. альтэрнатыўныя структуры. Укараняецца практыка выбару на конкурснай аснове прадпрыемстваў і ўстаноў, што забяспечваюць эксплуатацыю і падтрыманне ў належным стане жыл. фонду розных формаў уласнасці на аснове кантрактаў з яго уладальнікамі. Ажыццяўляецца перадача ў агульную долевую ўласнасць уласнікам жылых памяшканняў, месцаў агульнага карыстання, прысядзібных тэрыторый і інш. аб’ектаў са стварэннем кандамініумаў (саўладанняў).

Літ.:

Проектирование городского хозяйства. 3 изд. М., 1991;

Чекалин В.С., Томилов В.В. Перспективное планирование капитального ремонта объектов городского хозяйства. Л., 1987;

Хатунцев В.М., Валахова В.Д. Основы финансово-кредитной системы городского хозяйства. Л.,1981.

.М.​Удавенка.

т. 5, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.​Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.​А.​Калавандзін, В.​А.​Сасіновіч.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,

штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл. Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.​Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​А.​Белялюбскі, А.​Ф.​Лалейт, Р.​П.​Перадзерый, В.​В.​Міхайлаў, А.​А.​Гвоздзеў, бел. вучоныя І.​М.​Ахвердаў, Я.​І.​Дрозд і інш.

Літ.:

Гл. пры арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)